epub
 
падключыць
слоўнікі

Віктар Гардзей

Валуны цераз вуліцу

1

Шырокім нажом бульдозера Вася Рылка раўняе вуліцу: дзе счэша земляны горб, дзе засыпле гразкую калюжыну, дзе пад корань вынішчыць зараснікі бур’яну. Каля платоў, у густым бур’яне, трапляюцца крушні, і тады нож бульдозера скрыгоча, рассоўваючы па баках зляжалыя груды камянёў. Вялікія валуны Рылка спіхвае на абочыну: пазней прыйдзе цягач і вывезе іх куды-небудзь за ваколіцу.

У канцы вуліцы, каля крайніх хат, хутаючыся воблакам пылу, нечакана паказваецца чырвоны матацыкл. Едзе дарожны майстар Толік Праходскі. Белы шлем прывязаны да руля, а жоўтыя валасы на галаве майстра растрапаліся ад хуткай язды. Матацыкл параўняўся з бульдозерам і прыпыніўся. Праходскі, не злазячы з сядзення, памахаў рукой, што, відаць, азначала: трэба выйсці з кабіны і выслухаць нейкі новы загад.

— Вось што, Васіль,— распарадзіўся майстар, калі па бліскучай гусеніцы Рылка спусціўся на зямлю.— Як хочаш, а вуліцу да вечара трэба спрафіліраваць. Асфальтаўкладчыкі падганяюць.

— Буду старацца,— развёў рукамі Рылка.— Толькі не ведаю, ці спраўлюся? Хіба каб дацямна парабіць?

— А чаму ж і не! — ажывіўся Праходскі.— Нічога не станецца, калі і пераначуеш тут. Здаецца ж, Бярозаўка — твая вёска?

— Мая... Да жаніцьбы я жыў у Бярозаўцы.

— Вось і добра. Пераначаваць будзе ў каго.

Чырвоны матацыкл, віхляючы паміж гранітных глыб, пакаціўся па зруйнаванай вясковай вуліцы. Над платамі, над бур’яном і чартапалохам зноў курыцца пыл. Ён забіваецца ў кабіну бульдозера — асядае на потных руках, скрыпіць на зубах. Ці ж пойдзе калі на спад д’ябальская спякота? Але, на шчасце, сонца ўжо нізка схілілася над вёскай, і бульдозер нарэшце прыпоўз да канцавых хат.

— Эге ж! — прысвіснуў Рылка, спыняючы бульдозер.— Будзе мне тут марокі!

Абапал вуліцы ляжаць два сівыя, замшэлыя валуны. Яны такія вялікія, што няма, здаецца, сілы, якая вывернула б іх з зямлі. Рылку раптам працінае хваляванне. Ён з маленства помніў гэтыя абветраныя, патрэсканыя валуны.

2

Вунь той гарбаты камень, што ляжыць з левага боку вуліцы, калісьці, пакуль не аброс мохам, сваёй прыгажосцю славіўся на ўсю Бярозаўку. У шэры граніт былі ўкраплены бліскучыя пласцінкі слюды, серабрыстыя зярняты кварцу, і таму валун ззяў на сонцы, як царскі трон. Летнімі падвячоркамі на ім любіў сядзець шчуплы і смяшлівы Сцяпан Аліфер. І гэта была найвышэйшая несправядлівасць, таму што толькі Тафіля — і сваёй паставай, і голасам, і мажнай фігурай — магла прэтэндаваць на такое пачэснае месца.

У Тафілі быў свой валун. Ляжаў ён цераз вуліцу, якраз насупраць старэнькай хаты. Адзін смех, а не камень: пляскаты, як стол, шэры, без бліскучых крапін слюды і кварцу — звычайны палявы валун. Але Тафіля не зайздросціла суседу: што бог паслаў, тое і добра.

Цёплым падвячоркам Аліфер першым выходзіў на вуліцу, закурваў люльку і ледзь не з нагамі залазіў на свой «царскі» трон. Сядзеў, думаў і раз-пораз паглядваў на Тафілін двор. Тафіля ў гэты час сама што завіхалася па гаспадарцы. Бразгала вёдрамі, давала есці свінням, а потым бегла па ваду ў калодзеж, які быў выкапаны каля Аліферавага валуна.

— Добры дзень, Тафілька! — аклікаў яе Аліфер, думаючы, што Тафіля пройдзе і не прывітаецца.— Як жывеш? Як здароўе?

Тафіля спынялася каля калодзежа, ставіла вядро на край старога, збуцвелага карыта. Як і заўсёды, Тафіля была расчулена такой увагай, твар яе расплыўся ў шчаслівай усмешцы.

— Анічога маюся. Дзякуй на добрым слове! А ты як?

— Ды так сабе. Было прыхварэў, то яшчэ і сёння хрып у грудзях.

— Прастудзіўся, мабыць,— паспачувала Тафіля.— Трэба чай ліповы піць.

Рыпеў калодзежны журавель, гулка бразгала вядро аб струхлелыя сценкі зруба. Тафіля выліла ваду і нечакана паскардзілася:

— Зноў пяску начэрпала. От каб хто пачысціў калодзесь, а то крынічка чвырам забілася.

— І тын пара замяніць,— у тон ён азваўся Аліфер.— Як ачуняю, то і склічу талаку.

Чысцілі калодзеж гуртам, усёй вуліцай. Але здарылася гэта пры некалькі незвычайных абставінах. Сцяпан Аліфер і Тафіля аднойчы як бы памяняліся месцамі. Тафіля сядзела на сваім пляскатым камені, а па ваду, з люлькай у зубах, выйшаў Аліфер. Ён чэрпаў ваду, грымеў коваратам, а Тафіля — ціпун ёй на язык! — узяла ды паздароўкалася:

— Дзень добры, Сцяпанка!

— Дзень добры, Тафілька!

І люлька — прыгожая, з меднымі абадкамі на муштуку — выпала з зубоў Аліфера, булькнула ў калодзеж. Глыбока ўнізе пачуўся глухі ўсплёск.

— Ах ты, жарабіца скалазубая!

Сцяпан Аліфер ускіпеў ад гневу, кінуўшы вядро, папраставаў цераз вуліцу, каб пакараць дзябёлую суседку, якая не ў час распусціла язык. Але на камені Тафілі ўжо не было. Адбегшыся на свой панадворак, яна баязліва выглядвала з-за вугла.

— Далібог, не хацела я! — прасіла літасці Тафіля.— Каб мне язык апух, калі я думала благое.

— Ідзі і даставай люльку,— пырскаў слінай Аліфер.— Як хочаш, так і даставай.

Тафіля не адважвалася сварыцца з Аліферам, помнячы, на якім баку вуліцы стаіць калодзеж. Хапіла хустку на плечы, пабегла ўздоўж платоў, і з суседскіх двароў, дзе на момант знікала тая чырвоная хустка, смеючыся, выходзілі мужчыны. Бярозаўка прывыкла бачыць старога Аліфера з вялікай люлькай у зубах, Бярозаўка не жадала, каб ён маркоціўся без гэтай уцехі.

— Ай ды Тафіля! — браў смех мужчын.— Трэба ж так!

І вось ужо зарыпеў журавель, нехта спусціўся ў калодзеж, пачаў падаваць наверх вёдры з каламутнай вадой. Каля студні разлілася шырокая лужына, вырасла куча жоўтага жвіру, выцягнутага з дна калодзежа.

— Знайшоў!

Люльку, быццам які самародак, вынялі з вядра. Аліфер ледзь не плакаў ад радасці і ўжо гатоў быў дараваць суседцы, але апошнія дні ніхто не бачыў яе на камені. Пасядзеўшы ў адзіноце на сваім валуне, Аліфер пачаў непакоіцца. Яму ўжо не хапала суседкі, яму было сумна, а Тафіля не выходзіла з хаты, час ад часу выглядваючы з акна. І цярпенне ў Аліфера лопнула. Як толькі ў акне насупраць зноў варухнулася фіранка, ён, захваляваўшыся, крыкнуў:

— Тафіля, выйдзі на вуліцу. Мірыцца будзем.

Тафіля, здавалася, толькі і чакала гэтага знаку, каб заняць сваё законнае месца на пляскатым камені.

— Клікаў, Сцяпанка? — голас у яе ціхі, вінаваты.— Ці мо падалося мне?

— Канечне, клікаў,— заварушыўся неспакойна Аліфер.— Сумна нешта стала. Ты ўжэ, Тафілька, даруй мне.

— Гэта ты мне даруй. Я ж усё нарабіла.

— Забудзь, Тафілька,— ласкава сказаў Аліфер.— Нават і добра, што так выйшла. Хоць калодзесь пачысцілі.

Нядаўнія ворагі сядзелі на сваіх валунах такія добрыя, такія лагодныя, што, здавалася, пасля гэтага яны больш ніколі не пасварацца. Тафіля і Аліфер пагаварылі пра вясковыя навіны, заўтрашнюю пагоду. А час ужо быў не ранні: сонца хавалася за лесам, на балоце закрумкалі жабы. Каля калгаснага клуба жаласна запілікаў гармонік. Аліфер прыслухаўся, і ў старэчых прыжмураных вачах заскакалі вясёлыя маладыя чорцікі.

— Ну, што за моладзь пайшла? — скрывіліся ў пагардзе яго губы.— Нават граць не ўмеюць. От мы, бывала!

— Так-так, Сцяпанка! У нас талкавей выходзіла.

— Я ж добра помню нашы гулянкі,— заблазнаваў Аліфер.— І цябе помню, Тафілька. От дзеўка была — румяная, сакавітая!

— Нявеж праўда, Сцяпанка? — не паверыла Тафіля і, здаецца, падрасла на камені.

— Была, была! Ну, няўжэ не помніш, як мы на сенажаці мурог зграбалі?

— Помню, Сцяпанка.

— А як сена ў копы насілі?

— Помню, Сцяпанка.

— А помніш, якое там салодкае сена было?

Тафіля раптам падхапілася з каменя, пачырванела, асмыкнула спадніцу і спалохана зыркнула па баках — ці няма каго побач?

— Што ты сказ-з-заў?

— Як што? Пра тое ж самае — пра сена салодкае... А ты плакала пасля, каб замуж браў.

— Дурны ты, Аліфер! Гэта ж плешча такое,— зазлавала Тафіля.— Дурны як бот. Нехта падумае, што і праўда.

— Гы-гы! Я і сёння яшчэ магу насіць сена. Чуеш, Тафіля?

— Ах ты, псюк гнілы! З цябе ж парахно сыплецца.

Стары Аліфер папярхнуўся смехам, перастаў блазнаваць, бо ў Тафіліных параўнаннях не ўсё яму спадабалася. Падхапіўся з валуна, растаптаў ботамі жоўтыя галоўкі рамонкаў, якія кучамі раслі вакол каменя, плюнуў з прыкрасцю і абурэннем.

— Калі я, па-твойму, бот, дык хто ж ты, Тафілька? Ага! Лапаць з левай нагі. Во хто ты!

— Хай сабе і лапаць,— аж пабялела Тафіля.— А ты хлус! Гэта ж выдумаць такое. І свет не бачыў, і людзі не чулі.— На ўсякі выпадак яна адступіла ў брамку, грукнула зашчапкай.— Пустадомак ты! Мо забыў, як у калгас не хацеў пісацца?

На Аліфера быццам трасца напала — тупнуў нагой, запырскаўся слінай.

— Бо дурань быў. Напачатку не ўшалопаў, што да чаго, а як ушалопаў, то і каня, і калёсы завёў на вобчы двор. А ты што завяла? Ага, маўчыш? Галадранка, от хто ты! Памяло! У цябе ж рот большы быў за твой хутар...

Такой абразы Тафіля ўжо не магла стрываць, але і сварыцца з Аліферам было рызыкоўна. Тафіля са злосці трасянула брамку, схавалася ў сенцах. Там пачуўся грукат, моцна бразнулі дзверы.

Стары, адзінокі Аліфер, затаіўшы крыўду на Тафілю, колькі дзён наогул не выходзіў з двара, і два валуны, адзін — шыкоўны, бліскучы, як царскі трон, другі — нязграбны, шэры і пляскаты, доўга пуставалі абапал вуліцы.

Тафіля таксама мела свой гонар: бяжыць па ваду, дык нават і не гляне на вокны самотнай Аліферавай хаты.

З

У той час, калі тут, у канцы вёскі, ціха жылі, ціха варагавалі і потым гэтак жа непрыкметна мірыліся Тафіля і стары Аліфер, Вася Рылка хадзіў у школу, гойсаў з хаўруснікамі па вуліцы, не забываючы наглядваць, ці не пустуюць два валуны наводшыбе Бярозаўкі? Стары Аліфер і Тафіля былі яго хроснымі бацькамі, і ў тыя дні, калі валуны пуставалі, Вася хадзіў у госці. Малы падшыванец ад гэтых сварак меў пэўную выгаду.

Найпершым чынам ён заходзіў да Тафілі, і яна намазвала маслам скібку сітніцы, совала ў рукі, выпраўляючы Васю на вуліцу. З-за калодзежа, кешкаючыся на градцы тытуню, Аліфер бачыў, што хрэснік бегае па двары з не абы-якім пачастункам, і гэта Аліфера дужа нервавала. У сваю чаргу, ён клікаў хітрага Васю да сябе і намазваў лусту яшчэ таўсцейшую: каб тая лупатая Тафіля бачыла, што і ён, Аліфер, не горш за яе любіць і шануе дзяцей.

— Еш, рыбка,— прасіў Аліфер і таксама выпраўляў Васю на вуліцу.— Хай гэтая зводніца пазлуецца.

Тафіля паліла ў печы, тупала па хаце, і здаралася так, што кожны раз яна выглядвала праз фіранку, калі Вася выходзіў ад ненавіснага суседа з яшчэ таўсцейшай скібкай сітніцы, чым давала яна. Гэтага нельга было дараваць Аліферу. І праз момант Вася зноў ужо быў у Тафілі, мачаў хлебам у кучку цукру на стале.

— Еш, Васёк! Я і больш пасыплю,— казала Тафіля. Стаяла каля стала, глядзела, як Вася есць, і мімалётная зайздрасць у яе прыходзіла.— Нябось, у таго старога казла цукеру і на хваробу няма.— І Тафіля горасна ўздыхала.

Аліфер і Тафіля, замаркоціўшыся ў адзіноце, пачыналі шукаць якой-небудзь злагады. Яны мірыліся, і тады Вася адыходзіў на другі план. Суседзі, забыўшы пра яго, зноў сядзелі на сваіх валунах, размаўлялі, а над імі плылі аблокі, чырвоныя ад вячэрняга сонца, над блізкім балотцам пад камарыны звон слаўся белы кужалёвы туман.

— Слаўная пагодка стаіць! — пхаючы ў люльку тытунь, казаў Аліфер.

— І туман нізка сцелецца,— радавалася Тафіля.— Грыбы пойдуць расці. Як камарно, то і грыбно.

У адзін з такіх вечароў Тафіля сядзела маўклівая і самотная. Неяк вінавата глядзела на Аліфера і не рашалася выказаць яму свой пякучы, тужлівы боль. Усё ж адважылася, расказала, што назаўсёды едзе да малодшай дачкі, і Аліфер ад нечаканасці аж падскочыў на сваім бліскучым валуне.

— А калі ж ты едзеш?

— Скора, мо на тым тыдні. Дзіцёнак у яе знайшоўся. А сама Гэлька здароўя не мае. Вось і паеду. Буду глядзець абаіх — і яе, і дзіцёнка.

— Раз так, то трэба ехаць,— уздыхнуў Аліфер, і ў яго вачах бліснулі слёзы.— Хто Гэльцы паможа, як не маці?

Развітваліся яны доўга і так сардэчна, як быццам разумелі, што больш ніколі не сустрэнуцца. Тафіля ў адной руцэ трымала авоську, а другой выцірала чырвоныя, заплаканыя вочы. Аліфер стаяў побач, пасярод вуліцы, і голас яго таксама здрадліва дрыжэў:

— То едзеш, Тафілька?

— Еду, Сцяпанка,— вінавата ўсміхнулася Тафіля. Пастаяла, памаўчала і выціснула скрозь слёзы: — Як жа ты цяпер будзеш? Нікога ў цябе няма — адзін, як пуп.

— Э, пражыву як-небудзь,— паспрабаваў пажартаваць Аліфер.— Забавіўся я на гэтым свеце. Трэба да сваёй Ганулі перабірацца. Заждалася яна мяне.

— Не пляці дурное! Табе яшчэ жыць ды жыць.— Тафіля крута павярнулася і ўжо на хаду сказала: — Ну то бывай, Сцяпанка.

— Бывай, Тафілька!

Пасля Тафілінага ад’езду стары Аліфер вечарамі сядзеў каля калодзежа адзін, маркоціўся, пакутаваў. Ён увачавідкі пастарэў, згорбіўся, вясёлыя іскрынкі ў вачах патухлі, і толькі люлька была ранейшая — цяжкая, грувасткая, з меднымі абадкамі на муштуку. Валун на другім баку вуліцы пуставаў. Перад ад’ездам Тафіля прадала хату, а новая, маладжавая гаспадыня не магла ацаніць усе вартасці нязграбнага пляскатага каменя, які дастаўся ёй ад Тафілі.

— Гэта ж, бач, як павярнулася,— уздыхаў Аліфер і клікаў да сябе Васю.— Пасядзі каля мяне, рыбка. Раскажы, як у школе вучышся?

— Добра вучуся. Толькі па спевах у мяне тройка.

— Не бяды, калі па спевах,— пагладзіў Аліфер Васю.— Чалавек родзіцца не толькі для таго, каб спяваць.

Прайшоў яшчэ год ці два, і неспадзявана апусцеў і другі валун — шыкоўны, з бліскучымі крапінамі слюды і кварцу. Сцяпан Аліфер халоднай восенню прастудзіўся, захварэў і ціха развітаўся з гэтым светам. Яно і не дзіўна: у той час Аліферу на восьмы дзесятак павярнула. Вокны яго хаты забілі дошкамі, і нехта напісаў Тафілі пра яе суседа, але неўзабаве і адтуль прыйшла сумная вестка: няма ўжо і Тафілі.

Вася скончыў школу, пайшоў у войска, адслужыў. А два вялізныя валуны па-ранейшаму ляжалі цераз вуліцу. Толькі не было ўжо каму сядзець на іх. Старая Аліферава хата стаяла з забітымі вокнамі, пакуль зусім не згніла, і тады яе разабралі на апал.

...Вася Рылка вылез з кабіны бульдозера і стаіць ля валуна, на якім калісьці сядзела цётка Тафіля. Камень зарос сівым мохам, наўкруг падняліся быльнік і густая крапіва. У бур’яне і Аліфераў валун, што з другога боку вуліцы. Пры самай сцежцы з вясны там цвілі рамонкі. Цянер каля каменя рыжэюць іх пажухлыя, сухія галоўкі.


1981?

Тэкст падаецца паводле выдання: Гардзей В. Карані вечнага дрэва: Аповесць, апавяданні. — Мн.: Маст. літ., 1988. — 254 с.: іл.
Крыніца: скан