epub
 
падключыць
слоўнікі

Віктар Іўчанкаў

Прафесар Іўчанкаў: У законе аб правапісе памылак няма - толькі адрукоўкі

 

1 верасня ўступіў ў дзеянне Закон аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, прыняты яшчэ два гады таму. Афіцыйныя правілы беларускай мовы не мяняліся з 1959 года, а над прынятымі праўкамi працавалі больш за дзесяцігоддзе.

 

Ці была неабходнасць прыняцця новай рэдакцыі? З якой мэтай правапіс узвялі ў ранг закона? Што і для каго зменіцца з уступленнем у сілу новай рэдакцыі правілаў? Якое пакаранне чакае тых, хто не будзе іх выконваць?

Пра гэта і не толькі ў студыі TUT.BY распавёў загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі БДУ, доктар філалагічных навук, прафесар Віктар Іўчанкаў, пад навуковым кіраўніцтвам якога вялася распрацоўка новай рэдакцыі Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі.

- Прынята лічыць, што змены ў правапісе ажыццяўляюць на крутых паваротах гісторыі. У нас, як мы чуем з тэлеэкранаў, пануе стабільнасць. Дык чаму змены ў правапісе вырашылі праводзіць менавіта цяпер?

- Сапраўды, лічыцца, што змена правапісу перападае на грамадскія катаклізмы. Гэтак было ў ХХ стагоддзі, калі беларускі правапіс пераглядаўся двойчы: у 1933 годзе, і ў 1959-м. У 2008 годзе мы прынялі закон, калі ў краіне стабільнасць. Гэта беспрэцэдэнтны крок ў гісторыі. Проста неабходна было прыняць тое, што даўно ляжала на паверхні.

Як мне было тлумачыць студэнтам, што трэба пісаць “ва універсітэце”, але “на ўроку”, хаця фанетычная пазіцыя тут аднолькавая, і “райвыканком” заміж “райвыканкам”? Каб абгрунтаваць гэтую непаслядоўнасць лінгвісты рабілі рознага тыпу заўвагі-хітрыкі. Цікава, што ў правілах 1959 года мы ж здагадаліся адмяніць “комуністы” і “пролетарыят”.

- І ўсё ж, чаму новая рэдакцыя правапісу была прынятая цяпер, а не ў канцы 1990-х, калі Акадэмія навук падрыхтавала ажно тры праекты?

- Не думайце што за год-два можна падрыхтаваць змены, яны павінны распрацоўвацца працяглы час, бо гэта далікатная справа, якая тычыцца кожнага чалавека. Няўжо вы думаеце, што, напрыклад, у 1956 годзе ўзяў і з’явіўся новы звод рускіх правіл? Ні ў якім разе! Працавала арфаграфічная камісія, якая мела багатыя традыцыі і якую ў свой час узначальваў сам акадэмік Вінаградаў.

Вы кажаце, што ў 1990-я было падрыхтавана тры праекты рэформы. Было нават больш варыянтаў, бо кожны вучоны, якi лічыць сябе знаўцам мовы, мог падрыхтаваць праект. Узгадваю акадэмічную канферэнцыю 1992 года, дзе абмяркоўваліся праблемы правапісу. Што там назіралася? Пагаварылі, вырашылі не кранаць “выканком”, разышліся і кожны застаўся пры сваім.

У 1993 годзе Савет міністраў стварыў Дзяржаўную камісію па ўдасканаленні правапісу. На жаль, яна папрацавала нядоўга. З’явіўся выніковы дакумент, які, на маю думку, меў нулявы эфект. Было заяўлена, што беларускі правапіс забяспечвае ўсе сферы жыццядзейнасці і яго можна не кранаць. Таксама была адзначана неабходнасць разгледзець пытанне аб ўнясенні нейкіх зменаў. Пісьмовага даручэння Акадэміі навук не было, гэтая ідэя ўзнікла ўжо пазней.

Тут трэба аддаць належнае акадэміку Падлужнаму, які прысвяціў усё жыццё гэтаму пытанню. У 1997 годзе пад ягоным навуковым кіраўніцтвам быў падрыхтаваны “праект новага правапісу”, як тады называлі. Гэта пасля з’явілася тэрміналогія “новая рэдакцыя правілаў”. З 1997 года ён абмяркоўваўся на ўзроўні навукоўцаў, па кафедрах. Адкрытага і актыўнага абмеркавання аднак не назіралася. Трэба разумець наша грамадства. Мы актыўныя носьбіты рускай мовы, а да беларускай грамадства не такую цікавасць праяўляла.

Тады ходу гэтаму праекту ніхто даць не мог. На вялікі жаль, Аляксандр Іосіфавіч Падлужны памёр, так і не дачакаўшыся прыняцця праекта. Ягоны пераемнік дырэктар Інстытута мовы i лiтаратуры iмя Я. Коласа i Я. Купалы НАН Беларусі прафесар Лукашанец у 2005 годзе прынёс праект правапісу ў Міністэрства адукацыі.

Узгадваю, як міністр Аляксандар Міхайлавіч Радзькоў мне кажа: “Будзем правапіс прымаць. Вы бачылі праект?” А я ўвогуле не бачыў, хоць на той час загадваў адзінай у краіне кафедрай стылістыкі. Калі праект трапіў у мае рукі, я выказаў меркаванне, што ў такім выглядзе прымаць нельга. Я не мог прыняць формы “Токіё”, “адажыё”, “выканком”… Шаноўны акадэмік быў фанетыстам і вельмі шырока ўкараніў у праекце правапісу фанетычны прынцып.

- Карэкціроўка правапісу набыла форму закона. Выглядае, што нідзе ў свеце правапіснага Закону не існуе. Нават у 1933 годзе, калі беларускі правапіс змянілі карэнным чынам, была прынята звычайная пастанова Савета Народных Камісараў БССР. Чаму цяпер спатрэбіўся закон?

- Сапраўды, упершыню ў гісторыі правапіс зацвярджаецца законам. Калі была падрыхтаваная новая рэдакцыя і яе можна было аддаваць на зацвярджэнне, на гэты конт былі розныя меркаванні. Ці зноў, як у 1959-м, зацвердзіць яго пастановай Саўміна, ці ўказам прэзідэнта, ці Палатай прадстаўнікоў у якасці закона.

- Чыя гэта была прапанова ўвесці правапіс у ранг закона?

- Цяпер гэтага ўжо не выявіш. Гэтым займалася рабочая група. Чаму менавіта закон? Каб у нашай сітуацыі, калі функцыянуе дзяржаўны білінгвізм, калі руская мова - трэба гэта прызнаць - дамінуе, павярнуць людзей да беларускай мовы, актуалізаваць гэта пытанне для грамадства, быў патрэбен закон. Таму, думаю, гэта аптымальнае рашэнне.

Калі правапіс прымаюць народныя абраннікі (хоць можа большая частка з іх не гаворыць па-беларуску, але для гэтага працавалі спецыялісты), дакумент набывае зусім іншы статус. Закон прымусіць звярнуць на гэта ўвагу і рускамоўнае грамадства і беларускамоўнае, якога ў нас невялічкая частка.

- Сёння закон не вызначае меру адказнасці за парушэнне правілаў юрыдычнымі і фізічнымі асобамі. Што будзе з тымі, хто не згодзіцца пісаць паводле новых правілаў, хто працягне выкарыстоўваць “тарашкевіцу”?

- У артыкуле 2 Закона "Аб Правілах беларускай арфаграфіі" гаворыцца, што ўсе “павінны кіравацца Правіламі беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, зацверджанымі гэтым Законам, ва ўсіх сферах і выпадках выкарыстання пісьмовай беларускай мовы.”. Калі гаворка ідзе пра тое, што ты зрабіў памылку ў тэксце, якое можа быць пакаранне?

- Я маю на ўвазе выпадкі, калі грамадзяне не выконваюць закон?

- Законам у нас прапісаны, напрыклад, правілы дарожнага руху. Парушыў - заплаці штраф. Канечне, калі чалавек робіць памылку, хто за гэта можа яго пакараць? А вось калі гэта зрабіла газета, орган, які мае ліцэнзаванне і рэгістрацыю, да гэтага могуць быць прыменены меры. Я не заканадаўца, але тут могуць прымяняцца савецкі вопыт. Калі дыктар радыё ці тэлебачання рабіў памылку, яго ці апускалі на разрад ніжэй, ці маглі звольніць з працы. Тады зрабіць памылку было цяжка, бо працавала вельмі моцная рэдактура, якая межавала з цэнзурай. Памылкі, якія цяпер,робяць у тым ліку і мае былыя выпестанцы, павінны быць знішчаны. Калі гаварыць пра арфаграфічнае напісанне, такія меры могуць быць адміністрацыйныя.

- А што будзе, калі выданне не прыняло рэформу правапісу і працягвае ўжываць гэтак званую “тарашкевіцу”?

- Я сам назіраў калі “Архэ”, “Наша ніва” выходзілі ў дарэформеннай мове. Ведаю калег, якія нават хацелі выкладаць мову ўзору да 1933 года. У іх нічога не атрымалася, бо сучаснік іх не разумеў! Параўноўваючы гэтыя розныя выданні, яны пярэчылі адно аднаму, і Браніслаў Тарашкевіч паставіў бы ім “двойку”.

Дарэформенная мова - наша культурная спадчына, да якой мы павінны ставіцца ашчадна. Паспрабавалі выходзіць, але чамусьці, тая ж “Наша ніва” перайшла на афіцыйны правапіс...

Усе зарэгістраваныя выданні павінны перайсці на афіцыйны правапіс. Хопіць гэтага разнабою.

- Цяпер, калі моўныя правілы маюць статус закона, каб выправіць нават самую мізэрную памылку, прыйдзецца зноў прайсці ўсю працэдуру зацвярджэння. Што будзе з памылкамі, зробленымі пры распрацоўцы новай рэдакцыі правапісу? За межы філалагічных колаў выйшла, напрыклад, праблема напісання лічэбнікаў. У правілах, зацверджаных законам, слова “восемдзесят” прапісалі праз два “я”: восемдзясят. Потым Лукашанец патлумачыў, што гэта памылка і трэба пісаць праз два “е”: восемдзесят. Тое самае тычыцца і семдзясят (семдзесят.). Лічэбнік “шэсцьдзесят”, у розных месцах Закона мае два розныя напісанні: шэсцьдзесят ("Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. 2-е выданне, стэрэатыпнае". Мінск, 2010. Гл. ст. 123) і шэсцьдзясят (ст. 23, 58). Як правільна? Эксперты таксама знайшлі ў дакуменце, які рыхтаваўся больш за 10 год, шэраг іншых памылак. Гэтак замест плеяда там “пляяда” (c. 15); не “Таа Юаньмінь”, а “Тао” (c. 42); не “Іарданія”, а "Іярданія" (c. 49). А яшчэ ёсць “Аўраў-парк” замест “Араў-парк”, "Булонь-сэр-Мэр" замест "Булонь-сюр-Мэр"...

- У вас неправераная інфармацыя. Сапраўды, там ёсць тэхнічныя адрукоўкі кшталту “Тао Юаньмінь”, і гэта ніхто не хавае. Але памылак у законе няма.

Што тычыцца “шэсцьдзесят” і “шэсцьдзясят”, акадэмічныя адмыслоўцы нарабілі тут блытаніны, за што я вельмі крытыкаваў сваіх калег. І ў “Родным слове” былі публікацыі, пасля чаго сам часопіс прасіў выбачэння... Але ў законе прапісана адна форма — “шэсцьдзясят” (На старонках 23, 58 і 123 "Правілаў" чорным па белым надрукаваны два варыянты напісання. - TUT.BY), а ўжо потым у каментарыях навукоўцаў Акадэміі навук пайшоў разнабой.

- Што да адруковак, ці плануецца іх выпраўляць?

- Яны будуць выпраўлены ў перавыданні “Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” . Яны ўжо выпраўлены ў маёй кнізе “Беларуская арфаграфія. Апавяданні і гісторыі” і ў дапаможніку “Беларускі правапіс у апорных схемах”. Хаця адрукоўкі ёсць і ў апошнім арфаграфічным слоўніку. Што ж вы хочаце, усю лексіку ўзяць... Хутка будзе перавыданне слоўніка і там яны таксама будуць выпраўлены.

Ніхто не павінен гаварыць, што ў законе так, а мы пішам інакш. Як у законе, так і павінны пісаць. За выключэннем адруковак, пра якія я сказаў раней.


2010?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: https://news.tut.by/society/196424.html