epub
 
Падключыць
слоўнікі

Віктар Каваленка

Непадманны покліч эпікі

Адзін з самых вядомых і таленавітых сучасных беларускіх празаікаў Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў нарадзіўся 21 снежня 1934 года ў вёсцы Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Сямігодку закончыў у сваёй роднай вёсцы, а сярэднюю адукацыю набываў у вёсцы Саматэвічы, дзе нарадзіўся выдатны паэт А. Куляшоў. Думаецца, шырокая вядомасць імя А. Куляшова, усведамленне, што ваколіцы Саматэвіч і людзі гэтай мясцовасці жывілі яго паэтычнае натхненне, паглыблялі зацікаўленасць здольнага юнака да літаратуры, садзейнічалі сур’ёзным адносінам да яе.

У 1952 годзе І. Чыгрынаў пасля паспяховага заканчэння Саматэвіцкай сярэдняй школы паступіў у Беларускі дзяржаўны універсітэт імя У. І. Леніна на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта. Вучоба ва універсітэце, дружба з сябрамі, якім таксама было ўласціва шчырае захапленне літаратурай, гарачае абмеркаванне літаратурных праблем, першыя ўласныя пісьменніцкія спробы павышалі веданне мастацкай творчасці да прафесійнага ўзроўню. Пасля заканчэння універсітэта І. Чыгрынаў працуе на пасадах, якія патрабуюць грунтоўнай падрыхтоўкі ў галіне літаратуры. Ён працаваў рэдактарам, а пасля загадчыкам рэдакцыі літаратуры і мастацтва выдавецтва Акадэміі навук БССР, рэдактарам аддзела публіцыстыкі і нарыса часопіса «Полымя», намеснікам старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Цяпер І. Чыгрынаў — сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў рэспублікі.

Як пісьменнік пачаў стала выступаць у друку з 1961 года. У 1965 годзе выйшаў у свет першы зборнік апавяданняў І. Чыгрынава «Птушкі ляцяць на волю». Былі выдадзены зборнікі апавяданняў «Самы шчаслівы чалавек» (1967), «Ішоў на вайну чалавек» (1973). У 1972 годзе апублікаваны першы раман «Плач перапёлкі» з цыкла раманаў пра разгортванне партызанскай барацьбы ў Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Раманы «Апраўданне крыві» (1977) і «Свае і чужынцы» (1983) працягваюць апісанне падзей і раскрыццё людскіх лёсаў, адлюстраваных у рамане «Плач перапёлкі».

 

 

* * *

 

У адным з артыкулаў, якія напісаны на падставе даклада на пленуме праўлення Саюза пісьменнікаў БССР у 1979 годзе, І. Чыгрынаў заявіў, што «раман — гэта народ». Такое прынцыповае творчае перакананне пісьменніка з’явілася, відаць, не гэтак на аснове знешне засвоеных разваг аб асаблівасцях пэўнага літаратурнага жанру, колькі з блізка знаёмай уласнай творчай практыкі. Так, І. Чыгрынаў, які пачынаў літаратурную творчасць з жанру апавядання, прыйшоў да рамана, а гэта сапраўды азначае, што па лініі ўзрастаючай мастацкай абагульняючай сілы ён рухаўся ад зацікаўленасці лёсам асобных людзей да спасціжэння лёсу народа. І гэты рух не быў у яго фармальным: пройдзены пісьменнікам шлях з’яўляецца ўвасабленнем складанага росту ў галіне майстэрства, якое адкрывае здзіўляючую магчымасць наглядна паказаць асобу аднаго чалавека як засяроджанне народнай душы і волі.

Непасрэдна звязаўшы ў творчым плане жанр рамана з лёсам народа, І. Чыгрынаў не прынізіў гэтым самым літаратурнага і грамадскага аўтарытэту іншых жанраў і перш за ўсё апавядання, з якога пачыналася яго ўласная пісьменніцкая дарога. У кожнага жанру свае адлюстравальныя магчымасці, свае перавагі, аднак раман, безумоўна, валодае самымі дасканалымі аналітычна абагульняючымі формамі мастацкага ўзнаўлення жыцця народа і яго гісторыі. Але да рамана, які можа лічыцца мастацкім аналагам народнага лёсу, народнай гісторыі, трэба абавязкова прыйсці. І. Чыгрынаў належыць да тых пісьменнікаў, якія прыйшлі да такога рамана з непазбежнасцю, якая вынікае толькі з вялікага, мэтанакіраванага і няспыннага творчага самапераадолення.

Першыя апавяданні І. Чыгрынава вызначаліся сур'ёзным поглядам на свет, даволі прыстойнай аналітычнай культурай думкі, адносна высокім узроўнем мастацкага выказвання. Аднак, бадай што, нельга сказаць, быццам раннія апавяданні пісьменніка былі ўжо загатоўкамі будучай эпічна-раманнай задумы, хоць, праўда, і на пачатку творчага шляху І. Чыгрынаў умеў не толькі стварыць характэрны жыццёвы малюнак, але і выразна падкрэсліць яго абагульняючы змест, суаднесці яго з рухам народнай гісторыі. Усё-такі ўнутраны пафас маштабнай эпічнасці адчуваецца і ў ранніх апавяданнях пісьменніка.

Здаецца, так мала падзей уведзена ў апавяданне «Шукаючы скарбы», але яго змест раскрывае цэлую эпоху развіцця савецкага грамадства з яе супярэчлівымі працэсамі, галоўны кірунак якіх складваўся пад уздзеяннем велічных мэт сацыялістычнай рэвалюцыі. Не ўсё было зразумелым, не ўсё ўдавалася на першым этапе рэвалюцыйных перамен іх удзельнікам.

Асабліва цяжка было правільна арыентавацца і дзейнічаць згодна сапраўдных інтарэсаў працоўнага народа людзям малаадукаваным, якія да таго ж не мелі раней дастатковай практыкі грамадскіх паводзін. Салдату Сямёну Патапчыку, які атрымаў загад узяць пад ахову мастацкія карціны ў панскім доме, цяжка здагадвацца, што каштоўнасць для рэвалюцыі маюць самі карціны, дзе намаляваны, як здаецца Сямёну, нейкія там буржуі, а не пазалочаныя рамкі ад карцін. Узяўшы пад ахову рамкі і аднёсшыся да саміх карцін як да непатрэбных рэчаў, Сямён Патапчык нанёс несвядома шкоду інтарэсам рэвалюцыі, бо ў выніку яго дзеянняў карціны згубіліся і народ аказаўся пазбаўленым значных духоўных каштоўнасцей.

Герой апавядання ўжо ў наш час едзе па слядах даўняга выпадку, каб знайсці згубленыя мастацкія каштоўнасці і зрабіць іх здабыткам народнага жыцця. Ідэя гэтага твора — у сцвярджэнні неабходнасці разумнай пераемнасці часоў пры рэзкіх рэвалюцыйных пераменах жыцця, у глыбінным пафасе духоўнага прагрэсу, які апіраецца на лепшыя традыцыі мінулага і без якога працоўны народ, ажыццявіўшы сацыялістычную рэвалюцыю, не здолее дасягнуць усіх пераўтваральных мэт, накрэсленых гэтай рэвалюцыяй. Галоўная аўтарская думка апавядання «Шукаючы скарбы» накіравана не гэтак супраць спрошчанасці і абмежаванасці сацыяльных уяўленняў, уласцівых частцы народных мас у якасці гістарычнай непазбежнасці, бо яна несла з сабой у рэвалюцыю душэўныя сляды спрадвечнай унутранай прыгнечанасці, колькі ў абарону высокага ўзроўню рэвалюцыйнай свядомасці, здатнай апірацца ў сваім развіцці на ўсе здабыткі прагрэсіўнай культуры мінулага. Мінулае не павінна супрацьпастаўляцца рэвалюцыйнаму абнаўленню жыцця, наадварот — яно ў сваіх спрадвечных народных імкненнях да святла і шчасця прадвызначае магутнасць наступальнай сілы рэвалюцыі. Урэшце і ўчынак салдата Патапчыка быў няправільны па сутнасці, а не па імкненню, бо ў яго імкненні бескампраміснага адмаўлення мінулага грамадскага ладу таксама выяўлялася магутнасць рэвалюцыйнага парывання народных мас. Унутраны напал абнаўлення ў душы салдата стварае такую сітуацыю, калі хочацца выперадзіць час, калі адбываецца ў грамадскім сэнсе наіўны адрыў ад рэальных патрэб і задач рэвалюцыйнага сцверджання жыцця. Гэты адрыў пераадольваецца ўсенароднай практыкай будаўніцтва новага грамадства, пераадольваецца, на жаль, часам, як у апавяданні «Шукаючы скарбы», без узнаўлення страт, нанесеных у час наіўна спрошчаных уяўленняў аб задачах рэвалюцыйнай перабудовы свету.

Такім чынам, ідэя апавядання «Шукаючы скарбы» даволі маштабная, можна сказаць, яна ў значнай меры раманная ідэя. І ў некаторых іншых апавяданнях І. Чыгрынава ёсць гэтая эпічная шырыня творчай задумы, імкненне і ўменне аўтара ўбачыць у звычайных праявах жыцця гістарычную праясненасць часу, эпохі («Адна ноч», «Па сваіх слядах»). Падкрэслена эпічныя абрысы паказаных падзей пісьменнік стварае шляхам пастаяннага ўзбуйнення ідэі аб ролі мінулага ў сучасным лёсе людзей, шляхам устанаўлення звенняў гістарычнага ланцуга ў ходзе часу. Гэтая ідэя поўнасцю фармуе змест апавядання «Адна ноч», у якім выказваецца трывога за паспешлівы разрыў паміж спрадвечным складам жыцця і раптоўнай яго пераменай. Стары цыган Мікала ў нечым вельмі імпануе аўтару, калі адважваецца на адзіноцтва — абы не паддацца адразу рашучай перамене, якая можа парушыць унутраную раўнавагу і ўсталяваную натуральнасць адносін да свету. У вобразе Мікалы даволі выразна праглядваюцца рысы рамантычнай паэтызацыі.

У шмат якіх іншых апавяданнях І. Чыгрынава таксама часта паэтызуецца тып паводзін, нязгодны з распаўсюджаным, звыклым станам жыцця. Вобразы людзей, здатных на рамантычную адмежаванасць ад звычайнага існавання, былі вельмі характэрныя для ўсёй савецкай літаратуры рубяжа 50—60-х гадоў, і змест іх вызначаўся агульнай атмасферай тагачаснага грамадскага развіцця, калі ўзрастала сацыяльная роля асобы чалавека, калі на поўна выяўленую і баявую асабістасць ускладаліся вялікія надзеі ў працэсе абнаўлення ўсіх сфер жыцця і дзейнасці савецкага чалавека. Аднак вось што цікава: як гэта сёння можна заўважыць, у апавяданнях І. Чыгрынава вобразы адзінокіх рамантыкаў, людзей, якія імкнуцца ў нечым узвысіцца над звыклым асяроддзем, разам з прывабнымі асаблівасцямі натуры маюць і нешта такое, што насцярожвае, прынамсі, выклікае эмацыянальную стрыманасць у адносінах да іх. У душы Мікалы з апавядання «Адна ноч» побач з пачуццём уласнай годнасці і рашучасцю паводзін наглядна праступае патрыярхальная ўпартасць, старэчая залішняя ізаляванасць ад новых форм жыцця, нелюбоў да перамен наогул.

А ў апавяданні «Ці бываюць у выраі ластаўкі?» ужо даволі пэўна ў паводзінах Аляксея Кузьмянка, здатнага на ўчынкі неардынарныя, на супрацьпастаўленне сябе астатнім людзям, адкрываюцца спробы бяздумнай агрэсіўнасці ў адносінах да іншых, якая мяжуе са здзекам. Сама назва апавядання «Ці бываюць у выраі ластаўкі?» сваёй запытальнай інтанацыяй ставіць пад сумненне чысты рамантычны змест рамантычнага вобраза «выраю», які азначае ўзлёт і ўзвышэнне, але і зварот да звыклага, ранейшага, свайго, мясцовага. Згодна мясцовай легендзе, выраю наогул не бывае — ластаўкі зімуюць у возеры, не пакідаючы тутэйшай зямлі. Таму і запытанне: ці бываюць у выраі ластаўкі?

Чым жа тлумачыцца гэтая асаблівасць ранняй творчасці І. Чыгрынава, яго такі ледзь не адкрыта заяўлены недавер да рамантычнага парывання? Пісьменнік і прымае ўзвышэнне над звыклым як вынік імкнення да асабістай незалежнасці і самастойнасці і ў той жа час нібы трымаецца ад яго, ад гэтага ўзвышэння, на даволі прыстойнай маральнай дыстанцыі, нібы здагадваючыся наперад пра яго слабасць, непаслядоўнасць і нават бесперспектыўнасць.

Думаецца, у гэтай своеасаблівасці пазіцыі пісьменніка перш за ўсё выявілася яго дакладнасць сацыяльнага адчування часу. Нейкай часткай душы ён чула рэагаваў на палавінчаты, не паслядоўны характар узнёслых уяўленняў таго часу, калі ствараліся апавяданні. Жаданне ўзляцець у рэчаіснасці тых гадоў дзіўным чынам перапляталася, ужывалася з жаданнем астацца. Рамантычна настроены герой часу, які ішоў на пратэстуючы разрыў са звыклым, заставаўся больш ва ўладзе эмоцый, чым канкрэтнага, прадуманага, вынашанага ўчынку. Недзе ва ўнутраным абліччы такога героя адкрываўся сваёй нізкай сутнасцю індывідуалізм.

Заўважыць гэтую супярэчлівасць у характары і ў імкненнях пэўнага тыпу сучасных людзей лягчэй было, відаць, якраз І. Чыгрынаву — пісьменніку, якому з самага пачатку творчай дзейнасці ўласцівай аказалася схільнасць да шырокаахопнага, эпапейнага бачання жыцця. А ўсёахопная, эпапейная шырыня пісьменніцкага зроку абавязкова павяртае гэты зрок да праблем і падзей усенароднага значэння. З пункту ж погляду ўсенароднага лёсу, індывідуальны намер адарвацца ад звыклага, не ўзгоднены ці малаўзгоднены з агульным станам грамадскай жыццядзейнасці, пагражае індывідуалістычнай ізаляцыяй і фактычнай бесперспектыўнасцю самага актыўнага і ўзнёслага настрою душы.

Натуральна, што для І. Чыгрынава, які пастаянна пашыраў эпічнае бачанне свету да ўсенароднага абсягу, вобраз індывідуальнага ўзвышэння асобы, не падмацаванага імпульсамі народнага ўздзеяння, павінен быў паступова страчваць маральную і грамадскую прывабнасць і пераўтварыцца ў з’яву няпэўнай або і выразна адмоўнай маральна-якаснай ацэнкі. У выніку ў творчасці І. Чыгрынава на нейкім этапе развіцця стала рашуча пераадольвацца нават частковая, нясмелая сімпатыя да актыўнай, але пазбаўленай унутранай узгодненасці з перадавым народным светаадчуваннем, асобы.

Больш таго, з цягам часу, у перыяд напісання раманаў «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві» і «Свае і чужынцы», вобраз чалавека, схільнага адрывацца ад народнай глебы, пагарджаць правераным вопытам шматлікіх пакаленняў, хай сабе і ў імкненні да суб’ектыўна добрых намераў, эвалюцыяніраваў да непрыкрыта эгаістычнай канцэпцыі жыццёвых паводзін. Такі ў раманах І. Чыгрынава Чубар — непахісна верны раз і назаўсёды засвоеным устанаўленням і гатовы ў гэтай вернасці стаць над усімі людзьмі з пачуццём аўтарытэтнай сваёй праваты.

Суровы маральны і грамадзянскі суд над асобай такога эмацыянальна-псіхалагічнага складу, у якой закладзена супярэчнасць узнёслага парывання і нізка зямнога прыцягнення, якое ў рэшце рэшт паралізуе парыванне і ўзлёт, дыктуецца ўсім сэнсам ідэйна-мастацкай эвалюцыі пісьменніка. Звярнуўшыся ў сваіх раманах да тэмы партызанскага руху на акупіраванай тэрыторыі Беларусі, які быў глыбінным народным рухам, ідэйна і арганізацыйна кіруемым воляй партыі, І. Чыгрынаў яшчэ больш узмацніў традыцыйна-народны крытэрый маральных і грамадзянскіх каштоўнасцей. Згодна гэтага крытэрыю тып паводзін, адарваны ад агульна-народнай арыентацыі, хоць і даволі актыўны ў самасцвярджэнні, выраджаецца ў самаўпэўненага эгаіста, няздатнага колькі-небудзь сур’ёзна павярнуць сваё жыццё ў бок калектыўнай справы. Тым больш цяжка яму, аднабаковаму і прадузятаму ў сваіх жыццёвых уяўленнях, спасцігнуць жывую надзённасць часу і адчуць сваю прыналежнасць да важных падзей народнага жыцця.

У апавяданні «Шчаслівае месца» І. Чыгрынава ёсць ледзь не алегарычны эпізод, у якім раскрываецца бяссілле індывідуальных намаганняў чалавека, калі яны не супадаюць са штодзённымі, звычайнымі патрэбамі іншых людзей. Герою гэтага апавядання трэба вясною ў разводдзе перабрацца на другі бераг ракі, але ён гэтага зрабіць не можа, бо вымушаны чакаць, пакуль у каго-небудзь з мясцовых людзей узнікне неадкладная патрэба таксама быць на другім беразе ракі. І тады будзе зроблены далёкі аб’езд на мост. Сэнс гэтага завостранага сюжэтнага моманту вельмі празрысты: сувязь асабістых намаганняў чалавека з народнымі інтарэсамі гарантуе сапраўдны поспех і рэальны вынік.

Асабліва мэтанакіравана і ў шырокім маштабе шукаў І. Чыгрынаў у апавяданнях жывога ўвасаблення станоўчага ідэалу ў канкрэтным чалавечым лёсе. Многія героі яго апавяданняў — людзі з глыбокай унутранай верай у праўду і справядлівасць чалавечай волі. Задача паказаць у пераканальных і жывых рысах вобраз высокамаральнага, прыгожага душой чалавека цяжка даецца кожнаму пісьменніку. У І. Чыгрынава таксама не ўсё ўдавалася адразу.

Падкрэслена прывабнае аблічча станоўчага героя, напрыклад, у апавяданні «Народны камісар» надзелена стандартнымі прыгожа кніжнымі рысамі: «Быў ён моцнага складу, шыракаплечы, вышэй сярэдняга росту і з твару нечым нагадваў пажылога акцёра — пасівелага, з сумнымі запалымі вачамі, але з выгляду яшчэ — на пэўнай адлегласці — як маладога...»

Найбольш бянтэжыць тут, бадай, параўнанне героя з пасівелым акцёрам — выразная адзнака знешняй паэтызацыі. Але такіх выпадкаў нават у ранніх апавяданнях пісьменніка няшмат. I. Чыгрынаў усё больш і больш паслядоўна павышаў узровень эпічнай аб’ектыўнасці ў стварэнні вобраза дзейснага героя. Як глыбокі рэаліст ён бачыць характар паводзін чалавека ў выразным індывідуальным праяўленні і разам з тым у тыповым грамадскім значэнні. Пры неабходнасці І. Чыгрынаў даводзіць выразнасць рысы да стану аголенасці і знешняй непрывабнасці, але ўсё гэта не толькі не прыніжае героя, але ўзбуйняе эпічна яго агульнае аблічча, бо яно, гэтае аблічча, атрымлівае шматграннасць унутранай характарыстыкі. У апавяданні «Самы шчаслівы чалавек» Аляксея, напрыклад, зусім не прыніжае той факт, што пасля першага артабстрэлу ён устае з зямлі на карачках. «Артналёт скончыўся раптоўна, таксама як і пачаўся. Аляксей, яшчэ не верачы сабе, падняўся спачатку на карачкі, пасля стаў хістаючыся на ногі; твар яго ў гэты момант быў як у нежывога». Гэтае «падняўся спачатку на карачкі», «твар яго ў гэты момант быў як у нежывога» якраз і патрэбна пісьменніку, каб наглядна паказаць вялікі пафас «уставання» савецкага чалавека пад моцным ударам ворага дзеля ўпартай, гераічнай барацьбы з ім.

Заўважаецца, што ў пошуках духоўна велічнага стану чалавека І. Чыгрынаў ужо ў апавяданнях усё часцей і часцей звяртаецца да тэмы Вялікай Айчыннай вайны. З гэтай творчай сітуацыі, відаць, і вырастала задума пра зараджэнне партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі, пра простых, але душэўна багатых і гераічных людзей мужнай і складанай партызанскай барацьбы. Вобраз Дзяніса Зазыбы з раманаў пісьменніка, чалавека, які вельмі натуральны ў сваёй еднасці з народам, антыпода Чубара — вышэйшае дасягненне аўтара ў мастацкім сцвярджэнні дзейснага народнага характару.

Такім чынам, у апавяданнях І. Чыгрынава ўжо вельмі пэўна і моцна выявіліся творчыя імпульсы, якія вялі да ўмацавання пачуцця гістарызму і народнасці ў аўтарскай ідэйна-мастацкай пазіцыі. У выніку паступова фармаваліся і адпаведныя жанрава-стылёвыя асаблівасці яго твораў. Выспяванне раманнай задумы ў І. Чыгрынава адбывалася вельмі натуральна, праз пераадоленне ўжо дасягнутага і заваяванага, у імкненні да новых вышынь. Гэтая задума сапраўды азначала перш за ўсё новае, больш шырокае і праніклівае адчуванне зрухаў у народнай свядомасці. Пісьменнік таксама вызваляўся паступова ад усяго, што было неарганічна яго таленту. Яго поўнасцю захапіў эпічны размах гістарычна-аб’ектыўнага адлюстравання народных імкненняў у час вялікіх выпрабаванняў і барацьбы.

 

 

* * *

 

Літаратура ва ўсе часы імкнулася паказваць вайну ў шырокім эпічным адлюстраванні, выкарыстоўваючы мастацкія сродкі буйных жанраў. Дастаткова нагадаць у якасці прыкладу «Іліяду» Гамера, «Песню пра Раланда» і «Слова аб палку Ігаравым», паэму Яна Вісліцкага «Пруская вайна», раман Л. Талстога «Вайна і мір», раман М. Шолахава «Ціхі Дон». У такой унутрана-жанравай схільнасці бачацца зусім пэўныя прычыны, бо вайна нясе з сабой такія грандыёзныя і сур’ёзныя грамадскія зрухі, такія рашаючыя перамены ў лёсе народа і чалавека, што асэнсаванне іх сутнасці патрабуе грунтоўнай засяроджанасці думкі, маштабнага ахопу з’яў, усебаковай іх увязкі з агульнай хадой часу, з галоўнымі тэндэнцыямі эпохі. А ўсё гэта ў сваю чаргу чакае ўвасаблення ў адпаведнай мастацкай форме, дзе скорагаворка, аднапланавасць сюжэтных ліній, вузкасць пачуццёвых перажыванняў, падзейная абмежаванасць не садзейнічаюць дасканаламу выяўленню ідэі і наўрад ці забяспечваюць творчы трыумф самой задумы пісьменніка.

Мабыць, у творах пра вайну шырокая эпічная выяўленчасць валодае нейкай асаблівай, дадатковай эстэтычнай апраўданасцю.

Эпапейнасць — не толькі фармальна-жанравая асаблівасць раманаў І. Чыгрынава, не толькі знешняя прыкмета творчай задумы, як гэта часта здаралася ў беларускай прозе 40-х і пачатку 50-х гадоў. Гэта сама канцэпцыя мыслення пісьменніка. Усё, што трапляе ў поле зроку аўтара, прасякнута ідэяй велічы жыцця, адчуваннем яго магутнай хады, імкненняў усенароднай сілы.

Жыццё — самы галоўны, бадай, персанаж раманаў І. Чыгрынава. Таму нават звычайны жыццёвы выпадак, здарэнне ў яго маюць статус дзеючых асоб. Сутыкнуўшыся з імі, станоўчыя героі раманаў «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы» вядуць сябе так, нібы сустрэлі незнаёмага чалавека, стараюцца вызнаць яго характар і прадугадаць магчымыя вынікі сустрэчы.

Гэта вельмі важны момант у паэтыцы раманаў І. Чыгрынава, ва ўсім светапоглядным адчуванні пісьменніка. Ён заваяваны развіццём усёй беларускай літаратуры пасляваеннага часу, якая звярталася да тэмы вайны. На аснове папярэдніх рэалістычных традыцый паступова выпрацавалася ўнутранае чуццё, што героем на вайне з’яўляецца не той, хто імкнецца ўзняцца над падзеямі, а той, хто ўмее разгадваць кірунак іх развіцця і скарыстаць гэтае веданне дзеля задач перамогі. Сапраўдны герой не будзе ігнараваць выпадак як дробязь, якая не заслугоўвае ўвагі, а пастараецца яго «асядлаць» і гэтым самым уплываць на галоўны зрух жыцця.

Трэба сказаць, што выпадак вельмі шмат значыць у лёсе ўсіх герояў І. Чыгрынава. Галоўны герой яго раманаў Дзяніс Зазыба — сельскі актывіст з рэвалюцыйным мінулым, які некалі ваяваў пад камандаваннем Шчорса, ардэнаносец, намеснік старшыні калгаса — абавязаны сваім жыццёвым становішчам звычайнаму выпадку. «Можа б, ён тады і не падаўся да Шчорса, але пасварыўся з бацькам: цыганы ўкралі на лузе іхнюю жаробку, на якую спадзяваліся ў гаспадарцы, і вінаваты быў Дзяніс, бо не застаўся на начлезе, а прывалокся начаваць у вёску да жонкі». Жаробка, цыганы, жонка, сварка з бацькам і, нарэшце, Шчорс — якая далёкая сувязь паміж падзеямі і людзьмі! Але ў гэтай стыхійнай сувязі выпадковасцей ёсць свая заканамернасць, логіка жыццёвай плыні. Сэнс жыцця часцей за ўсё выяўляецца скрытна, ён, бывае, зацямняецца нагрувашчваннем выпадковасцей, але ён і праяўляецца ў іх, выпадковасцях. Яны таксама складаюць сапраўдны твар жыцця. Што Дзяніс Зазыба апынуўся ў Шчорса — гэта і выпадковасць і адначасова заканамернасць. Так, трапіў ён туды выпадкова, але заканамернасць была ў тым, што ён застаўся ў Шчорса і ваяваў самааддана, бо справа, за якую змагаліся байцы Шчорса, адпавядала жыццёвым інтарэсам такіх людзей, як Зазыба.

У час крутых перамен асабліва ўзрастае ўлада сляпога здарэння над лёсам чалавека. Аказваецца, што звычайная бадня, якой чэрпаюць ваду з калодзежа, можа дачыніцца да зыходу, жыць ці не жыць людзям цэлай вёскі. Няўмелае карыстанне баднёй прывяло да таго, што ў калодзежы ўтапіўся нямецкі салдат. Але за гэта ледзь не былі расстраляны ўсе жыхары Верамеек.

Справа ў тым, што, згодна агульнай эстэтычнай канцэпцыі пісьменніка, выпадак хоць і сляпая, але праява жыцця. Зразумела, што рэакцыя на выпадак з’яўляецца рэакцыяй на ход самога жыцця. Таму І. Чыгрынаў апісвае не столькі здарэнне само па сабе, колькі паводзіны немцаў у сувязі са здарэннем, раскрывае іх рэакцыю на выпадак. Гэтым самым у яго раманах ставіцца праблема суадносін акупацыйнай сілы і ўсяго ўкладу тутэйшага, мясцовага жыцця.

У жыцці здараецца такое, што мала залежыць ад свядомых жаданняў людзей. Гэта знак яго глыбіннай сутнасці. І каб не сутыкнуцца слепа з яго няўмольным напорам і імпэтам у трагічнай сітуацыі, каб засцерагчыся ад непажаданага збегу абставін і ўласных памылак, трэба мець цярпенне і здольнасць знайсці аб’ектыўныя прычыны таго, што здарылася, трэба мець давер да жыцця.

Знік салдат — нечаканы выпадак. Як жа немцы рэагуюць на яго? З самага пачатку яны і не думаюць высвятляць сур’ёзна абставіны, дазнавацца праўды. Яны дзейнічаюць паспешліва, авантурна і груба: зганяюць усіх жыхароў у адно месца і пагражаюць расстрэлам, хочучы ад іх даведацца, дзе падзеўся іхні салдат, зусім не ўлічваючы таго, што жыхары могуць і не ведаць гэтага. Значыць, яны дзейнічаюць наперад зададзена, нібы заведзены механізм, дзейнічаюць пагардліва і эгаістычна, поўнасцю ігнаруючы аб’ектыўную дадзенасць. А гэта вядзе да злачынства.

І злачынства здарылася б — жыхары Верамеек былі б расстраляны, каб зноў не выпадак, на гэты раз выратавальны для верамейкаўцаў, — конь, на якім ездзіў салдат, аказаўся разумным і «падказаў», дзе застаўся яго гаспадар. Але такая акалічнасць ужо нічога не змяняе ў маральна-псіхалагічнай і сацыяльнай характарыстыцы акупантаў, бо выратавальнага выпадку магло б і не быць. І тады...

Звычайная дзеравяная бадня — несамавіты, цяжкі, груба апрацаваны прадмет спрадвечнага ўжытку — ператвараецца ў сімвал усяго тутэйшага, мясцовага, якое мае сваю спецыфіку, свае норавы, звычаі. Яна па-свойму, няроўна хадзіла, гэтая бадня, «на ўзроўні апошняга вянка ў зрубе» яна «раптам моцна, рыўком тузалася да другой сценкі, і чалавек, які не ведаў пра гэта, мог не ўстаяць на нагах і лёгка пашаснуцца, паляцець галавой уніз. Акурат так і здарылася з немцам». Здарылася, бо ён, немец, — чужы, прышлы.

Пісьменнік знаходзіць яшчэ адну дужа яскравую і характэрную дэталь, праз якую добра відаць няздатнасць салдат акупацыйнага войска ўлавіць рэальную сітуацыю тутэйшага жыцця, стаць на цвёрды грунт аб’ектыўнасці. Урэшце, яны і не хочуць дазнавацца праўды. Шукаючы прапаўшага таварыша, яны спяшаюцца, нібы пастаянна падганяюць сябе, хапаюць без разбору таго, хто трапляе на вочы. Гэтак быў заарыштаваны імі і ўсур’ёз прыняты за вясковага тэрарыста няшчасны юродзівы Ціма. Сітуацыя ўзнікла недарэчная, і ў ёй нібы ўраўніваюцца і Ціма і яго канваіры, бо ні ў яго, ні ў іх няма здаровага адчування сапраўднага стану рэчаў. Людзі ўвесь час адчуваюць у сабе нейкую даўкую напяткасць, пастаянны душэўны страх, бо нельга ведаць і прадбачыць, як будуць паводзіць сябе акупанты ў тым ці іншым выпадку. Простая вясковая жанчына Варка Касперукова кажа: «Ета ж каб і праўда з нармальнымі людзьмі справу меў. А то ж немцы!»

Ад усяго гэтага павявае смяртэльнай небяспекай, і яе адчуваюць мясцовыя жыхары, унутрана сцяўшыся ў напружанні. Ці не ад гэтага душэўнага зруху пачыналася ўсенароднае непрыняцце акупацыйнага рэжыму?

Вельмі паслядоўна пісьменнік паказвае, што акупанты рэагуюць на ўсё ім незразумелае, нечаканае і новае для іх уяўленняў з раздражненнем і непрымірымасцю, якія дыктуюцца фанабэрыстым усведамленнем вышэйшасці, даходзяць да індывідуалістычнага эмацыянальнага ўзрыву, які агрэсіўна накіраваны супраць мясцовых жыхароў. Жаданне знішчыць, скінуць са свайго шляху ўсё, што выклікае ў іх недаўменне, няўцямнасць ці абразу, у такой ступені моцнае, ужо выспелае, што ў гэтым перш за ўсё адчуваецца і бачыцца душэўная прасякнутасць, набрыняласць ідэалогіяй выключнасці — ідэалогіяй фашызму. Нават паліцэйскага Брава-Жыватоўскага, які хоча служыць ім верай і праўдай, афіцэр агрэў бізуном, раздражнёны яго бесталковасцю. Але пакуль што фашысты дужа ўпэўненыя ў сабе, бо яны яшчэ не бітыя, і на такія дробязі не звяртаюць увагі. Але яны ўжо асуджаны жыццём. Час ужо лічыць першыя хвіліны іх паражэння на гэтай зямлі і адмервае ім першыя крокі ў небыццё.

Вайна вылілася ў каласальнае сутыкненне дзвюх армій, у супрацьборства дзвюх ідэалогій, але барацьба ідзе і тут, у малых Верамейках, на тым спрадвечным жыццёвым полі, дзе выяўляе сябе штодзённая мараль: як зрабіць, што сказаць, каму сімпатызаваць.

Недзе далёка на фронце грымяць выбухі, не сціхае страляніна, салдаты ідуць у атаку, а на акупіраванай тэрыторыі пакуль што ціха. Але гэта абманлівая цішыня, бо прарастаюць ужо зерні пратэсту, а значыць, і змагання. Першая душэўная рэакцыя пры сустрэчы з акупантамі прадвызначае выбар. Раней чым узнікла пачуццё ўсенароднага непрыняцця акупацыйных парадкаў, людзі адчулі ў акупантах чужынцаў. Тут — галоўнае. З гэтага пачнецца супраціўленне і партызанская барацьба, на гэту падрыхтаваную ўжо глебу будуць плённа падаць словы партыйнага закліку да ўсенароднай вайны з ворагам.

Можна падумаць, аднак, што такая страхатлівая першая сустрэча, верамейкаўцаў з немцамі выйшла па той прычыне, што нейкай вайсковай часці, перад якой стаіць свая мэта і якая запынілася каля Верамеек зусім выпадкова, і сапраўды няма часу падрабязна разбірацца ў абставінах, шукаць праўду, прыстасоўвацца да мясцовых умоў. На гэта ёсць мясцовая акупацыйная ўлада ў асобе каменданта Адольфа Гуфельда, які асталяваўся ў Бабінавічах. Камендант сапраўды стараецца зразумець асаблівасці тутэйшага жыцця і часам аддае талковыя распараджэнні. Характар і змест яго першых загадаў нават наводзяць Зазыбу на думку, што Гуфельд з’яўляецца тайным нямецкім камуністам. Ён вітаецца па-тутэйшаму і нават робіць спробу гаварыць па-беларуску. Але не, не памыліліся верамейкаўцы ў сваіх уражаннях ад першай сустрэчы з немцамі, калі яны набраліся страху, калі назаўсёды пахіснулася ў іх упэўненасць у сваім лёсе. Дзяніс Зазыба таксама хутка пераканаўся ў сваёй памылковай ацэнцы дзеянняў каменданта. Убачыўшы Гуфельда на нарадзе з шомпалам у руках, які ён носіць на манер стэка, ён адразу здагадваецца, што і Гуфельд такі ж самы, як і тыя немцы, што сустрэліся верамейкаўцам. Прыстасаванне да мясцовых умоў у каменданта знешняе і паказное, а ва ўсёй сваёй палітыцы да мясцовага насельніцтва ён апіраецца на сілу. «Тым часам камендант спыніўся за сталом, акурат пасярэдзіне, і ўзмахнуў зусім над стольніцай шомпалам, мусіць, ім гэтакі жэст узяты быў за звычай, але прысутнымі ён успрыняты быў як для постраху». Ілюзій у Зазыбы больш няма. Шомпал — вельмі красамоўны сімвал грубага падаўлення і страху.

На гэтай жа нарадзе камендант паведамляе, што за напад невядомых асоб на машыну начальніка раённай жандармерыі расстраляна сем чалавек з навакольных вёсак, паведамляе так, што адразу відаць — ён, камендант, лічыць, што так і трэба, што ў такой акцыі няма ні бесчалавечнасці, ні бессэнсоўнасці. Караюцца ж невінаватыя людзі! Зазыба ўражваецца гэтым, і таму ў яго, як і ва ўсіх разумных і сумленных людзей, што прысутнічаюць на нарадзе ў каменданта, адразу за недаўменнем з'яўляюцца ў душы холад, трывога, адчуванне вялікай небяспекі, якая насунулася на народ.

Дзяніс Зазыба як чалавек і вясковы кіраўнік — увасабленне ўсяго лепшага, што было ў сялянстве, якое на працягу стагоддзяў жыло сваім, адасобленым, патрыярхальным жыццём. Адукацыя ў яго невялікая, але ён мае не абы-які прыродны розум, салідны жыццёвы вопыт, унутраную загартоўку і цвярозасць погляду на свет. Ёсць у ім той сялянскі практыцызм, які не з’яўляецца голым, жорсткім практыцызмам, калі сутнасць рэчаў засланяецца выгадай і разлікам. Не, практыцызм Зазыбы такі, што ў ацэнцы падзей не страчваецца спрадвечная народная мараль. На глыбокі аналіз навакольнага жыцця Зазыба, бадай, не здатны, але яму зусім дастаткова тых разумовых і душэўных вартасцей, якія ў яго ёсць, каб распазнаць простую праўду таго, што дзеецца, угадаць, чаго варты чалавек. А на большае ён і не прэтэндуе.

Нялёгка жылося і жывецца Дзянісу Зазыбу, бо ён належыць да тых рэдкіх людзей, якія заўсёды патрэбны іншым — суседзям, грамадзе. Ён больш справядлівы душой і больш здагадлівы розумам за іншых, і таму людзі хочуць, каб ён хадзіў у кіраўніках. Адным словам, да вайны Зазыба — тыповы сельскі актывіст, які працаваў на Савецкую ўладу не за выгаду і набыткі, а па душэўнай і практычнай патрэбнасці. І нават пасля таго, як несправядліва быў арыштаваны яго сын Масей, які вучыўся ў горадзе, Дзяніс застаўся ранейшым — працаваў з поўнай аддачай сіл. Толькі пацяжэла і пацямнела ў душы, але гэтага людзі не бачаць. У такой яго ўнутранай раўнавазе і паслядоўнасці — не проста звычка да кіраўніцтва, да начальніцкага становішча, а глыбокае адчуванне, што ён патрэбен людзям.

І вось вайна. Калі б Зазыба быў прагны да ўлады над людзьмі за выгаду, то акупацыя давала яму магчымасць скарыстаць сваё становішча і пайсці служыць немцам. Яны не пашкадавалі б яму «добрай пасады», бо ён у іх вачах мог лічыцца пацярпеўшым ад бальшавікоў: арыштаваны і пасаджаны ў турму сын, яго самога знялі з пасады старшыні калгаса і панізілі. Але ў Зазыбы нават думкі не ўзнікае, каб скарыстаць раптоўны паварот жыцця для нейкіх разліковых мэт, бо жыве ён натуральна і сумленна.

Прычым найбольш упэўнена адчувае сябе Зазыба сярод сваіх людзей, якіх ён добра ведае. Адагнаўшы калгасны статак на ўсход, ён вяртаецца назад, дадому, пад акупацыю. Вядома, такі чалавек, як Зазыба, знайшоў бы сабе месца і карысны занятак там, за фронтам. Але дома засталася жонка, і кідаць яе адну Дзянісу ніяк не выпадала. Ды, урэшце, такі ўжо склад яго натуры — не адрывацца ад дому, ад родных гоняў і каранёў. Тут ён разумнейшы і мацнейшы духам.

І ўсё ж атрымліваецца так, што Зазыба, не хочучы служыць акупантам, пачынае ім служыць. Схаваўшы дома, а пасля ўладкаваўшы ў мястэчку савецкую разведчыцу, ён пры немцах зноў апынаецца на пасадзе старшыні калгаса, які немцы не распусцілі, і вымушаны выконваць іхнія распараджэнні. Фармальна як быццам так і выходзіць, што Зазыба па звычцы ходзіць у начальстве і пры немцах не адмаўляецца ад пасады, хоць мог бы адмовіцца. Сапраўды, можна падумаць, што калі ён праўдзівы патрыёт, то яго абавязак быў не згаджацца браць пасаду. А ён згаджаецца ды яшчэ добраахвотна. Больш таго, Зазыба таксама, можна сказаць, добраахвотна паехаў на нараду, якую склікае камендант, і арганізуе калгаснікаў па загаду каменданта ехаць рамантаваць мост, які пры адступленні спалілі чырвонаармейцы.

Што стаіць за гэтымі ўчынкамі героя і як іх расцаніць? Можа, гэта ціхая, палахлівая здрада? Можа, на Зазыбу падзейнічаў страх, што немцы за верную службу Савецкай уладзе пакараюць яго? Ён жа быў узнагароджаны баявым савецкім ордэнам за гераізм у грамадзянскую вайну. Нездарма дэзерцір Раман Сёмачкін пагражае Дзянісу («цяпера табе трэба маліцца»), нездарма палохае паліцэйскі Брава-Жыватоўскі («мо забыў, пра што ўчора з табой гаварылі?.. Ну што ж, наракай пасля на сябе»). Але не, няма ў Зазыбы страху. І яго ўчынкі — не здрада, бо ён не мяняе сваіх думак, ацэнак людзей, пераконанняў.

А можа, паводзіны Зазыбы тлумачацца душэўнай стомленасцю, вынікам якой з’яўляецца ўнутраная згода плысці туды, куды нясе жыццёвая плынь? Ці, можа, ён свядома разлічвае стаць бліжэй да немцаў, каб нечым памагчы савецкай разведчыцы? Думаецца, не тое і не другое. Герой проста дзейнічае згодна сваёй натуры, згодна ўласнаму адчуванню жыцця. І ў вайну ён застаецца верным тым жыццёвым прынцыпам, якімі ён кіраваўся ў мірны час. Зазыба робіць так дзеля сваіх, вясковых людзей, якім верна служыў і да вайны. Ён хоча служыць ім гэтак жа верна і цяпер. Змяніліся толькі ўмовы. Адчуванне ў Зазыбы гэтых умоў такое: раз пад акупацыяй засталіся жыць людзі, то пражыць гэты час яны павінны па магчымасці найбольш правільна, з найменшымі стратамі і яго, Зазыбы, абавязак дапамагчы ім у гэтым. А дапамагчы ён можа толькі не ўхіляючыся ад падзей, якія ідуць насустрач, толькі будучы там, дзе першаму можна даведацца, куды кіруюцца падзеі.

І Дзяніс Зазыба адважваецца ехаць на нараду, гэтым самым беручы на сябе пасаду, якую ён павінен будзе пэўніць па загадах акупацыйных улад.

Фармальна ўчынак Зазыбы з’яўляецца здрадай свайму ранейшаму жыццю, Савецкай уладзе. Але толькі фармальна. Справа ў тым, што Зазыба зусім не думае пра тое, як будзе расцэнены яго ўчынак іншымі. Будзе ён абвінавачаны ў здрадзе ці не будзе — для яго не важна. Галоўнае для яго рабіць так і жыць так, як ён лічыць правільным і каб ад гэтага была карысць людзям. Таму ён і не прамінае выпадку быць на тых рубяжах жыцця, дзе вырашаюцца лёсы яго аднавяскоўцаў. Каб зноў служыць ім, гэтым людзям, служыць якім ён ужо звык, яму патрэбна перш за ўсё разуменне новай жыццёвай сітуацыі, якая ўзнікла з прыходам немцаў, разуменне іх саміх, іх намераў, усёй сутнасці іхняй палітыкі на занятай імі зямлі. І ён едзе на нараду, каб убачыць каменданта, прыгледзецца да яго паводзін, прасачыць ход нарады і вынесці з усяго гэтага сваё ўражанне, якое і паслужыць практычнай асновай яго далейшых дзеянняў.

Заслуга І. Чыгрынава ў распрацоўцы сацыяльна-маральных праблем мінулай вайны заключаецца яшчэ і ў тым, што ён у цэнтры раманаў паставіў чалавека з народа, тыповага прадстаўніка сялянскай масы. Дзяніс Зазыба з тых, хто пакуль што не бярэцца за зброю, але ён — будучая апора партызан, іх незаменны памочнік. Ён з таго асяроддзя, з якога партызаны будуць чэрпаць сілы, атрымліваць дапамогу. Але роля і значэнне гэтага асяроддзя ў зыходзе вайны — не толькі ў тым, што яно актыўна дапамагала адкрытай узброенай барацьбе партызан супраць ворага. Справа ў тым, што яно само ўяўляла рэальную сілу і яго зброяй былі ўнутраная непакора і тайнае супраціўленне ўсім намаганням акупантаў. Менавіта тут, у гэтым асяроддзі, стрымліваліся і нейтралізаваліся іх самыя суровыя загады, гасіліся самыя напорыстыя адміністрацыйныя распараджэнні. Зазыба ўсім ладам сваіх адносін да падзей у час акупацыі вучыцца сам і вучыць іншых не гэтак таму, як ваяваць з ворагам, колькі як жыць ва ўмовах акупацыі. Але, як аказваецца, гэта па сутнасці адно і тое ж.

Такім чынам, у раманах І. Чыгрынава «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы» вобраз Зазыбы вырастае ў вельмі тыповую на акупіраванай тэрыторыі фігуру чалавека, які аказвае канкрэтную дапамогу ўсім, хто змагаецца з ворагам, і сам пастаянна жыве і дзейнічае насуперак планам і намерам акупантаў, ствараючы агульную атмасферу непрыняцця ўсяго таго, што нясе з сабою вораг.

У выніку ў жыццёвым лёсе Дзяніса Зазыбы ўжо накрэсліваецца выразная лінія трагізму. Дапамагаючы вялікай усенароднай справе толькі па сумленню і тайна, яму цяжка будзе цяпер ці ў будучым даказаць пры неабходнасці свой удзел у гэтай справе, цяжка будзе дабіцца, каб яму паверылі. Тым больш цяжка будзе растлумачыць сапраўдныя матывы сваёй прысутнасці на нарадзе ў каменданта. Яму ж такога задання ніхто не даваў. Нездарма паліцэйскі Брава-Жыватоўскі ўжо лічыць Зазыбу трохі сваім. Але ж так могуць думаць і іншыя, бо знешняе ў людскіх вачах заўсёды бясспрэчнае, а нябачнае, скрытнае — праблематычнае. Яму можна верыць і не верыць.

Яшчэ больш ускладняецца жыццёвае становішча Зазыбы пасля таго, як вярнуўся дадому арыштаваны перад вайной сын Масей. Вярнуўся ён не па закону, а ў выніку выпадковасці, якую яму прадаставіла вайна. Па сутнасці, зварот з турмы сына азначае не што іншае, як уцёкі. З аднаго боку, Зазыба рады, што Масей вярнуўся, што ён не пакутуе, з другога боку — зварот сына як быццам блытае яго жыццёвыя імкненні, падрывае асабістую аснову ў яго дзеяннях. Зазыба дастаткова разумны чалавек, каб не зразумець, што перамога той справы, за якую ён змагаецца, азначае для яго ўласнага сына зварот да ранейшага пакутлівага стану, зварот у турму, бо пасля вызвалення ў Масея спытаюць, якім чынам ён апынуўся на волі і, вядома ж, не пахваляць за ўцёкі. Вось як востра павернута сюжэтная лінія! І як шмат сацыяльнага і маральнага сэнсу стаіць за гэтым паваротам! Дзе ж выхад, дзе ратунак для бацькі?

Цяжкі збег абставін не абяцае Зазыбу лёгкага выйсця. Найвялікшы драматызм яго становішча заключаецца ў тым, што жаданне волі для сына азначае для яго адмову ад усяго свайго ранейшага жыцця і нават змірэнне з акупацыяй, на што ён пайсці не можа. Але і другі жыццёвы варыянт, які і выбірае герой, таксама супярэчлівы, таксама драматычны. Усё глыбей і глыбей уцягваючыся ў рух супраціўлення немцам у імя перамогі савецкага ладу жыцця, ён вымушаны нібы забыцца пра пакуты сына, пра яго пакалечаны лёс, бо няшчасце з сынам сталася пры Савецкай уладзе. Вядома, пакуты Масея баляць яму, бацьку, але ён працягвае верыць у нейкі вышэйшы ідэал мінулага жыцця, які назаўсёды зліўся ў яго душы з уласнай маладосцю, з перыядам грамадзянскай вайны. Таму ён так настойліва дабіваецца ад сына, каб ён у такі складаны час душэўна не засяроджваўся на ўласнай бядзе. Ён баіцца, што Масей можа зрабіць цяпер, не па сваёй нават волі, няправільны жыццёвы крок, які не толькі яшчэ больш сапсуе яму жыццё, але ў нечым істотным канчаткова развядзе яго з бацькам.

У рэакцыі Зазыбы на выпадак звароту сына ў найвышэйшай меры, выявілася прыроджаная разважлівасць героя, яго здольнасць да непаспешлівых, цвярозых учынкаў. І ён гэтым перамог хоць бы часова неспрыяльны збег абставін. У рамане «Свае і чужынцы» Зазыба пераконваецца, што сын Масей паважае разважлівасць і кола інтарэсаў бацькі, адмаўляецца супрацоўнічаць з акупантамі на аснове нацыяналістычнай ідэйнай пазіцыі, да чаго спрабуе схіліць Масея яго былы сябар Астрашаб.

Такім чынам, прынцыповая паслядоўнасць і стойкасць даюцца Зазыбу нялёгка. Яго душа раздзіраецца супярэчнасцямі. Ён адчувае, што недастаткова ўважлівы да складанага становішча сына, і перажывае з-за гэтага. Масей, у сваю чаргу адчуўшы душэўную адчужанасць бацькі, замыкаецца ў сабе, перажывае сваю вымушаную адвержанасць і баіцца адзіноты.

Хто ж тады ўсё-такі Дзяніс Зазыба? Чалавек, які гэтак жа, як і Чубар, здольны прынесці ў ахвяру раз і назаўсёды засвоенаму прынцыпу жывыя інтарэсы людзей, калі яны не супадаюць з гэтым прынцыпам?

Падабенства ў паводзінах герояў абодвух раманаў І. Чыгрынава Зазыбы і Чубара чыста знешняе і толькі маментальнае. Розніца паміж Зазыбам і Чубарам у тым, што прынцып для кожнага з іх значыць не адно і тое ж. Для Зазыбы прынцып з’яўляецца метадам разумення жыцця, адшукання разумнага сэнсу, каб не заблытацца ў стыхіі падзей і здарэнняў — рыса, уласцівая, дарэчы, далёка не кожнаму селяніну, а толькі лепшым прадстаўнікам вясковага люду. Для Чубара прынцып — зручны сродак ухіліцца ад складаных стыхійных праяў жыцця, зрабіць сабе палёгку, сродак мераць механічна, як метрам, жывую рэчаіснасць. Прынцып становіцца ў паводзінах Чубара прыкрыццём боязі вечна зменлівага ходу жыцця, адзін на адзін, з якім Чубар аказваецца бездапаможны. Ён адразу смялее, калі ёсць хто-небудзь побач з ім, хто дае распараджэнні. Калі з надыходам немцаў з раёна перасталі паступаць інструкцыі, Чубар проста разгубіўся, страціў апору, грунт і стаў перакаці-полем. Яго адразу падхапілі падзеі і пацягнулі за сабой. Ад гэтага ён стаў не патрэбным нікому. І таму ён дужа рад, калі ў час свайго недарэчнага блукання сустрэў двух чырвонаармейцаў: «Цяпер не трэба было са страхам думаць пра тое, што рабіць».

Чубар перакананы, што прынцып заўсёды непрымірыма варожы жыццёвай стыхіі і таму яе і не трэба імкнуцца зразумець, а лепш адкінуць. Адсюль жорсткасць і дагматызм гэтага героя ў практычным ажыццяўленні свайго пастулату паводзін, засвоенага з дырэктывы. Ён нават у думках не дапускае такой магчымасці, што можна змяніць ці падправіць загад або распараджэнне з улікам новых, раней не прадугледжаных абставін.

Несупадзенне адносін да жыцця Зазыбы і Чубара, хоць яны і робяць адну справу, выразна накрэсліваецца на першых ужо старонках рамана «Плач перапёлкі». Вельмі характэрная размова адбываецца паміж старшынёй калгаса Чубарам і яго намеснікам Зазыбам пасля таго, як калгас выканаў дырэктыву раёна адагнаць калгасны статак на ўсход:

«Тады спытаў Зазыба:

— Кароў да аднае пагналі?

— А ты думаў, тут пакінем?

Зазыба паляжаў і зноў спытаў:

— Неяк Марфа мая казала, што ў Палагі Харытонавай карова падавілася бульбінай, дак ці даў ты ёй карову?

— Не.

— А Баханьку? У яго ж старая; да і ялаўка ў етым годзе. Калі па-справядліваму, дак і яму варта было б замяніць яе.

— Надумаліся калі мяняць!..

— А ён, помніш, прасіў даўно, яшчэ ў маі пісаў на праўленне.

Чубар паморшчыўся, як ад прыкрасці.

— Дарэмна, — сказаў Зазыба.

Гэта нечакана ўзбурыла Чубара:

— Але ж мы не павінны за кошт калгаснага статка папаўняць прыватны сектар.

— Пры чым тута прыватны сектар? — заварушыўся ў ложку Зазыба. — Калі ў калгасніка няма каровы, дык хто яму паможа, як не мы?»

У гэтай размове ўвесь Чубар і ўвесь Зазыба. Для аднаго фармальнае выкананне дырэктывы прыносіць радасць па той прычыне, што не патрабуе ніякай уласнай ініцыятывы, забяспечвае душэўны спакой, для другога — усякае дзеянне, нават калі яно дырэктыўнае, павінна суадносіцца, па яго перакананню, з штодзённымі інтарэсамі канкрэтных людзей. У пазіцыі Зазыбы няма ні паказнога шкадавання, ні сентыментальнай жальбы. Гэта ўменне ўлічыць адзінкавы лёс і ўключыць яго ў складаную агульнасць людскіх інтарэсаў з разуменнем асабістых патрэб чалавека.

Разыходжанне паміж Чубарам і Зазыбам у разуменні свайго абавязку перад людзьмі, як акажацца далей, будзе мець не толькі маральнае, але і палітычнае значэнне. Чубар, у якога за гады яго начальніцкай службы зусім атрафіравалася здольнасць разумець і ўлічваць разнастайнасць, складанасць і нечаканасць жыццёвых праяў, дапускае палітычнае злачынства, забіваючы доктара-акружэнца, які, трапіўшы ў незвычайнае становішча, вёў сябе незвычайна і, як здалося Чубару, падазрона.

Чубару асабліва цяжка арыентавацца ўнутрана ў час вайны, калі новыя складаныя абставіны ствараюць нябачныя дагэтуль сітуацыі, калі адзін за адным узнікаюць непрадбачаныя выпадкі, якія не маюць яшчэ агульнапрынятай ацэнкі, калі гэтую ацэнку трэба рабіць самому, і рабіць неадкладна. Гэта нервіруе і злуе Чубара. Злосць за сваю бездапаможнасць ён пераносіць на іншых. Кульмінацыяй маральнага і разам з тым палітычнага змізарнення характару Чубара з’яўляецца яго дзікі ўчынак, калі ён паліць на верамейкаўскім полі толькі што зжатае калгаснікамі жыта, каб яно не дасталося ворагу.

Фармальна былы старшыня выконвае дырэктыву — нічога каштоўнага не пакідаць на акупіраванай тэрыторыі, аднак пры гэтым ён яшчэ і помсціць сялянам, што яны паводзяць сябе не гэтак, як яны павінны былі сябе паводзіць па ўяўленнях Чубара. Яму зусім не шкода ні калгаснікаў, ні іхняга набытку, раз ён упэўніў сябе, што яны недастаткова адданыя Савецкай уладзе, бо не кінулі сваіх хат і не ўцяклі на ўсход. Ён глядзіць, вярнуўшыся, на вёску і дзівіцца, што ў ёй нічога, як яму здаецца, з прыходам немцаў не змянілася.

Чубар толькі тады паверыў бы, што людзі змяніліся і рыхтуюцца да барацьбы, калі б вясковы побыт у акупацыю перавярнуўся дагары. Зазыба ж, наадварот, перакананы, што ўвесь побытавы лад вёскі павінен застацца непарушным, бо сталая душэўная зрошчанасць чалавека з домам, з роднай зямлёй з’яўляецца, па яго адчуванню, грунтоўнай унутранай апорай у складаны, пераменлівы час, калі безліч нечаканых падзей гатовы выбіць чалавека з наезджанай каляіны, завярцець яго і кінуць у бурлівы вір, дзе лёгка страціць арыентацыю і памыліцца. Роднае асяроддзе надае ўпэўненасці і паскарае правільную ацэнку падзей. Нагаданыя Зазыбам словы «Хто родную зямлю кідае, той ворага не перамагае» — квінтэсенцыя ўсяго ягонага светаадчування.

Поўным антыподам Зазыбы і ў гэтым моманце адчування жыцця з’яўляецца Чубар, якому здаецца, што з наступленнем немцаў усе абавязкова павінны зняцца з родных месц і рушыць на ўсход. Ён і сам робіць гэтак. Аднак бесталковае і бессэнсоўнае бадзянне прыводзіць яго ў тупік. Адарваны ад тых людзей, якія яго ведаюць, з якімі ён доўга жыў і працаваў, ён апынаецца адразу ў фальшывым становішчы, пры сустрэчы з людзьмі выклікае да сябе нават падазронасць, бо яго ніхто не ведае. Яго праганяюць ад сядзіб, не хочуць даць есці.

Чубар, у сваю чаргу, вымушаны насцярожана ставіцца да кожнага сустрэчнага і кожнаму тлумачыць, хто ён сам, адводзіць недавер ад сябе. «Чырвонаармеец спачатку слухаў сапраўды цярпліва, але як толькі высветліў для сябе, што чалавек на кані зусім не тутэйшы, а таксама закінуты ў гэты лес вайной, занёс яго ў разрад падазроных і рашыў затрымаць».

Натрапіўшы на групу савецкіх байцоў, якая на чале з раненым палкавым камісарам прабіваецца да фронту, Чубар не здолеў прыстаць да іх якраз таму, што ён чужы для іх, яны не зусім яму давяраюць. І вуснамі палкавога камісара Чубару гаворыць сам лёс, логіка вайны: «І, далібог жа, не бадзяйцеся па незнаёмых закутках. Падавайцеся ў свае лясы. На месцы адчуеце сябе другім чалавекам. Самі абставіны падкажуць, што рабіць. Вас там ведаюць, і вы таксама ўсіх ведаеце».

Перспектыва, намаляваная палкавым камісарам, не вельмі радуе Чубара, бо толькі тады, калі над ім ёсць нехта іншы, хто кіруе і загадвае, ён набывае душэўную раўнавагу і спакой. І ўсё ж Чубар паслухаўся, хоць і вымушана, бо само жыццё яго штурхае на гэты, адзіна правільны для яго шлях.

Аднак першая спроба Чубара завербаваць у свой будучы партызанскі атрад вайсковага доктара закончылася трагічнай няўдачай таксама па той прычыне, што яны сустрэліся ў дарозе і не давяраюць адзін аднаму.

Праз нейкі час Чубар усё ж пачынае з прыемнасцю ўспамінаць і людзей з Верамеек, і — асабліва — сваю сяброўку Аграфену. Гэта ўжо шмат значыць для Чубара, бо накрэсліваецца паварот у ягоных уяўленнях аб сваім месцы на вайне, аб сваіх абавязках у сувязі з вайной.

Праўда, вярнуўшыся патаемна ў Верамейкі, Чубар рэзка не пераменьваецца. Яго рашэнне спаліць нажатае калгаснікамі жыта ў полі паказвае, што доўгае бадзяннне і суровыя ўрокі гэтага бадзяння яшчэ мала чаму навучылі яго.

Магчыма, перавага Зазыбы над Чубарам нідзе так адчувальна не выяўляецца, як пры іх сустрэчы пасля вяртання Чубара ў Верамейкі. Гэтая перавага не толькі ў чалавечых якасцях, але і ў агульнай жыццёвай арыентацыі. Чубар вельмі дзівіцца, што Зазыба ведае пра яго зварот. Ён жа вярнуўся патаемна! Але, аказваецца, Зазыба ведае пра ўсё, што адбываецца ў ваколіцы. Няма сумнення, што гэта адна з першых умоў паспяховай падпольнай дзейнасці.

Менавіта ў час гэтай сустрэчы Чубар, даведаўшыся ад самога Зазыбы, што ён быў на нарадзе ў каменданта, папракае яго за дапамогу акупантам. Чубару проста няўцям, што Зазыба, «дапамагаючы» ворагу, ужо жыве дзейснымі інтарэсамі барацьбы. Зазыба шмат чаго вызнаў на нарадзе: лепш уведаў, хто такі нямецкі камендант, вылучыў сярод прысутных тых, хто непрыязна настроены супраць акупацыйнай улады.

І ўжо ніяк не можа дараваць Чубар Зазыбу яго намеру ехаць па загаду немцаў адбудоўваць мост:

«— І ты, чырвоны ардэнаносец, паедзеш адбудоўваць мост? — наперад здзіўлена спытаў ён».

На гэта Зазыба адказвае:

« — Паеду, — упарта крутануў галавой Зазыба. — І справа не ва мне. Я хоць зараз смерць гатовы прыняць, але каб ад гэтага карысць была. А то што з таго будзе, калі я ахвярую сабой, а справе не дапамагу. Усё роўна немцы мост на Дзяражні адбудуюць. Пазганяюць мужыкоў з навакольных вёсак і адбудуюць».

Усё бачыць, усё чуць, урэшце, усюды прысутнічаць — якраз тая тактыка, якая абяцае поспех у разгортванні барацьбы. Яна супрацьстаіць тактыцы Чубара, якая вядзе да адмежавання ад жывой плыні жыцця. Дзесьці ў падтэксце ўжо адчуваецца, што намер Чубара арганізаваць партызанскі атрад не ўдасца, калі толькі сам герой не зменіцца пад уздзеяннем жыцця. Зазыба кажа Чубару, які хацеў бы на акупіраванай тэрыторыі ўсё знішчыць, а хлеб для партызан і нават авёс для іхніх коней прывозіць на самалётах з-за фронту: «Не, брат, не так усё проста, як здаецца ды хочацца нам. Тут да ўсяго трэба з галавой падыходзіць. Раз нам пачынаць гэту партызанскую вайну тут, то нам і думаць, як пачынаць яе і з чым».

У канцы трэцяга (пакуль што — апошняга) рамана «Свае і чужынцы» пісьменнік пакідае Чубара па сутнасці ні з чым. Нікуды ён не можа прыстаць, нішто яму не ўдаецца. Ён зноў прыйшоў у ваколіцы Верамеек, маючы на гэты раз пэўнае заданне ад камандзіра партызанскага спецатрада. Але ці выканае яго? Магчыма, выканае, бо толькі цяпер Чубар адчуў, што значыць унутраная эгаістычная адзінота і як важна для чалавека быць заўсёды разам з людзьмі.

Безумоўна, Зазыбу вельмі дапамагае жыць непахіснасць перакананняў. Але ў Зазыбы — чалавека не вельмі адукаванага — цвёрдасць часам ператвараецца ў зацвярдзеласць, бо ён няздольны па ўзроўні ўнутранай культуры ўспрыняць і зразумець усю нечаканасць і парадаксальнасць свету, шукаць сэнс у патаемных зрухах жыцця. І гэта не віна героя, а ўсяго толькі рэальнасць яго існавання. Аднак адсюль усё ж вынікае, што далей пісьменнік наўрад ці будзе паказваць усё ўзрастаючую складанасць і трагізм вайны праз успрыманне Зазыбы, бо гэты герой можа шмат чаго не ўлавіць і не ўвабраць у сябе. Хутчэй за ўсё Дзяніс Зазыба застанецца ў ліку галоўных герояў і ў наступных раманах, бо такія людзі, як ён, дужа патрэбны таму жыццю, якое адлюстравана ў раманах І. Чыгрынава. Вобраз гэты толькі развіваецца, і ён будзе шмат значыць у агульнай структуры твораў. Аднак, думаецца, на нейкім этапе эпічнай апавядальнасці з ценю дамашняга кутка на першы план павінен выйсці па праву абвостранасці душэўнай рэакцыі, якая прыйшла да яго праз пакуты і ўнутраную ранімасць, сын Зазыбы — Масей. Ён валодае больш глыбокай душэўнай відушчасцю. У рамане «Свае і чужынцы» гэтае чаканне ў нейкай меры ўжо спраўдзілася.

 

 

* * *

 

Такім чынам, раманы І. Чыгрынава «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы» звяртаюць на сябе ўвагу не толькі наватарскай формай творчай задумы, а таксама новым заглыбленнем у праблематыку Вялікай Айчыннай вайны. Заслуга пісьменніка ў тым, што ён услед за лепшымі творамі сваіх папярэднікаў — К. Чорнага, М. Лынькова, І. Шамякіна, А. Кулакоўскага, Я. Брыля, В. Быкава, І. Навуменкі, А. Адамовіча і іншых — здолеў узнавіць у невядомых яшчэ тэндэнцыях тыя плыні жывой рэчаіснасці мінулай вайны, спасціжэнне сапраўднага сэнсу якіх служыць грамадскай ісціне і духоўнаму ўзмужненню савецкага чалавека.

 

 

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com