epub
 
падключыць
слоўнікі

Віктар Праўдзін

Бездань

- Маці, ці атрымала ты грошы? - пачула старая Лявоніха сіпаты сынаў голас.

Надрывіста скуголіла электрычная брытва, якой галіўся Васіль, з ваннай даносілася плюсканне вады. Лявоніха яму не адказала, зрабіла выгляд, што не чуе. Але пытанне закранула за жывое. На душы адразу стала пагана, сэрца млява заныла, і жанчына, цяжка, роспачна ўздыхнуўшы, села на канапу. Яна добра ведала, што размова з сынам толькі пачынаецца. Яшчэ ўчора, калі ўбачыла паравернутыя рэчы ў шафе, развернуты ложак, здагадалася, чаго шукае Васіль. Ды як не здагадацца, калі апошні час паўтараецца адно і тое - сын прапівае яе невялікую пенсію.

Спачатку ён прасіў у яе грошай, а калі Лявоніха ўбачыла, на што сын іх траціць, ды не стала даваць, - Васіль пачаў ад яе імя пазычаць у знаёмых. Ёй жа прыходзілася вяртаць сынавы даўгі. Лявонісе было брыдка, але сама яна нікому нічога не гаварыла. З цягам часу знаёмыя зразумелі Васілёвы хітрыкі і сталі прыдумваць розныя прычыны, каб не пазычаць грошай. Суседзі бачылі, што робіць Васіль, але ў душу да Лявоніхі не лезлі, не назалялі ёй роспытамі. Жыхары дома адносіліся да яго так сабе, а калі суседка, сяброўка Лявоніхі - Палікарпаўна - расказала ўсім, як ён купляў смятану, і зусім перасталі паважаць.

Было гэта летась зімой. Лявоніха хварэла, і ў краму па прадукты хадзіў Васіль. Яна кожны раз выдавала грошы на пакупку - ні больш ні менш. Васіль схадзіў колькі разоў і пачаў скардзіцца, што яму да чорцікаў абрыдла кожны дзень соўгацца ў краму, што харчы трэба купляць на цэлы тыдзень. Якраз трэба была смятана, і маці, згадзіўшыся, каб Васіль купіў адразу трохлітровы слоік, адлічыла яму грошы. Праз паўгадзіны сын вярнуўся. Ён быў усхваляваны, нават сярдзіты і сказаў, што паслізнуўся на прыступках, як выходзіў з магазіна. Слоік з рук выпаў і разбіўся. Ён доўга дакараў сябе за нязграбнасць, абураўся на дворнікаў, што не пасыпаюць пяском лёд. Убачыўшы сынавы пакуты, Лявоніха пачала яго супакойваць, а ў душы была рада, што Васіль становіцца гаспадарлівы, турбуецца, нават не выкінуў з пабітым слоікам капронавай накрыўкі, а прынёс дадому. Маці пахваліла яго за гэта. Накрыўка была ўся ў смятане, і старая сама абмыла яе.

А ўвечары адведаць хворую прыйшла Палікарпаўна. Лявоніха расказала, як не пашанцавала Васілю ў магазіне. Суседка быццам толькі і чакала, калі пра гэта пойдзе гаворка.

- Ой, хлусіць табе Васіль, хоча ў лапці абуць, - загаманіла яна. - Не купляў ён ніякага трохлітровага слоіка смятаны. Сама бачыла, на свае вочы, што купляў Васіль смятану, але не тры кілаграмы, нават не паўкіло, а ўсяго дваццаць грамаў... Я разам з ім была сёння ў краме і ўсё бачыла. Гляджу і вачам не веру. Купіў твой Васіль дваццаць грамаў смятаны і адразу размазаў яе па накрыўцы. Грэх ёсць, спачатку падумала, што ён на падпітку, аж прыгледзелася - не, цвярозы, стаіць як цвік, не пахіснецца. Цікава мне стала, навошта Васіль гэта робіць. І ведаеш - ніякага дзіва. Проста твой сын зрабіў так, каб падмануць цябе. Смятану па накрыўцы размазаў і паказаў табе, каб ты паверыла, што купляў. А на тыя грошы купіў дзве бутэлькі віна. Вось які хітрун твой Васіль!

Пра ўсё, аб чым даведалася ад суседкі, Лявоніха сказала сыну. Васіль жа аблаяў яе і з гэтага часу хлусіць ды выпрошваць грошы перастаў. Ён проста ў дзень пенсіі пачаў іх забіраць, і жыццё Лявоніхі стала яшчэ горшае.

Але яна маўчыць, нікому не скардзіцца, чакае, што Васіль зразумее, куды коціцца, возьмецца за розум. Цяпер яна таксама штодзень яго ўгаворвае, просіць не піць, нават пагражае міліцыяй. Але ўсё дарэмна. Сын на яе ўгаворы не зважае, нават вінаваціць, што праз яе ён і п'е, маўляў, ад таго, што дарэмна прыдзіралася да яго жонкі, і развалілася іх сям'я, а ён залівае, глушыць душэўны боль гарэлкай.

А Лявоніха, як і кожная маці, дабра жадала свайму Васільку. Гэта праўда, усякае было ў іх з нявесткай, здаралася, што і раўнавала сына да Марыі. Што ні кажы, а яна жыццё паклала на яго: без мужа гадавала, вучыла, даглядала, пакуль магла, працавала на трох работах, абы сын жыў па-людску, не меў патрэбы ні ў чым, не зазнаў столькі ліха ды гора, колькі яна.

Нярэдка звады паміж Васілём і Марыяй адбываліся з-за таго, што ўжо тады ён пачаў уцягвацца ў гарэлку. Лявоніха думала, што гэта адна забава, дробязь, на тое і мужчына, каб мог выпіць чарку-другую, пазней затрымацца на працы ці пасядзець з сябрамі ў рэстаране. Тады яна заступалася за сына.

Быў час, калі Васіль амаль не зазіраў у чарку, толькі зрэдку, святам; увесь вольны час аддаваў сям'і ды любімай рабоце. Ён надумаў палепшыць канструкцыю станка, каб зрабіць яго больш дасканалым і надзейным. І вось калі справа цэлага года была скончана і ён прынёс чарцяжы на прагляд галоўнаму інжынеру, той прачытаў толькі тытульны ліст. «Ты, Ліпень, надта малады і шмат чаго ў жыцці не паспеў зразумець, - сказаў начальнік, - навукай у нас займаюцца інстытуты, а мы павінны рабіць план. Няўжо ты думаеш, што там працуюць горшыя ці дурнейшыя людзі за нас. Не, хлопец, там таксама недарма грошы атрымоўваюць, дык давай будзем працаваць кожны на сваім месцы і рабіць тое, што ад нас патрабуюць».

Васіль быў чалавек мяккі, спрачацца, асабліва з начальствам, не любіў. Пасля гэтай размовы ў яго прапаў настрой, апусціліся рукі. Ён зразумеў, што яго веды і рацыяналізатарства тут зусім непатрэбныя. Ён быў упэўнены ў сваёй праўдзе, але на канфлікт з галоўным інжынерам не пайшоў, не хапіла рашучасці. З гэтага часу ён часцей і часцей пачаў наведвацца туды, дзе можна было заліць гора. Там ён даказваў выпадковым знаёмым сваю праўду.

Марыя не вытрымала такога жыцця, і яны разышліся. Васіль зноў вярнуўся да маці, і толькі цяпер, пажыўшы разам, Лявоніха ўбачыла, што і праўда сын п'е надта часта. Яна кінулася ратаваць Васіля, але было ўжо позна - кінуць піць ён не мог, а хваробу лячыць не хацеў. Лічыў сябе здаровым, хоць заўсёды раніцай галава балела так, што слёзы самі ліліся з вачэй, рукі трэсліся, нутро быццам полымем пякло. Васіль не меў моцы змагацца з нясцерпнаю смагаю, бы магнітам цягнула да чаркі, і ён пахмяляўся.

П'янаму ж і мора па калена. Ён рабіўся зласлівы і, калі што выходзіла не так, не па яго - да трох не гавары, - кідаўся з кулакамі на крыўдзіцеля. На падпітку Васіль быў фанабэрысты, чапляўся да ўсіх, але больш клопату з ім было ў маці. Угаворамі ды ласкаю яна супакойвала сына, прыбірала, калі яго ванітавала, як маленькага, укладвала ў ложак. А сын куражыўся, нават выганяў маці з кватэры. Дзе толькі не начавала старая Лявоніха, куды толькі не ўцякала. Але прыходзіла раніца, і яна, быццам нічога не здарылася, вярталася дахаты, гатавала Васілю снеданне. Сын часцей за ўсё не памятаў таго, што было ўчора, а можа, і не хацеў успамінаць.

Так яны апошні час і жылі. Скардзіцца на бясконцыя здзекі Васіля Лявоніха не хацела. Баялася сораму, ганьбы. Моўчкі несла свой крыж. Яна чакала, спадзявалася, што Васіль возьме сябе ў рукі і жыццё стане лепшым.

Гадзіннік, які вісеў на сцяне побач з фотаздымкам мужа, які загінуў на вайне, сцішана пачаў адбіваць гадзіны. Жанчына знячэўку здрыганулася, паволі ўзняла галаву і доўга ўглядалася ў шэры цыферблат, нібы не верачы вачам, - ажно сем гадзін! Лявоніха перавяла позірк стомленых вачэй на фотаздымак. Муж ласкава глядзеў на яе і, здавалася, усміхаўся. Лявоніха паволі ўстала з канапы і падышла бліжэй. Яе Лявон быў сфатаграфаваны дваццацігадовым юнаком, такім застаўся ў памяці. Цяпер яго сын, Васіль, больш чым у два разы старэйшы. Лявоніха з трывогай у голасе і пачуццём віны перад мужам прагаварыла:

- Вось, Лявоначка, гаруем мы без цябе, - шаптала яна, - сын твой і без вайны гіне. Зусім розум страціў... П'е клятую гарэлку кожны дзень, мяне зусім не шануе, не паважае. Чужы нейкі стаў, бязлітасны. А быў жа, як і ты, ласкавы ды сарамлівы. Сэрцам, Лявонка, чую, што сустрэнемся мы з табой хутка... Толькі ці пазнаеш ты мяне там... Ты ж і застаўся малады ды прыгожы, а я хворая зусім ды старая...

- Зноў ты лазара пяеш, няшчаснай прыкідваешся, - пачула Лявоніха за спінай голас сына, які нячутна зайшоў у пакой. - Не малілася б, а лепш схадзіла ў выканкам, мо далі б якую дапамогу як удаве, а то надта сарамлівая. Вунь сусед з пятнаццатай кватэры, Барыс Міхайлавіч, і ваяваў недзе ў абозе, а сораму меней мае. На днях зноў атрымоўвае кватэру, мо пятую за дзесяць гадоў. А гэтую, у якой жыве, пакідае ўнучцы. Усіх забяспечыў кватэрамі, і сыноў, і дачок, а калі яшчэ пажыве гадоў з дзесяць, і ўнукі ўсе будуць мець. Розныя дэфіцыты ў магазінах бярэ без чаргі, і зноў жа не сабе, а нашчадкам. На тым тыдні бачу, нясуць яму ў кватэру электрычную швейную машыну. Я і пытаюся: «Навошта табе, Міхайлавіч, машынка? Ці ў семдзесят год краўцом вырашыў стаць? А можа, пачнеш займацца індывідуальнай працоўнай дзейнасцю?» І што ты думаеш? Не пра сябе сусед наш клапоціцца, ён пляменніцы машынку па льготнай чарзе купіў. - Васіль імпэтна хадзіў па кватэры і выціраў ручніком мокры твар. Раптам ён спыніўся супраць вялікага люстэрка і, разглядаючы сябе, працягваў: - А чым жа мы горшыя за яго пляменнікаў ды пляменніц?.. Мо тым, што мой бацька не дажыў да Перамогі, загінуў, і няма каму ў нас стаяць на льготнай чарзе?..

- Не ўсе такія, як Міхайлавіч, - перабіла сына Лявоніха, - ты ўспомні бацькавых сяброў, з якімі ён ваяваў. Хіба яны хапугі? А колькі нам дабра зрабілі?..

- Ну, хопіць, хопіць, - незадаволена буркнуў Васіль. - Ведаю сам, што яны добрыя людзі, а ты ўсё ж схадзі ў выканкам, няхай выпішуць што, як кажуць, «на беднасць».

- А мне нічога і не трэба, слава Богу, усё ёсць, - горка прамовіла Лявоніха.

- Ну, калі ёсць, то і мне дай дваццаць рублёў, бо вельмі яны мне сёння трэба...

Лявоніха неяк адразу ссутулілася і, нічога не адказаўшы сыну, хацела пайсці на кухню, але ён ступіў напярэймы.

- Што, не хочаш грошай на гарэлку даваць? - рэзка, са злосцю ў голасе дапытваўся Васіль. - Не хочаш свае грошы аддаваць, дык і не трэба! - ускрыкнуў ён. - Тады схадзі ў выканкам ды папрасі «наркомаўскія» сто грамаў, што бацька недапіў за два гады да канца вайны. Няхай мне аддадуць, бо не да твару сыну франтавіка піць чарніла і адэкалон.

- Сціхні ты... - гнеўна прашаптала Лявоніха, і на яе вачах нагарнуліся слёзы. - Не глуміся над памяццю бацькі, не сын ты яму, калі язык паварочваецца такое плявузгаць! - Кроў адхлынула ад твару старой, бляклыя вусны дрыжэлі, даўкі камяк падкаціў да горла, дыхаць стала цяжка, у грудзях балюча аддаваўся кожны ўдар сэрца. Раптам ёй нясцерпна захацелася ўчапіцца ў мутныя, бессаромныя сынавы вочы і лупіць яго, пакуль не папросіцца, не заплача.

- А-а, значыцца, я яму не сын?! - кіўнуў галавой Васіль у бок фотаздымка. - Можа, ты мяне нагуляла з кім другім у вайну?.. Можа, я і табе далёкая радня?..

Кроў шыбанула ў скроні Лявонісе. Востры халадок жалю да сябе ахінуў яе стомленую душу. Пачуўшы ад роднага сына такія словы, яна неяк раптам сцішылася, уцягнула галаву ў плечы, стала быццам меншая ростам. Невыразны загадкавы страх усё болей агортваў яе, неспакойна ўзрушваў. Яна шмат што цярпела ад Васіля, даравала яму нават бяздушнасць і здзекі, але такога яна ад яго не чакала. У галаве круціліся блытаныя думкі, грудзі поўніліся болем і крыўдай, вочы свяціліся асуджэннем і жахам. Яна хацела сказаць сыну нешта абразлівае і гнеўнае, але вусны толькі прашапталі:

- Не сын ты мне больш! - і Лявоніха адчула, што траціць прытомнасць.

У вачах пацямнела, чорныя і белыя кругі замільгалі перад ёй, сынаў твар пачаў расплывацца ў нейкую бясформенную чырвоную пляму. Яна добра бачыла толькі яго рот, які нешта крычаў, выскаляючы жоўтыя зубы, але што крычаў, не чула і не разумела. Потым усё знікла.

Лявоніха не ведала, колькі часу праляжала непрытомная. Толькі раптам аднекуль здалёк зноў пачула бой гадзінніка, свядомасць паціху вярталася да яе. Цела было чужое, непаслухмянае, і старая з цяжкасцю ўзнялася на ногі. Галава кружылася, але ў памяці неяк разам усплыла гаворка з сынам, і на душы стала моташна, пагана. Непадалёк на падлозе валялася насоўка. Лявоніха абыякава паглядзела на яе, памацала кішэню халата - так і ёсць, Васіль забраў грошы, якія былі ўвязаны ў гэты лапік каляровай матэрыі. Лявоніха падняла насоўку і, выціраючы вочы, пасунулася ў свой пакойчык. Не распранаючыся, лягла ў ложак і доўга думала аб сваім жыцці...

А на дварэ пачыналася завіруха. Вецер шкуматаў вывешаную на балконе бялізну, рваў заледзянелую, адубелую матэрыю, гулка біў ёю па балконных дзвярах. Пад завыванне ветру Лявоніха і не заўважыла, як заснула.

Ёй часта, асабліва апошнім часам, сніўся муж. І цяпер убачыла яго. Вось яны разам на сенажаці. Свеціць сонца, спяваюць птушкі, і раптам наляцеў вецер, загуло наваколле, пачалася навальніца. Схаваць ад дажджу малога Васіля няма дзе. Лявоніха хапае плашч і захінае ім сына, муж памагае ёй, глядзіць, каб вада не заліла дзіця, не парушыла яго сон. А Васіль у сне цмокае вуснамі, раз-пораз ускідае ўгору пульхныя ручкі. Яны з мужам прамоклі да ніткі, але радасна ўсміхаюцца адно аднаму, шчаслівымі вачыма глядзяць на дзіця... Раптам твар у малога пачынае павялічвацца, расце... І вось на Лявоніху ўжо глядзяць п'яныя, мутныя вочы дарослага сына. Яго дрыготкія рукі цягнуцца да яе, хапаюць за валасы і з неймавернай моцай тузаюць з боку ў бок, балюча трасуць, аж іскры замільгалі ў вачах. Яна хоча закрычаць і не можа. Ёй не хапае паветра, яна задыхаецца. Муж няўцямна глядзіць на яе, на сына. Ён кідае плашч на зямлю і паволі ідзе ў поле. Лявоніха хоча пайсці следам і не можа, Васіль не адпускае, моцна трымае за валасы, яна толькі чуе мужаў шэпт: «Уцякай ад яго хутчэй... Мы памыліліся, гэта не наш сын...» А дождж усё мацнее і мацнее, халодныя кроплі цякуць па твары, за каўнер, замінаюць добра бачыць Лявона. Страх жудасным болем упіваецца ў душу, пакутліва ные сэрца. Лявоніха хоча вырвацца, кідае плашч, адпіхае ад сябе сынавы рукі, а ён п'яна рагоча, скаліць зубы і балюча цягне за валасы...

Старая прачнулася. Адразу не можа ніяк зразумець, дзе яна і што з ёй. А побач, хістаючыся з боку ў бок, стаіць Васіль. Ён разбудзіў маці і, нешта мармычучы, п'яна пазірае на яе. Ступіў да яе крок, пахіснуўся.

- Чый жа я сын? Я хачу ведаць, хто мой бацька! - набычыўся ён. - Ты мне ўвечары так і не адказала.

Лявоніха маўчала. Гаварыць з Васілём, бачыць яго п'яны, брыдкі твар не хацелася. Яна села на край ложка і пасоўгала нагамі па падлозе. На звычайным месцы тапак не было. Абмінуўшы сына, яна босая пайшла на кухню, а ён, цяжка ступаючы нагамі па падлозе, пасунуўся следам.

- Што маўчыш? - дапытваўся Васіль. - Адказвай, сын я свайму бацьку ці не?

Лявоніха рэзка павярнулася і з асуджэннем паглядзела яму ў твар. Яна шукала родныя рысы, шукала таго Васілька, які жыў у яе сэрцы, і не знаходзіла. Брыдкі пунсова-азызлы твар з халоднымі, як у рыбіны, вачыма нават і не нагадваў яе Васілька.

- Ты страшны чалавек, - гледзячы ў вочы сыну, прамовіла яна. - А можа, і зусім не чалавек?..

Нервовая ўзбуджанасць ахапіла Лявоніху, цела біла дрыготка.

- Мне сорамна перад людзьмі, што нарадзіла і выгадавала такога нікчэмнага чалавека.

- А-а! - азвярэла закрычаў Васіль. - Вось як ты загаманіла?! Відаць, на старасці гадоў зусім з глузду з'ехала! - Ён нервова забегаў па пакоі. - Але я цябе правучу, мо паразумнееш!

Васіль схапіў маці за руку і пацягнуў у залу. Не паспела яна апамятацца, як ён адчыніў дзверы і выштурхнуў яе на балкон. Потым зашчапіў дзверы на кручок і п'яна замітусіўся па пакоі, махаючы рукамі ды нешта гаворачы сам сабе.

Аб чым ён гаварыў, Лявоніха не чула, яна не прасіла сына, каб пусціў яе ў хату, не стукала ў дзверы. Шквальны вецер наляцеў на жанчыну, шкуматаў лёгкую сукенку, раскудлаціў валасы, калючым, халодным снегам біў па твары. Сцюдзёныя колікі раптам працялі цела, дыхаць не было чым. Лявоніха села на нешта цвёрдае, засыпанае снегам, падцягнула калені да грудзей, заплюшчыла вочы і сцішылася.

Раптам аднекуль здалёк да яе даляцеў да болю ў сэрцы знаёмы голас: «Алеся, Алесечка...» Лявоніха расплюшчыла вочы і падняла галаву. Ёй здалося, што гэта сын кліча яе. Жанчына азірнулася на дзверы. Праз шызае ад марозу шкло ўбачыла, што Васіль, выцягнуўшы доўгія ногі, спіць у крэсле супраць балкона. «Не, не ён, - пранеслася ў думках. - Яму я даўно не патрэбная. Хто ж тады так ласкава клікаў мяне, хто назваў амаль забытае імя?» Яна заплюшчыла вочы і праз некалькі хвілін зноў пачула той самы голас, які ласкава шаптаў: «Алеся, дзе ж ты так доўга была? Ідзі хутчэй, я чакаю цябе...»

«Гэта ж Лявон, мой любы Лявонка, ён кліча мяне, ён чакае мяне, адзіны на ўсім свеце, толькі яму я патрэбная. Чаму я тут, а не з ім? Чаго я чакаю? Хутчэй да яго, хутчэй...» - праз заслону туману, які агортваў усю істоту, мільганула ў думках.

Холаду Лявоніха больш не адчувала, па целе пачала расцякацца прыемная гарачыня. Ёй стала ўтульна і добра, пачуццё міжвольнага страху знікла. Заслона туману пачала развейвацца, і Лявоніха ўбачыла мужа, які стаіць на ўскрайку поля ля дубровы і кліча, кліча сваю Алесю. А яна, маладая і шчаслівая, бяжыць насустрач і весела смяецца. Лявон кідаецца да яе, падхоплівае на рукі і кружыць, кружыць вакол сябе. І вось яны ўжо ідуць разам па мяккай зялёнай траве, ім радасна і лёгка, яны ідуць насустрач зыркаму сонцу, якое запаліла ўвесь небасхіл цёплымі промнямі, песціць і абараняе іх ад усяго благога...

Праз тры дні суседзі хавалі Лявоніху. Яна ляжала ў труне ў чорнай сукенцы, на галаве белая хусцінка, у нагах вялікі букет чырвоных і белых кветак. Смерць амаладзіла яе, на спакойным твары не відаць было зморшчын. Чорныя, зусім не сівыя бровы і доўгія вейкі як бы падкрэслівалі былую прыгажосць. Вусны былі крыху прыадкрытыя, і здавалася, што нябожчыца сіліцца нешта сказаць, быццам не хоча, каб яе таямніцу пахавалі разам, бо тое, што стала вядома ёй у апошнія хвіліны, павінны ведаць і жывыя.

Калі труну вынеслі на вуліцу, да Палікарпаўны падышла незнаёмая жанчына.

- Каго хаваеце? - шэптам запыталася яна.

- Гаротніцу, - сцішана адказала старая.

- Што, цяжка хварэла? - дапытвалася жанчына.

- Не, не хварэла. Сын хварэе, а памерла яна...


1996?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая