epub
 
падключыць
слоўнікі

Віктар Праўдзін

Боль

Споведзь міліцыянера

Сплю дрэнна, за ноч прачынаюся па некалькі разоў ад болю ў галаве. Здаецца, што хтосьці нябачны быццам абручом сціскае патыліцу, скроні, і боль працінае цела, паралізуе волю і жаданне супраціўляцца. Робіцца крышачку лягчэй, калі адчыняю фортку і на поўныя грудзі ўдыхаю вільготную начную прахалоду. Думкі запаволена, без усялякай сувязі перакручваюцца, чапляюцца адна за адну, але нейкі час не магу думаць лагічна, перашкаджае толькі што бачаны сон... Бачыў сябе зноў у зоне... Снілася, што нёс каравул і галоўная задача - не прапусціць людзей у іх родную вёску, якая шэрымі дахамі паўставала за невялічкім пагоркам. Людзі спачатку дабром прасілі, потым пагражалі, затым плакалі ля шлагбаўма, але я цвёрда стаяў на сваім - за дрот ніводнага чалавека, - гэткі загад. Сярод людзей бачыў і маці. Яна не напірала, як астатнія бабы, а моўчкі стаяла воддаль і ўвесь час пільна ўглядалася мне ў вочы, раз-пораз прыціскаючы да вачэй ражкі квяцістай хусцінкі - мой падарунак да дня нараджэння. За ўвесь час не пачуў ад яе ніводнага слова, дый непатрэбныя былі яны. Я бачыў, што маці няёмка за мяне, маю службу, маю прынцыповую пазіцыю і катэгарычнае «нельга». Дый не толькі маці, усе прысутныя глядзелі на мяне так, быццам гэта я ва ўсім вінаваты, быццам з-за мяне не падоены каровы, не пазачыняны юшкі ў хатах, беспрытульна бадзяюцца па вёсках куры і свінні. Мне хацелася крыкнуць: няма маёй віны ў тым, што здарылася, але матчыны вочы не даюць зрабіць гэтага, я не мог і падысці да яе, каб хоць павітацца, пацалаваць... Як укапаны стаяў сярод дарогі, не ссунуць... Людзі напіралі, але марна, мяне немагчыма было нават скрануць з месца, мяне трымаў загад. Бачыў, як некалькі старэнькіх бабуль, дапамагаючы адна адной, па чарзе падымалі калючы дрот, прапаўзалі ў зону. Я ведаю, што бабулькі не марадзёры, не рабаўнікі - яны хочуць памерці на зямлі сваіх продкаў.

Тут я прачнуўся, і боль запаланіў усю маю істоту... Але ж бабулькі былі, і не ў сне!

Паціху, каб не разбудзіць жонку, сунуся на кухню, п'ю халодную ваду з-пад крана і смалю адну за адной цыгаркі, аж покуль жонка не забірае пачак з рук. Пра што яна гаворыць, не чую, але добра ведаю. Доўга ляжу з заплюшчанымі вачыма і чакаю, чакаю, калі зноўку абруч сцісне галаву.

Калі ўпершыню з'явіўся гэты боль? Здаецца, на трэці дзень службы ў зоне. Памятаю халаднаватую, слотную ноч. Каб крышачку сагрэцца і папіць кіпеню з цукеркамі, насек у невялічкім сасонніку дроў, распаліў цяпельца. Тут, ля вогнішча, упершыню растала ў вачах наваколле, усяго на якую хвіліну, але і гэтай хвіліны хапіла, каб кашуля прыліпла да спіны, а цела стала нейкім чужым, з ватнымі, непаслухмянымі нагамі, з галавой-званіцай. На другую ноч таксама паліў вогнішча і зноўку, бы той сноп, зваліўся на зямлю. Толькі цяпер зразумеў, што за дровы я паліў, і больш нават не падыходзіў да сасонніку, але таго, што ўхапіў, відаць, было дастаткова, бо боль не знік, ён, здаецца, назаўсёды абраў мяне за сваю ахвяру. Я навучыўся распазнаваць яго набліжэнне, кожны мускул, кожны волас адчувае яго блізкасць.

Хваляванне - першы знак. Потым праз некалькі хвілін чакай, як «свердзелы» ўвап'юцца ў скроні. Памятаю, як хадзіў да доктаркі.

- Што баліць? - не гледзячы ў мой бок, спытала жанчына ў белым халаце.

- Галава.

- Галава павінна балець, на тое і чалавек. А калі дакладней?

- Галава.

- Зразумела, без аналізаў тут не абысціся, - усё яшчэ не гледзячы на мяне, прагаварыла доктарка і ўсунула ў рукі стос паперак.

Аналізы здаваў ажно тры разы, і толькі потым урач загаварыла больш-менш па-чалавечы.

- Ну вось, - з цікавасцю пазіраючы на мяне, - прагаварыла яна, - нарэшце падагналі... Я хацела сказаць, што вашы аналізы блізкія да нормы. Былі ў зоне?

- Быў.

- Зразумела. Галава ўсё яшчэ баліць?

- Баліць. Доктар, а ў мяне не падучая? - у сваю чаргу спытаў я.

- Не. Сваю хваробу вы прывезлі адтуль... Цяпер вам патрэбны чыстыя прадукты, ікорка, ну і каб ніякіх хваляванняў.

Больш да іх я не звяртаўся, ікоркі, як сказала доктар, таксама не еў... Паспрабаваў сам пазбавіцца ад сваёй хваробы па сістэме ёгаў. Атрымалася, але не адразу, не мог падабраць слова-шчыт. Знайшоў выпадкова. Убачыў трактар, які капаў канаву, і яно само з'явілася. «Бульдозер» - вось ён, мой шчыт. Цяпер, калі адчуваю набліжэнне болю, змаўкаю і кажу сабе: «Я - бульдозер, я - бульдозер...» І, дзіўная рэч, боль бы натыкаецца на нябачную перашкоду і часцяком адыходзіць, толькі хваляй страсяне галаву, і на гэтым канец.

Дзіўна, але людзі мяне пачалі разумець без слоў. Дый хоць бы ўзяць заўчора. Мужчына папрасіў дапамогі, яго абабраў рэкецір. Паказаў мне таго хлопца ў чорнай скуранцы. Я да яго, ён задаў лататы, толькі і бачылі. Я за ім... Праз тры крокі звалілася фуражка, праз дзесяць - левы чаравік. Мацюкнуўся на форму і пабег далей басанож па асфальце. Памятаю твары людзей: адны смяяліся, гледзячы на мяне і злачынцу, другія засяроджана маўчалі, хтосьці паспешліва адварочваўся, каб ні мяне, ні яго не бачыць. Толькі ў адным усе былі аднолькавыя - заўчасна разыходзіліся, саступаючы нам месца. Праўда, адна бабулька пашкадавала, калі бег паблізу, не надта голасна прагаварыла: «Не бяжы ты за ім, сынок, бачыш - смяюцца... Нікому гэта не патрэбна, навошта ж табе?..» Я нават абурыўся на пачутае! Як нікому не патрэбна? А мне? А таму, каго абабралі? Гэтае абурэнне надало сілы, і праз сотню метраў злачынцу я дагнаў, збіў з ног і доўга ляжаў, закруціўшы ягоную руку за спіну, чакаючы падмогі. Машыны не было, відаць, не чулі маёй рацыі. Звязаў аборкай, якую заўсёды маю на гэткі выпадак, наручнікі ёсць не ў кожнага міліцыянера - не хапае.

Бабулька як у ваду глядзела, бо першае, што ў аддзеле спытаў дзяжурны, гэта пра пацярпелага. Толькі цяпер я заўважыў, што чарнявага з потным тварам побач няма. Затрыманы, відаць, хлопец біты, адразу ўцяміў, што да чаго, і запатрабаваў пракурора, крычаў, што спалохаўся міліцыянера, таму і пабег, а больш нічога не ведае і ведаць не жадае. Але толькі ён зірнуў мне ў вочы, адразу сцішыўся, здалося, зрабіўся меншы ростам. «Я - бульдозер... Я - бульдозер...» Паспешліва паўтараў я ў думках, але боль усё ж такі мімаходзь прайшоўся па мне, я добра памятаю яго шапаценне ў валасах. А рэкецір мяне зразумеў, нават не патрабаваў, каб вінаваціўся перад ім, праўда, да самага выхаду з памяшкання падазрона азіраўся ў мой бок. Цікава, пра што ён у той момант думаў? Але навошта мне ягоныя думкі? Навошта, калі і мае нікому не патрэбныя. А я сам са сваёй хворай галавой ці патрэбны каму?

А што было ўчора? Ага, дэсантнікі... Яны святкавалі сваё свята і на добрым падпітку ламануліся ў рэстаран, а месцаў, як заўсёды, не было. Я стаяў паміж імі і адміністрацыяй, стаяў мёртва, не пасунуць. Адзін маладзенькі, зусім хлапчук, лаяўся на мяне, нёс розны бруд, што не пераказаць. Я змаўчаў. Тады ён ірвануў на грудзях цяльняшку. Велізарны барвовы пісяг ад жывата да левага пляча змяёй варушыўся на целе былога дэсантніка. Але і пісяг мяне не скрануў з месца - ад дзвярэй ні на крок. І зноў пасыпалася на мяне: «...мент, дзе ты быў, калі я за цябе ваяваў у Афгане? Я хачу памянуць сяброў, што засталіся ТАМ!» Нарэшце не вытрымліваю і таксама крычу (у думках, інакш не маю права), што ў мяне пад формай гэткі ж цельнік, прапахлы салдацкім потам, што ён таксама высушаны на пякучым афганскім сонцы, толькі крышачку раней, чым твой, хлопча... А вось чаму мы, салдацік, былі там? А потым яшчэ зона? Мо адна з тых бабулек, што пралазілі пад дротам, - твая родная? Чаму не было каму пахаваць яе, і нябожчыца цэлы тыдзень праляжала ў сваёй хаце, аб'едзеная здзічэлымі катамі і пацукамі? Хто і табе ўбіў у галаву, што я вінаваты ва ўсіх бедах? І хлопец раптам спыніўся, ён нешта адчуў, мо боль, які ў гэты момант на дыбачках падкрадваўся да мяне? «Я - бульдозер... Я - бульдозер...» Позна. Па-здрадніцку задрыжэлі ногі, захісталіся перад вачыма твары, ператвараючыся ў адну плоскую масу. Я адчуў, а мо толькі здалося, як хлопец паклаў руку на плячо і сарамліва, прыкрываючы знявечанае пісягом цела, прагаварыў: «Прабач, зямляк, трымайся...» Я ўстаяў, не заваліўся, падтрымалі дэсантнікі, і праз якую хвіліну ўсё было ціха, дапамога не спатрэбілася.

Сёння здарылася надзвычайнае. Прыйшоў з работы і не паспеў пераапрануцца, як меншы сын падхапіў фуражку.

- Тата, я хачу быць, як ты! - ускрыкнуў ён і аж засвяціўся ад радасці.

Нечаканая сынава радасць выбіла з каляіны, ніколі не думаў, што ён таксама можа надзець форму. Аказалася, што не хачу, каб мой сын быў, як я. Не хачу свой боль перадаваць у спадчыну. Хай ён будзе толькі мой і больш нічый, хай на мне і скончыцца.

«Я - бульдозер... Я - бульдозер». Не спрацоўвае! Усё!

Ляжу з заплюшчанымі вачыма і чакаю, чую, што боль недзе зусім блізенька, ён цікуе за мной, выбірае месца, каб спрытней ухапіць. Але боль нешта падазрае, відаць, адчуў пастку, не хоча быць злоўлены назаўсёды. А я задаволены, упершыню за апошнія гады не адчуваю боязі, а, наадварот, наўмысна чакаю сустрэчы, хачу схапіць яго і больш ніколі не выпусціць... Ніколі!


1996?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая