epub
 
Падключыць
слоўнікі

Віктар Праўдзін

Бусліная гісторыя

На Віцебшчыне, на рацэ Бярозаўцы, птушыным крылом выгнулася ўздоўж берага вёска Панфілаўшчына. Упершыню я праводзіў свой адпачынак у гэтай закінутай людзьмі вёсачцы некалькі год таму. Не абмінула Панфілаўшчыну агульная бяда: з'ехала ў гарады моладзь, састарэлі бацькі, і вось стала яна неперспектыўнай, так сказалі ў сельсавеце. А людзі жывуць свой век на бацькаўшчыне, не кінуліся на абяцаную «манну нябесную» ў вялікія сёлы, куды пад прымусам звозілі хутарскія сядзібы.

Але хочацца расказаць не пра гэта, а пра выпадак з бусламі, што, як памятаюць вяскоўцы, спакон веку жылі ў панадворку Чэслава Чорнага. З году ў год, як па раскладзе, прылятала пара буслоў. Яны правілі пашкуматанае зімовымі вятрамі і непагаддзю гняздо, выводзілі буслянят, кармілі, вучылі лётаць, а ўвосень раптоўна знікалі. Чорны неяк скардзіўся, што, як ні стараецца, не можа ўсачыць час адлёту птушак на поўдзень, злятаюць так, што не ўбачыш. Так яно ці не, пацвердзіць не магу, бо ў маім двары ніколі буслы не жылі...

Дык вось, у тое спякотнае лета, калі нават у жніўні вада ў рацэ была цёплая і вабіла, прыцягвала, нашэптвала, што трэба пакупацца, пабоўтацца, скінуць дзённы цяжар, паляванне на качак дазволілі на два тыдні пазней як звычайна. У гэты час панфілаўцы жывуць з рання да ночы ў чаканні, калі здаволяцца паляўнічыя з Глыбокага ды з Шаркоўшчыны. Праз тое, што зацерлася вёска на рацэ паміж двух азёр, і слухаюць людзі тры дні на тыдні сапраўдную кананаду. Першыя дні і буслы, напуджаныя рэхам стрэлаў, не адлятаюць ад гняздоўя, але карміцца трэба, а які буслу наедак у вёсцы? Паціху яны ляцяць далей і далей, а потым прывыкаюць да стрэлаў і, быццам так і трэба, не звяртаюць на іх увагі.

Памятаю, была пятніца, калі па вёсцы адразу разляцелася навіна: прапала бусліха. Людзі высока задзіралі галовы, углядаючыся ў самае паднябессе, дзе кружыў над вёскаю і жалобна клекатаў асірацелы бусел. Старыя бабы жагналіся і вохкалі, што быць бядзе. Яны на пальцах пералічвалі ўсіх вяскоўцаў, хто некалі зрабіў нешта благое, але такіх, хто мог забіць бусліху, вылічыць не маглі. Сваіх паляўнічых у Панфілаўшчыне не было, толькі Юстын Гірстун меў калісьці стрэльбу, але гадоў дваццаць таму здаў участковаму.

«Значыцца, хтосьці нетутэйшы ўчыніў зладзейства», - зрабіла выснову баба Вэрця і таксама перажагналася.

А бусел кружыў над вёскай без перадыху суткі, другія, і неслася з паднябесся жалобнае клекатанне. Незразумелая туга сціскала сэрца, не спалася ноччу, жалобны крык ірваў на часткі душу. А ў нядзелю, апоўдні, калі вяскоўцы вярталіся з касцёла, раптам клёкат сціх. Зноў некалькі пар вачэй утаропіліся ў неба, шукаючы да болю знаёмую птушку, і не знаходзілі. І раптам нехта крыкнуў:

- Ідзе, па дарозе ідзе...

І сапраўды, пасярод пыльнай вуліцы, высока задзіраючы ногі, гледзячы проста перад сабой, ішоў бусел... Людзі, хто дзе быў, там і пасталі ў нямым здзіўленні, а бусел, не звяртаючы ні на кога ўвагі, быццам гэтым выказваючы людзям свой пратэст, сваё абурэнне, нарэшце, пагарду, ішоў па вёсцы... Я таксама глядзеў на гэтае незвычайнае шэсце, і ногі самі панеслі на дарогу... Ішоў бусел, следам ішлі людзі, жагналіся бабы. Гэтае незвычайнае шэсце спынілася каля хаты Чорнага, дзе было гняздо. Бусел зусім па-чалавечы паглядзеў на ўсіх разумнымі вачыма, і мне здалося, што я бачыў на ягоных вачах слёзы. З ягоных грудзей вырваўся незразумелы цяжкі гук, зусім не падобны на звычайны клёкат, ён скокнуў раз, другі, трэці, узмахнуў крыламі і паляцеў... Усе чакалі, што бусел сядзе на гняздо, але ён зрабіў тры кругі над хатай і ціха, нават не было чуваць шаргацення крылаў, знік за невялікім кустоўем.

Вяскоўцы доўга ўзіраліся ў той бок, усе чакалі, што бусел вернецца, але ён знік назаўсёды. Бусел у вёсцы больш не з'явіўся, і пра гэты выпадак стараліся не ўспамінаць.

На наступны год усе з хваляваннем назіралі, як Чэслаў Чорны ладзіў новае драўлянае кола на месцы старога, і кожны дзень, як толькі сышоў снег, хто ні праходзіў міма, кідаў позірк на сіратлівы слуп сярод агарода. І ўсё ж не на той год, а толькі летась дачакаліся - новая, маладая пара буслоў абжылася ў вёсцы.

На гэтым можна было б скончыць расповед, але тыдзень таму я ехаў з Менска ў Панфілаўшчыну і пачуў працяг буслінай гісторыі. У Бягомлі да мяне падсела жанчына, на выгляд гадоў сямідзесяці. Кіламетраў пяць ехалі моўчкі, яна толькі прыкладвала да вачэй хусцінку і нешта сабе шаптала, бы малілася. Я не вытрымаў, спытаў:

- Мо чым памагчы? У мяне валідол ёсць, ад сэрца памагае...

Жанчына непрыязна зірнула на мяне, хусцінкі не схавала, але плакаць перастала.

- Выбачай, мілы чалавек... Дзякуй на добрым слове, ды лекі майму гору не памогуць...

Звычайна я не лезу да людзей, асабліва да незнаёмых, са сваімі парадамі ці павучаннямі, але тут быццам хто за язык пацягнуў:

- А вы раскажыце, лягчэй стане...

Жанчына зноў паглядзела на мяне, цяпер ужо з большай прыхільнасцю, схавала ў вялікую гаспадарчую сумку хусцінку, пры гэтым дзынкнуўшы там нечым шкляным, і сцішылася, заплюшчыла вочы...

- Па сабе ведаю, калі расказаць крыўду, несправядлівасць, адразу палягчэе, быццам і гора ўжо не такое вялікае... - праявіў я незразумелую самому сабе настойлівасць.

Мне раптам здалося, што я ведаю пра гора незнаёмай цёткі ці, можа, нават маю да яго нейкае дачыненне. Цяжка сказаць, адкуль у мяне з'явілася такое пачуццё, але яно мацнела, перарастала ва ўпэўненасць.

Жанчына павярнулася ўсім тулавам да мяне, зачапіла нагою сумку, забразгатала шкло.

- Ой, каб хоць не пабіць, - спахапілася яна і пачала падсоўваць багаж пад крэсла.

- Я таксама ў Менску была, - нарэшце горка прамовіла суседка, - па ваду ездзіла, толькі б давезці, бач, слоікі дзынкаюць, здаецца, і паперай пераклала.

- Як па ваду? - здзівіўся я.

- Па загавораную, у варажбіткі была... На прамы аўтобус білетаў не хапіла, дык я з перасадкамі да Бягомля, - прыхільна загаманіла жанчына. - А гора ў мяне такое, што сын некалькі гадоў таму цяжка захварэў на падучую...

Жанчына зноў раптоўна сцішылася, было відаць, што яна вельмі хвалюецца, не ведае, куды дзець рукі. Я маўчаў, разумеў, што цяпер яна пра ўсё раскажа сама. Жанчына паклала рукі на калені, сашчапіла пальцы, цяжка ўздыхнула.

- Некалькі год таму прынёс сын з палявання бусла. Я адразу сэрцам адчула бяду, і сварылася на яго, і ўжо ж угаворвала закапаць, але ён стаяў на сваім: зраблю, кажа, чучала, вунь Ромка Іванішын навучыць. Ага, як жа ж, чакай, той жывадзёр чаму добраму навучыць! А сын бы аглух, робіць па-свойму. За чучала, кажа, на кірмашы вялікія грошы дадуць... Вінаватая я перад сынам, не ўгаварыла... А праз некалькі дзён вяртаюся з касцёла, а сярод панадворка ляжыць сын, рукі, бы крылы, раскінуў, зусім як нежывы, а побач, ля самай галавы, бусел...

Жанчына не вытрымала, зноў выцягнула хусцінку, усхліпнула.

- Апрытомнеў Язэпка ў бальніцы праз некалькі дзён, расказаў, што здарылася, але я пра ўсё раней здагадалася... Кружыў над хатай бусел і чакаў сына, каб адпомсціць за смерць сваёй сяброўкі. І толькі Язэп выйшаў на панадворак, ён крылы склаў і каменем упаў на галаву - разлічыўся, значыцца... Сын жывы застаўся, толькі з той пары стала ў яго падучая. Вось і матляюся я па варажбітках, дактары рады даць не могуць...

Я маўчаў, дый што было сказаць жанчыне? Паспачуваць? Толькі тыя словы ніяк не знаходзіліся...

- А дзе вы жывяце? - каб хоць нешта сказаць, спытаўся я.

- У Глыбокім... - усхліпнула жанчына і дадала: - А бусел усё ж птушка святая. Ведаю, што сын жывы застаўся толькі таму, што я пахавала абедзвюх птушак на людскіх могілках, малілася за іх... І адразу сын апрытомнеў...

- Так, святая, - згодна кіўнуў я і падумаў: вось як скончылася апошняя бусліная песня...




Беларуская Палічка: http://knihi.com