epub
 
падключыць
слоўнікі

Віктар Праўдзін

Хто наступны?

Вячэрні змрок хутка наступаў на Заблудную лукавіну. Некалькі хвілін таму вершаліны векавых дубоў яшчэ іскрыліся жаўтаватым жнівеньскім лісцем у сонечных промнях, і вось цені-шчупальцы ад галінак цягнуцца да зямлі. Кусты, што запаланілі гэты ўскраек зямлі, пачалі проста на вачах распаўзацца, расплывацца, ператварацца ў зменлівыя хісткія прывіды. З бакоў Заблудную лукавіну ўзяла ў клешчы рака Мнюта. Яе чыстая празрыстая вада адгарадзіла невялікі лапік зямлі як ні ад усяго свету, пакінуўшы толькі вузкі праход у адным месцы.

Пасярод векавых дубоў ураслі ў зямлю два вялікія камяні-валуны. Адзін, што крыху меншы, быў над самым берагам ракі і, падточаны знізу паводкамі, кожную вясну мог зваліцца ў раку. Другі, большы, падобны на калматага агромністага мядзведзя, які толькі ўзняў морду, каб агледзець наваколле пасля зімовай спячкі, ды, бы зачараваны, так і застыў на стагоддзі. Камень-мядзведзь - зялёны, з нейкім бурштынавым адлівам. Праўда, адзін бок чорны, але не ад прыроды, а ад дыму вогнішчаў, што кожны вечар палілі тут сябры - Віцька, Цімка і Пятрусь. Заблудная лукавіна, гэтыя валуны, векавыя дубы, рака - усё было іх месцам, іх маленькім патаемным куточкам, дзе можна было рабіць усё, што хочацца... Сюды ніколі не хадзілі дарослыя, лічылі Заблудную лукавіну месцам нядобрым, нават небяспечным.

З надыходам вечара, як толькі знікала за Замкавай гарой сонца, Заблудная лукавіна ажывала. З боку невялікага балота, куды сябры ніколі блізка не падыходзілі, калі-нікалі даносіліся глухія гукі, бы хтосьці цяжка ўздыхаў і клікаў на дапамогу. У гэтыя моманты сябры бліжэй падсоўваліся да цяпельца, гаварылі толькі шэптам. Часам здавалася, што разам са стогнам сіліўся ўзняцца на лапы і камень-мядзведзь, але нешта вельмі моцна трымала яго, не адпускала. Сябры ведалі, што гэта стогне багна. Як кажуць старыя з Прагулянкі, тут некалі заблудзіў і ўтапіўся малады хлопец. Раней сябры ніколі не заставаліся да ночы на лукавіне, баяліся. Але ж паляцелі ў космас Гагарын, Цітоў, а яны баяцца ноччу быць на Заблудцы... Пад вялікім сакрэтам вырашылі таксама рыхтаваць сябе да палётаў у космас і перш-наперш выхаваць у сабе смеласць, пазбавіцца ад розных страхаў. Вырашана - зроблена. Апошні тыдзень хлопцы пад рознымі прычынамі сыходзілі вечарамі з дому, сустракаліся на ўскрайку вёскі і моўчкі сунуліся да каменя-мядзведзя.

Сёння прыйшлі толькі Віцька і Цімка. Яны загадзя падрыхтавалі цяпельца і з паўгадзіны назіралі за апошнімі сонечнымі промнямі ў вершалінах дубоў. Сонца знікала, і ноч апускалася на зямлю, галінкі-шчупальцы пачалі цягнуцца да зямлі, кусты-прывіды заварушыліся і падыходзілі ўсё бліжэй і бліжэй. Віцька чыркнуў запалкай, і ў наступны момант ажыў камень-мядзведзь. Ягоны агромністы цень заварушыўся сярод дубоў і знік дзесьці на другім беразе ракі, заварушылася задраная ўгору морда, цені дрэў, бы нечыя рукі, дакраналіся да яго, імкнучыся выцягнуць з зямлі. Усё наўкол хістаецца і танцуе. Раптам з гушчару чуецца працяглы стогн:

- У-у-ух...

Сябры ашалелымі вачыма азіраюцца, туляцца бліжэй адзін да аднаго.

- А тут ноччу не т-т-так і страшна... - першы кажа Цімка і чамусьці заікаецца.

- Пятрусь сёння не прыйдзе, - неўпапад гаворыць Віцька і падкідае ў агонь сухога ламачча.

- Трэніровак кідаць нельга, - шэпча Цімка і напружана сціскае вусны.

З выгляду сябры зусім розныя. Цімка чарнявы, з жорсткім непаслухмяным чубам, чорнымі вачыма, якія па-даросламу глядзяць з-пад высокага лба. Віцька, наадварот, бялявы, нават рыжы. Цяпер на яго вяснушкаватым кірпаносым твары адбіваецца смутак, блакітныя вочы поўняцца слязьмі, і немагчыма зразумець чаму, ці то ад дыму цяпельца, ці то ад успаміну пра Петруся...

- Сёння нашыя бацькі занятыя, - азіраецца на кусты Цімка, - можна ўсю ноч трэніравацца...

- У-у-ух...

Цяпер стогн чуецца быццам пад самымі нагамі, і адразу агонь паменшаў, ад ракі падзьмуў халодны вятрыска, замільгацелі, перамяшаліся ў адно кусты-прывіды.

Сябры, не згаворваючыся, кідаюць ламачча ў агонь.

- А ты верыш пра тапельца? - калі ўсё сцішылася, шэптам пытаецца Цімка.

- Веру, мне старая Пачопчыха расказвала, што даўным-даўно, калі на Замкавай гары стаяў панскі маёнтак, туды пан забраў прыгожую маладую сялянку. А ў яе быў жаніх, яны кахалі адно аднаго, але пан вырашыў па-свойму, ён таксама хацеў ажаніцца з прыгажуняй. Ён загадаў спаймаць хлопца, выкалаць яму вочы і пусціць на ўсе чатыры бакі. Панскія халуі так і зрабілі. Але хлопец не мог далёка адысці, таму, казала Пачопчыха, і кружыў вось тут, дзе мы сядзім, пакуль не ўваліўся ў багну.

- Я таксама гэта чуў, - цяжка ўздыхае Цімка, і зноў сябры кідаюць назбіраныя ўдзень галінкі ў агонь.

- А яшчэ я чуў, што той хлопец і па сённяшні дзень начамі выходзіць з багны і блукае па Заблудцы, шукае сваю каханую.

Раптам з кустоў чуецца трэск галінак, шамаценне лісця, хтосьці ідзе. Віцька і Цімка са страхам глядзяць на кусты і не могуць вымавіць ні слова. Яны падхопліваюцца на ногі, гатовыя ў любы момант задаць лататы, але іх стрымлівае толькі адно: ніхто не хоча кінуцца наўцёкі першы. Шамаценне набліжаецца, Віцька не вытрымлівае, хапае з вогнішча вялікую, як узяць у руку, галавешку, Цімка - таксама. У наступны момант святло вогнішча выхоплівае з цемры Петруся. Некалькі хвілін усе стаяць моўчкі, Віцька і Цімка не могуць паверыць сваім вачам, але Пятрусь разагнаў апошнія сумненні:

- Я прыйшоў сказаць, што не буду больш трэніравацца ў касманаўты...

- Ты прайшоў праз усю лукавіну наўпрасткі? - здзіўлена ўскрыкнуў Цімка.

- Я больш Заблудкі ноччу не баюся, - сядаючы ля цяпельца, абыякава адказвае Пятрусь, і ягоныя вочы напаўняюцца слязьмі. - Я больш нічога і нікога не баюся! - крычыць на ўсю моц Пятрусь і, уткнуўшыся галавой у калені, горка, наўзрыд плача.

Петрусю ішоў дванаццаты год, сябры былі аднагодкамі, але сёння ля вогнішча Віцька і Цімка ўбачылі невядомага дагэтуль хлопца. Вонкава ён быў такі ж: бялявы, гэткі ж падстрыжаны модна, пад «бокс». Але хлопцы раптам адчулі, што іх сябра Пятрусь за апошнія дні стаў іншым, маленькімі сэрцамі зразумелі, што ўжо не будзе ў іх ранейшых адносін. Яны глядзелі на яго як на дарослага, а сябра плакаў і некаму невядомаму пагражаў:

- Я адпомшчу!.. Я адпомшчу!..

Хлопцы стаялі каля Петруся, і ім таксама не было страшна, з ягоным прыходам кудысьці прапалі жахлівыя стогны і прывіды. Віцька і Цімка маўчалі, яны не ведалі, што трэба рабіць у такіх выпадках, як дапамагчы сябру.

Няшчасце здарылася два дні таму. Яны ўтрох вярталіся з Заблуднай лукавіны, дзе ўдзень назбіралі сухога хмызняку для сваіх вячэрніх трэніровак, і, ужо стоячы ля старой закінутай кузні, раптам убачылі Іваніху, далёкую Петрусёву сваячку. Старая бегла па вуліцы і галасіла. Што яна крычала, хлопцы не разабралі, але па тым, як яна шпарка забегла ў Петрусёву хату, па тым, як адразу выбегла на вуліцу ў расхрыстаным халаце ягоная маці і кінулася да ракі, зразумелі, што здарылася нешта благое. Пятрусь з усіх ног пабег наўздагон маці, Віцька з Цімкам пераглянуліся і таксама рванулі за Петрусём. Яны не дабеглі да ракі метраў дваццаць, як заўважылі купку вяскоўцаў. Мужчыны панура смалілі цыгаркі, бабы, убачыўшы Петрусёву маці, моўчкі, прыціскаючы да вачэй ражкі хусцінак, саступілі ёй дарогу. У наступны момант знізу ад ракі пачуўся жахлівы жаночы крык...

Там, куды праз некалькі хвілін праціснуліся Цімка з Віцькам, раскінуўшы рукі, у неймавернай паставе ляжаў Петрусёў бацька. Вакол уся зямля была перакапаная, быццам дзірванне рвалі рукамі. Калі хлопцы глянулі на рукі дзядзькі Пятра, то зразумелі, што так яно і было. Хутчэй за ўсё ён, перасільваючы невыносны боль, чапляўся за зямлю, на пальцах, сініх да неверагоднасці, пазногці былі садраныя. Яны былі больш падобныя да кіпцюроў каршуна, які ўпаляваў здабычу... Ён ляжаў неяк бокам, увесь сіні, і вялізнымі чырвонымі вачыма мёртва глядзеў у адну кропку, туды, дзе валялася пустая бутэлька...

Цётка Марыя дрыготкімі рукамі абхапіла мужаву галаву, паклала сабе на калені і, ківаючыся з боку ў бок, загаласіла. Каля яе моўчкі стаяў збялелы, як снег, Пятрусь. Хтосьці з мужчын нарэшце прагаварыў:

- Фельчара трэба было б паклікаць...

- Ужо паклікалі, - адказаў другі голас.

- Страшна памёр Пятро, - са скрухаю прагаварыў першы голас.

- Згарэў ад гарэлкі, - усхліпнула Пачопчыха і, крыху счакаўшы, дадала: - Не было блізка чалавека, можна было б выратаваць...

- А ўсё праз гэты спірт кляты, - загаласіла старая Іваніха, - ён на нашу галаву...

Старая не дагаварыла. На яе голас азірнуўся Пятрусь.

- Як гэта згарэў? - дрыготкімі вуснамі прашаптаў хлопец. - Хіба ж можна згарэць без агню?

- Агонь быў усярэдзіне твайго бацькі, мая ты сіраціначка, - старая пацягнулася зморшчанымі, счарнелымі рукамі да Петруся.

У гэты момант на другім беразе ракі радасна, бы святкуючы перамогу, загудзеў заводскі гудок і з вялікага, складзенага з чырвонай цэглы коміна вырваліся чорныя клубы дыму. Вецер гнаў іх сюды, на гэты бераг, дзе ляжаў дзядзька Пятро.

Пятрусь адпіхнуў Іваніху, падбег да бацькі і, ухапіўшы за руку, пацягнуў.

- Татачка, родненькі, уставай! - душачыся слязьмі, крычаў ён. - Гэта няпраўда, ты не мог згарэць, гэта ж не пажар...

- Ды забярыце вы дзіця, мужчыны, - не вытрымала цётка Фрося, - адвядзіце дадому.

Дзядзька Коля, Цімкаў сусед, кінуў у раку недакурак і паклаў цяжкую, парослую чорнымі валасамі руку на плячо хлопцу:

- Пойдзем са мной, Пеця, што ўжо зробіш, калі так выйшла...

Пятрусь так і не змог адарваць бацькаву руку ад дзірвану, гэтак моцна ўчапіліся пальцы ў зямлю. Ён узняў невідушчыя, поўныя слёз вочы на дзядзьку Колю:

- Дзядзечка, скажыце хоць вы, што гэта няпраўда, быццам бацька згарэў агнём з сярэдзіны, скажыце!..

- Вядома, няпраўда, сынок, бабам абы плявузгаць. Пойдзем ужо.

З таго дня сябры не сустракаліся. Вядома, Цімка з Віцькам былі сёння на могілках і здалёк бачылі Петруся, але гаварыць не давялося, дый, папраўдзе, не ведалі, як суцешыць сябра. Вось і цяпер ім вельмі шкада Петруся. Віцька таксама плача, Цімка трымаецца яшчэ хвіліну-другую і не вытрымлівае, плюхаецца ля цяпельца, закрывае вочы далонямі, і толькі ўздрыгваюць ва ўсіх трох худзенькія плечы. Першы супакойваецца Пятрусь.

- Я ўсё роўна адпомшчу! - рашуча рассякае ён рукой паветра.

Віцька, яшчэ ўсхліпваючы, падкідвае дроў у цяпельца.

- Каму ты будзеш помсціць і за што? - узняў Цімка заплаканыя вочы.

- Спіртзаводу! - у Петрусёвых вачах з'явіўся гнеў. - Гэта праз спірт бацька памёр, ад сырцу... Я чуў, дарослыя так казалі. І яшчэ дзядзька Коля казаў, што татка не першы, з Прагулянкі кожны год хтосьці гіне праз той сырэц.

- А чаму спірт называюць сырцом? - падаў голас Віцька.

Пятрусь з Цімкам паціснулі плячыма.

- Мо ад таго, што ядавіты, людзі паміраюць? - нарэшце азваўся Цімка і са скрухай у голасе дадаў: - Вось каб гранату туды кінуць!

- Гранату, канешне, добра, але ж дзе ўзяць? - горка ўздыхнуў Пятрусь. - Я ўжо вырашыў: спалю завод, хай згарыць гэты чортаў сырэц!

Віцька з Цімкам пераглянуліся.

- Чаму ты? - паглядзеў Віцька ў вочы Петрусю. - Мы ж сябры і павінны ўсё рабіць утрох.

Наступныя тры дні сябры быццам забыліся пра лукавіну, пра начныя стогны, што чуліся з багны, пра свае трэніроўкі. Усе дні яны сядзяць з вудамі супраць спіртзавода і вывучаюць становішча. Гэта Цімка настаяў не лезці няведама куды, на злом галавы, а агледзецца, усё вывучыць, а потым дзейнічаць, як партызаны, беспамылкова. Але за гэтыя дні нічога надзвычайнага хлопцам у вочы не кінулася. На тым беразе ракі, за старым, метры тры вышынёй, плотам ішло сваё, невядомае ім жыццё. Чуліся крыкі, ездзілі машыны, рабочыя смяяліся. Сябры як ні кожную гадзіну купаліся, вывучалі рачное дно. Канешне, месца тут не для адпачынку, тым больш не для таго, каб нырца даваць - адны карчы, - але ж калі сярэдзіну пераплыць, то ў адным месцы можна зусім блізка падабрацца да плота, за якім нейкая вялікая будыніна. Паўз плот такіх будынін некалькі, але ж толькі адна драўляная. І менавіта супроць яе рачны бераг быў настолькі размыты вадой, што пад плотам мог пралезці не толькі хлапчук, але і дарослы. На ўсялякі выпадак Цімка прынёс рыдлёўку, яшчэ больш пашырыў лаз і заваліў яго ламаччам, каб не кідаўся ў вочы. Цяпер засталося толькі пачакаць спрыяльнага моманту.

Спярша сябры вырашылі, што лепш падпаліць спіртзавод на досвітку, калі ўсе спяць, менш падазрэнняў, і бацькам маглі б сказаць, што пайшлі на рыбу. Але само жыццё памяняла іх планы, ды так, што лепшага і жадаць не выпадала. Ванька-марак, так звалі сына дзядзькі Антося, вясковага каваля, жаніўся, і на суботу было прызначана вяселле. Вядома, там будзе ўся вёска, акрамя Петрусёвай радні. Пятрусь так і сказаў, што ягоныя ўсе будуць дома і ўвечары з хаты не выпусцяць.

- Дык мы і без цябе справімся, - адразу знайшоў выйсце Віцька.

- Правільна, - падтрымаў сябрука Цімка, - нават добра, што ты застанешся дома, меней будзе розных падазрэнняў.

- Не, я сам абавязаны за татку адпомсціць! - абурыўся Пятрусь. - Урэшце, гэта я прыдумаў...

- Тады трэба, каб цётка Марыя адпусціла цябе начаваць да мяне ці да Цімкі, - памяркоўна прагаварыў Віцька. - Папрасіся, не першы ж раз.

Цётка Марыя не працівілася, каб Пятрусь начаваў у Цімкі. У суботу а адзінаццатай гадзіне, калі на другім канцы вёскі вяселле было ў самым разгары, чулася музыка, песні, хтосьці нават запусціў некалькі сігнальных ракет, ля старой кузні, пад вялізнай чаромхай сустрэліся Цімка, Пятрусь і Віцька.

- Во даюць! - узрушана прагаварыў Віцька.

- Ім весела, ракеты нават запускаюць... - сцішана дадаў Цімка. - Цікава, у каго яны ёсць?

- Вядома, у жаніха, у Ванькі-марака, - азваўся Пятрусь. - Ён, калі з войска вярнуўся, вечарамі ўсё запускаў іх у неба.

- Вось каб нам хоць адну! - з зайздрасцю ў голасе прашаптаў Віцька. - Мы б бензінам завод аблілі, а потым нацэліліся з ракетніцы, і ба-ба-бах!..

- Запраста можна і прамазаць, - вытрасаючы пясок з сандалета, прашаптаў Цімка: - Запалкамі надзейней.

Сябры замаўчалі і яшчэ некалькі хвілін глядзелі ў бок кавалёвай хаты.

- Мабыць, і заводскае начальства на вяселлі, - уздыхнуў Віцька.

- То й добра, хай п'юць, хай гуляюць, а мы тым часам іхняе пітво, сырэц гэты кляты, дымам пусцім!.. - зласліва прагаварыў Пятрусь і патрос запалкамі.

- Добра, хопіць балбатаць, - узяў на сябе кіраўніцтва Цімка і начальніцкім голасам дадаў: - Паўторым яшчэ раз, хто што будзе рабіць. Давай ты, Пятрусь.

- Сто разоў казаў, што я адказваю за запалкі, іх павінен даставіць на той бераг сухімі, - абурыўся Пятрусь.

Цімка, не зважаючы на гэтае абурэнне, дапытваўся:

- Як ты будзеш запалкі перапраўляць цераз раку?

- Вось, - Пятрусь задраў кашулю, - там у мяне другі карабок, укручаны ў цэлафан, мяшэчак правяраў, вады не прапускае. А з гэтым паплыву, буду трымаць у руцэ над галавой, калі раптам вымакне, дастану з цэлафану запасны.

- Добра, - задаволена буркнуў Цімка, - а на мяне не злуй, жэрабя цягнулі ўсе, я не вінаваты, што мне выпала быць за камандзіра.

- Я павінен прывязаць каністру з бензінам да дошак і плыць побач, прытрымліваць рукой, каб каністра не перакулілася, - шэптам адрапартаваў Віцька. - Бензін і дошкі на месцы, сёння правяраў.

- Ты што, адзін хадзіў? - утаропіўся ў сябра Цімка.

Віцька засунуў рукі ў кішэні караткаватых штаноў і нехаця адказаў:

- Ну, адзін. Я загадзя прывязаў каністру, паспрабуй гэта зрабіць ноччу.

- Ладна, - махнуў рукой Цімка, - разбярэмся заўтра, а цяпер нагадаю ўвесь план аперацыі...

Сябры, як было задумана, распрануліся на беразе ракі, апратку схавалі пад тоўстым паваленым і напалову спарахнелым дрэвам. Подбегам, толькі мільгалі ўначы іх белыя, не кранутыя сонцам ногі, дабраліся да месца, дзе быў прыхаваны невялікі плыт, раскідалі ламачча, якім ён быў прыкрыты ад старонняга вока, і спусцілі на ваду.

Пачаў накрапваць невялікі дожджык. Другі бераг здаваўся чорнай непрыступнай сцяной-крэпасцю. Далекавата, недзе ў сярэдзіне заводскай тэрыторыі, мільгацелі некалькі ліхтароў, але будыніна, якую меліся падпаліць сябры, надзейна прыкрывала месца высадкі «дэсанту». Цімка, ці то ад хвалявання, ці ад холаду, пачаў заікацца.

- Пятрусь, п-плыві п-першы, - падштурхнуў ён у плячо сябра і па шыю прысеў у ваду.

Віцька таксама акунуўся. Вада была халодная, адчувалася, што адыходзяць апошнія цёплыя летнія дні, і ўсё ж у ёй было цяплей, чым пад дажджом. Петруся не відаць, толькі лёгкі плёскат чуецца недзе ля другога берага, каля самага плота. Нарэшце некалькі разоў кракае качка, гэта Пятрусь падае знак: можна плысці, і Віцька з Цімкам разам штурхаюць плыт уперад. Цячэнне іх зносіць, але недалёка, усяго метраў на пятнаццаць ніжэй патрэбнага месца. Віцька адвязвае каністру, перадае яе Цімку, а сам з усёй моцы нагой піхае плыт далей ад берага, каб яго падхапіла цячэнне і панесла ўніз па рацэ, ён саслужыў сваю службу і больш не патрэбны.

Чуецца шамаценне, гэта Пятрусь раскідае ламачча, што закрывае ўваход у лаз. Сябры адзін за адным пралазяць на тэрыторыю завода. Дождж пагусцеў, але хлопцы гэтаму толькі радыя - менш застанецца слядоў. Цімка дакранаецца рукой да Віцькавага пляча, і яны ўдвух, прыгінаючыся, бягуць да будыніны, што чорнай зданню навісла над плотам, над ракой. Праз хвіліну Пятрусь чуе рэзкі пах бензіну, і адразу ля лаза з'яўляецца Цімка, за ім Віцька з пустой каністрай у руках.

- Аблілі бліжэйшы вугал, - шэпча Віцька Петрусю ў самае вуха.

Пятрусь не адказвае. Ён рашуча падхопліваецца, сігае да будыніны, і адразу начная цемра праглынае яго. Сябры кладуцца на зямлю, чакаюць хвіліну, другую, трэцюю. Раптам вялізны слуп агню разрывае цемру, і адразу на Віцьку і Цімку аднекуль збоку наляцеў Пятрусь.

- Бяжым! - крычыць ён і першы нырае ў лаз.

Праз хвіліну тры дзіцячыя галавы несліся па цячэнні ракі да павароткі, да паваленага дрэва. Сябры хутка апранаюцца і бягуць да кузні.

Агонь шугае ўсё вышэй і вышэй, на вадзе мільгаюць вялізныя цені, ноч быццам адступіла, усё наўкол відаць, як удзень. Сябры чакаюць, што вось загудуць пажарныя сірэны, пачуюцца крыкі, але нічога такога не адбылося, толькі над кавалёвай хатай зноў рознакаляровым феерверкам сыпанула з паднябесся, паволі паплылі да зямлі агні ракеты. Хлопцы беглі і ўсё чакалі, што вось-вось пачнуць узрывацца цыстэрны са спіртам, але ніякіх выбухаў не было, толькі зарніца над заводам асвятляла вялізныя ліпы, што раслі паўз дарогу над ракой. Калі ўжо былі дома, ад месца пажару пачуліся звонкія ўдары аб чыгуначную рэйку...

На другі дзень стала вядома: на спіртзаводзе ноччу, хутчэй за ўсё ад праводкі, загарэлася старая заводская канюшня. Яе даўно збіраліся зламаць - і вось сама згарэла. Дырэктар загадаў, каб міліцыю не выклікалі і ніякага следства не праводзілі, бо драўляная канюшня была такая старая, што ніякай вартасці для гаспадаркі не мела.

Віцька, Цімка і Пятрусь узлезлі на старую чаромху ля кузні і моўчкі пазіралі на чырвоны заводскі комін, з якога высока ў неба поўз чорны дым, быццам насміхаючыся з хлопцаў: маўляў, нічога вы мне не зробіце, тут я гаспадар...

 

З тае пары мінула трыццаць год. Цёплым красавіцкім днём у Прагулянцы ля хаты старой цёткі Фросі спыніліся блакітныя «Жыгулі». З машыны выйшаў па-гарадскому апрануты высокі чарнявы мужчына. Ён незадаволена, спадылба агледзеў вуліцу, зачыніў машыну і прайшоў у панадворак. Дзверы ў хату былі замкнёныя, мужчына запусціў руку ў адтуліну паміж бярвёнамі, выцягнуў стары ржавы ключ, пакруціў яго ў пальцах, але замка не адмыкаў, паклаў яго на месца. Падышоў да суседняй хаты, там таксама нікога не было. Па вуліцы тарахцеў «Беларус», ззаду матляўся прычэп. Дзверцы трактара былі адарваныя, за рулём сядзеў малады, гадоў семнаццаці, хлопец. Чарнявы махнуў трактарысту, і трактар, бы нехаця, спыніўся, ледзь не зачапіўшы скасабочаны суседскі плот.

- Добры дзень! - павітаўся чарнявы.

- Добры, - з цікаўнасцю разглядаючы незнаёмага, адказаў хлопец.

- Прыехаў у госці, а вёска бы вымерла, усе хаты на замках, - падыходзячы бліжэй, гучна, каб перасіліць шум рухавіка, загаварыў мужчына.

- Усе на могілках, Петруся Каламіцкага хаваюць, - саскочыў на зямлю хлапчук-трактарыст і ледзь не паваліўся.

Чарнявы падтрымаў хлопца за руку і толькі цяпер заўважыў, што той на добрым падпітку.

- Петруся? - усхвалявана перапатаў чарнявы.

- Яго, гаротнага... - і, каб папярэдзіць наступныя пытанні, хуценька дадаў: - Утапіўся дзядзька Пятро, лішку хапянуў.

- А ты чаму не на могілках?

- Левы заробак трымае, - у п'янай усмешцы расплыўся твар хлопца. - Пакуль там начальства, я пару прычэпаў гною і закінуў. Глядзіш - літроўку сырцу і зарабіў. А дзядзьку Пятру я ўжо нічым не дапамагу.

- І чый жа ты будзеш? - дапытваўся чарнявы.

- Я Івана-марака сын, - палез па цыгарэты трактарыст. - А мо і табе гной трэба, яшчэ прычэп паспею затарабаніць, - прыплюшчыўшы вока, напусціўшы на сябе самавітасць, дадаў трактарыст.

- Не, хлопец, не трэба. І табе раю заглушыць трактар і паспаць.

Трактарыст хістануўся да трактара, залез у кабіну і, ужо ад'язджаючы, нешта злосна крыкнуў чарняваму, але той з-за шуму рухавіка не пачуў. Ён залез у сваю машыну і праз хвіліну гнаў яе да вясковых могілак.

Цімафей Фаміч Дудзін не паспеў. На паўдарозе сустрэў маці, якая вярталася ў вёску. Цётка Фрося павісла на шыі ў сына і доўга стаяла, уткнуўшыся тварам яму ў грудзі.

- Вось, сынок, і твой сябрук Пятрусь пайшоў... - усхліпнула старая.

- Як гэта здарылася, мама? - пагладзіў Цімафей Фаміч маці па плячы.

- Утапіўся Петрусёк якраз супроць таго месца, дзе бацька ягоны памёр. Праўду кажуць людзі, што бяда адна не ходзіць... Вось і Петрусёвага сына Міколку на лячэнне ў нейкае ЛТП адправілі, а на другі дзень ён і... Спярша, як выцягнулі з ракі, падумалі, што спірт на заводзе краў, бо да рукі была прывязана дваццацілітровая каністра. Участковага паклікалі. А ў ёй - хто б мог падумаць? - бензін. Яна, тая каністра, і ўтапіла Петруся, так бы выкараскаўся. Ніхто зразумець не можа, навошта ён палез у раку з бензінам...

На вачах у Цімафея Фаміча з'явіліся слёзы. У адно імгненне згадалася тая ноч, калі яны, Віцька, Цімка і Пятрусь, помсцілі спіртзаводу...

Цімафей Фаміч міжволі азірнуўся і ўбачыў заводскі чырвоны комін, з якога высока ў неба падымаўся чорны дым. Там, у самым паднябессі, вецер калашмаціў яго, спрабаваў развеяць, але дым не паддаваўся, ён цягнуўся шлейфам да самага гарызонту, і Цімафей Фаміч раптам прачытаў на гэтым шлейфе словы: «Хто наступны?..» Гэта было так нечакана, што Цімафей Фаміч заплюшчыў вочы і страсянуў галавой, не верачы ўбачанаму. Калі зноў зірнуў на дымавы шлейф, насланнё знікла, ніякіх слоў на небе не было.

«Здалося», - падумаў ён і, абняўшы маці за плечы, павёў да машыны.


1996?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая