epub
 
Падключыць
слоўнікі

Віктар Праўдзін

Помста

1
2
3
4
5


1

 

Кацярына цяжка, ледзь перастаўляючы непаслухмяныя ватныя ногі, паволі сунецца па прыступках у сваю аднапакаёўку. Праз кожныя пяць крокаў яна прыпыняецца, прыхіляецца спінай і патыліцай да халоднай сцяны і сцішваецца, прыслухоўваючыся да сэрца, якое ліхаманкава калоціцца ў грудзях. Кацярына кляне ўсіх на свеце: і суседзяў, што заставілі пад'езд драўлянымі скрынкамі, за якія яна раз-пораз чапляецца, і электрыкаў, што рамантавалі ліфт і кінулі, не дарабіўшы, і праз гэта ёй трэба пешшу падымацца на сёмы паверх, і чорнага ката, які зімуе ў пад'ездзе, а цяпер неадчэпна, ціха мяўкаючы, ідзе следам, просіць есці. А што яна яму дасць - сама не памятае, калі нешта ела... Піць піла, а на закуску грошай не хапіла... Гэтае жалобнае мяўканне і бліскучыя зялёныя вочы нешта нагадваюць, але Кацярына не можа прыпомніць што, яна моўчкі глядзіць п'янымі мутнаватымі вачыма на ката і не мае сілы нават прагнаць яго. Калі спыняецца, спыняецца і кот, уладкоўваецца ніжэй на прыступцы, падціскае кароткі хвост, мабыць, адкушаны сабакам, і, не міргаючы, глядзіць у вочы. Кацярына спрабуе прагнаць ката, замахваецца цэлафанавым пакетам, але той, мабыць, адчуваючы, што жанчына нічога благога яму не зробіць, не зважае на гэта. Кацярына з дзяцінства не любіць катоў. Калі яна была першакласніцай і садзілася рабіць урокі, на стале побач заўсёды ўладкоўваўся шэры Васька. Ён, бы строгі настаўнік, назіраў за тым, што яна робіць, але як толькі Кацярына даставала чарніліцу, кот усё пачынаў успрымаць як гульню. Вось яна абмакнула ручку ў чарніла і старанна выводзіць літары. Раптоўна Васька лапай шморгае па непрасохлым радку, і замест роўных, крыху пузатых літар у сшытку з'яўляецца сіняя раскоўзаная пляма. Кацярына плача, але дома нікога няма, ніхто не дапаможа, маці на ферме, а бацька, як сказала суседка, старая баба Марыля, сабакам сена косіць... Яна вырывае са сшытка сапсаваны ліст, праганяе ката на вуліцу і зноў садзіцца за работу, старанна выводзіць літары. Невядома адкуль зноў бярэцца Васька, скача на стол, б'е лапай па ручцы і, уцякаючы, чапляецца за чарніліцу. Брудная сіняя пляма імгненна расцякаецца па стале, сшытак сапсаваны, абрус таксама. Кацярына ведае, што маці задасць лупцоўку, бо не паверыць ніводнаму слову пра ката...

Вельмі хочацца спаць, здаецца, прысела б на прыступках і заснула, але Кацярыну палохае гэты вялізны чорны кот, ягоныя прамяністыя дзікаватыя вочы, а яшчэ больш яна баіцца трапіць у выцвярэзнік. Тыдзень таму яна заснула ў пад'ездзе, і хтосьці з суседзяў выклікаў міліцыю. Яна плакала, прасілася ў міліцыянера, апранутага неяк незвычайна, па-новаму, у зялёную форму, сілілася разгледзець твар, зірнуць яму ў вочы, выклікаць да сябе спачуванне і не змагла, доўгі казырок фуражкі прыкрываў твар. Яе забралі ад самых дзвярэй кватэры, міліцыянер мог бы пакінуць яе дома, але ўсё ж зрабіў па-свойму, завёз у выцвярэзнік. Туды яна больш не хоча, не жадае «спаць на белых прасцінах», занадта яны дарагія.

Кацярына адхіснулася ад сцяны, зрабіла некалькі крокаў, ускінула галаву, прыжмурылася, сілячыся разгледзець лесвічную пляцоўку, і раптам зразумела, што прыйшла. Вось насупраць яе блакітныя дзверы, пад столлю цьмяна зіхаціць заліты бяліламі ліхтар.

«А ўсё ж добра, што пафарбавала дзверы на свой капыл, - зларадна падумала Кацярына. - Усім дзверы паквэцалі брудна-карычневай фарбай, а мае вунь якія прыгожыя!»

Яна, хістаючыся, доўга корпалася ў паласатым цэлафанавым пакеце, шукаючы ключы. Пакуль адмыкала дзверы, сцішана мармытала праклёны чалавеку, які гадзіну таму каля рэстарана абазваў яе старой торбай. Замок, як заўсёды, доўга не паддаваўся, нешта заела ўсярэдзіне, і калі нарэшце Кацярына ўвалілася ў кватэру, яна зусім знясілела, спінай зачыніла дзверы і паволі ссунулася на падлогу, з асалодай выцягнула здранцвелыя хворыя ногі, заплюшчыла вочы. Апошняе, што даляцела да слыху, - гэта бразгатанне шкла, нешта каля ступакоў дзынкнула, па ўсім, пустыя бутэлькі, і Кацярына правалілася ў страшны, нервова-цяжкі сон.

 

2

 

Апошнім часам ёй сніўся адзін і той жа сон: быццам яны з Міколам толькі пажаніліся і яна ў белай сукенцы кружыцца ў вальсе. Ён моцна трымае Кацярыну ў сваіх абдымках, шчасліва смяецца, хіліцца, каб пацалаваць, і раптам Кацярына бачыць, як мужаў твар выцягваецца, нос большае, вочы робяцца маленькімі, бровы высыпаюцца, нервова ўздрыгваюць вусы-шчупальцы, і да яе ўжо хіліцца не прыгажун Мікола, а агідная пацучыная морда. Вялізныя зубы цягнуцца да шыі, яна з усёй моцы адпіхвае агідную морду, хоча вырвацца, але не хапае сілы. Кацярына крычыць, кліча на дапамогу, але ніхто не чуе: на вяселлі ніводнай чалавечай душы, яны ўдваіх кружацца ў вальсе, а на сталах жыруюць пацукі. Робіцца цяжка дыхаць, яна фізічна адчувае, як пацучыныя зубы пракусваюць на шыі скуру, бачыць драпежную морду, запэцканую крывёй...

Кацярына падхопліваецца ад свайго крыку. Твар, шыя, спіна мокрыя ад поту, скроні быццам раскалоліся напалам ад болю, у грудзях нешта хрыпіць і булькае. Яна нейкі час сядзіць, баючыся паварушыцца, ведае, што ад гэтага боль можа павялічыцца. Да слыху далятае з калідора голас суседкі: «Зноў Кацька крычыць! Хто навядзе парадак у доме? Няма як жыць!..» Кацярына чуе кацінае мяўканне і зноў хрыпаты голас, цяпер суседаў: «Трэба калектыўную скаргу напісаць, няхай адправяць алкагалічку лячыцца...» Бразнулі дзверы, і ў калідоры ўсталявалася цішыня.

Кацярына паволі паднялася на ногі і, трымаючыся сцяны, пасунулася ў залу, адтуль на балкон. Халодны пранізлівы вецер расшкуматаў валасы, балюча сцебануў па твары, па голых нагах, але Кацярына не зважала на гэта. Яна да болю ў пальцах учапілася за жалезны балконны парапет і нізка схіліла галаву, так дыхалася лягчэй. Праз некалькі хвілін хрыпы зніклі, але грудзі пачаў раздзіраць балючы сухі кашаль. Кацярына кашляла доўга, з надрывам, з вачэй ліліся слёзы, яе нудзіла да колікаў у жываце. Бразнулі дзверы, і на балкон вываліўся сусед у накінутым наапашкі паліто. Яго вялізны жывот неяк сутаргавата тузануўся, і чалавек, стараючыся перасіліць пранізлівы вецер, крыкнуў:

- Ты, сука, калі дасі спакойна жыць?!

Кацярына наперад ведала, што будзе далей, таму, прыкрыўшы далоняй рот, пайшла ў пакой, шчыльна зачыніла дзверы, шчоўкнула выключальнікам і, калі лямпачка не загарэлася, прыгадала, што два дні таму за няплату адключылі электрычнасць. У прыцемках намацала на стале запалкі, запаліла свечку.

Дыхаць стала лягчэй, сутаргавы кашаль суняўся, і толькі рэзкі боль у грудзях не праходзіў. Яна ведала, што ён не аціхне, пакуль не вып'еш гарэлкі, але ж дзе яе ўзяць? Позірк затрымаўся на запыленых пустых бутэльках. Кацярына праглынула сліну, яна наперад ведала, што ў бутэльках няма ні кроплі, усё, што было, яшчэ раніцай выпіла.

«Няўдалы сёння дзень, - падумала жанчына, - быў час, калі гарэлка не пераводзілася, і Федзька таўстапузы з каньяком сустракаў у пад'ездзе, падміргваў сваімі свінячымі вочкамі, набіваўся ў госці. А цяпер, бач, сукай для яго зрабілася, кабяліна пракляты... Прамяняў на вірлавокую плоскую Вальку! Але пайшоў ён к чорту, няхай крычыць што хоча, мне каб выпіць грамульку, суняць гэты нясцерпны, пякучы боль».

Кацярына не вытрымала, узяла ў руку свечку, села на падлогу і перагледзела бутэлькі, але ніводная кропля ў рот так і не адарвалася, нават гарэлкай у іх не смярдзела. Жанчына доўга сядзела, не зважаючы, што свечка дагарала і пякучы расталы воск заляпіў далонь. Яна абыякава ўзіралася ў невялічкі агеньчык і ні пра што не думала, толькі боль у грудзях нагадваў, што яна яшчэ жывая... Раптам у Кацярыніных вачах мільгануў жывы радасны агеньчык: яна прыгадала флакон з валяр'янавымі каплямі, што тыдзень таму схавала ад «чокнутай» Танькі. Кацярына ўстала, падышла да тумбы з адламанай дзверыной, на якой калісьці стаяў тэлевізар, і ліхаманкава пачала ўсё скідваць з яе, яна памятала, што сюды, у гэта бруднае рыззё, хавала каплі. Дрыготкія пальцы наткнуліся на бутэлечку, і Кацярына ўвішна крутнулася да стала, усунула свечку ў брудную шклянку, у другую вытрасла валяр'янку. Пакой напоўніўся рэзкім прытарным пахам, непрыемна заказытала ў носе, нервова тузануўся ў спазмах галодны страўнік. Кацярына сквапна перакуліла цёмную пахучую вадкасць у рот і, каб не званітавала, паспешліва лягла на зашмальцаваную, месцамі парваную да ржавых спружын канапу, заплюшчыла вочы.

І сапраўды, праз некалькі хвілін боль у грудзях пачаў аціхаць, думкі праясніліся, цела расслабілася, страўнік напоўніўся прыемнай цеплынёй. Захацелася есці, але Кацярына ведала, што ў хаце нічога няма, нават халадзільнік быў непатрэбны, прадала. «Вось каб так заўсёды, - падумала жанчына, - каб ніколі нічога не балела...»

У такія хвіліны Кацярына магла думаць разважліва і спакойна. Калі не была п'яная, не пакутавала з пахмелля, яна заўсёды шкадавала сябе, сваё паламанае жыццё. З-пад прыпухлых павек вылузнуліся дзве буйныя пакутныя слязінкі і пакаціліся па твары, пакідаючы за сабой мокрую дарожку...

 

3

 

Пасля дзесяцігодкі Кацярына прыехала ў Менск і паступіла вучыцца ў тэхнікум. Высокая, стройная, з прыгожым тварам, яна выгадна вылучалася сярод сябровак. Яна ніколі не падмалёўвала ні бровы, ні вейкі, не пудрыла твар. Прырода надарыла яе густымі русымі валасамі, якія Кацярына заплятала ў тоўстую касу, чорнымі вузкімі бровамі, аксаміцістымі доўгімі вейкамі, з-пад якіх загадкава пазіралі чыстыя блакітна-іскрыстыя вочы. Кацярына ведала, што прыгожая, але на заляцанні аднакурснікаў старалася аніякай увагі не звяртаць, сама сабе вырашыла, што спярша трэба вывучыцца. Але калі на вечарыне да яе падышоў Мікола, які на той час вярнуўся з войска і вучыўся ў тэхнікуме на апошнім курсе, Кацярыніна сэрца здрыганулася, шчокі запунсавелі, у танцы яна пакорліва прытулілася да дужага хлапечага пляча. Яны моўчкі танцавалі адзін танец, потым другі, трэці. Кацярыну быццам падмянілі, яна хвалявалася, на Міколавы пытанні адказвала неўпапад. Гэтае хваляванне перадалося і хлопцу. Кацярына, употайкі назіраючы за ім, бачыла, як нервова ўздрыгвалі кончыкі пальцаў з цыгаркай, як Мікола раўніва пазіраў на хлопцаў, што падыходзілі, каб запрасіць яе на танец.

Летам таго ж года згулялі вяселле, і Кацярына з інтэрната пераехала да мужа, у трохпакаёвую кватэру, дзе ён жыў разам з бацькамі і малодшай сястрой. Упершыню неўсвядомленая трывога халадком ахінула Кацярыніна сэрца, калі неяк размова зайшла пра дзяцей, і яна без хітрасці сказала пры свекрыві, што сям'я без дзяцей - толькі напалову сям'я. Свякроў рэзка перапыніла яе і доўга даводзіла, што яны з Мікалаем яшчэ маладыя, паспеюць «напладзіць жабракоў», спярша трэба пажыць для сябе, абзавесціся кватэрай, машынай, дачай. Бадай, з гэтага ўсё і пачалося, цяпер Кацярына не спяшалася раскрываць душу, паміж ёй і свекрывёй пачалася таемная, нябачная барацьба.

Кацярына дамаглася: Мікола настаяў, каб бацькі размянялі кватэру, і маладыя пераехалі ў аднапакаёўку. У той год яна скончыла вучобу, пайшла працаваць. Толькі не ўсё выходзіла так, як хацелася. Мікола стаў не такі, як у першыя два гады сумеснага жыцця: часцяком затрымліваўся на рабоце, вечарамі прыходзіў на падпітку, закінуў хатнія справы, нічым не цікавіўся. Кацярына часцей і часцей прыгадвала маці, якая пры сустрэчах вучыла «мужыка трымаць у руках», каб не скруціўся, ёй пачало здавацца, што ў Міколы ёсць каханка. Кацярына ўзялася за мужа, вырашыла: калі ён не хоча быць гаспадаром у сям'і, яна будзе гаспадыняй. Яна не прамінала ніводнага выпадку, калі ён позна прыходзіў з работы, чыніла допыт, у дзень палучкі сустракала ля заводскай прахадной і адшывала ўсіх сабутэльнікаў. Мікола спярша абураўся, сварыўся, пагражаў, але Кацярына настойліва вяла сваю лінію, і ён скарыўся. Калі муж захапіўся рыбалкай і ў выхадныя дні ўсхопліваўся зацемна, спяшаўся на электрычку, Кацярына і тут паказала характар, вуды паламала, а вялізныя гумовыя рыбацкія боты выкінула на сметнік. Мікола ў тую ноч упершыню не прыйшоў начаваць, але і тут Кацярына знайшла выйсце: раніцай пашыбавала проста на завод... Гэта цяпер могуць толькі пасмяяцца з жанчыны, якая скардзіцца начальству на нявернасць мужа, а ў тыя, як іх цяпер называюць, застойныя часы маладога камуніста адразу выклікалі ў парткам і пры жонцы ўсыпалі ў хвост і ў грыву. Ён нават захварэў і тыдзень прабыў на бальнічным. Толькі не дапамог Кацярыне паход да начальства, бо Мікола звольніўся з работы і пачаў піць кожны дзень. З кватэры знікалі крышталь, кнігі, не стала яе залатога пярсцёнка, але яна і ў гэтай сітуацыі вытрымала характар: на дапамогу прыйшоў участковы інспектар, а іх сям'я адразу стала лічыцца неблаганадзейнай, а Мікола - дармаедам і бытавым скандалістам...

Іншым разам Кацярыне здавалася, што муж наўмысна п'е гарэлку, не начуе дома, каб дапячы ёй, адпомсціць, толькі не магла зразумець, за што... І ўсё ж бывалі дні, калі спакой прыходзіў у сям'ю, Мікола зноў рабіўся ранейшым, Кацярына ўнутрана сцішвалася, станавілася маўклівай і ласкавай, хацелася вярнуць той час, калі яны не маглі і дня прыжыць адно без аднаго. Толькі трывога ўсё ж не пакідала: Кацярына адчувала, што перамір'е часовае, што муж праз тыдзень зноў знікне на некалькі дзён. Гэта цяпер яна разважае інакш, кляне сябе маладую, што не скасавала шлюб, не пачала новага жыцця, дачакалася горшага.

Неяк у хату завітаў участковы і паказаў паперу, дзе яе прымусова выклікалі ў венерычны дыспансер. Пакуль ехалі, цешыла сябе надзеяй, што выйшла памылка, мо нехта пажартаваў, але пасля экспрэс-аналізу ілюзіі рассыпаліся, яна была хворая. Кацярына ў кабінеце доктара страціла прытомнасць, не магла паверыць, што прыйдзецца лячыцца тут, сярод людзей, што глядзяць на паганую хваробу як на катар. Кацярына замкнулася ў сабе, хадзіла, бы ў ваду апушчаная, усе непрыемнасці, што былі ў жыцці раней, здаліся дробяззю, яна адчувала сябе абражанай, растаптанай. Толькі жаданне адпомсціць надавала сілы, напаўняла сэнсам жыццё. Мікалай таксама быў тут, ён хадзіў за Кацярынай па пятах, вінаваціўся, кляўся, што зменіцца, але яна абяцанні прапускала міма вушэй і толькі зларадна ўсміхалася, пазіраючы на мужа, ведала, як будзе помсціць. Калі выпісалі з дыспансера, першае, што яна зрабіла, - гэта пазбавілася ад дзіцяці. Мікола плакаў, стаяў на каленях, прасіў не рабіць аборту, але толькі злая ўсмешка крывіла Кацярынін твар, яна была няўмольная. З мужам не размаўляла, хоць і цяпер жылі разам, у адной кватэры. Мікола запіў, а Кацярына доўгімі вечарамі ляжала на канапе і, не міргаючы, глядзела ў столь. Яна думала пра тое, як адпомсціць мужу, суцяшэння не было, адзін за адным узнікалі планы помсты. Цяпер Кацярына толькі гэтым і жыла.

 

4

 

Нарэшце Кацярына наважылася: ёй трэба займець палюбоўніка. Не, яна не збіралася хавацца, цішком сустракацца з кімсьці, гэта па-ейнаму выходзіла не помста, а так, гульня, хацелася, каб пра гэта ведалі ўсе, і муж таксама.

З расказаў знаёмых Кацярына ведала, што лепш знаёміцца на танцах, у розных клубах па інтарэсах, але яна абрала рэстаран, нават прыгледзела невялічкі, з аркестрам, і галоўнае, там заўсёды былі вайскоўцы. Апошняе найбольш падыходзіла, Кацярына разумела, што людзі ў пагонах паднявольныя, сёння тут, а заўтра за тысячу кіламетраў, жыццё, як кажуць, на колах. А калі так - ніякіх хваляванняў, пабачыліся і разляцеліся, забыліся адно на аднаго... Кацярына не хацела, каб у яе быў хтосьці пастаянны, вырашыла, што сапраўды адпомсціць толькі тады, калі як мага часцей будзе мяняць кавалераў. І потым, ёй зусім не хацелася зноў, як калісьці ў Міколу, закахацца.

Кацярына заказала столік у дальнім куточку рэстарана, вырашыла першы раз агледзецца, пабачыць людзей, пазнаёміцца са звычкамі тых, хто тут адпачывае. Але не паспела афіцыянтка прынесці ёй заказаныя каву і сто грамаў каньяку, як да яе падышоў малады статны капітан. Ён прыязна ўсміхнуўся і, хітравата прыплюснуўшы чорныя вочы, запрасіў на танга.

Чарнавокага танкіста не прыйшлося запрашаць «на кубачак кавы», ён увесь вечар ні на крок не адышоў ад Кацярыны. Але калі капітан убачыў у кватэры Міколу, які спаў у ложку, і, агледзеўшыся, зразумеў, што пакой адзін, ён спахмурнеў, заспяшаўся дадому. Кацярына ледзь стрымалася, каб не заплакаць, яна ў думках намалявала капітанаў рыцарскі вобраз, ён ёй падыходзіў, і галоўнае - танкіст быў падобны да Мікалая: такая ж чарнявая непаслухмяная чупрына, добрыя вочы, мяккія, спакуслівыя вусны... Кацярына цалавалася з капітанам у пад'ездзе і неяк унутрана падрыхтавала сябе да фізічнай блізкасці. Яна ледзь выціснула з сябе, што гэта спіць яе п'яны брат, які не прачнецца да раніцы, але калі капітан хоча ісці, яна не супраць, толькі добра было б на дарожку прапусціць па чарачцы за знаёмства...

Мабыць, тых дзвюх чарак, што выпіў танкіст, яму і не хапала, каб забыцца на ўсе праблемы. Ён бачыў перад сабой толькі маладую вабную жанчыну з блакітнымі, вільготнымі, надта прыгожымі выразнымі вачыма, не мог адвесці позірку ад пышных Кацярыніных грудзей...

Яны займаліся каханнем на канапе, а насупраць, цяжка дыхаючы, спаў Мікола. Перажыванні вельмі стамілі Кацярыну, яна фізічна ўжо не магла адказаць капітану на ласкі, на ягоныя гарачыя жаданні, не магла расслабіцца, забыцца. Яна была занятая набалелым, сваёй незвычайнай помстай, якая нарэшце спраўдзілася. Кацярына машынальна, але спакусліва выгіналася, моцна прыціскалася да палюбоўніка, упівалася ў гарачыя вусны, мяккія і гаркавыя ад табакі, а думкі былі далёка, душа трыумфавала, поўнілася нейкай злараднай радасцю. Яна паўглядалася ў цемру, туды, дзе спаў Мікола, уявіла абрыдлую п'яную морду і ўсміхнулася. І сапраўды, з душы бы камень зваліўся, стала лёгка, проста і радасна, тое, што хвалявала, бударажыла, не давала спакою па начах, знікла, упершыню за апошні час Кацярына адчула сябе жанчынай, патрэбнай, каханай, хоць бы і на ноч... Але ўсё ж у нейкі момант у глыбіні душы варухнулася пачуццё гідлівасці да сябе, да таго, што робіць.

Потым быў маёр-дэсантнік, які, даведаўшыся пра «п'янага брата», трос таго за плечы і роў на ўсё горла: «Встать!.. Смирно!..» Мікола толькі невідушча глядзеў асалавелымі вачыма, бурчэў нешта незразумелае і цягнуў на сябе коўдру.

Цяпер Кацярына больш не звяртала на мужа ўвагі. Як толькі ён п'яны ўвальваўся ў кватэру, яна апраналася па-святочнаму, чапурылася і, выпіўшы кілішак гарэлкі, бы на працу, ішла ў рэстаран. З пэўнага часу згрызоты сумлення больш не дакучалі, наадварот, яна ганіла сябе, што гэтулькі гадоў «марынавала» сваю прыгажосць, хавалася ад людзей, не ведала, што ёсць вольнае, бесклапотнае жыццё.

Суседзі, асабліва жанчыны, непрыязна пазіралі на яе, але Кацярына не зважала на гэта, хадзіла з высока паднятай галавой, лічыла, што ёй няма чаго саромецца, няма ад каго хавацца. Яна была ўпэўнена ў сваёй праўдзе.

Неяк у цёмным пад'ездзе не размінулася з суседам. Таўстун Федзька прыціснуў мяккім жыватом да сцяны і, лапаючы кароткімі рукамі, пырскаючы слінай, яхідна працадзіў: «Кацька, зайду вечарком, калі Мікола засне, - і, каб не паспела адмовіць, выскаліўся: - Інакш напішу маці пра твае шашні». Ведаў паразіт, чым можна яе шантажыраваць.

«Сто рублёў!» - цвёрда рубанула ў адказ Кацярына, ведаючы, які сквапны Федзька.

«Пабойся Бога! - узмаліўся потны кавалер. - Дзе ж я знайду столькі?»

«Як знойдзеш, прыходзь!» - Кацярына рашуча піхнула таўстуна ў пуза.

Праз некалькі дзён Федзька прыйшоў...

З гэтага часу Кацярына не саромелася, стомлена глядзела чарговаму кавалеру ў вочы і называла лічбу. Яна адчула смак тых рублёў і толькі зрэдку, мімаходзь згадвала сваю помсту, мужава прысутнасць цяпер больш перашкаджала: кліенты не спяшаліся аддаваць грошы, калі бачылі «брата».

 

5

 

Як адзін дзень мінула некалькі месяцаў. Кацярына практычна, прафесійна аглядае з-пад апушчаных веек кожнага мужчыну, які ўваходзіць у рэстаран, з першага погляду распазнае чалавека, які на апошнія капейкі прыйшоў сюды, і таго, хто хоча атрымаць ад вечара асалоду, прыйшоў павесяліцца, пазаляцацца на ноч да вабнай маладзіцы. Яна адразу прыкмеціла чарнявага прышчаватага каўказца. Той доўга, прыдзірліва аглядаў Кацярыну, пакуль з-пад навіслых вусоў не вылецела: «Сколько бэрош за ноч?» Кацярына ведала, што гэтыя хлопцы грошай не шкадуюць, але і сквапных жанчын не любяць, таму як магла абыякава прагаварыла: «Сто...» «Нэ жадная, красыва, даю пяцьсот!» - крактануў каўказец, і ягоныя вочы заіскрыліся непрыхаваным жаданнем. У Кацярыны варухнулася сумненне, яна не любіла нецярплівых, тых, хто абяцаў залатыя горы. Прышчаваты да таго ж выглядаў падазрона, увесь час азіраўся, быццам кагосьці баючыся, але ж пяцьсот рублёў... Кацярына набралася смеласці і вырашыла адразу папярэдзіць, што ў яе аднапакаёўка, у якой яна вымушана туліцца з братам, толькі той заўсёды п'яны і моцна спіць. Ужо не адзін кліент, даведаўшыся пра старонняга, адмаўляўся плаціць грошы, якія абяцаў, даваў палову. Каўказец хітра прыплюснуў правае вока, узяў яе далонь у свае маленькія сухія рукі. «Мы встрэтимся в другое место, гдэ никто нэ помешает». «Не, не, - паспешліва адказала Кацярына, - толькі ў мяне дома...» Нейкае, як людзі кажуць, сёмае пачуццё падказвала ёй, каб не звязвалася з гэтым чалавекам, але каўказец абыякава ўсунуў ёй у руку грошы і гэтым адрэзаў шлях да адступлення. «Плачу впэрод, чтоб нэ думала плохо». На вуліцы іх чакала таксі, і каўказец, паляпаўшы шафёра па плячы, паблажліва кінуў: «Поехали». Кацярына назвала адрас, і праз пяць хвілін яны былі на месцы.

Прадбачлівы Ашот, так назваў сябе каўказец, прывёз з сабой вялізную сумку рознай яды, віна, каньяку. Кацярына хацела выпіць віна, але Ашот настаяў на каньяку, і пасля другой чаркі перад вачыма ўсё паплыло. Прагны да кахання каўказец авалодаў ёй проста на кухні. Потым яны зноў пілі каньяк, не тоячыся, пад музыку займаліся каханнем, смяяліся, гаманілі... Ашот, здавалася, і не п'янеў, толькі ў вачах з'явіліся сцюдзёныя агеньчыкі. Калі хтосьці пазваніў у дзверы, ён першы пачуў і, быццам кагосьці чакаў, не пытаючыся дазволу, кляцнуў замком. У кватэру ўваліліся трое падобных адзін да аднаго кучаравых каўказцаў. Яны нешта сказалі Ашоту на незразумелай Кацярыне мове, распрануліся і, быццам у сябе дома, прайшлі ў пакой. Ад выпітага каньяку Кацярына мала што разумела, але калі няпрошаныя госці скінулі п'янага мужа з ложка, яна, хістаючыся, учапілася аднаму з іх за руку.

«Не чапайце! - ускрыкнула яна. - Ён павінен спаць, хто вы такія?»

«Ашот, ты не сказал бели женщин, кто я? - засмяяўся чарнявы. - Придетца знакомитца».

Каўказец адпіхнуў Міколу, а Кацярыну, ухапіўшы за валасы на патыліцы, балюча тузануў да сябе, другой рукой ірвануў на грудзях халат. У розныя бакі пырснулі гузікі, Кацярына засталася стаяць голая і безабаронная. Яна адразу працверазела, жах скаваў цела, збялелы твар знерухомеў, сэрца сцялася ў трывозе, у прадчуванні чагосьці нядобрага. Кацярына спалохана адхіснулася ад каўказца, поўнымі горычы і бездапаможнасці вачыма паглядзела на нядаўняга свайго палюбоўніка Ашота, але, наткнуўшыся на недаступна жорсткі, сцюдзёны позірк, зразумела, што ён не дапаможа. У гэты момант, п'яна мармычучы нешта незразумелае, на падлозе заварушыўся Мікола. Ён, хістаючыся, сеў і асалавелымі вачыма агледзеў прысутных. Убачыўшы голую Кацярыну, Мікалай трасянуў галавой, часта заміргаў, быццам не верачы ўбачанаму.

- Каця, што тут такое, чаму ты голая, што за людзі? - прагаварыў ён і зноў паглядзеў на каўказцаў.

- Кто этот слизняк? - тузануў Кацярыну за валасы чарнявы.

- Як хто! - устаючы на ногі, цверазеючы, рашуча ўскрыкнуў Мікола і стукнуў сябе кулаком у грудзі. - Я муж, а вось ты хто?

На нейкі момант у пакоі ўсталявалася цішыня, было чуваць, як на кухні мерна цікаў гадзіннік, каўказцы, што прыйшлі пазней, раптам утаропіліся ў Ашота. Той, што трымаў Кацярыну, па ўсім, галоўны, злосна закрычаў нешта незразумелае. Прышчаваты Ашот, вінавацячыся, нешта буркнуў у адказ і рэзкім ударам нагі спыніў Мікалая, калі той хацеў адштурхнуць ад Кацярыны незнаёмца, у якога на правай шчацэ змяёй заварушыўся барвяны шнар. Не звяртаючы ўвагі на Мікалая, які як нежывы паваліўся на падлогу, той пагрозліва прашаптаў ёй у твар:

«Ты нас обманула, сука, дэньги взяла и привела к мужу. Мы так просто нэ платим, отработаешь, а муж будэт на тебя смотреть, пусть знает твой промысел...»

Ён яшчэ нешта сказаў, і адразу двое, што з ім прыйшлі, замітусіліся, падхапілі Мікалая пад рукі, усадзілі ў крэсла насупраць ложка. Ашот прынёс вады і плюхнуў яму ў твар. Калі Мікалай ачомаўся, яму закруцілі рукі за спінай і моцна прывязалі да крэсла. Той, што трымаў Кацярыну, задаволена ўсміхнуўся:

«Теперь посмотрим, что ты умеешь...»

Гэтая ноч для Кацярыны ператварылася ў кашмарны сон. Напачатку яна спрабавала супраціўляцца, але сілы былі няроўныя, і праз некалькі хвілін, зняможаная, заплакала, час для яе спыніўся...

П'яная оргія працягвалася да самай раніцы. Кацярыне сілком залівалі ў рот гарэлку, аблівалі шампанскім, прымушалі танцаваць, білі, калі яна спрабавала адмаўляцца рабіць тое, што ад яе патрабавалі... Калі Мікалай стаў крычаць, яму кляпам заткнулі рот, падсунулі з крэслам да ацяпляльнай батарэі і прывязалі за шыю да трубы. Яны хацелі, каб ён усё бачыў, калі, унікаючы глядзець на жонку, ён заплюшчыў вочы, яму ў іх уставілі запалкі. Так да самай раніцы ён нерухома і адседзеў. Пакідаючы кватэру, каўказцы зрабілі Кацярыне нейкі ўкол. Яна страціла прытомнасць і ачомалася толькі праз два дні ў бальніцы.

Сваім выратаваннем Кацярына абавязана была Мікалаю. Яму, як і ёй, увялі вялікую дозу наркотыку і, каб не пакідаць слядоў гвалту, развязалі, паклалі ў ложак побач з жонкай, але Мікалай пад наркатычным уздзеяннем скокнуў з балкона. Калі міліцыянеры выламалі дзверы ў кватэру, знайшлі Кацярыну, і дактары, як кажуць, выцягнулі яе за вушы з таго свету...

Потым было следства. Кацярына нічога не ўтойвала, расказала, як было. Яе некалькі разоў выклікалі ў пракуратуру, задавалі блытаныя пытанні, не маглі паверыць, што яна так адпомсціла мужу, але Кацярына стаяла на сваім, і дзесьці праз паўгода пра яе забыліся. Часцяком пачаў наведвацца сусед Федзька. Яна не працівілася: ён прыносіў віно, і пасля некалькіх кілішкаў Кацярына забывалася пра ўсё. Потым пачалі заходзіць і іншыя, Кацярыне было ўсё роўна, абы прыносілі гарэлку...

Кацярына прачнулася з адчуваннем, што яна не адна ў пакоі. Яна села і трывожна агледзелася. У гэты момант у акно з-за чорнага воблака сарамліва зазірнула поўня, і адразу на сцяне заварушыліся цені. Кацярына сцялася, адчула, як па целе прабеглі нервовыя дрыжыкі, і ў наступны момант убачыла Ашота. На ягонай галаве тырчалі вялізныя, чырвоныя, іскрыстыя рогі, прышчаватая морда свяцілася сінім светам. Ён, заклаўшы рукі за спіну, хітравата пазіраючы на Кацярыну, прайшоўся ўзад-уперад па сцяне, падміргнуў чырвоным вокам, ухапіў сябе за доўгі хвост і какетліва замахаў ім. Кацярына паціху, не адводзячы спалоханага позірку ад Ашота-чорта, прашмыгнула на кухню, але рагаты ўжо хадзіў па падаконні. Ён лёгка пераскочыў з газавай пліты на стол і, не зважаючы на гаспадыню, прыстукваючы капытамі, пачаў адбіваць чачотку.

- А помнишь, Катька, как ты голая плясала?..

Кацярына, робячы выгляд, што ўважліва слухае, дрыжачаю рукою ўзяла са стала нож і, калі няпрошаны госць наблізіўся да яе, з усёй моцы ўдарыла яму ў грудзі... Лязо слізганула па сцяне, зламалася і параніла руку.

- Так гостя не встречают! - пачула Кацярына голас над галавой.

Чорт хадзіў па столі і смяяўся. Яна запусціла ў брыдкую морду пустой бутэлькай, у адказ пачуўся грамавы рогат. Другая бутэлька паляцела ўслед за чортам у акно... Раз'юшаная Кацярына бегала па кватэры, шпурляла чым папала ў чорта, кідалася са зламаным нажом на сцены і ніяк не магла дагнаць агідную пачвару...

Калі ўзламалі дзверы, Кацярына кінулася на «чорта», апранутага ў белы халат, другі «чорт» у міліцэйскай форме спрытна закруціў ёй рукі за спіну...




Беларуская Палічка: http://knihi.com