epub
 
падключыць
слоўнікі

Віктар Праўдзін

Прычэп

Сярод лесу на шашы, на скрыжаванні лясной дарогі з асфальтавай шэрай стужкай, упіраючыся адным бокам у канаву, якая зарасла густым арэшнікам, стаяў зламаны прычэп. Яго абадраныя, абшарпаныя барты, спрацаваныя пакрышкі, ржавыя амартызатары гаварылі за тое, што не адну тысячу кіламетраў ён, з цяжарам ці без яго, прамчаўся па розных дарогах. Здарылася так, што на нешта вострае наляцела кола, лопнула пакрышка і з гучным шыпеннем сышло з яе паветра. Машына спынілася. Шафёр, цыбаты дваццацігадовы хлопец, сцяўшы бляклыя вусны, прысеў на кукішкі каля зламанага кола і рукой памацаў гуму. Некалькі хвілін ён так і сядзеў, утаропіўшы свае выпуклыя вочы на пакрышку. У думках шафёр вылаяўся на сваю няўдачу, але што зробіш, калі сам вінаваты ў тым, што запасное кола засталося ў гаражы. Хлопец з выглядам зняважанага чалавека адчапіў прычэп і, нават не зірнуўшы больш на яго, націснуў на газ. Машына рванулася і апошні раз абдала свайго нядаўняга спадарожніка чорным дымам.

І прычэп адзін застаўся на скрыжаванні, у гэтым лясным няўтульным закутку. Раней таксама здаралася, што ён псаваўся ў дарозе. Праз дзень-другі прыязджала тэхнічная дапамога, яго ўважліва, з усіх бакоў аглядалі, і калі не маглі адрамантаваць на месцы - цягнулі ў майстэрню.

Але гэтым разам праляцеў месяц, другі, а дапамогі не было. За час, што ён тут прастаяў, са многіх дрэў пааблятала пажаўцелае лісце, і начны марозік ужо белай шэранню клаўся на зямлю і шкліў невялікія лужыны. Нярэдкія восеньскія дажджы амаль змылі з прычэпа прыгожую зялёную фарбу, а цяпер сцюдзёны вецер шкуматаў, здзіраў яе рэшткі з бартоў.

Прычэп стаяў на самай паваротцы, і не адзін шафёр, праязджаючы міма, здзіўляўся нечай безгаспадарчасці, і амаль кожны абураўся, што тэхніку пакінулі менавіта ў гэтым, небяспечным для руху месцы.

Цікавіліся гэтай дзіўнай канструкцыяй і мясцовыя жыхары. Неяк ноччу падыходзіў волат-лось. Ён доўга абнюхваў прычэп, зазіраў праз борт усярэдзіну. Здавалася, што волат хацеў зразумець, дзеля чаго гэтая рэч тут «вырасла». Ён нават пацёрся аб прычэп, але было відаць, што застаўся незадаволены, бо пасля яшчэ скробся аб дрэва, якое расло недалёка ад кустоў арэшніку. Удзень на прычэпе нярэдка збіраліся купкі вераб'ёў. Птушкам вельмі спадабалася адпачываць на бартах. Але і яны здзіўлена цвіркалі, быццам пыталіся: «Ты чаго тут, ты чаго тут?»

А прычэп маўчаў, ды і што скажаш, калі пра цябе забыліся і пакінулі, як непатрэбную рэч?

Але, можа, і не зусім так?

Прычэп, хоць і быў абшарпаны ды непрывабны з выгляду, але яшчэ досыць моцны. Гэта адразу зразумеў мешкаваты дзядзька, які з тыдзень назад праязджаў тут на возе. Ён, пляскаючы далонню па бартах, некалькі разоў мітусліва абышоў вакол прычэпа і таксама ківаў незадаволена галавой, калі па дарозе праязджала якая-небудзь машына. Але вочы ў дзядзькі свяціліся радасцю. Ён быў задаволены, што натрапіў на прычэп, бо меў свой інтарэс і добра ведаў, што яму цяпер рабіць. За дваццаць хвілін мешкаваты адкруціў два лепшыя барты і закінуў іх за драбіны. Потым усеўся зверху на возе, нетаропка закурыў цыгарку і, цмокнуўшы на каня, знік у лясным гушчары.

Выгляд прычэпа цяпер выклікаў жаль. Ляцелі дні, а ён усё стаяў на лясным павароце. І вось сёння раніцай яго прыкмецілі і іншыя...

Усю ноч з хмарнага неба сыпаў зацяжны восеньскі дождж. Пад раніцу сцюдзёны вецер разарваў хмары, і над зямлёй заблішчэлі буйныя зоркі, якія павеялі холадам. Ранішні марозік ператварыў шэрую стужку асфальту ў гладкае люстэрка. Разам з зоркамі ззяла ў гэтым люстэрку поўня, і прычэп ценем двух бартоў насоўваўся на дарогу, бы які страшны казачны звер.

У гэты ранішні час па дарозе нёсся ЗІЛ. Кола руля шматтоннай паслухмянай машыны круціць шафёр - яшчэ малады хлопец з рыжаватымі вусамі. Ён не зважае на галалёд, на тое, што машыну заносіць, не бачыць дарожных знакаў... Яму хочацца спаць. Хлопец спяшаецца і ў дрымоце апярэджвае час... Ён бачыць не дарогу, а родную вёску, недалёка ад якой возера з крынічнай вадою. Але не вада вабіць, прыцягвае, а хата на ўскрайку вёскі. У ёй жыве каханая, да яе імчыць шафёр. Ён ужо бачыць чорны абрыс хаты, бачыць каханую з распушчанымі валасамі і хусцінкай у руках. Яна ідзе насустрач, вецер шкуматае наапашкі накінутае лёгкае паліто, сумныя вочы глядзяць з трывогай, а бляклыя вусны шэпчуць: «Не спяшайся, Вася, тармазі...» А ён імкнецца да яе і не можа зразумець: чаму павінен тармазіць?.. Але што гэта?.. Насустрач, з ляснога змроку, высунулася нешта вялікае, рагатае, і цяжка адразу зразумець, адкуль яно ўзялося тут.

Хлопец скалануўся, сонныя прывіды імгненна зніклі, і толькі ў скронях трывожна бумкала: «Тармазі, тармазі!..» Ён паспешліва крутануў руль і з усёй моцы націснуў на тармазы. Машына сцішыла свой імклівы бег, затузалася, бы паранены звер, і слізганула з дарогі насустрач таму невядомаму, што напалохала шафёра. Прарэзлівы бразгат жалеза ды звон разбітага шкла ўскалыхнулі прыцішанае ноччу наваколле, і доўга яшчэ ўстрывожанае рэха адгукалася, насілася пагалоскай па лесе.

Шафёр паспешліва выскачыў з кабіны і ўтаропіў позірк на задні борт прычэпа, сілячыся зразумець, на якую перашкоду наляцела машына. Ён насцярожана прыслухоўваўся: ці не кліча хто на дапамогу? Але, акрамя бухання ў грудзях свайго сэрца, нічога не пачуў.

Пасля таго як абабег месца здарэння, да свядомасці дайшло, што машына наляцела на прычэп. Ён зашмальцаваным рукавом паліто выцер спатнелы лоб і мудрагеліста вылаяўся. Нядобрым словам памянуў тых, хто пакінуў на дарозе гэтую «калымагу». Капот ЗІЛа быў сплюшчаны ў гармонік, радыятар разламаны, і на зямлю лілася гарачая вада. Белая пара, уздымаючыся ў вышыню, ахутала кузаў машыны. Хлопец яшчэ пабегаў, пакрычаў, лаючы дарогу, прычэп, галалёдзіцу і нават работнікаў ДАІ за тое, што спяць з раніцы, а не спыняюць аматараў хуткай язды. Пакрысе супакоіўшыся, шафёр перайшоў на другі бок дарогі і ўсеўся на пакрытую шэранню траву, чакаючы, пакуль хто пад'едзе і дапаможа. Праз нейкі час удалечыні пачуўся гул рухавіка, а затым на пагорак уз'ехаў МАЗ. Ён хутка набліжаўся. Шафёр яшчэ здалёк убачыў, што нешта кепскае здарылася на дарозе. Ён пад'ехаў бліжэй і, калі да месца здарэння заставалася зусім недалёка, пачаў тармазіць. Але машына раптам стала непаслухмянай: не спыняецца, як заўсёды, а сунецца наперад. Шафёр, плячысты дзяцюк, таропка круціць руль, сілячыся аб'ехаць кузаў ЗІЛа. Колы да адказу завярнуліся ўлева, заскрыгаталі, але машына нясецца прама... І МАЗ трэснуўся ў кузаў ЗІЛа. Паляцела долу бітае шкло, клубы пары ахуталі машыну.

- Як жа гэта так, я здалёк бачыў! - закрычаў шафёр, саскокваючы на дарогу. - Вядзьмарства, ды і толькі! - Ён заглянуў знізу пад машыну. - Так і ёсць, радыятар разляцеўся.

Дзяцюк няспешна абышоў вакол месца здарэння. Каля прычэпа спыніўся і, вылаяўшыся, стукнуў кірзачом па коле.

- Што рабіць будзем? - крыкнуў ён шафёру ЗІЛа.

- Чакаць, - апалым голасам, падыходзячы, прагаварыў той і працягнуў таварышу па няшчасці цыгарку. - Самі мы не раз'едземся, трэба, каб хто расцягнуў.

Яны сышлі з дарогі, селі на траву і моўчкі закурылі. Раз-пораз з відавочным абурэннем шафёры кідалі злыя позіркі ў бок прычэпа, які ад двух моцных удараў заляцеў напалову ў канаву.

Удалечыні зноў чулася мернае гудзенне рухавіка.

- Легкавая, - вызначыў шафёр МАЗа.

- Яна, - пацвердзіў кіўком галавы другі.

У гэты момант на пагорак, праз які пралегла асфальтавая стужка, вылецела новая «Ніва».

Шафёр, даўгашыі хлопец у акулярах, упэўнена круціць «баранку», аб'язджаючы выбоіны. Ён з захапленнем слухае магнітафонны запіс навінак эстрады, у такт музыцы ківае галавой і нават дапамагае вядомаму спеваку выцягнуць высокую ноту. І словы, і музыка прыйшліся яму даспадобы. Ён ловіць сябе на думцы, што калі б не стаў шафёрам, то абавязкова вывучыўся б на спевака, і толькі эстраднага. Толькі вось бяда - вельмі сарамлівы... Калі якая кабета кіне на яго гарэзлівы позірк, ён ужо і запунсавеўся. Голас у гэты момант пачынае па-здрадніцку дрыжаць, да горла падступае даўкі камяк, які замінае не толькі дыхаць, але і размаўляць. Шафёр уявіў, што ён стаіць, апрануты ў бліскучае адзенне, на эстрадзе з мікрафонам у руках. Сотні дзяўчат пляскаюць у далоні, а некалькі дзесяткаў прыгажунь выстраіліся ў чарзе. У руках фотаздымкі. Яны чакаюць аўтографа. Зала выгуквае: «Брава, брава, Лявон!.. Лявон, спявай!» А ён маўчыць, адкашліваецца ў мікрафон, паказвае ўсім, што зараз прачысціць горла і пачне, а на самай справе - голас прапаў, і калі вернецца - невядома...

Ад гэтай думкі твар у Лявона пачырванеў, па спіне пабеглі халодныя мурашкі.

- Не-е, лепш я буду шафёрам, не пайду ў артысты, - з палёгкай у голасе прагаварыў хлопец. Тут ён заўважыў, што на самым павароце, перакрыўшы кузавам большую частку дарогі, стаіць МАЗ. Яго кабіна ўрэзалася яшчэ ў нейкую машыну, але якую, не было відаць. Хлопец зразумеў, што здарылася аварыя, але вырашыў не спыняцца. «Чым я магу дапамагчы?» - падумаў ён і, паказаўшы паварот абгону, пачаў прытармажваць. «Ніва» не спынілася, а, заскуголіўшы пакрышкамі, крутанулася на дарозе - і яе панесла ўправа. Пачуўся трэск. Машына чхнула рухавіком, сутаргава падскочыла і стала.

Праз некалькі хвілін у лесе зноў зрабілася так ціха, што быў чуваць свіст ветру ў тэлефонных правадах, працягнутых паўз дарогу.

Даўгашыі гаспадар «Нівы» некалькі разоў мітусліва абабег вакол месца здарэння і таксама спыніўся ля прычэпа, які ад удараў ссунуўся яшчэ далей у канаву. Хударлявы твар яго быў скрыўлены ад злосці. Ён сціснуў кулакі і з нейкім шаленствам у вачах кінуўся да прычэпа. Люта лупячы нагой па пакрышцы, хлопец лаяўся, ды так, што нават шафёр МАЗа, старэйшы з іх усіх, не вытрымаў:

- Ну і хуліган, ну ты паслухай, які нахабнік! Можа, розумам крануўся? - ускінуў ён запытальны позірк на шафёра ЗІЛа.

- А чорт яго ведае, гэтага прыватніка, можа, і крануўся, - падымаючыся, адказаў той. - Пойдзем супакоім, а то нагу сабе зломіць.

- Каб ты спрах, гад! - крычаў гаспадар «Нівы». - Чыя гэта галава дадумалася кінуць на дарозе гэту «калымагу»? Хто цяпер плаціць будзе за рамонт?..

Вецер раскудлаціў яго доўгія валасы, твар чырванеў пераспелым памідорам.

- Слухай, хлопец! - паляпаў яго па плячы шафёр МАЗа. - Адпачні крыху, так і абцасы паадбіваеш...

- Я ж толькі месяц, як купіў машыну, - не звяртаючы ні на кога ўвагі, прастагнаў той. - Што я скажу цешчы? Яна ж грошы дала. А жонцы?

У гэты момант «цягнік» з машын чацвёрты раз скалануўся ад удару. Шафёр ЗІЛа аберуч абхапіў гаспадара «Нівы» і адцягнуў у бок ад прычэпа, у якім на гэты раз нешта зарыпела, затрашчала, і ён спачатку паволі, а потым хутчэй і хутчэй пасунуўся ў канаву, узняўся адным бокам у паветра і бразнуўся дагары коламі на кусты арэшніку.

Больш перашкоды на небяспечным павароце не было.

Шафёры стаялі, моўчкі глядзелі на колы прычэпа, якія яшчэ круціліся, а да іх бег чацвёрты небарака. Ён здалёк убачыў, як нешта паляцела ўніз, у кусты, і падумаў, што гэта ўцякае вінаваты ў здарэнні.

- Хлопцы, - закрычаў ён, - бяжыце за ім, не дайце ўцячы. Бо хто ж за ўсё адкажа?..

У гэты момант лясную цішыню пяты раз узрушыў прарэзлівы гук - гук сірэны. Да месца здарэння імчаўся міліцэйскі УАЗ.

- Не-е, паважаны калега, - азваўся шафёр МАЗа, - відаць, мы і ёсць тыя, хто будзе адказваць. Ды яшчэ вунь, яго гаспадар, - кіўнуў ён у бок прычэпа. - Не той цяпер час, каб усё спісваць на галалёдзіцу і туман...


1996?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая