epub
 
падключыць
слоўнікі

Віктар Праўдзін

Шлях да Галгофы

1
2
3
4
5


1

 

Ляшкевіч вось ужо некалькі гадзін сядзіць на драўлянай лаве ля акна ў невялікім душным будынку вакзала і раз-пораз кідае пільныя позіркі на вуліцу. Хтосьці можа падумаць, што хударлявы мужчына ў старой чорнай ватоўцы, картовых, незразумелага колеру штанах і кірзачах, халявы якіх свецяцца дзіркамі, кагосьці напружана чакае. Але Ляшкевіча нічога на вуліцы не цікавіць, яму проста прыемна сядзець тут, у гэтым душным гаманлівым памяшканні, сярод вялікага гурту людзей, быць такім, як яны, слухаць грукат колаў цяжкіх цягнікоў і чакаць. Напачатку, калі сюды ўвайшоў, вакзальнае шматгалоссе збянтэжыла, нават напалохала, здалося, што ўсе прысутныя разглядаюць яго, і сутулаваты Ляшкевіч адчуў сябе на месцы чалавека, які спазніўся на нейкае важнае паседжанне, і, каб нікому не перашкаджаць, горбячыся, шпарка крутнуўся на вольнае месца ля акна. Што ні кажы, а два гады няволі наклалі свой адбітак на характар і паводзіны Ляшкевіча, ён адчуў, што павінен прывыкнуць да людзей, да людской мітусні, занава ўспрыняць звычайныя чалавечыя паводзіны. Прайшоў пэўны час, і былы вязень паціху супакоіўся, абвыкся і стаў, як усе, пасажырам. А душу перапаўняла пачуццё ўзнёсласці, вольнасці, якое драмала да гэтага часу дзесьці ўсярэдзіне, каля самага сэрца, і толькі сёння вольнай птушкай вырвалася вонкі, пасля таго як за спінай злавесна бразнулі замкамі вялізныя турэмныя дзверы ды знікла ў канцы вуліцы падобная да павука будыніна з іржавымі кратамі на вокнах.

Ляшкевіч пазіраў у акно і бесклапотна ўсміхаўся, калі раптам людскую гаману, грукаценне цягніка бы працяў пісклява-патрабавальны плач немаўляткі. Ляшкевіча скаланула, рука звыклым рухам міжволі намацала кішэню, дзе разам з пісьмамі, старанна загорнутымі ў цэлафан, ляжаў сынаў фотаздымак. Млява-радасна заныла сэрца, добрая цеплыня падступіла да горла, і Ляшкевіч з замілаваннем паглядзеў на жанчыну, якая ласкава туліла дзіця да грудзей і пяшчотна дакраналася вуснамі да шчок, лобіка, вочак, ажно пакуль малы не сцішыўся.

«Майму Андрэйку хутка споўніцца два гады», - падумаў Ляшкевіч і адразу ўявіў свой прыезд дадому, як падхопіць на рукі шчаслівага сына, а да пляча радасна прытуліцца ўсхваляваная Алеся. Не адну ноч ён пра гэта марыў, чакаў сустрэчы, жыў ёю, і вось нарэшце воля!..

- Грамадзянін! - раптам парушыў успаміны грубы мужчынскі голас. - Прад'явіце вашы дакументы.

Ляшкевіч ад нечаканасці скалануўся, слізгануў спалоханым позіркам па наглянцаваных ботах, шэрым шынялі, які быў падпяразаны новымі рыпучымі рамянямі, і па звычцы хуценька ўскочыў на ногі.

- Вось, грамадзянін начальнік, даведка, - паспешліва выцягнуў паперу Ляшкевіч і засяроджана знерухомеў, узіраючыся ў твар міліцыянера, сілячыся зразумець, чым выклікана праверка дакументаў.

Невялікага росту тоўсты старшына задаволена крактануў, неяк стомлена, паволі, усёмагутна-строгім позіркам агледзеў Ляшкевіча, залу чакання, мажная сківіца ганарліва тузанулася ўгору, плечы, жывот быццам сталі шырэйшымі. Усім выглядам міліцыянер паказваў, што і сапраўды ён тут самы вялікі начальнік.

- Та-а-ак, значыцца, адкінуўся? - расцягваючы кожнае слова, урэшце прагаварыў міліцыянер, і ў калючых шэрых вочках мільгануў нядобры агеньчык.

«Адкуль ён зваліўся на маю галаву?» - падумаў Ляшкевіч, а ўслых сцішана, але цвёрда адказаў:

- Мяне вызвалілі датэрмінова за прыкладныя паводзіны...

- У тых мясцінах твае паводзіны маглі быць і прыкладнымі, - жорстка перапыніў Ляшкевіча старшына, - а на волі даверу датэрміноўцам няма, яго трэба заслужыць.

- Дык я ж не злодзей, - пакрыўджана запярэчыў Ляшкевіч, - і пакараны быў за іншае...

- Для нас не мае значэння, за што сядзеў, гэта твае праблемы. Важна, што ты быў у «гаспадара»...

Міліцыянер грэбліва сунуў даведку ў рукі збянтэжанаму Ляшкевічу, паволі павярнуўся і, заклаўшы рукі за спіну, з годнасцю пасунуўся да выхаду, але праз некалькі крокаў спыніўся.

- Ты вось што, - непрыязна прагаварыў ён, - каб ніякіх праблем на вакзале не ствараў, лічы, што я афіцыйна цябе папярэдзіў. Мне добра вядомы ваш брат, не паспее гэткі датэрміновы з'явіцца, а ўжо зыркае, дзе што дрэнна ляжыць, мяне ж начальства за недагляд прэмій пазбаўляе...

Ляшкевіч адчуў, як скаланулася сэрца, як знікла бязмежная радасць, што некалькі хвілін таму перапаўняла яго, як паціху, крадучыся, бы звер, душу запаланіў смутак і боль. Ён разгублена паглядзеў на даведку аб вызваленні, на каржакаватую постаць міліцыянера і не зразумеў, чаму яго так абразілі. Хіба тэрмін, адбыты ў калоніі, нічога не значыць? Для чаго ж тады гэтая паперка, калі для міліцыянера ён усё роўна застаўся вязнем? Ляшкевіча перапаўняла жаданне дагнаць старшыну і запатрабаваць тлумачэнняў, але ў гэты момант чарга ў буфет заварушылася, пачуліся незадаволеныя крыкі, дзінькнула бітае шкло. З дзвярэй вышмыгнула буфетчыца ў рудым халаце, які быў калісьці белым, і, убачыўшы міліцыянера, кінулася да яго.

- Вася, памагай, тут хуліганнё абнаглела, кнігу скаргаў патрабуюць! - ухапіла яна старшыну за рукаў шыняля.

- Разбяромся! - юрліва ўсміхнуўся міліцыянер, быццам чакаў, калі буфетчыца звернецца да яго па дапамогу, і, тоячыся старонніх вачэй, ушчыкнуў жанчыну ніжэй спіны.

Ляшкевіч убачыў, як шчокі буфетчыцы запунсавеліся і яна нешта шэптам сказала міліцыянеру. Ад яе слоў той задаволена зарагатаў.

«Ну і казёл гэты Вася!» - у думках вылаяўся Ляшкевіч і, схаваўшы даведку ў кішэню, сеў на сваё месца.

 

2

 

Першая сустрэча з Алесяй адбылася за год да таго, як Ляшкевіч трапіў у турму. Тады ў яго, дваццацісямігадовага хлопца, нечакана памерла маці, і з усёй радні засталася толькі цётка Тэкля, стрыечная матчына сястра. Застаўшыся адзін, Ляшкевіч нечакана для сябе разгубіўся, ён толькі цяпер зразумеў, што ўсё жыццё жыў не разам з маці, а за яе спінай. Склалася так, што сяброў у Ляшкевіча не было, пра сям'ю ён ніколі не думаў, бо ўсе хатнія клопаты ляжалі на матчыных плячах, і яго задавальняла такое жыццё. Калі хто-небудзь з суседзяў цікавіўся, чаму ён не жэніцца, Ляшкевіч толькі пасміхаўся: «Што я вам дрэннага зрабіў? Мама ды я - лепшая сям'я!..»

З цёткай Тэкляй сустракаліся рэдка. Невялікага росту, рухавая, заўсёды ў пуховай шэрай хустцы, яна заходзіла на якое свята, частавала пляменніка цукеркамі ды заадно пераказвала якую плётку, пачутую на кірмашы, дзе мела аблюбаваны куточак і гандлявала вязанымі шапачкамі ды вясельнымі капялюшыкамі. Пасля матчынай смерці цётка Тэкля амаль кожны вечар пачала прыходзіць да Ляшкевіча, мітусілася, прыбіраючы кватэру, і безупынку гаманіла. Ён нават здзіўляўся, што пражыў ледзь не трыццаць год у доме і амаль не ведаў суседзяў, а цётка, бы прафесійны следчы, праз які тыдзень ужо ведала, што робіцца ў кожнай кватэры. Ад яе Ляшкевіч даведаўся, што Пятровічы з дзесятай кватэры амаль кожны дзень сварацца, бо Лідка залавіла свайго з палюбоўніцай і падала заяву на скасаванне шлюбу. Ён жа цяпер п'е і буяніць. А Дар'я-векавуха з восьмай кватэры зачынілася і тры дні носа на вуліцу не высоўвала. Бабы нават сваячніцы званілі, ці не здарылася чаго, усё ж не маладых гадоў чалавек, а цётка Тэкля ўжо шаптала пляменніку: «Нічога з дурніцай старой не сталася, жывая, а вось розуму Бог не даў. Гэта ж яна трэцяга дня заманіла ліверкай у кватэру сабаку, прафесарскага дога, якога вучоны чалавек, кажуць, ажно з Англіі прывёз. Дык яна гэтага кабяля заперла ў ваннай разам са сваёй дварняжкай, надумалася добрую пароду вывесці...» Ляшкевіч прывык да цёткі і нават сумаваў, калі яна не прыходзіла. Старая падабалася яму сваёй шчырасцю, вясёлым характарам, забаўляла гаворкай. На патэльню яна казала «скаравада», на рыбу - «кех» альбо «мінталь». Ляшкевіч часцяком кпіў з яе, але цётка не зважала на гэта. Беларускія, расейскія, украінскія, польскія і, відаць, прыдуманыя самой ды перакручаныя словы так і сыпаліся з яе нястомнага языка. «Кірмашная твая мова, цётка!» - пакепліваў іншы раз Ляшкевіч, з чым яна хуценька згаджалася: «Твая праўда, пляменнічак. Але ж так мяне лепш разумеюць на кірмашы, таму і тавар не залежваецца...»

Неяк увечары цётка завітала не адна, а з маладой, шыракатварай, бялявай дзяўчынай. Незнаёмка з галавы да пят акінула Ляшкевіча ўчэпістым позіркам, потым абышла кватэру, прыдзірліва агледзела ўсе пакоі, зазірнула нават пад ложак, правяла далонню па падаконні і, убачыўшы брудную ад пылу руку, незадаволена пахітала галавой. Ляшкевіч адчуваў сябе ніякавата, стаяў сярод пакоя, быццам на кірмашы. У гэты момант яму здалося, што яго прадаюць, як не надта хадавы тавар, і госця можа, як каню, паглядзець і ў зубы. Ляшкевіч пагрозліва зірнуў на незнаёмку і ўжо хацеў абурыцца яе нахабству, але яго апярэдзіла цётка.

- Ты ўжо, Іванка, не крыўдуй на мяне, старую дурніцу, - паспешліва загаварыла яна. - Гэта Алеся, дачка маёй даўняй знаёмай. Яна прыехала з вёскі, паступала ў інстытут, ды правалілася на ўступах.

Пачуўшы, што размова пра яе, госця спынілася і з выклікам паглядзела на Ляшкевіча.

- А мне што за справа? - непрыязна буркнуў Ляшкевіч.

- Вось я і захацела табе, пляменнічак, дапамагчы, - замітусілася цётка Тэкля, узяла ў рукі чамадан, які прынесла дзяўчына, і перасунула яго да буфета. - Алеся хоча застацца ў горадзе, знайсці работу, а да працы яна ахвочая, не якая-небудзь лайдачка з чырвонымі кіпцюрамі. А што ў інстытут не паступіла, дык мо і добра, не ўсім жа мець тую верхнюю адукацыю. Толькі жыць ёй няма дзе, я і падумала: хай бы ў цябе пабыла нейкі час за кватарантку...

У пакоі ўсталявалася цішыня. Па вуліцы з сірэнай пранеслася машына «хуткай дапамогі», у двары хтосьці апантана выбіваў дыван, і глухія ўдары рэхам аддаваліся ў пад'ездзе, у суседзяў за сцяной натужліва рыпала скрыпка, выціскаючы з сябе «Шэранькага козліка». Ляшкевіч уявіў сямігадовага суседа Міколку, які заўсёды важна праходзіў па вуліцы, асцярожна трымаючы ў руках футарал са скрыпкай.

- Яна і кватэру прыбярэ, і бялізну памые, - парушыла маўчанне цётка Тэкля, - бо не табе, хлопцу, гэтым займацца.

Ляшкевіч маўчаў. Ён нават уявіць не мог, што цётка прывядзе кватарантку, і цяпер, зразумеўшы, што старая не жартуе, думаў, як паступіць, што сказаць дзяўчыне. Ён ніколі не жыў з чужымі людзьмі, заўсёды побач была маці, а калі яе не стала - цётка. Калі б яшчэ хлопец, то ён пагадзіўся б, усё ж весялей, было б з кім пагаварыць, схадзіць на футбол...

- Я не набіваюся да вас у кватаранткі, - нечакана прыемным голасам прагаварыла госця. - Гэта цёця Тэкля настояла. Мне лепш было б у інтэрнаце, чым жыць у адной кватэры з хлопцам. Што людзі скажуць?

- Там лепш, дзе нас няма, - цяжка ўздыхнула цётка Тэкля. - Маладая ты, жыцця не ведаеш, пачакай, свая вош укусіць - не так запяеш!

Госця прамаўчала, толькі незадаволена перасмыкнула плячыма і падышла да ўмывальніка, прыдзірліва агледзела кран, ракавіну.

- Вада што, і гарачая ёсць? - спытала яна і хуценька адкруціла абодва кранікі.

У кватэры адразу загуло, ад непамернага ціску вады трубы затрымцелі, у іх нешта затахкала, загірчэла. Дзяўчына пужліва адхілілася і схавала рукі за спіну.

- Ёсць, дзетачка, усялякая вада, - хітравата ўсміхнулася цётка Тэкля, закруціла кранікі і, крыху памаўчаўшы, спагадліва дадала: - А труб гэтых не пужайся, прывыкнеш. Вядома, дом стары, праз год ці два пойдзе на знос, таму і рамонту аніякага не робіцца. А праз гэта і гудзе, і калоціцца, і трымаецца жалеззе, як людзі кажуць, на адным чэсным слове...

Ляшкевіч разумеў, што трэба рашаць. Ён бачыў, што госця хвалюецца, што яе строгасць напускная, цётка Тэкля таксама кідала нецярплівыя позіркі на пляменніка.

- Цёця, - нарэшце выціснуў з сябе Ляшкевіч, - хай будзе, як вы вырашылі.

- Правільна, Іван, - з палёгкай уздыхнула старая, - ты не пашкадуеш, яшчэ будзеш удзячны.

З першай сустрэчы Ляшкевіча і Алесі мінуў тыдзень. Бачыліся яны рэдка, наўмысна ўнікалі сустрэч, стараліся не назаляць адно аднаму. Ляшкевіч паводзіў сябе так, быццам не заўважаў кватарантку, рабіў выгляд, што яму ўсё роўна, хто з ім жыве ў кватэры. Вечарамі часцяком прыходзіў на падпітку і да ночы глядзеў тэлевізар, іншым разам так і засынаў у крэсле.

Нечакана для абаіх лёд у іх адносінах растаў. Быў выхадны дзень, і Алеся папрасіла Ляшкевіча прыладзіць да дзвярэй замок. Ляшкевіч моўчкі ўзяўся за справу, але калі вялікі чорны замок з бліскучай сярэдзінай павіс на дзвярах Алесінага пакоя, у душу закралася пачуццё няўтульнасці. Здалося, што чорны маўчун не толькі сцеражэ дзверы, але і сочыць за кожным ягоным крокам.

Ляшкевіч не вытрымаў і, жартуючы, спытаў:

- Што за сакрэты ў тваім пакоі? Мо хаваеш золата ці брыльянты?

- Мне не да жартаў, - праціраючы анучай замок, уздыхнула Алеся і з выклікам паглядзела на Ляшкевіча. - Вы кожны дзень прыходзіце дадому на падпітку, і я вымушана перасцерагаццца... Адзін бог ведае, пра што думае п'яны. Хто мяне абароніць, калі што якое?

Ляшкевіч вымушана засмяяўся, але на душы зрабілася пагана, сэрца атуліў непрыемны халадок. Ён не чакаў пачуць ад дзяўчыны такія словы, нават і ў думках не было, што сваімі паводзінамі ён можа яе палохаць. Ляшкевіч уважліва паглядзеў кватарантцы ў вочы, спадзеючыся ўбачыць жартаўлівыя агеньчыкі, але Алеся не адвяла позірку, прыкусіўшы ніжнюю губу, яна насцярожана сачыла за ім, гатовая ў любы момант да рашучых дзеянняў. Ляшкевіч хацеў сказаць у сваё апраўданне, што ёй няма чаго баяцца, што ў яго нават у думках не было, каб пакрыўдзіць яе, але прамаўчаў. Ён асцярожна зачыніў дзверы Алесінага пакоя і пайшоў да сябе.

Пасля той размовы Ляшкевіч усё часцей лавіў сябе на тым, што прыязна думае пра дзяўчыну. Ён неяк унутрана падабраўся, пачаў пазбягаць сустрэч з сабутэльнікамі, кожны дзень са стоеным нецярпеннем чакаў вечара і спяшаўся дадому. Яму хацелася бачыць Алесю, гаварыць з ёй. Калі раней наіўная вясковая разважлівасць, з якой дзяўчына ставілася да жыцця, нервавала Ляшкевіча, то цяпер выклікала добрыя пачуцці, ён наперад гатовы быў пагадзіцца з усім, што б яна ні гаварыла.

Алеся заўважыла гэтыя перамены. Ёй і падабалася тое, што Ляшкевіч замілавана пазірае на яе, і адначасова палохала, бо хлопец, такі непрыстасаваны да жыцця, акрамя жалю, спачування, пакуль што ніякіх іншых пачуццяў не выклікаў.

Алеся ўладкавалася працаваць побач з домам, у сталоўку пасудамыйшчыцай. Заўважыўшы, што Ляшкевіч раніцай галодны бяжыць на працу, пачала рыхтаваць сняданкі на дваіх. Ён моўчкі прыняў гэты клопат, і цяпер ужо хатняя гаспадарка ляжала на Алесіных плячах. Праўда, калі Ляшкевіч атрымаў грошы, то трэць аддаў ёй «за сняданкі» і запрасіў павячэраць у рэстаран. Алеся ад рэстарана адмовілася, але пайшла з ім у кіно, на апошні сеанс.

Раз, а калі і двойчы на месяц, часцей у выхадныя, прыязджала Алесіна маці. У гэтыя дні ў кватэры было як на кірмашы: сноўдалі туды-сюды незнаёмыя заклапочаныя жанчыны, шапталіся ў Алесіным пакоі, а здаралася, што і сварыліся. Усе яны нешта прыносілі ў цяжкіх вандзэлках для Ніны Мацвееўны (так звалі Алесіну маці), а забіралі адно: казіны пух. У гэтыя дні прыходзіла і цётка Тэкля. Жанчыны цалаваліся, выпівалі за сустрэчу па чарцы віна і гаманілі да самай ночы. Ляшкевіч ведаў, што з таго часу, як у яго жыве Алеся, цётка Тэкля свае пуховыя капялюшыкі вяжа з дармавога казінага пуху.

Неяк, пасля чарговага прыезду Ніны Мацвееўны, з дзвярэй знік замок.

- Хопіць табе і засоўкі, - старанна абгарнуўшы газетай «жалезнага вартаўніка», гучна, каб пачуў Ляшкевіч, прамовіла Алесіна маці. - На вёсцы ён больш патрэбны, дый няма табе, дачушка, ад каго хавацца, Іванка хлопец добры, не пакрыўдзіць.

Тым вечарам цётка Тэкля шапталася з Нінай Мацвееўнай пазней, як звычайна. Некалькі разоў з пакоя выбягала расчырванелая, усхваляваная Алеся, кідала на Ляшкевіча збянтэжаныя позіркі, нешта перастаўляла на кухні з месца на месца і зноў знікала за дзвярыма. Пра што паміж жанчынамі ішла гаворка, Ляшкевіч так і не даведаўся. Праз колькі дзён яму кінулася ў вочы, што Алеся неяк па-іншаму, мо з большым даверам і прыхільнасцю пазірае на яго і дзверы ў свой пакойчык больш не замыкае.

 

3

 

На пачатку вясны нечакана памерла цётка Тэкля. Як сядзела ў крэсле з вязальнымі спіцамі ў руках, нешта вяжучы, так і засталася - спынілася сэрца. Ляшкевіч балюча перажываў смерць цёткі. Алеся ў гэтыя дні была побач, старалася ва ўсім дагадзіць, спачувала, частку клопату па пахаванні ўзяла на сябе. Шчырасць дзяўчыны кранула Ляшкевіча: калі дамавіну з нябожчыцай апускалі ў зямлю, Алеся страціла прытомнасць. У той момант ён раптам падумаў, што павінен ажаніцца з Алесяй, адчуў, што не можа без яе жыць. Калі ехалі дадому, Ляшкевіч прапанаваў Алесі выйсці за яго замуж.

Нешта змянілася і ў самой Алесі, ёй пасавала Ляшкевічава зычлівасць, сціпласць. Яна разумела, што ён будзе добрым мужам, чулым бацькам, але яна марыла аб шэкспіраўскім каханні, як у Рамэо з Джульетай. Яна не магла нават уявіць сябе жонкай гэтага хударлявага, сутулаватага хлопца, але і не адмовіла, папрасіла некалькі месяцаў пачакаць.

Змены паміж Ляшкевічам і Алесяй адразу заўважылі суседзі. Яны даўно лічылі Іванаву жаніцьбу з кватаранткай непазбежнай і цяпер пры сустрэчы раілі, як лепей справіць вяселле. Гэтыя парады бянтэжылі Ляшкевіча, а Алесіны паводзіны зусім здзіўлялі. Здаралася, што яна гадзінамі без перадыху гаманіла пра ўсё на свеце, а іншым разам змаўкала - слова абцугамі не выцягнеш. У гэткія хвіліны Ляшкевіч стараўся не турбаваць дзяўчыну, ведаў: калі Алеся зазлуе, то ні з кім не размаўляе. Яна садзілася ў крэсла ля тэлевізара, накрывалася коўдрай і толькі зрэдку панура зыркала на Ляшкевіча, бы ён быў перад ёй вінаваты. Такія Алесіны паводзіны выбівалі з каляіны, мроіліся розныя здагадкі, нечакана з'явілася рэўнасць. Як і калі гэтае шчымлівае пачуццё ўпершыню закралася ў душу, Ляшкевіч не ведаў, ён не адказаў бы і сабе - з'явілася, і ўсё тут, балючай стрэмкай упілося ў сэрца.

Ляшкевіч не прыспешваў Алесю, не назаляў пытаннямі, ён моўчкі чакаў, калі яна пагодзіцца на шлюб. І нарэшце, пасля чарговага прыезду Ніны Мацвееўны, Алеся згадзілася стаць ягонай жонкай. Адразу Ляшкевічавы сумненні, хваляванні зніклі, саступілі месца бязмежнай радасці, ад якой хлопец пачуваў сябе на сёмым небе. З гэтага дня яны пачалі жыць, як муж з жонкай, і паспешліва рыхтавацца да вяселля. Ляшкевіч, каб менш траціць часу на пераезды ў грамадскім транспарце, выцягнуў з падвальнага сутарэння зламаны матацыкл, адрамантаваў яго і цяпер фарсіста выязджаў з двара, ведаючы, што Алеся за ім назірае.

Неяк раніцай, познячыся на працу, Ляшкевіч весела ўсміхнуўся Алесі, якая глядзела на яго з расчыненага акна, і хвацка выруліў на вуліцу. Радасць перапаўняла хлопца, у яго была каханая, і ад гэтага пачуцця хацелася ляцець птушкай... Паслухмяная «Ява» і сапраўды, бы на крылах, несла свайго гаспадара. Нечакана з завулка на дарогу выехаў хлопчык-веласіпедыст... Блакітнае неба, гмахі дамоў, вершаліны дрэў перамяшаліся ў Ляшкевічавых вачах у адно цэлае, незразумелае, быццам кінастужка, пракручаная ў дваццаць разоў хутчэй. Ён на нейкі час страціў прытомнасць, а калі зноў расплюшчыў вочы, то ўбачыў людзей, якія запаволена хадзілі каля яго, крычалі, трэслі за плечы. Ён нічога не чуў, цішыня праглынула яго, толькі незнаёмыя твары нахіляліся над ім і нешта крычалі. Ляшкевіч не мог уцяміць, што ад яго хочуць, чаго ён сядзіць на асфальце сярод дарогі. Калі доктар перабінтаваў руку і зрабіў у плячо ўкол, туман з вачэй неяк раптам знік, у галаве праяснілася, і да Ляшкевіча дайшоў сэнс усяго, што з ім здарылася. Ён бачыў, як мітусліва засоўвалі насілкі з хлопчыкам у машыну «хуткай дапамогі», як міліцыянер нешта няспешна замяраў на асфальце, фатаграфаваў, і адчайны крык міжволі вырваўся з грудзей...

На суд Алеся не пайшла. Ляшкевіч невідушча глядзеў на суддзю, пракурора, адваката і ніяк не мог паверыць, што судзяць яго. Здавалася, гэта насланнё, сон, які вось-вось скончыцца, а ўсе думкі былі скіраваны да Алесі: «Чаму не прыйшла, што за прычына?»

Пасля суда час для Ляшкевіча быццам спыніўся. Ён пакутаваў ад таго, што Алеся маўчыць, не адказвае на ягоныя пісьмы, але дзесьці месяцы праз тры нарэшце атрымаў ад яе паштоўку.

«Любы Янка, - пісала Алеся, - прабач, што не змагла прысутнічаць на судзе, не хапіла сілы ўсё бачыць і чуць. Спярша думала, што суд цябе абароніць, усё ж веласіпедыст таксама вінаваты... Толькі склалася не так, нас разлучылі, і менавіта праз гэта я зразумела, што кахаю цябе... Мы павінны быць разам».

Ляшкевіч акрыяў, быццам нанава нарадзіўся на свет, куды падзелася ўпартая абыякавасць да жыцця ў няволі. Ён адпісаў Алесі, а праз тыдзень зноў атрымаў паштоўку. На гэты раз яна прызнавалася, што цяжарная і не ведае, як быць, што рабіць, бо ён, бацька дзіцяці, пазбаўлены волі, а яна яму ніхто, проста кватарантка.

Ляшкевіч адразу, як толькі начальства дало згоду на шлюб, распісаўся з Алесяй. Не было на вяселлі аркестра, не стралялі шампанскім госці, два канваіры былі за сведак, ніхто не крычаў «горка», але Ляшкевіч пачуваў сябе самым шчаслівым чалавекам. «Не бяда, - супакойваў ён жонку, - адсяджу свае чатыры гады і вярнуся, гэта ж не на ўсё жыццё, галоўнае, што цяпер у мяне ёсць ты...»

 

4

 

- Гэй, датэрміновец, ты яшчэ нічога не сцібрыў?

Перад Ляшкевічам зноў стаяў старшына. Ён па звычцы тузануўся, сілячыся стаць, як патрабавалі ТАМ, але, зірнуўшы ў самазадаволены міліцыянераў твар, зразумеў, што старшына наўмысна чэпіцца да яго, хоча паказаць сваю ўладу над ім, прынізіць у вачах прысутных на вакзале пасажыраў. Ляшкевічам пачало авалодваць пачуццё злосці, нават пагарды, і ён застаўся сядзець.

- А што, у вас ёсць да мяне пытанні? - паволі закінуўшы нагу на нагу, з выклікам працадзіў скрозь зубы Ляшкевіч. - А мо не знайшлася кніга скаргаў і падазрэнне ў злачынстве пала на мяне?

- Не лезь у бутэльку! - паспрабаваў перапыніць Ляшкевіча міліцыянер.

- Па-першае, чаму на «ты»? Хіба вас не вучылі размаўляць з незнаёмымі? - працягваў Ляшкевіч, не звяртаючы ўвагі на тое, як пагрозліва зазвінеў голас міліцыянера. - А па-другое, ці не буфетчыца накіравала сюды? «Вунь, Вася, зэк, хапай яго, ён мечаны! Калі нічога не сцібрыў, дык не вер, ён наўмысна тут сядзіць, прыглядаецца...» Толькі я цяпер вольны чалавек і маю права...

- Ты, зэкаўская морда, ніякіх правоў не маеш! - ускіпеў міліцыянер. - І я мушу цябе правучыць...

- Мае паперы ў поўным парадку, я нічога не парушаў! - ускочыў на ногі Ляшкевіч.

На міліцыянеравым твары мільганула нядобрая ўсмешка, і старшына ўзяў пад казырок.

- Грамадзянін, прашу прайсці ў аддзяленне!

Ляшкевіч разгублена зірнуў на гадзіннік. Праз дваццаць хвілін адыходзіў цягнік на Менск, і ён у душы ўжо дакараў сябе за нястрыманасць, разумеў, што гэты служка зробіць усё, каб нечым нашкодзіць.

Старшына адчуў сваю перавагу і, не тоячы радасці, з начальніцкай ноткай у голасе дадаў:

- Прашу прайсці ў аддзяленне для высвятлення асобы!

Ад гэтай міліцэйскай радасці на Ляшкевіча павеяла трывогай і магчымымі непрыемнасцямі.

У дзяжурцы было не прадыхнуць ад цыгарэтнага дыму. За доўгім абшарпаным сталом сядзелі два міліцыянеры, адзін, старэйшы, у капітанскіх пагонах, схіліў сваю сівую галаву, разглядаючы нейкі часопіс, другі - малодшы сяржант, размаўляў па тэлефоне.

Ляшкевіч спыніўся сярод пакоя, куды яго падштурхнуў старшына, агледзеўся. У кутку за агароджай сядзеў, абхапіўшы галаву рукамі, яшчэ адзін чалавек, напэўна, затрыманы, і п'яна мармытаў штосьці невыразнае.

- Вось, таварыш капітан, нейкі падазроны тып боўтаецца па вакзале, трэба высветліць, што за птушка, не выкінуў бы якіх конікаў.

- Ды што тут высвятляць?! - узбуджана ўскрыкнуў Ляшкевіч і наблізіўся да стала. - Вось, - паклаў ён перад капітанам сваю даведку, - тут усё дакладна напісана, што я за птушка, што за звер. Няўжо трэба хапаць і цягнуць сюды? Я ж паказваў гэтыя паперы старшыне, але ён прыляпіўся, бы ліст у лазні...

- Як гэта прыляпіўся? - на твары ў капітана з'явілася незадаволенасць. Ён уважліва прачытаў даведку і звярнуўся да старшыны: - Кабанаў, вы чыталі даведку аб вызваленні?

- Ну, чытаў, - насцярожыўся старшына і, пераступіўшы з нагі на нагу, па-дзіцячы шморгнуў носам, - мала чаго там панапішуць! Ён жа зэк, таму і прывёў, для прафілактыкі: калі што і вытварыць, дык ніхто не скажа, што я страціў пільнасць на службе...

- Ваша стараннасць добра вядомая, - перапыніў старшыну капітан. - Вось што, Ляшкевіч, бярыце свае паперы і едзьце дадому, пытанняў да вас больш няма, а вы, Кабанаў, пачакайце, пагаварыць трэба.

Зачыняючы дзверы, Ляшкевіч пачуў узбуджаны капітанаў голас і зразумеў, што той дае дусту старшыне. На душы адразу неяк паспакайнела, кудысьці знікла злосць на міліцыю.

Перон падобны да мурашніка. Сноўдаюць заклапочаныя людзі, хто цягне цяжкія чамаданы, хто шпацыруе з лёгкім дыпламатам, хтосьці толькі прыехаў і цяпер спяшаецца стаць у чаргу на таксі, а нехта чакае патрэбны цягнік ці электрычку. Апошнія больш прыкметныя, і калі прыглядзецца пільна, здаецца, што яны ніколі ў жыцці не займаліся больш спешнай справай, чым цяпер, бо ўвесь час заклапочана пазіраюць на гадзіннікі. Жыццё ідзе сваім ходам, і нікому няма аніякай справы да дрэнна апранутага даўгалыгага хлопца.

Нечакана з-за павароткі паволі выплыў цягнік, пачуўся мерны рытм работы дызеля, гул з кожнай хвілінай нарастаў, мацнеў, і ў нейкі момант вакзальнае шматгалоссе раптам растварылася ў ім, падпарадкавалася жалезнай махіне. Цягнік цяжка прачухаў каля Ляшкевіча і, незадаволена скрыгатнуўшы вялізнымі коламі, ажно іскры веерам сыпанулі з-пад іх, спыніўся. Патыхнула гарачым мазутам, спецыфічным, характэрным толькі для цягніка духам, і напружаная, да піску ў вушах, цішыня ўсяго на хвіліну ўсталявалася на вакзале. Ляшкевіч замітусіўся, нешта невядомае падштурхвала ў плечы, ён спяшаўся хутчэй пакінуць вакзал, гэты шэры гарадок, быццам яны вінаватыя ў ягоных няшчасцях. Ён верыў, што наперадзе яго чакае толькі добрае, там, удалечыні, шчасце, там Алеся і сын...

Але не паспеў ён уладкавацца, як у дзвярах плацкартнага купэ, бы з-пад зямлі, з'явіўся старшына Кабанаў. Неўсвядомленая трывога ўскалыхнула пачуцці, разам з'явілася няўпэўненасць, нейкае бязволле і разгубленасць наваліліся на Ляшкевіча. Ён зірнуў у міліцыянеравы зласлівыя вочкі-калючкі і зразумеў, што той гатовы да самых рашучых дзеянняў.

- Вы, таварышы, - звярнуўся Кабанаў да пасажыраў і грэбліва кіўнуў на Ляшкевіча, - прыглядзіце за стрыжаным. - Міліцыянер зрабіў паўзу, шматзначна кашлянуў у кулак і дадаў: - Яго толькі што адпусцілі з турмы, і аднаму Богу вядома, што ў чалавека ў галаве...

Старшына змоўк, відавочна, чакаючы ўдзячнасці ад пасажыраў, але ўсе маўчалі. Жанчына, што сядзела ля акна, машынальна паправіла прычоску і, не зважаючы на прысутных, накіравалася да выхада. Кабанаў паспешліва саступіў ёй дарогу і, нервова перасмыкнуўшы плячыма, незадаволена прагундосіў:

- Так што, таварышы-грамадзяне, пільнуйце свае рэчы, ведайце, хто побач...

Пасля ўсяго, што нагаварыў старшына, Ляшкевіч адчуваў на сабе пільныя, насцярожаныя позіркі. Яму не хацелася нікому нічога распавядаць, не хацелася апраўдвацца. Кінуўшы на верхняе месца скручаны матрац, Ляшкевіч, не распранаючыся, выйшаў у тамбур.

Цягнік ужо набіраў хуткасць і цяпер імчаў сярод старога лесу, які на адвячорку выглядаў нейкім няўтульным, халодным, сырым, але Ляшкевічу было прыемна глядзець на векавыя каржакаватыя дрэвы, на стромкія сосны, якія шатамі амаль датыкаліся да аблокаў і, здавалася, спрабавалі іх разагнаць, развеяць па небе. А чорныя цяжкія хмары з кожным парывам ветру ішлі ў наступ, пагражаючы халодным дажджом ці вільготным балючым градам. Калі ўдзень адчуваўся подых вясны, дык цяпер было падобна на запозненую восень. Змрок хутка паглынаў наваколле, і здавалася, што ён асцярожна выпаўзае з лесу, які яшчэ не прачнуўся пасля зімовага сну. Вось ён раз, другі датыкнуўся да цягніка, быццам шукаючы слабое месца ў гэтай жалезнай махіне, каб потым разам наваліцца і праглынуць. Ужо цяжка разгледзець што-небудзь за акном, акрамя белага, як вата, туману. Раптам цягнік вырваўся з палону: лес скончыўся, а разам адступіў і ліпучы халодны туман. Цяпер цягнік імчаў цераз вялізнае поле, на якім лапікамі, асабліва ў нізоўях, бялеліся бруднаватыя плямы падталага снегу, дзе-нідзе блішчэлі лужыны, у якіх, бы ў люстэрку, адбівалася хмарнае неба, рэдкія кусты. Ляшкевічу здалося, што гэта і не кусты зусім, а нейкія казачныя істоты выйшлі на поле падзівіцца адно аднаму ці напалохаць чалавека, які познім часам мог тут прайсці. Вунь той, што на ўскрайку, вельмі падобны да хаткі на курыных ножках, а калі зірнуць крышачку ўправа, натыкнешся на вялікага калматага мядзведзя, што стаіць на задніх лапах, а яшчэ далей казачны палац. Усярэдзіне раптам заіскрыўся вясёлы агеньчык. Ляшкевіч ад нечаканасці нават адхіснуўся ад акна, але ў наступны момант зразумеў, што там, удалечыні, за полем, прытулілася да лесу вёсачка і ў адной з яе хатак запалілі святло. Агеньчык весела мільгацеў пасярод куста-палаца, прыцягваў думкі, парушаў спакой. Ляшкевіч уявіў, што ў хаце сабралася сям'я і гаспадыня, чамусьці вельмі падобная да ягонай Алесі, гатуе вячэру, а бацька дапамагае дачцэ ці сыну рашаць мудрагелістую задачку па матэматыцы. У хаце смачна казыча ў носе наварыстым супам, і, можа, у гэты самы момант усе адкінулі свае справы і прыслухоўваюцца да грукату цягніка, які нагадвае невядомым Ляшкевічу людзям нешта сваё, прыемнае ці благое.

Вось далёкі агеньчык мільгануў раз-другі і назаўсёды знік за вялізным курганам, у аб'езд якога імчаў цягнік, і было шкода развітвацца з той прыдуманай хаткай... А мо і не хатка там была, а слуп на старым гасцінцы. І матляецца на ім адзінокая лямпачка, калі і перагарыць, ніхто не зверне ўвагі... А мо і наадварот, лямпачка адна на ўсё наваколле, яна быццам маяк сярод глухамані - свеціць, і ніхто не губляе дарогі...

Ужо зусім сцямнела, калі Ляшкевіч вярнуўся ў купэ. У прыцемку распрануўся, увішна падцягнуўся на руках, спрытна кінуў мускулістае цела на чыстыя прасціны.

Ляшкевіч не заўважыў, як заснуў. Сон быў падобны на нейкае забыццё, ён кожную хвіліну памятаў, што едзе ў цягніку, на прыпынках чакаў, калі зноў затахкаюць колы, захістаецца вагон. Раней, у зоне, снілася воля, а цяпер, наадварот, прыснілася турма. Вось ён стаіць у калоне, і начальнік зачытвае прысуд: каму за розныя парушэнні ўнутранага распарадку адмоўлена ў датэрміновым вызваленні. Пачуўшы сваё прозвішча, Ляшкевіч не можа стрымацца і крычыць: «Няпраўда! Мяне суд вызваліў!..» «Нам суд не ўказ, - абураецца начальнік турмы, - я сам ведаю, каго вызваляць!.. І наогул, маўчаць у страі, смірна!..»

Ляшкевіч усхапіўся і не адразу ўцяміў, дзе ён. Гулка калацілася сэрца, цягнік стаяў. З ярка асветленага перона невядомага прыпынку данеслася каманда: «Станавіся! Раўняйсь! Смірна!..»

«Ага, вось адкуль гэтае насланнё», - Ляшкевіч нахіліўся і зірнуў у акно. Супроць стаяла купка падстрыжаных пад нуль юнакоў з рэчмяшкамі за плячыма, якія, не зважаючы на сталага прапаршчыка ў лётчыцкай форме, весела гаманілі. Зводдаль, ля вакзальнага будынка, бы пчаліны рой, гудзеў натоўп праважатых, хто спяваў, хто кружыўся ў танцы, а жанчыны прыціскалі насоўкі да вачэй. Было чуваць, як надрыўна скуголіць гармонік.

- Напра-а-ва! У вагон семнаццаць шагам марш! - камандуе прапаршчык.

Хлопцы неахвотна крутнуліся і, не трымаючы нагу, уразнабой пакрочылі пад гукі марша, які старанна выводзіў п'яны гарманіст. Вагон тузануўся і паплыў, развітальна мільганулі ліхтары на ўскрайку станцыі. Праз некалькі хвілін халодная начная цемра праглынула ўсё наўкол. Ляшкевіч захінуў фіранку, уладкаваўся зручней і, у чаканні сну, заплюшчыў вочы. Раптам цішыню парушыў жаночы голас:

- Усёй вёскай, як гэтых хлопцаў, праважалі і майго сыночка, а цяпер еду па яго, прывезлі з Афганістана... - голас задрыжаў і гэтак жа раптоўна сціх.

- Вы паплачце, верце, стане лягчэй... - прагаварыў мужчынскі голас.

Жанчына нічога не адказала, яна, здавалася, нават не чула суразмоўніка, бо праз якую хвіліну працягвала сваё:

- А я ж чакала сыночка, і новы гарнітур справіла, і модныя бялюсенькія красовачкі... а мой ты сыночак родненькі!..

- У мяне ёсць валідол, можа, возьмеце таблетку?

- Ды я ўжо наглыталася розных лекаў, аж моташна, мо ад іх і слёз няма.

- Гаварыце пра ўсё, лягчэй стане.

- Мне цяпер усё адно, што гаварыць, што плакаць, а сыночка няма, і нічым яго не падымеш... Мой бацька ў мінулую вайну загінуў, дык пасля яго мы з братам засталіся. Цяжка было, хапіла ліха, але маці нас падняла на ногі, выгадавала. А Віталік нічога ў жыцці не паспеў, хто ж яго ўспомніць пасля мяне?

Жанчына ўсхліпнула, цяжка ўздыхнула і сцішылася. Дзінькалі парожнія шклянкі з-пад гарбаты, што звечара засталіся на століку, ды колы, як здалося Ляшкевічу, адстуквалі цяпер адно, у Аф-га-ніс-та-не...

 

5

 

Ляшкевіч з хваляваннем і нават невядомым страхам агледзеў новы дзевяціпавярховы гмах, які паўколам адгарадзіў двор ад вуліцы і быў падобны да велізарнай птушкі, што сваімі крыламі захінула птушанят ад сцюдзёнага ветру. Нейкая няўтульнасць адчувалася ў незнаёмым, неабжытым двары, і здавалася, што будоўля яшчэ не скончана, а толькі прыпынена на нейкі час. На трэцім паверсе, прама над пад'ездам, высунуўшы пысу ў шчыліну, на балконе жалобна віскатаў невялікі калматы пудзель, быццам скардзіўся некаму на гаспадара, які яго, кватэрнага пестуна, зачыніў на холадзе.

Ляшкевіч намацаў у кішэні ключ, некалі пры спатканні пакінуты Алесяй, і рашуча ўвайшоў у пад'езд. Ля дзвярэй сваёй кватэры спыніўся, перавёў дыханне і ўжо хацеў адамкнуць замок, але перадумаў, вырашыў спярша пазваніць, раптам сын дзесьці паблізу і спалохаецца, убачыўшы незнаёмага. Ляшкевіч дрыготкай ад хвалявання рукой націснуў на чырвоную кнопку, і адразу за дзвярыма зайшоўся пералівісты званок. Да дзвярэй ніхто не падыходзіў. Націснуўшы кнопку яшчэ некалькі разоў запар, Ляшкевіч адамкнуў дзверы і пераступіў парог новай кватэры, дзе цяпер было ягонае жытло. Не распранаючыся, пахадзіў, шукаючы што-небудзь са старой мэблі, але нічога знаёмага на вочы не трапілася. Усё было новае, падкрэслена прыгожае, толькі Ляшкевіч не адчуў той шчымлівай утульнасці, якая грэла душу ў старой кватэры.

«Мэбля вельмі шыкоўная, дарагая, - думаў Ляшкевіч, разглядаючы секцыю. - Адкуль у Алесі такія грошы? Можа, пастаралася для дачкі і ўнука спрытная цешча?»

- Вось я і дома, - уголас прамовіў Ляшкевіч і здрыгануўся, бо на душы не было жаданага спакою, наадварот, затрымцела недзе ўсярэдзіне нядобрае прадчуванне.

Ён засноўдаў па пакоях, сілячыся зразумець, адкуль гэтая трывога, і раптам уцяміў: у кватэры нічога не нагадвала пра сына! Не было відаць цацак, не было таго бязладдзя, што заўсёды там, дзе ёсць малыя. Мусіць, Алеся адвезла сына да бацькоў: як тут гадаваць дзіця і працаваць без дапамогі? А там чыстае паветра, малако і дагляд лепшы, чым у яслях, усё ж родныя людзі. Гэтыя думкі суцешылі, але для сябе Ляшкевіч вырашыў, што калі сын у цешчы, то адразу паедзе і прывязе Андрэйку дадому, ім трэба жыць разам.

Роздум парушыў шум у калідоры. Ляшкевіч пачуў, як шчоўкнуў замок, запалілі святло. Ён кінуўся да дзвярэй, але не паспеў зрабіць і двух крокаў, як перад ім з'явілася Алеся.

- Ты?! - спалохана ўсклікнула жонка, і з яе рук на падлогу вываліўся цэлафанавы пакет, задзінькала шкло.

- Я.

Радасць у гэты момант перапоўніла Ляшкевіча, ён кінуўся да жонкі і моцна прытуліў да грудзей.

- Чаму не папярэдзіў? Я падрыхтавалася б, - спрабуючы вызваліцца з абдымкаў, прашаптала Алеся.

- Лішні клопат, - цалуючы жонку, выдыхнуў Ляшкевіч і адчуў, як яе цела здрыганулася, напружылася.

- Не трэба, Ваня, адпусці, - узмалілася Алеся. - Ты ж, мабыць, галодны...

Недзе ўсярэдзіне, пад сэрцам, у Ляшкевіча варухнулася крыўда: гэтулькі часу не бачыліся, а яна не прымае ягонай пяшчоты, нечым заклапочана. «А мо гэта толькі здалося? Мо яна саромеецца? Усё ж не дзень і не два праляцелі...» Ён адступіў ад жонкі і, не выпускаючы з абдымкаў, занепакоена паглядзеў у вочы.

- А дзе ж наш сынок?

Алеся рашуча адпіхнула ад сябе Ляшкевіча і, не адказваючы, пайшла на кухню.

- Што маўчыш? - пасунуўся следам Ляшкевіч. - Андрэйка дзе, у вёсцы?

- Так, у бацькоў, - стрымана, унікаючы мужавых позіркаў, адказала Алеся і адразу замітусілася, ухапіла нож і пачала абіраць бульбу.

Ляшкевіч быў надта ўзбуджаны, каб заўважыць, што нешта не тое творыцца з жонкай. Відавочна, яна была ўсхвалявана, але не адчувалася радасці, той глыбокай пяшчоты, якая перапаўняла ягоную душу.

Ён абняў Алесю за плечы і, цалуючы ў шыю, прашаптаў:

- На вёсцы, канечне, лепей, толькі нам цяпер трэба жыць разам.

Алесіна цела неяк раптам абмякла, яна пахіснулася, і Ляшкевіч успрыняў гэта па-свойму. Ён мацней прытуліў жонку да сябе, мяккія, пахучыя валасы прыемна казыталі твар, шыю, напаўнялі ўсяго пяшчотай, млява-радасна заныла сэрца.

- Не трэба, Іван, - узмалілася Алеся.

- Любая, я чакаў гэтай хвіліны, здаецца, усё жыццё, - цалуючы жонку ў вусны, выдыхнуў Ляшкевіч і нечакана для яе выхапіў з рук нож, напалову абабраную бульбіну, кінуў у вядро. Потым надзвычай лёгка падхапіў мажную Алесю на рукі і, не зважаючы на мальбу адпусціць, панёс у спальню.

Ён, спяшаючыся, дрыготкімі ад узбуджанасці пальцамі расшпільваў гузікі на кофце і ўвесь час цалаваў Алесю, не даючы нічога сказаць. Усё перажытае, усё кепскае, што было раней, адкацілася прэч, толькі парыў, выбух устрывожаных пачуццяў прыемна пёк сэрца, добрая цеплыня шырылася, пакуль не ахапіла яго, на нейкі момант здалося, што ён правальваецца ў іншы, фантастычна-казачны свет...

Апрытомнеў Ляшкевіч ад моцнага штуршка ў грудзі, ад якога аж зваліўся з канапы. І тут яго бы токам апякло: «У Алесі хтосьці ёсць...» Ад гэтай думкі аж пацямнела ўваччу, нядобрае прадчуванне сцяла горла, ён з цяжкасцю стрымаў сябе, не даў выйсця хвіліннаму гневу.

Ляшкевіч стаў на ногі і, няспешна зашпільваючы кашулю, апалым, дрыготкім голасам прагаварыў:

- Цяпер бачу тваю радасць. Мо ўсё ж растлумачыш, у чым я вінаваты?

Алеся паспешліва падышла да стала, нервова тузанула шуфлядку і дастала пачак цыгарэт.

- Ты курыш? - аслупянеў Ляшкевіч.

Яна моўчкі, быццам пыталіся не ў яе, прыкурыла цыгарэту ад зграбнай газнічкі, зрабіла некалькі зацяжак і, не зважаючы на расшпіленую кофту, крутанулася да Ляшкевіча. Ён аж здрыгануўся ад нечаканасці: перад ім была зусім невядомая жанчына. Чужы суровы твар, напружаныя, ссунутыя да пераносся бровы, халодны бляск бязлітасных вачэй нічым не нагадвалі жонку.

- Я хацела табе адразу сказаць, а ты ліпнеш, мо пасля і не зірнеш на мяне...

- У цябе хтосьці ёсць? - стрымліваючы нервовую ўзбуджанасць, перапыніў Алесю Ляшкевіч.

- Не самае важнае, ёсць у мяне чалавек ці няма! - халодна секанула ў адказ Алеся.

- Што ж тады?

- Скажу шчыра, віляць не буду: нашае жаніхоўства - недарэчнасць ці болей таго - памылка. І не перапыняй, калі хочаш ведаць, гэта мая маці паклала нас у ложак. Усё хваліла: памяркоўны, лагодны, жыць буду ў горадзе... Іван, вер мне, - ледзь не крыкнула расчырванелая Алеся, і было відаць, як напружылася яе цела, - што не толькі кватэра мне была патрэбна, не толькі сталічная прапіска! Я думала... Я хацела цябе пакахаць... і не магу...

Ляшкевічу зрабілася млосна, смяротная туга горыччу аддавалася ў кожным стуку сэрца, з'явілася пачуццё спустошанасці, ад якога хацелася крычаць, ды так, каб затрэсліся сцены гэтага новага дома.

- А пісьмы?.. Няўжо і ў іх няпраўда, лухта? - збялелымі вуснамі прашаптаў ён.

Алеся нічога не адказала, толькі ўздыхнула, цяжка, роспачна. І зноў у кватэры ўсталявалася нядобрая, нават варожая цішыня, толькі мерна цікаў гадзіннік ды чутна было, як бразгаталі дзверы ліфта.

Першая загаварыла Алеся:

- Цяпер ты ведаеш усё, і давай зробім, як культурныя людзі: аднясём заяву на скасаванне шлюбу і размяняем кватэру на дзве аднапакаёўкі. І табе будзе добра, і мне. Мэбля новая, не параўнаць з той, што была, бацькі купілі, але палову аддам, падзелімся па-чэснаму...

- Па-чэснаму, кажаш? А як будзем сына дзяліць? Калі па-чэснаму - дык папалам?

Жанчына нервова скрывілася:

- Ты што, і сапраўды такі наіўны, нічога не разумееш? Няўжо я, пераспаўшы некалькі разоў з чалавекам, якога, заўваж, пасадзілі ў турму, магла б нарадзіць ад яго дзіця? Каб хоць жонкай была, а то кватаранткай... Ты і праўда дурны, калі паверыў у складзеную байку. Я напісала табе пра дзіця, каб менш вагаўся, не адмовіўся ад шлюбу...

- Не веру! - абхапіў галаву рукамі Ляшкевіч. - Ніводнаму слову не веру! - закрычаў ён. - У мяне ж сынаў фотаздымак...

- Ды на той фотакартцы я з братавым сынам, якога і сапраўды завуць Андрэем...

Ляшкевіч абамлеў, усярэдзіне штосьці абарвалася, і ён зразумеў, што да гэтага часу стрымлівала гнеў. Сын - гэта было адзінае, што дазваляла Алесі гаварыць, што захоча. Ён загадзя дараваў ёй нават нявернасць. Моўчкі паўзіраўшыся ў жончын твар, сіліўся разгадаць, мо ўсё ж жартуе, гаворачы пра сына, наўмысна блытае яго. Мабыць, ёсць чалавек, які ўзяў яе з дзіцём, і яна не хоча, каб Андрэй ведаў сапраўднага бацьку.

- Алеся, скажы, што гэта лухта, няпраўда! - прастагнаў Ляшкевіч.

Алеся зларадна ўсміхнулася, нахілілася над шуфлядай стала, зашамацела паперамі. Праз якую хвіліну распрамілася і кінула на стол некалькі фотаздымкаў.

- Вось табе доказы...

Ляшкевіч наблізіўся, узяў у рукі фотакарткі. На іх быў мужчына, тварам падобны да Алесі, пэўна, брат, і ягоны Андрэйка.

- Ну і што з таго? - узняў ён вочы на жонку.

- Ты прачытай на адвароце.

Ляшкевіч паволі, неяк нехаця перавярнуў фотаздымак:

«Любай сястрычцы ад брата і пляменніка Андрэйкі».

Рука задрыжэла, Ляшкевіч, не памятаючы сябе, пачаў набліжацца да Алесі.

- Ты... ты... - задыхаючыся, быццам хтосьці моцна пераціснуў горла, прастагнаў ён. - Сволач!

Алесін твар пабіла ружовымі плямамі, у вачах праступіў страх, яна зразумела, што Ляшкевіч гатовы на ўсё.

- Іван, хочаш грошы? Тысячу? Дзве? Тры? - пужліва прагаварыла яна і азірнулася на дзверы.

- А за што? - працадзіў скрозь зубы Ляшкевіч.

- За кватэру, ну, і за пісьмы...

- А колькі ты адваліш за сына, якога не нарадзіла?

Алеся закусіла вусны, але адказваць не было чаго, яна, здавалася, думала пра адно: толькі б вырвацца, а там людзі, яны дапамогуць. Хто ён такі? Зэк, веры яму не будзе, што б потым ні гаварыў. А яна ведае, што сказаць, каб зноўку ўпячы за краты, наўмысна шукала кансультантаў, навучылі, як трэба дзейнічаць. Толькі б вырвацца, хоць бы ў калідор... Вось дурніца, думала, што быў цямця-лямця, ім і застаўся, меркавала, кінецца ў ногі, будзе маліць, каб засталася. А ён, на табе, лезе з кулакамі, пагражае. Сама вінаватая, паспяшалася, магла б прыняць ласкавей, мо ўсё б па-іншаму атрымалася, а то нешта з сябе вырашыла паказаць...

Некалькі хвілін яны моўчкі хадзілі адно за адным вакол стала. Зрэшты Алеся не вытрымала, моцна, адкуль і сіла ўзялася, штурханула на Ляшкевіча стол і кінулася да дзвярэй. Ён не чакаў ад таўставатай жанчыны гэткага спрыту і, на якое імгненне спазніўся, прамарудзіў. Яна выбегла са спальні і схавалася ў ваннай. Ляшкевіч тузануў дзверы, але яны былі зашчэплены з сярэдзіны.

Знешне не было відаць Іванавага гневу, але на самай справе ўсярэдзіне ўсё віравала, бурліла, нянавісць перапаўняла душу, жаданне помсты рвалася з грудзей. Ляшкевіч нічога не хацеў разумець, акрамя таго, што павінен разлічыцца за здзек, за бяссонныя ночы, за мары, за сына, якога ніколі не існавала і якога ён гэтак моцна любіў. У сваёй бездапаможнасці ён з усяе моцы рвануў на сябе дзверы, за якімі знаходзіўся ягоны боль, каханне, урэшце, надзея на простае чалавечае шчасце. Там схавалася жанчына, якая па-свойму распарадзілася лёсам і нават не задумалася пра тое, што ён чалавек, што яму таксама баліць... Так, яна ўсё разлічыла, акрамя аднаго...

Ручка адарвалася, але і дзверы крыху прачыніліся. Цяпер іх можна было адчыніць, калі нешта вострае прасунуць у шчыліну. Ляшкевіч хуценька шмыгнуў на кухню, тузануў у стале адну шуфлядку, другую, ажно ўсё пасыпалася на падлогу - нажа не было. Позірк затрымаўся на бульбе, якую абірала Алеся. Схапіўшы сцізорык, ён кінуўся да ваннай, але зноў спазніўся - дзверы наросхрыст адчыненыя і нікога там не было, толькі да слыху данеслася бразгатанне ліфта.

- Ну пачакай! - вылаяўся Ляшкевіч і хуценька сунуў ногі ў дзіравыя кірзачы.

На вуліцы ён толькі і паспеў убачыць са спіны жанчыну, падобную да Алесі, якая слізганула ў маршрутны аўтобус, што адразу пыхнуў клубам чорнага дыму, крануўся і, набіраючы хуткасць, знік на скрыжаванні, напаследак, бы здзекуючыся, мільгануўшы чырвонымі агеньчыкамі.

Ляшкевіч кінуўся ўслед за аўтобусам. Ён разумеў, што робіць нешта не тое, але спыніць сябе не мог, бег, наколькі хапала моцы, а потым перайшоў на хаду. Каб зараз хто спытаў, куды ён ідзе, што хоча зрабіць, ці змог бы адказаць? Ён проста ішоў, шукаючы ўначы нейкага паратунку. Ні пранізлівы вецер, ні слота, ні холад не былі перашкодай, усё саступіла месца хваравітай узбуджанасці, бездапаможнасці. Знікла вера ў чалавечую дабрыню, спагадлівасць.

«Адзін, зусім адзін...» - увесь час шапталі ссінелыя ад холаду губы.

Колькі прайшло часу, пакуль блукаў па вуліцах, Ляшкевіч не ведаў. Свядомасць вярнулася, калі апынуўся на могілках, дзе пахавана маці. Быццам у сне, пералазіў праз высокую агароджу і нават не шукаў месца пахавання - ногі самі прынеслі.

Поўня на якую хвіліну выслізнула з-за чорнай дажджавой хмары і асвяціла фотаздымак на шэрым помніку, і толькі цяпер Ляшкевіч канчаткова зразумеў, дзе знаходзіцца, што адбылося за адны суткі вольнага жыцця. Ён дрыготкай рукой правёў па халодным камені, страсянуў дажджынкі з фотаздымка і раптам адчуў, як да сэрца падкаціў жаллівы халадок - у вочы глядзела маці... Не, ён не бачыў яе вачэй, сэрцам адчуваў родны позірк, а да слыху раптам данёсся матчын голас: «Супакойся, сынок, тваё шчасце не прыйшло, яно ў дарозе, чакай...»

Горыч і жаль, бы абцугамі, сціснулі душу, якая прагла спачування і літасці, шукала абароны на гэтым невялічкім пагорачку зямлі, які нагадваў усім людзям пра іх далейшы лёс. Ляшкевічу і сапраўды здалося, што ён чуе маці, і яму вельмі захацелася, каб яна, як калісьці ў дзяцінстве, абняла, прыгалубіла, абараніла...

 

1990


2000-2003?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая