Вецер у полі агонь раздзімае,
Попел да неба, як слуп, уздымае,
І ўжо, здаецца, на слупе на тым
Неба стаіць, як на вогнішчы дым.
Воўк ля агню пасівелы сядзіць,
Быццам бы ідал, на поле глядзіць.
Воўк адзінокі сем дзён не засне,
Будзе маўчаць у чаканні мяне.
Толькі мне ў поле цяпер не хадзіць -
Попелу слуп там да неба стаіць.
Выйдзе з хаціны сп'янелы сусед,
Лаючы жонку і ўвесь гэты свет,
Пойдзе праз поле адзін да ваўка,
Не задрыжыць у суседа рука...
Воўк перад смерцю, як д'ябал, завые,
Пырснуць у прыску вуглі залатыя...
Будуць у хатах суседзі сядзець
І на суседа праз шыбы глядзець.