epub
 
падключыць
слоўнікі

Віктар Шніп

Кош

Як лапаць сярод ботаў

Сярод вядзёр у сенцах

Ганарліва разадзьмуўшы бакі

Стаіць кош

Кош гэта гняздоўе

У якое восенню злятаюцца

Спелыя яблыкі

Кош дзіравы човен

Які кожную зіму

Рамантуюць павукі

Марачы пра падарожжы

Кош ведзьміна калыска

Якая прываблівае да сябе

І палохае

Кош соннае перапляценне змяюк

Якія ў любы момант

Могуць прачнуцца і ўспомніць

Хто яны

І ляжыць кош у сенцах

І спіць у ім чорны кот

Як чорная перліна ў ракавінцы

На дне вясковага жыцця

 


1995?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая