epub
 
падключыць
слоўнікі

Віктар Шніп

Мая альфабэта

А

 

А мае Айчыну

якая абмежавана

пагранічнай агароджай

А гэта апостал які адпачывае

аб'явіўшы сябе апошнім

А гэта агонь які асвятляе

адвечныя абсягі

А чуецца з прорвы

куды падае самагубца

А пачынае веча

на якое збіраюцца словы

А абараняе і абараняецца

яно ведае атруту і асалоду

яно арыгінальнічае

яно альтанка ў якой абдымаюцца

адзінокія анёлы

 

 

Б

 

Б біблейскае

яно Бог і Бацькаўшчына

яно благаслаўляе і бароніць

Б брухаты балбес

які любіць балбатаць

і які баіцца безуладдзя

Б барабаніць будзячы бязмежжа

і бадзяючыся па бездарожжы

і бясконцых бялюткіх палях

бачыць сваю Беларусь

 

 

В

 

В ваюе з ворагамі

ведаючы вернасць і веру

В вандруе па ваколіцах

выбіраючы ворыва для валоў

В вылучаецца і вылучае

яно ведае верад

яно вясёлае і выбуховае

яно ваўкалака

якому вадзянік варожыць

на вар'яцкім віры

В вужакай выкручваецца

на вуголлі вечнасці

вабячы ў восень

 

 

Г

 

Г мае галасісты голас

яно ганарыцца сабой

гагоча і галёкае

яно гаспадар і гаротнік

якія любяць грамаду

у якой ёсць грошы

Г гэта гліна

з якой ганчар стварае гладышы

напаўняючы іх гаркотай

утравелых гасцінцаў

па якіх грукаталі едучы госці

 

 

Д

 

Д заўсёды дагледжанае

яно як дабротны дамок

у якім жыве дамавік

Д дазваляе дражніцца

але не любіць дайманняў

Д дзівакаватае нават часам дзікае

яно дбае пра дровы для вогнішча

ля якога дурэюць дзяўчаты і дзецюкі

Д дужае і дзёрзкае

яго можна дакараць

забыўшыся што яно д'ябальскае

і ў ім дрыжыць дождж

 

 

Е

 

Е енчыць просячы еднасці

хоць яно ерытычнае

хоць яно еўрапейскае

і Е магло б шыкаваць

калі б Е паваліў езуіт

 

 

Ё

 

Ё заявіла ўсім што яно ёсць

што яно было і будзе

бо яно ёмкае

бо яно Ё

 

 

Ж

 

Ж гэта жабрак які жаліцца

што яму жывецца жудасна

і ён не жадае жабраваць

Ж бывае жорсткім

але яно любіць жартаваць

Ж заўсёды журботнае

як апошнія дні жніўня

як крык жураўліны

над жаўталісцем і журавінамі

 

 

З

 

З сцюдзёнае як зіма

злоснае як завея

якая знае золак і змярканне

З знаёміць і зрадняе

яно забаўляецца заклікамі

і зелянее пасля залевы

яно бывае заспаным і затомленым

яно зацята глядзіць на захад

і маючы зброю

не зважае на з'едлівыя звягі

злосных зайздроснікаў

якія не зычаць злагады

З змагаецца за звычаі

яно захапляецца

яно замыкаецца ў замку

і глядзіць на зоры

якія асвятляюць згадкі

 

 

І

 

І вострае як іголка

сумнае як іржышча

яно мае імпэт імправізаваць

яно іспытвае істоту

прымушаючы ісці па істужцы

праз імжу

яно там дзе існасць

яно імпануе інтарэсам іншых

не імкнучыся да ідыліі

 

 

К

 

К клапоціцца пра казань

камянее ў капліцах

красуецца з карчмаром

каля дарогі на кірмаш

яно капітулянцкае

як поўны калядны куфаль

К светлае як кастры Купалля

як калюгі красавіка

як каханне курсісткі

да кавалергарда каралеўскай конніцы

К кволае як канваліі

на якіх калышуцца казкі

 

 

Л

 

Л любіць лагоду

яно ласкавае і лёгкае

з яго пачынаецца лёс

яно лекі для летуценнікаў

яно люстра

у якое любуецца ліпень

Л вастрыё стралы

якая ляціць у лістапад

дзе жоўтыя ліхтары лістоты

лунаюць над людскім лямантам

які лякуе лесуна

 

 

М

 

М маючы мэту

цвёрда стаіць на дзвюх нагах

яно маладое і мажнае

яно мае маёнтак

дзе жыве Майстра

які любіць маланку і маладзік

М маруднае і мройнае

яно мост

паміж магу і можна

яно марыць пра мора

маркоціцца як манах

яно мілагучнае і музычнае

яно любіць мастацтва

асабліва матылёў над мальвамі

 

 

Н

 

Н набожнае і незалежнае

яно прызнае навукі

насычаецца небам

і ў належным настроі

чакае наканаванага

яно назірае за надвор'ем

надае назоўнікам назвы

намацвае ў намеці недагляд

яно непакоіцца як натоўп

яно любіць неруш

дзе нудзіцца натхненне

 

 

О

 

О ўсім захапляецца

яно рэдка вытыркаецца ў лідэры

яно свеціцца як шаравая маланка

яно задаволенае сабой

О гэта звяно ланцуга

на якім прывязаны цмок

які ахоўвае залаты пярсцёнак

маёй каралеўны

 

 

П

 

П пільнуецца пана

які пайшоў на паляванне

і павінен прынесці перапёлку

П памяркоўнае

прымушаючы працаваць у поце

яно не любіць прымусу

яно прыхільнае да парадку

яно пісьменнае

яно праўдзівае

П прапускныя вароты ў пекла

ля якіх уздымаюць пыл прайдзісветы

П прысутнае ў паху палыну

які парос на папялішчы

дзе павукі прыгожаць памяць

П прыручае полымя

яно пазірае на прыгожых паненак

прагнучы прыязнасці

яно просіць прабачэння

і само прабачае

але толькі пасля пацалунка

 

 

Р

 

Р любіць рамантыку

яно рэлігійнае і рыцарскае

яно ратуе ад роспачы

рагоча з разяў

слухаючы рэха

Р радуецца рэчцы і раніцы

яно рассявае рамонкі

размаўляе з рыбаловамі

якія напачатку разгубіліся

злавіўшы русалку

але на развітанне

падарылі ёй букет ружаў

 

 

С

 

С сцюдзёнае як студзеньскі снег

яно слізкае як слімак

які схацеў славы

але атрымаў смех і смецце

С салодкае як спеў салаўіны

які спакушае сустрэцца

яно свечкай свеціцца ў сутарэнні

дзе спіць самота

С гэта сабака

які шукае сэнс

на скрыжаванні скразнякоў

скуголячы па страчаным скарбе

С гэта сэрца сакавіка

дзе я з сімпатычнай сяброўкай

сустракаю світанне

 

 

Т

 

Т мае свой твар

яно трывалае і таямнічае

яно тужыць па траўні

яно тутэйшае

Т гэта парасон

пад якім схавалася Ты

трапіўшы пад дождж

вяртаючыся з тэатра

 

 

У

 

У ўважлівае і ўражлівае

яно ўцякае ад уцех

убачыўшы ўсмешкі

У ўзбагачае ўвішных

і маючы ўладу

успрымае ўдзячнасць

У гэта ўдовін келіх

напоўнены ўспамінамі

 

 

Ф

 

Ф мае файную фігуру

яно фанабэрыста фарсіць

фыркаючы на фігляраў

яно фанатычна любіць футбол

феерверкі фантастыку і фінансы

яно на футурыстычнай фурманцы

у фацэтным футры

спяшаецца на фэст фаварытаў

 

 

Х

 

Х хваліцца што мае хату

на святы ходзіць у Храм

і да распнутага Хрыста

кладзе хрызантэмы

яно смяецца з хлуса

хвалюецца за хаўруснікаў

але яно халоднае

як рачныя хвалі

як хмары над хмызнякамі

 

 

Ц

 

Ц адчувае сябе цудоўна

нават па-царску

яно калючае як церні

яно цэніць цярпялівых

Ц ведае цалік і цемру

Ц гэта церам

у якім жыве цнатлівая царэўна

якая прывыкла да цішыні і цяпла

і якую вартуе цмок

з ценем на цэлы церам

 

 

Ч

 

Ч чароўнае

яно чакае чэрвеня

калі адцвітае чаромха

яно радуецца як чарцяня

і расхінаючы чарот

плыве ў чаўне да лесу

дзе расце чабор

над якім чмурэюць чмялі

 

 

Ш

 

Ш шэпча пра шлях

яно шапаціць у шыпшыне

шукаючы шчасця

яно шалапутнае

але яно шануе шчырых

яно заўсёды там дзе шаша

Ш шыпучае як шампанскае

якое п'юць шляхціцы

 

 

Э

 

Э любіць эротыку

яно эмігруе ў само сябе

яно энергічнае

яно эгаістычнае

і кажа мне эх ты

 

 

Ю

 

Ю мае свайго ювеліра

успамінаючы юнацтва

яно юрлівае

але яно часам юродствуе

баючыся юды

 

 

Я

 

Я спакуснае як райскі яблык

Я імкнецца яднаць

але з яўным жаданнем

захаваць сваё я

Я гэта Яно

 

08-15.01.1995

 


15.01.1995

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая