epub
 
падключыць
слоўнікі

Віктар Шніп

Здрада

Яна пільнуе

Калі не на кожным кроку

То амаль на кожным скрыжаванні

Цемры і святла святла і цемры

Здрада радуецца

Як воўк які апусціў у палонку хвост

І ловіць рыбу

Здрада выспявае ў здрадніку

Як атрута ў змяі

Здрадай ратуюцца хіжыя

Як смерцю ратуюцца вольныя

Здрада як зумкая муха

Прысутнічае на тайнай вячэры

Здрада гэта трэшчына ў сасудзе

У якім збіраюцца захоўваць жывую ваду

Здрада гэта ўсмешка д'ябла

І задаволены здраднік

Атрымаўшы сваё

Ходзіць сярод нас

І вітаецца з намі

І сядзіць за адным сталом

Гаворачы нам

Што мы таксама не святыя

Здрада гэта дым над Айчынай

У якім сонца

Як пацалунак Іуды

 


1995?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая