epub
 
падключыць
слоўнікі

Віктар Супрунчук

Лінія

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15


 

 

 

Статыстыку, як мурашу,

Танаж цягнуць зацята.

А я даведку папрашу,

Не колькі мяса на душу,

А чым душа багата.

Рыгор Барадулін

 

 

 

1

 

...Слупы ўзнімалі над полем, балотам, лінію цягнулі да самага далягляду. Марудна, але ўсё больш упэўнена...

Зіма ўжо каторы год была з выбрыкамі. Каляды прайшлі без снегу, і надвор’е, як у верасні або кастрычніку, гнілое і цёплае, з грыпам і свінкаю, на якую перахварэла нямала дарослых людзей. Па праграме «Час» перадалі, што ў Беларусі будзе снег.

Да абеду стаяў шэры туман, а пад канец дня пайшоў дождж. І раптам з-за лесу ўзняўся сцюдзёны вецер і наляцеў злосна, быццам з нянавісцю да ўсяго свету. Сырасць памалу папаўзла ад зямлі, анучы ў ботах не грэлі ног. Дзесьці ў вёсцы хрыпла брахаў сабака, потым зараўла машына. З-за ўзгорка, віляючы па дарозе, высунуўся малакавоз: было відаць, як малады шафёр нешта расказвае сваёй спадарожніцы. Мільгануў яе твар у зялёнай хустцы і знік. Хведар падумаў, што гэта, мусіць, прадаўшчыца Таццяна з сельмага.

...Кіпці і мантажны рэмень моцна трымалі Хведара на слупе. Здавалася, аблокі схопіш рукою. Грамада за грамадою плылі яны па небе. І ад гэтага змрочнага малюнка рабілася яшчэ халадней. Твар аж палаў ад ветру.

Вецер нахіліў слуп управа, адпусціў яго, зноў нахіліў. Ад нечаканасці Хведар схапіўся рукамі за ізалятар і прыціснуўся да халоднага дрэва.

Стала цёмна, нібы вечарам. Да самага далягляду хмары захапілі неба і нізка ішлі над зямлёй, быццам збіраючыся прыціснуць яе сваім цяжарам. А праз імгненне... грымнула і бліснула вузкай змяёй маланка. Гэта было так дзіўна, што Хведар забыў і пра холад, і пра работу.

Густы снег злучыў неба з зямлёй. Слупы, лясок, поле зніклі. Хведар некалькі разоў крыкнуў. Якава не было. Хведар не мог нават уявіць, у якім баку Казакевіч.

— Эгей! — пачуўся раптам з белага мроіва голас Якава.

— Аў! — крыкнуў Хведар.

— Крычыш, як грыбы збіраеш,— сказаў Якаў.— Усё, канец рабоце. У прыроды свае законы і планы. Пайшлі ў вёску. Нашы ўжо, мусіць, як мышы па цёплых хатах?..

— Дзе Трацяк? — спытаў Хведар.

Іван быў на слупе каля лесу, наступным за Якавам.

— Відаць, пабег у вёску. Тут нам няма чаго рабіць.

Апошнія крупінкі снегу ўпалі на плечы, калі ўвайшлі ў вёску. Да яе кіламетраў пяць, а можа, менш.

Снег быў мяккі і слізкі, як манная каша. І насыпала яго за такі кароткі час ледзь не па калена. З усіх бакоў вярталіся ў вёску хлопцы, аблепленыя снегам, нібы дзяды-марозы. Мантажных рамянёў для форсу не знялі, ішлі паважна, адзін каля аднаго, на ўсю шырыню вуліцы.

Мясцовых дзяўчат у апошнія дні пачало прыходзіць у клуб усё больш.

Здаравенны бамбіза і, на думку Хведара, дурны, як бот, Васіль Крыц ноччу выцягнуў з двух калодзежаў малако, спіў смятанку. Васіля, тайна ад майстра Івана Аляксандравіча, заціснулі ў складзе электраматэрыялаў і адлупцавалі.

Кватаравалі яны па хатах. За трыццаць пяць рублёў быў ложак, і харчаваліся тры разы ў дзень. Хведар жыў з Якавам і Трацяком. Гаспадыня ў іх была маўклівая. Чуў, як суседзі называлі Бусліха. Муж яе даўно з’ехаў некуды. Дзве дачкі жылі ў горадзе.

Кожную раніцу старая накрывала стол ручніком, які ткала, мусіць, калі былі свае кросны, ставіла аладкі, смятану, чай. Сама сядзела каля грубкі і пазірала, як хлопцы з маладым апетытам снедаюць.

Хата стаяла першая ад буйной аўтастрады. Няспынна ішлі па ёй машыны. Ноччу заціхаў іх паток, але раз-пораз святло ад фар падала ў пакой. Тады Хведар прачынаўся і не мог заснуць. Ён слухаў гул дарогі і думаў, што някепска было б сесці на якую машыну і паехаць проста так, без мэты, каб убачыць свет, людзей.

Надыходзіла раніца, яны хуценька снедалі і, захапіўшы інструмент, беглі на лінію.

Некалькі дзён назад з базы ўпраўлення прывезлі слупы, бетонныя пасынкі. Частка іх была ўжо ў полі, астатнія ляжалі за складам, побач з хатай, у якой жыў майстар. Цяпер слупы былі пахаваны пад гурбамі снегу.

 

 

2

З адчыненых дзвярэй цягнула холадам і пахла цвіллю. Пасля ўчарашняга дня хлопцы былі стомленыя. У Хведара, хоць і прывык да цяжкай работы, мускулы ног і спіна балелі. Ён ведаў, што трэба пачаць працаваць і тады імгненна знікне гэты боль.

— Ідуць,— сказаў Крыц, які сядзеў ля дзвярэй.

— Хто?

— Майстар і яшчэ двое.

З Іванам Аляксандравічам быў начальнік участка Ліхаў, тоўсты і лысы мужчына. Гладкі, без броваў ягоны твар, насцярожаныя вочкі не выклікалі ў Хведара сімпатыі. Ліхаў сеў на барабан з дротам і доўга чмыхаў і кашляў. Мусіць, яму было горача ў чорным кажуху. Другі мужчына быў намнога маладзейшы за Ліхава. Высокага росту, хударлявы, ён нагадваў спартсмена. Дзве глыбокія маршчынкі надавалі твару суровы выгляд. Апрануты ён быў у новую ватоўку. На галаве — грузінская кепка-«аэрадром», якую Хведар дагэтуль бачыў толькі ў кіно.

— Паважаныя таварышы, сёння да нас прыехалі нашы паплечнікі...— пачаў майстар.

— Карацей, Іван Аляксандравіч,— сказаў Ліхаў.— Няма часу тут доўга весці размову. Гэта, хлопцы, будзе ваш брыгадзір. Знаёмцеся. Падыміся, Богдан.

Малады ўсміхнуўся і, седзячы, нахіліў галаву. Ліхаў хіснуўся, зноў палез у кішэню па хустачку.

— Не будзем тут языкі часаць. Скажу толькі, што пры вашай сіле дасцё рады.

— Я лічу...— сказаў Іван Аляксандравіч.

— Пра гэта потым,— Ліхаў незадаволена паглядзеў на яго.— Колькі я ў вас — пяць хвілін. Пытанні ёсць? Няма. Знаёмцеся — і за працу. Да пабачэння.

Начальнік участка апошні раз правёў хустачкай па сваім твары-месяцы і пакінуў сход. Каля дзвярэй азірнуўся:

— Праводзіць не трэба. За працу, хутчэй за працу!

Хлопцы глядзелі на Богдана, а ён на іх. «Хто гэты чалавек?» — падумаў Хведар. На развітанне, калі ён ад’язджаў на практыку, бацька яму казаў: «Слухай начальніка і выконвай усё, што ён загадае. Так будзе лягчэй жыць. Ніхто не любіць, калі яму не хочуць падпарадкоўвацца».

У жыцці Хведара ўжо быў адзін начальнік. На вапнавым заводзе, майстар па прозвішчы Кедраў. Як чалавек — няма горш. Усю змену звычайна бегаў на цэху і лаяўся. Хведар адзін раз не прамаўчаў, потым другі, і Кедраў пачаў крычаць на яго часцей. Калі Хведар звальняўся, майстар не захацеў падпісаць паперу. І Хведар думаў кінуць свае паперы на гэтым заводзе і з нічым пайсці, бо ўжо не было сілы хадзіць па кабінетах і гаварыць, што ты не вінаваты.

— Што насы павесілі, быццам сусветны патоп,— сказаў Богдан.— Вы — не птушкі, а я — не Ной. Мяне завуць Васілём. Вы яшчэ кашы мала елі, а я дзесяты год на слупах.

— Што з гэтага,— сказаў Якаў.

— А то, што я цябе, можа, навучу мантажнай справе.

— Ты, Васіль, архімендрыпуласа не ставіў на высакавольтавай? — сказаў Трацяк.

Богдан іранічна хмыкнуў, паляпаў Івана па плячы і закурыў. Гаворка спынілася. Богдан курыў, а хлопцы сядзелі, паглядаючы на яго. Маўчаў чамусьці і майстар. Яго мускулістая шыя была чырвоная, і Хведар убачыў на твары кропелькі поту. Іван Аляксандравіч шкадаваў, што не пайшоў да начальніка ўпраўлення і не папрасіў, каб далі другога брыгадзіра. Ад прарабаў майстар усё даведаўся пра Богдана. Сказалі яму, што гэты мантажнік быў спецыялістам высокага класа, але не меншым аматарам гарэлкі. Два месяцы назад загадам начальніка ўпраўлення Богдану панізілі разрад і была быццам размова аб звальненні. Па ягонай віне адбылося нейкае здарэнне, якое ледзь не скончылася смерцю мантажніка. «Хто гэтага чалавека накіраваў сюды?» — думаў майстар.

— Я ехаў усю ноч, стаміўся,— сказаў Богдан.— Трэба сёння адпачыць. Вы, я спадзяюся, ведаеце, што рабіць?

— Ведаем, начальнік. Мы ведаем, а вось ты? — зарагатаў Якаў.

— Ты, рыжы, занадта нахабны.— Богдан скінуў левы бот, паправіў анучу.— Магчыма, пасля абеду буду.

Вёска была невялікая, і майстар гадзіну прахадзіў па хатах, угаворваючы людзей узяць Богдана на кватэру. І толькі калі зайшлі ў апошнюю хату, у якой жыла гарбаценькая Тэкля, іх сустрэлі радасна. За сталом сядзела гаспадыня і два мужчыны. Каржакаваты, з чорнымі вусамі жыў па суседству з Іванам Аляксандравічам.

— Прашу, дарагія госці,— сказала Тэкля.— На сто грамаў і вам хопіць.

— Дзякуем, мы да вас наконт кватэры,— як мага ласкава сказаў майстар, бо яму не спадабалася гэта хата, і павярнуўся выйсці.

— Каму трэба кватэра? Вам,— яна звярнулася да Богдана,— ці вам? — Пэўна, Тэкля ведала, што майстар жыве не першы дзень у вёсцы, і размова ідзе пра другога мужчыну.

— Прабачце. Пайшлі, Іванавіч,— сказаў майстар.

— Чаму мне і не ўзяць. Грошы патрэбны. Дый хлопец быццам неблагі.— Тэкля падышла да Богдана, зазірнула яму ў вочы.— Бяру яго. Вось гэты пакой твой.

— Як, Іванавіч? — спытаў майстар у Богдана.

— Застаюся.

— Тады я пайшоў да хлопцаў. Пасля абеду чакаем і вас.

Зачыняючы веснічкі, Іван Аляксандравіч убачыў, як Богдан сеў за стол. «Паглядзім: будзе не ў той бок кіраваць — паеду да начальніка ўпраўлення. Хлопцы толькі жыць пачынаюць, нікому не дазволю іх псаваць»,— думаў майстар.

На флоце ён выхоўваў матросаў, вучыў моцна стаяць на палубе і не баяцца ніякага шторму. Калі звольніўся, рашыў пайсці куды-небудзь на завод дзяжурным электрыкам. Змену паспаў у цэху, а дзве або тры, як уладкуешся, дома: займайся сваёй справай. Далі яму неблагую пенсію, пакінулі кватэру ў паўднёвым прыморскім горадзе. Дзяцей у іх з жонкай не было. Вяртаючыся з далёкага паходу, ён заўсёды шукаў вачыма на пірсе і сваю жонку. Толькі за ўвесь час яна сустрэла яго некалькі разоў. Яна працавала ў тэатры, ганарылася гэтым і вельмі шкадавла, што Іван Аляксандравіч не афіцэр.

Па начах яму снілася мора і карабель, шторм, ён крычаў, каб яго пачулі матросы. Праз тыдзень ён лёг у шпіталь, і калі вярнуўся дамоў, кватэра была пустая. Нават яго рэчаў не было ў шафе. Вісела толькі марская форма. Два дні з раніцы да вечара з суседам-рыбаком ён рамантаваў кватэру. На трэці дзень прыняў ледзяны душ, прагнаў суседа дахаты і сабраў чамадан. Кватэру ён здаў у КЭЧ і першым поездам паехаў у родныя мясціны. У райкоме партыі, куды ён прыйшоў стаць на ўлік, Івану Аляксандравічу прапанавалі пасаду майстра ў вучылішчы. Ён зразумеў, што яму пашанцавала: тут былі такія ж навабранцы, як і на караблі, і іх трэба было вучыць жыццю. Аднак на флоце прасцей: загад начальніка — закон для падначаленага. А тут...

...Майстар не зайшоў на сваю кватэру, а пашыбаваў напрасткі праз поле да склада. Перад дзвярыма гарэў касцёр, на скрынках сядзелі Мікола Макарчук і Васіль Крыц. Яны рыхтавалі для слупоў арматуру. Дзве поўныя скрынкі ўжо стаялі ўбаку.

— Уладкавалі начальніка на кватэру? — спытаў Макарчук.

— Уладкаваў.

— І дзе гэта нам знайшлі яго? — спытаў Крыц.

— Вы працуйце лепш.

— Шмат грошай атрымаем? — Макарчук кінуў ізалятар здалёк у скрынку.

— Што гэта такое? — майстар выцягнуў пабіты ізалятар са скрынкі і палажыў побач з Макарчуком. Той вінавата апусціў галаву.

— Яшчэ прывязуць,— сказаў Крыц.

— Жартуеш?

— Сур’ёзна.— Крыц шырока паставіў ногі і ўзняў галаву. Выклік ці гульня была ў яго паводзінах, Іван Аляксандравіч не зразумеў. Ён уважліва паглядзеў на хлопца. Былі навучэнцы, якія парушалі дысцыпліну на занятках, не трымалі парадак у інтэрнаце, і майстар займаўся імі. Значыць, частка групы выйшла з-пад яго ўвагі. Прозвішчы, імёны, адкуль прыехаў, адзнакі — вось і ўсё, што ён пра іх ведае.

— Кожны ізалятар каштуе грошай,— сказаў майстар.— І ён павінен стаяць на слупе, а не гніць у зямлі, куды вы кінеце гэтыя кавалачкі.

— Жыццё — складаная рэч! — падняўшы палец, сказаў Крыц.— Я, напрыклад, не хацеў ісці ў вучылішча, але прымусіла маці. Ёй здаецца, што тут з мяне зробяць спеца, а я ведаю: нічога не выйдзе.

— І чым ты хочаш займацца?

— Няма часу, нам трэба працаваць.

— Я памагу вам.— Іван Аляксандравіч знайшоў сабе пустую скрынку, сеў на яе.— Мне цікава будзе ўсё, што раскажаш.

— Калі ласка. Мантажнікам працаваць не буду. Дыплом з вучылішча не пашкодзіць. Пайду ў армію, а пасля ўладкуюся гандляваць півам. За дзень дваццаць — трыццаць рублёў чыста, толькі на пене. Мужчыны п'юць гарэлку або вінцо — бутэльку мне. Яшчэ пяцёрачка. У месяц буду атрымліваць левай нагой сем кавалкаў. Навошта мне гэты мантаж?

— Адкуль ты ўсё гэта ведаеш? — спытаў Іван Аляксандравіч.

— Сусед Антось працуе ў піўбары. Усё мне расказаў, як ёсць. Паглядзелі б, як ён жыве: каляровы тэлевізар, джынсы рознай фірмы. Карацей, што душа пажадае, тое ў яго ёсць.

— Паслухай, Васіль,— сказаў майстар.— Зрабіў ты калі-небудзь шпакоўню або пасадзіў дрэва?

— Навошта мне гэта? — усміхнуўся Крыц.— Хай гэта робяць дурні.

— Сам ты дурань,— раптам сказаў Макарчук.— Піва, джынсы. Бачыў я такіх стыляг...

— Ты занадта разумны,— Крыц узлавана ўскочыў і пабег чагосьці ў склад.

Другі раз майстру падумалася: не трэба было працаваць у вучылішчы. Зімой ён даведаўся, што самы маленькі ростам у групе, вясёлы хлопчык Міхасік Бардоўскі ўкраў у свайго таварыша Міколы Макарчука грошы. Гэта непрыемнасць уразіла Івана Аляксандравіча. Яму было шкада заплаканага Бардоўскага, які гадаваўся без бацькі і быў апрануты горш за астатніх, але ён загадаў сабраць сход групы. Прыехала Міхасікава маці, плакала, прасіла не выключаць сына з вучылішча. І ўрэшце ён купіў ёй білет на аўтобус, бо жанчына свае грошы аддала Макарчуку і не было за што ехаць назад. Вось і цяпер гэты асілак, Крыц, якому трэба працаваць за траіх, абвясціў, што гандаль півам — яго мэта.

Едучы ў гэту вёску з хлопцамі, майстар падумаў, што добра было б датэрмінова, як казаў начальнік упраўлення, узвесці лінію. Тады б яны даказалі, што лепшай групы ў вучылішчы няма. Акрамя таго, напружаная работа цэментуе людзей, збліжае між сабой.

Іван Аляксандравіч старанна вывучыў праект лініі і з заплюшчанымі вачыма ведаў, дзе трэба ссячы дрэвы ў лесе, за якім узгоркам павярнуць улева або ўправа. З Хведарам Розумам і Трацяком яны пешшу прайшлі ўсе кіламетры. Па дарозе ён супакойваў хлопцаў, што нічога страшнага няма — зробяць, а вечарам, на кватэры, Іван Аляксандравіч паскроб патыліцу, бо дагэтуль па-сапраўднаму не ўяўляў складанасці будаўніцтва.

У вучылішчы былі майстры больш вопытныя за яго і старэйшыя па ўзросту, для якіх практыка была накшталт адпачынку. Вярнуўшыся дамоў, яны расказвалі на перапынках паміж заняткамі пра розныя прыгоды. Іван Аляксандравіч здзіўляўся: дзе яны бралі час на гэта. Адзін з «зуброў», па мянушцы Прынц, параіў нічога не браць блізка да галавы. «Калі гэты чалавек можа выхоўваць спецыялістаў, дык я з маім флоцкім вопытам не прападу і буду працаваць трошкі лепш за яго, бо мне не ўсё роўна, што робіць падначалены».

Ад Крыца і Макарчука Іван Аляксандравіч пайшоў на лінію. Хведар здалёк прыкмеціў майстра. Іван Аляксандравіч ішоў па цаліку, нібы трактар, топчучы дарогу, і ўся яго мажная, але акуратная постаць, здавалася, была перапоўнена сілай. Хведар падумаў, што і ён не здолеў бы, калі б узяліся, перамагчы майстра. Маленькім хлапчуком адчуваў ён сябе побач з Іванам Аляксандравічам.

Хлопцы адкідалі са слупоў снег, мацавалі з бетоннымі пасынкамі. Справа памалу рушыла. Майстар прыкінуў: прайшлі ўжо не менш трох кіламетраў.

— Мала нас на такую лінію, Іван Аляксандравіч,— сказаў Трацяк.— Амаль не курым, а зрабілі не надта... Гэтак мы да восені не скончым.

— Начальнік упраўлення казаў, што пазней прыедуць яшчэ дзве групы навучэнцаў. Але няўжо мы такія кволыя? Цяпер і брыгадзір у нас ёсць.

— Без яго таксама можам.— Якаў пацягнуў сябе за валасы.— Ну і што, што рыжы? Каму ад гэтага блага?

— Не злуй. Пажывём, пабачым,— сказаў Хведар.

— Я не злую...— Якаў узяў лом, падсунуў пад слуп і перакаціў да бетоннага пасынка.

Хлопцы зноў узяліся за справу, і майстар, пастаяўшы крыху каля іх, пайшоў далей па лініі.

 

3

Пад канец дня майстар папрасіў Хведара зайсці да яго на кватэру. Розум пераапрануўся, з’еў трохі аладак з кіслым малаком і выйшаў з хаты. Два дні ляжаў снег, і ўсе прывыклі да яго, быццам не стаяла ўжо вясна. Цяпер асфальт быў чысты ад снегу — разбілі машыны, і ён растаў. Перад мостам у канцы вуліцы цямнела некалькі постацей. Здалося, што сярод іх мільгануў знаёмы твар. Хведар зайшоў у магазін. Яму патрэбны былі чарніла і папера. Прадаўшчыцу звалі Таццяна. Ён неяк размаўляў з ёю, і яна запрашала яго на танцы ў суседнюю вёску, дзе быў Палац культуры. Хведар тады адмовіўся, а яна рагатала і гаварыла яму ўслед: «Што, спалохаўся, мамчын сыночак?»

— Не заходзіш нешта? — сказала прадаўшчыца і паправіла валасы на скронях. Ласкава ўсміхнулася: — Што хочаш?

Хведар дастаў грошы, пералічыў іх.

— Небагаты ў вас заробак, а кажуць — мантажнікі, мантажнікі...

Таццяна прайшла ўздоўж прылаўка. Белы халат цесны ёй, зверху гузікі расшпілены.

Хведар раптам захацеў піць. Глынуўшы сліну, ён адвёў вочы ад прадаўшчыцы. Схапіў паперу і за дзверы.

Ад моста чуліся крыкі, лаянка. Ён спачатку думаў абмінуць гэта месца, але чамусьці пайшоў туды.

На асфальце, не звяртаючы ўвагі на машыны, біліся чатыры мужчыны. Ва ўсіх іх вопратка ўжо была падрана, твары скрываўленыя. Утрох лупцавалі аднаго.

— Стойце, што робіце?

Ніхто яго не чуў ці не хацеў слухаць. Тады Хведар перахапіў руку згорбленага, з барадой мужчыны:

— Стойце!

Толькі ён сказаў гэта, як злева ўдарылі яго па галаве, ажно пацямнела ў вачах. І Хведар зазлаваў, бо ніхто не біў яго, колькі ён сябе памятаў.

Перахапіў руку, павярнуўся на сто восемдзесят градусаў — і ляжыць адзін у гурбе снегу. Кулаком, які быў з дзіцячую галаву, пасадзіў на асфальт барадатага. Трэці і сам паваліўся. Яны мармыталі штосьці, лежачы ў снезе, а чалавек, якога лупцавалі, нібы звар’яцелы, рагатаў і паказваў на іх пальцам. Хведар пазнаў свайго брыгадзіра Богдана.

— Малайчына, малайчына! Выратаваў мяне ад гэтых ваўкоў.— Богдан ледзь стаяў на нагах.— Мужчына! Так ім і трэба. Захацелі перамагчы мяне, Васіля Богдана, першага байца мантажнага ўпраўлення. Свалата, цьфу! Памажы дайсці дамоў.

Хведар абхапіў яго за плечы, хоць і было гідка глядзець на гэты скрываўлены твар, і павёў на кватэру. З магазіна выскачыла Таццяна, завохкала, схапіла Хведара за руку:

— Скажы, хто цябе біў?

— Гэта не мяне,— неахвотна адказаў Хведар,— а яго.

— Чаго ж кроў і на тваім твары? — Яна хустачкай правяла па яго шчацэ, паказала на Богдана: — Гэта таксама ваш?

— Наш...

Па дарозе Богдан спрабаваў спяваць песню, але, мусіць, забыў словы і толькі паўтараў адзін радок. Апошнія крокі да хаты Хведар яго амаль што нёс. Перад дзвярыма Богдан выпрастаўся, зашпіліў кашулю, і Хведару здалося, што ён цвярозы, бо вочы глядзелі ўпэўнена і ясна.

— Прашу, заходзь,— ён сам адчыніў дзверы.

— Не, мне трэба ісці.

— Не палохайся.

— Чаго мне палохацца! — Хведар першы зайшоў у хату.

Тэкля гатавала вячэру.

— Тэкля, дай госцю сесці,— сказаў Богдан.

— Калі ласка, калі ласка.— Тэкля ручніком накрыла табурэтку.— Сядайце, даражэнькі.

— Рыхтуй стол, Тэкля,— загадаў Богдан.

— Не, я пайду,— падняўся Хведар з табурэта.

— Што вы, як можна. Бачыце, першы дзень у мяне кватаруе Васіль, а слухаю яго лепш, чым мужа,— казала Тэкля.— І чаму гэта так? Такі ўжо ён добры, хоць да раны прылажы, толькі вочы надта вострыя.

Выйшла з каморы старая Тэкліна маці, паглядзела на іх, нібы маланка бліснула ў вачах, прамармытала:

— Няма на вас бяды. Каб вы...— і зайшлася доўгім хрыплым кашлем.

— Навошта вы так, маці? — сказаў Богдан.— Мы хочам як людзі, каб было ўсё добра і правільна.— Ён уздыхнуў: — Усё Богдан благі, нікчэмны і гэтак далей. Ці ведае хто, што я гэтымі рукамі пабудаваў сотні кіламетраў электраліній? Пра якія сказана ў песні:

 

Сівізна ў правадах ад інею,

ЛЭП-500 не простая лінія...

 

Богдан, паклаўшы галаву на стол, заснуў. Хведар падняўся і, не слухаючы, пра што гаворыць Тэкля, выйшаў з хаты.

Было позна, калі ён зайшоў на кватэру да майстра.

— Там ён,— паказала гаспадыня на камору.

Іван Аляксандравіч — у марскім цельніку і спартыўных штанах — стаяў на галаве. Ад нечаканасці Хведар аж вытарашчыў вочы.

— Нешта позна ты,— сказаў майстар.— Чакаў цябе трошкі раней. Адну хвіліну... Раз-два. Здзіўляешся? Гэта ўрач параіў мне штодзень уверх нагамі стаяць па сістэме ёгаў. Хачу хваробу сваю перамагчы.

«Навошта спатрэбіўся яму?» — падумаў Хведар.

— Маёй гаспадыні варона на хвасце прынесла, што ты біўся з кімсьці на асфальце.— Майстар адчыніў чамадан і штосьці старанна шукаў у ім.— Так ці не?

— Варона праўду казала,— Хведар падняўся.— Вы ўсё ведаеце, і я пайшоў.

— Бач, які гарачы, малады пеўнік ты, Хведар.— Майстар сеў насупраць хлопца.— Ніколі не рабі паспешлівых вывадаў. Я даўно назіраю за табой. Галава на плячах у цябе ёсць. Хачу папрасіць, каб ты зрабіў нешта. Не спяшайся адмовіцца. Я заўважыў, што ты любіш сядзець за апошнім сталом і больш слухаць, чым гаварыць.

— Пры чым тут усё гэта? — паціснуў плячыма Хведар.

— Пры тым, што мы зробім звяно з чатырох чалавек і ты будзеш кіраваць ім. Думаю, што ад гэтага справа пойдзе хутчэй.

— Адно звяно нічога не вырашыць,— сказаў Хведар і адчуў, як недзе ўсярэдзіне загарэўся прыемны агеньчык. Надышоў той час, калі ён пакажа, на што здольны. Галоўнае, каб далі самастойны ўчастак і не перашкаджалі.

— Вядома, тваё звяно задачу не вырашыць. Астатніх хлопцаў таксама аб’яднаем у такія звенні. Ваш калектыў, як табе сказаць, будзе ўдарным. Гэта я хацеў табе і паведаміць.

— Я згодны. Толькі каго ўзяць да сябе.— Хведар успомніў усіх хлопцаў і спыніўся на Якаве, Міколе Макарчуку і Трацяку.

— Не супраць,— сказаў майстар.— З гэтага моманту ты адказваеш за ўсіх хлопцаў. Гэта твая справа, калі вы будзеце пачынаць працу і канчаць. Галоўнае, каб было зроблена якасна і хутка. Мы з брыгадзірам паспрабуем памагчы.

Сёння Іван Аляксандравіч другі раз прайшоў лінію. У канцы яе сеў на паваленае дрэва і доўга думаў. Яму было і шкада хлопцаў, якіх чакалі тут цяжкая праца, гразь, і ў той жа час ён ведаў: мужчына можа расці толькі ў цяжкасцях. Жыццё — гэта не кветкі і сустрэчы з каханымі на пірсе, гэта пераважна цяжкая, з дня ў дзень, праца. «Я буду вельмі шчаслівы,— думаў Іван Аляксандравіч,— калі гэтым хлопцам стане жыццём работа, якой іх вучу. Тады не шкада, што пакінуў мора».

Гэта ўспомнілася Івану Аляксандравічу, калі Хведар пайшоў. Майстар быў упэўнены, што Розум зробіць так, як было сказана.

З-за хмар выпаўз месяц і жоўтым святлом паліў дамы, лес, агароды. Даўно не было такога цудоўнага настрою ў Хведара (сустрэўся б зараз чалавек і што б ні папрасіў у яго,— не пашкадаваў бы: даў бы ад шчырага сэрца). Ён ішоў, не звяртаючы ўвагі на гразь, гурбы падталага снегу: мора яму было па калена.

Хлопцаў дома не было. Старая спала на ложку за грубкаю. Хведар уключыў святло ў сваім пакоі. На канапе ляжалі карты, брудная Казакевічава і Трацякова вопратка. Ён сабраў кашулі, нагавіцы і вынес у сені, склаў іх у шафе.

— Хто там? — пачуўся голас старой.

— Гэта я, Хведар.

Гаспадыня ўвайшла ў пакой, прысела на табурэтку.

— Сон нешта не ідзе. Ты чаго дома сядзіш? Хлопцы пайшлі ў клуб...

— Там нецікава.

— Як гэта нецікава,— старая ўсміхнулася.— Маладому ўсё трэба, каб было цікава. Жыццё толькі пачынаецца. Колькі табе гадоў?

— Мне? — сумеўся Хведар.— Дзевятнаццаты ўжо...

— Ужо...— засмяялася гаспадыня.— Дзіця ты яшчэ. Скажы мне, чаму ты такі сур’ёзны? Астатнія хлопцы жартуюць, у карты гуляюць, а ты маўчыш і ні ўсмешкі.

— Гэта вам здаецца.

— Не, вельмі ты сур’ёзны хлопец. Хачу пагаварыць з табою. З гэтымі жэўжыкамі няма аб чым гаварыць. Эх, цяжкая мая доля,— уздыхнула старая.— Як, Хведар, я вас кармлю? Можа, блага?

— Нічога...— Хведар ужо раніцай глядзець не мог на бліны і кіслае малако.

— Можа, ты есці хочаш? — Гаспадыня жвава выйшла з пакоя і праз хвіліну прынесла на талерцы смажанага пеўня.

— Паласуйся, хлопчык, хто вас тут накорміць.— Яна села насупраць яго, вочы яе былі ласкавыя.

— Не, што вы... Неяк...— Хведар пачырванеў.

— Певень малады. Сваіх кур не глядзеў, а бегаў да суседніх. Навошта мне такі лайдак? Мяса смачнае.

Хведар зараз і ваўка з'еў бы. З яго ростам, ды і праца нялёгкая, цэлы дзень на паветры. У адзін момант знішчыў ён пеўня. Гарэлку не піў, хоць і прасіла гаспадыня.

— Дзякуй, Мар'я Піліпаўна. Цяпер можна зноў слупы падымаць.

— Вось-вось. І я пра тое ж. Цяжка мне жыць, старой. Адна, як цвік на дарозе. Дочкі далёка, сыноў нямашака.

— Я ведаю.

— Дык у мяне невялічкая просьба, Хведарка. Хлопцы цябе паслухаюць, дапамогуць. Ішла я сёння агародамі: шмат слупоў ляжыць на лузе. І ўсе такія чорныя. Суседка мая, Фрося, ты ведаеш, муж яе начальніка возіць на таксоўцы, кажа, нібы гэтыя слупы трыццаць гадоў прастаяць у зямлі і нічога іх не возьме.

— Яны праантысэптыраваны,— сказаў Хведар і доўга растлумачваў гаспадыні, што гэта значыць, а яна ўсё не разумела яго.

— Мне гэта навука навошта? У цябе галава маладая — вучыся. Мне патрэбны слупы гэтыя. Штук дзесяць-дванаццаць. Хачу падрамантаваць плот, бо ўвесь ляжыць, падрубы замяніць у хлеўчуку, дзе куры і індычкі.

— Дзе ж я вазьму гэтыя слупы? — здзівіўся Хведар.— У мяне няма. Былі б — не пашкадаваў бы.

— Я ж табе казала — дзе,— гаспадыня паказала рукой на акно.— Каб людзі што не гаварылі, ноччу можна прынесці. Не бойся, грошай на гарэлку дам. Многа вам не трэба, усё роўна ў краму пойдуць. «Ну і старая, пеўня засмажыла. Купіла».

— Прабачце, Мар’я Піліпаўна, але я не гаспадар гэтых слупоў. Яны ўласнасць дзяржавы.

— А я што — не дзяржаўная? — закрычала старая.— Мне не трэба жыць?

— Я так не казаў. Сельсавет дапамагае... Зрэшты, я скажу майстру...— бубніў Хведар, і было ў яго жаданне выскачыць з хаты, каб скончыць гэту размову.

— Пеўня еў? — прыціснула Розума бабка да сцяны.— Думаеш, мне ты такая лялька, што я буду дарэмна смажыць пеўня?

— Слупы дзяржаўныя, а не мае,— цвёрда сказаў Хведар. Шапку — на галаву, на хаду схапіў з цвіка ватоўку і шыбануў у цемру.

 

 

4

У клубе грымела музыка. Моладзі была паўнюткая зала. Трацяк і Казакевіч танцавалі ў цэнтры круга. На Якаве былі яго блакітныя, з лямпачкамі штаны. Іван скакаў у кірзавых запэцканых гразёю ботах. У кутку сядзеў Макарчук з дзяўчынай з доўгімі льнянымі валасамі і, трымаючы яе за руку, штосьці гаварыў на вуха. Яна смяялася, і валасы падалі ёй на вочы. Макарчук адкідваў іх ёй назад.

Хведар прайшоў да крэслаў, сеў на апошняе за дзедам у кажуху, які смачна спаў. Падбег Якаў.

— Выходзь. Пакажам, на што здольныя мантажнікі.

— Не...

— Чаго ты такі кіслы, быццам не вячэраў?

— Ідзі ты! — Хведар злосна бліснуў вачыма, і Якаў, махнуўшы рукою, пабег да Трацяка.

— І чаму вы не танцуеце? — пачуў Хведар. Ён падняў галаву. Каля яго стаяла прадаўшчыца Таццяна.— Я чакаю, чакаю. Няўжо схлусіў...

— Я нічога не абяцаў.— Хведар краем вока зірнуў на прадаўшчыцу. На ёй чырвоная сукенка з карункамі, вусны падфарбаваныя. Чорныя валасы прыбраны ў вузельчык. Хведар адчуў, як цесны стаў каўнер кашулі. Хоча ён сказаць ёй што-небудзь благое і нават брыдкае, а нібы мову адняло. У галаве ліхаманкавыя думкі: «Хлопцы ўбачаць. Жартаў пасля будзе мех».

— Запрашаю цябе на танец,— сказала Таццяна і працягнула яму руку.

— Я не ўмею,— паскроб патыліцу Хведар.— Дый, можа...

— Тут і ўмець не трэба.— Таццяна пайшла наперадзе, а ён за ёй.

«Якая нахабная дзеўка,— думаў Хведар.— Нібы смала». Толькі прыемна яму было, што з ім танцуе прыгожая дзяўчына. Яна была адзета лепш за іншых. Мясцовыя хлопцы штосьці крычалі Таццяне. Яна адказвала ім. Толькі Хведар не чуў — што. Ён быў нібы ў тумане ад гучнай музыкі, тупату і гарачыні. Якаў падміргнуў яму, зарагатаў шматзначна і павёў па крузе сваю дзяўчыну.

— Хопіць,— сказаў Хведар.— Я пайшоў.

— Я таксама іду. Зараз лепш на свежым паветры. Дапамажы мне апрануцца.

Таццяна накінула на сябе кажушок, чорныя валасы пакрыла вялікаю, нібы коўдра, хусткаю.

Месяц ужо схаваўся, і было цёмна, як у калядныя ночы, толькі не хапала зорак.

— Ай, падаю! — ускрыкнула Таццяна і ўхапілася за Хведара.— Ты ж трошкі трымай мяне, а то яшчэ нагу паламаю. Будзеш адказваць. Такі вялізны боўдзіла, а мяне, маленькую птушку, не можа абараніць.

— Ад чаго бараніць?

— Ад ямін. Ха-ха-ха,— смяялася Таццяна.— Хведар, чым гэта ў цябе галава забіта?

— Чаго шпількі падпускаеш? — сказаў Хведар.— Цёмна ж — чорт нагу зломіць.

— Дык колькі ж табе гадоў?

— Хутка дзевятнаццаць.

— Ха-ха-ха! — зноў зарагатала на ўсю вуліцу Таццяна.— Во дурніца. Я ж думала: табе, можа, дваццаць пяць. Старая я для цябе.

— А табе колькі?

— Мне дваццаць тры гады.

— Маладая яшчэ,— сказаў Хведар.

— Гэта маладая па арыфметыцы,— у голасе быў такі сум, што Хведару стала яе шкада.

— Ты прыгожая і, відаць, добрая,— сказаў ён.

— Табе я спадабалася? — Таццяна прыўзнялася на пальчыках, паспрабавала зазірнуць Хведару ў вочы.

— Не ведаю...

— Эх ты...— яна адштурхнула яго ад сябе.— Я цябе з першага дня, калі зайшоў у краму, прыкмеціла. Дужы ты... Жанчын заўсёды прываблівае ў мужчынах сіла. У цябе яе шмат... Смутак нейкі ў мяне на душы...

— Каб ногі ледзьве валачыла, то і смутку не было б,— сказаў Хведар і падумаў, што на яго рабоце не надта засмуткуеш.

— Пры чым гэта? Што — у магазіне не работа? Горшая, чым твая? Не, міленькі, тут трэба, каб была светлая галава. Жыццё ў нашай вёсцы нецікавае... Паехаць куды-небудзь. Можа, на Поўнач або на Поўдзень.

— А грошы?

— Гэта не праблема. Тут я жыву,— Таццяна паказала на хату, якая стаяла праз дзве хаты ад кватэры Богдана.— Паглядзіш мае пакоі?

— Позна ўжо. Спяць, напэўна, твае?

— У мяне нікога няма. Маці памерла, калі я была ў горадзе, а бацька ажаніўся і перайшоў да свае жонкі. Так што я ўладарка гэтага маёнтка.

Яна пашукала ў кішэні ключ і развяла рукамі:

— Згубіла. Што цяпер рабіць?

— Прабой вырвем,— прапанаваў Хведар.

— Не, дзверы паламаем. Хто мне адрамантуе?

— Дык не будзеш жа ты начаваць на вуліцы?

— Навошта? — засмяялася Таццяна.— Падыдзі сюды. Націсні ўверсе.

Хведар зрабіў, як яна прасіла. Праз акно яны ўлезлі ў сенцы.

— Цёмна, нагу зломіш,— сказаў Хведар.— Уключы святло.

— Навошта яно? І так убачым усё, што трэба. Памажы кажух скінуць,— Таццяна прыціснулася да Хведара. Ён адышоў убок.

— Адзень яе, раздзень. Пані знайшлася.

— Нявыхаваны ты чалавек, Хведар. Нічога, я навучу цябе этыкету.

Яны селі на ложак, які стаяў каля акна. Вочы прывыклі да цемры, і Хведар убачыў тэлевізар, шафу з кнігамі, скрынку пад сталом. Было ціха, і ён чуў, як дыхае Таццяна, роўна і спакойна, нібы трэніраваны бягун. Яму здалося, што ў акно пастукалі. Ціхі быў стук, быццам шорганне па шыбе. Ён прыслухаўся. Зноў пачуўся стук. Хведар наблізіў твар да акна, але на двары нічога не ўбачыў.

— Нібы стукаюць? — сказаў ён.

— Табе здалося,— прашаптала Таццяна.— А магчыма, п'яніца які прыйшоў па гарэлку.

— Магазін закрыты ж,— здзівіўся Хведар.

— Я часам у хату бяру пару пляшак, дык і бягуць, як пчолы на мёд.

— Напэўна, нельга дома гандляваць,— спытаў Хведар.

— Шмат чаго нельга, але робяць. Якія ў цябе валасы жорсткія...— яна палажыла яму руку на галаву, села бліжэй. Хведар ніколі яшчэ не быў так блізка з жанчынай. Таццяна хвалявала яго і палохала.

— Месца мала табе,— сіпла сказаў ён.

— Дурненькі...— Яна паспрабавала яго пацалаваць, але ён, нібы звар’яцелы, кінуўся ад яе. Таццяна ціха смяялася.

— Здатны кавалер... Жанчына сама абдымае яго, а ён уцякае.

— Гэта небяспечна...— Хведара чамусьці ахапілі дрыжыкі, і яму было то горача, то холадна.

— Дзіцянё! — Таццяна ўскочыла з ложка, захадзіла па пакоі.— Ведаў бы ты, як цяжка мне жыць. Часам лягу спаць і да раніцы не заплюшчу вочы. Усё думаю, думаю, чаму я такая нешчаслівая.

— Таццяна, мы з табою ўпершыню размаўляем. Чаму ты пра ўсё гэта мне гаворыш?

— Часам лепш незнаёмаму пра ўсё расказаць, і ён стане бліжэй за сваяка. Каб ты ведаў, пасля школы я паехала ў горад да цёткі... Яна працавала там у магазіне. Гандлявала гуркамі, памідорамі, цыбуляй. У тэхнікум я не прайшла па конкурсе, пачала памагаць цётцы. У мяне кожны дзень былі свае грошы, цётка давала пяць-дзесяць рублёў. Недаважыць другому-трэцяму пяцьдзесят грамаў гародніны або іншага, а ў канцы дня кругленькая сума. Хутка цётка мне прывяла жаніха. Ён працаваў на базе. Мы пажаніліся. Так, не здзіўляйся, я была замужам.

— Я не здзіўляюся,— сказаў Хведар і ўспомніў, як старэйшы яго брат жаніўся на развядзёнцы — было шуму дома.

— Праз год цётку маю, Антаніну Васільеўну, і мужа пасадзілі ў турму... Перажывала спачатку, а потым людзі добрыя параілі: аформіла развод і стала зноў вольнай птушкай.

— Муж твой... што, у турме? — асцярожна спытаў Хведар.

— Выйшаў ужо. Увосень прыязджаў па свой пярсцёнак... Быццам жыла ў горадзе, штосьці бачыла, а калі падумаць, дык нічога не бачыла і як чалавек не жыла.— Таццяна заплакала. Хведар пачаў супакойваць яе, даў ёй сваю насоўку выцерці вочы. Доўга плакала. Магчыма, сапраўды шкада было ёй сваіх дваццаці трох год і што яна, прыгожая і разумная жанчына, вякуе ў гэтай вёсцы, нібы гарбаценькая Тэкля.

— Не пакідай мяне. Хочаш, на канапе пасцялю, а я на ложку лягу. Слухай, Хведар, у мяне гарэлка ёсць. Давай па чарачцы вып’ем за тое, што зайшоў да мяне, паслухаў мае бабскія слёзы. Не хочаш? І правільна, не трэба.

Таццяна ўмомант сабрала стол. Тут былі вэнджаная каўбаса, шпроты, чырвоная рыба, і нават, войкнуўшы, успомніла Таццяна пра чорную ікру, якую ёй па вялікаму знаёмству даў загадчык базы райспажыўсаюза.

Тое-сёе пакаштаваў Хведар. Трошкі яшчэ пасядзеў і сабраўся дамоў.

— Ну, я пайшоў,— сказаў ён.— Гаспадыня будзе злавацца, што позна вяртаемся.

— Перажыве твая старая. Абдымі мяне... Не хочаш... Абяцай, што заўтра прыйдзеш.

— Не ведаю.

Яна падышла да яго, абхапіла рукамі за шыю і моцна пацалавала ў вусны.

— Ідзі...

Нібы аслеплены, выйшаў Хведар з хаты. Агнём палалі вусны, рукі пахлі Таццянай. «Можа, вярнуцца да яе?» — падумаў Хведар і прыцішыў хаду.

— Здароў, сябра,— пачуў ён побач нейчы голас.

На лавачцы сядзеў чалавек і курыў.

— Здароў,— механічна сказаў Хведар, заняты сваімі думкамі.

Незнаёмец патушыў цыгарэту, наблізіўся да яго. Раптоўнае святло ўдарыла Хведару ў вочы.

— Ты што, рабіць няма чаго?

— Дай пагляджу на тваю морду, каб ведаць, чаму Таццяна да цябе прыхілілася. Цяпер запомні мяне.

Хведар у промнях ліхтара ўбачыў хударлявы твар, у роце блішчэлі залатыя зубы.

— Каб я цябе больш не бачыў каля гэтай хаты,— сказаў мужчына.

— Бач ты! — узлаваўся Хведар.— Не пагражай, не спалохаўся.

— Я не палохаю,— сказаў мужчына.— Толькі папярэджваю. Я кахаю Таццяну і не хачу, каб розная свалата сноўдала тут.

— Гэта хто свалата? — ужо кіпеў маладой злосцю Хведар.

— Будзь здароў,— незнаёмец павярнуўся і борзда пашыбаваў у цемру. Праз якую хвіліну зноў было ціха, і ніводзін гук не парушаў гэту цішыню. Была глыбокая ноч, і вёска спала. Магчыма, толькі ў той хаце за цёмнымі вокнамі адна сядзела Таццяна і плакала над сваёй бабскай доляй. У Хведара пасля сутычкі з яе невядомым кавалерам прасвятлела галава, і, ідучы на кватэру, ён меркаваў, як жыць далей.

 

 

5

Роўна ў дзевяць гадзін раніцы Богдан прыйшоў на лінію. Лоб і правая шчака былі ў яго абадраныя, пад вокам — сіняк. Незвычайны быў брыгадзір у «фабзайцаў», як іх ужо называлі ў вёсцы, калі даведаліся, што яны навучэнцы прафесійнага вучылішча. Спыніў позірк на Хведару, цяжка ўспамінаў, нарэшце сказаў:

— Гэта ты мяне да кватэры давёў?

Хведар прамаўчаў. Богдан забраў у майстра праект лініі, пачытаў яго і даў заданне кожнаму хлопцу. Гэта заняло лічаныя хвіліны, і ўсе ўбачылі, што брыгадзір справу ведае і ўмее працаваць. Слупы для пяці кіламетраў лініі падрыхтавалі, затрымка была з-за спецыяльнай машыны, якая павінна капаць, свідраваць ямы. Богдан пазваніў па тэлефоне з пошты, і яму сказалі, быццам машына сапсавалася і невядома, калі яе адрамантуюць, бо вадзіцель Сяргей Кайсукоў захварэў і ляжыць другі месяц у бальніцы. Майстар згадзіўся з прапановай брыгадзіра, што трэба ўручную капаць ямы і ставіць слупы. Пакуль іншага выйсця не было.

— Усюды навукова-тэхнічная рэвалюцыя, а тут рыдлёўка і бусак,— сказаў Крыц.— Нас вучылі ўзводзіць лініі электраперадач машынамі. Так, Іван Аляксандравіч?

Майстар хацеў растлумачыць, што машыны можа не быць месяц.

— Што табе скажуць, тое і рабіць будзеш,— сказаў Богдан.— На табе бочкі з вадой вазіць можна. «Навукова-тэхнічная рэвалюцыя...» — перадражніў ён Крыца.

— Гэта яшчэ пабачым! — Крыц павярнуўся да хлопцаў.— Прыслалі нам дурня. Што мы, без яго не пабудуем лінію?

— Спакойна, Васіль,— сказаў Іван Аляксандравіч.— Не лезь раней бацькі ў пекла. Начальства ведае, што робіць.

— Якое там начальства, Ліхаў рашыў, ды і ўсё.— Якаў Казакевіч памятаў учарашнюю сустрэчу з Богданам.

...Іх участак быў на камяністым узгорку, ды яшчэ замёрзлая зямля, і Хведар лічыў, што ім не пашанцавала. Але некаму трэба і на гэтым месцы працаваць.

Дзёўб ён зямлю ломам, і патроху рос вакол узгорак. Тонкія брызентавыя рукавіцы не ратавалі ад настылага жалеза. Але праз трыццаць-сорак сантыметраў зямля памякчэла — справа пайшла лягчэй.

Калі гаварыў Васіль Крыц пра навукова-тэхнічную рэвалюцыю, Хведар думаў пра тое ж самае. Толькі меў рацыю і Іван Аляксандравіч: фронт вялікі, а часу небагата. Ён працаваў з натхненнем, быццам канспектаваў найцікавейшую лекцыю выкладчыка Апалінара Канстанцінавіча па мянушцы Фантамас.

— Што з ім? — спытаў Хведар. Здаецца, у час абеду Казакевіч быў здаровы, не скардзіўся ні на што. Хведар абышоў узгорак і здзівіўся, што не было Якава. Як і да абеду, яма была выкапана на адну рыдлёўку. «Што такое? — падумаў Хведар.— Можа, захварэў хлопец?»

Побач быў густы сасняк. Хтосьці як бы гаманіў у ім. Хведар прыслухаўся і пазнаў голас Якава.

За шырокім ядлоўцам на стажку сена сядзелі Якаў і Крыц. Гулялі ў карты.

Хведар моўчкі забраў карты і палажыў сабе ў кішэню.

— Т-ты ч-чаго? — вытарашчыў вочы Якаў.— Не твае.

— Хто за вас норму выконваць будзе?

— Казакевіч! Давай яму рэбры паламаем, як ён мне калісь,— падняўся з сена Крыц.— Глядзі, заробіш... Начальнік мне сыскаўся.

Было ўжо цёмна, калі яны пайшлі з лініі, і Якаў усё прасіў Хведара:

— Прабач мне. Ну, прабач...

Толькі Хведар маўчаў. Майстар сказаў, што іх звяно будзе ўдарным, дык адкуль яму такім быць, калі Казакевіч можа толькі ў блакітных штанах з лямпачкамі фарсіць.

— Дарэчы, Якаў, дзе вы ўзялі карты? — спытаў Хведар.

— Пад канапаю. Хто іх туды паклаў?..— сказаў Казакевіч.

— Табе б толькі сышчыкам быць,— сумна ўсміхнуўся Хведар.— Здаецца, схаваў добра.

— Пойдзеш у клуб? — Якаў ужо быў вясёлы, упэўнены, што недарэчная размова пра норму і яму пад слуп закончана.

У сенцах Хведара затрымала гаспадыня. Спытала так, нібы ўжо ўсё вырашана:

— Дык заўтра, можа, слупы прывязеш?

— Я пра вас гаварыў майстру — штосьці прыдумаем, пачакайце.

— Ну, добра...

— Ёсць некалькі слоў,— сказаў Хведар, калі павячэралі.— Ты, Якаў, у клуб быццам?

— Калі трэба...

— Ты не спяшаешся, Іван?

— Пасля лома і рыдлёўкі нікуды не хачу, толькі — на ложак.

— Ведаеце, што мы ўтрох і Макарчук,— пачаў Хведар,— складаем звяно. Майстар даручыў кіраваць ім мне. Нам трэба паказаць, што мы здольны на многае, што мы лепшыя, чым той жа Богдан, на якога ты, Якаў, пакрыўдзіўся.

— Хведар, але ж мы практыканты, а не рабочыя.— Якаў сеў на канапе па-турэцку і закурыў.— Чаму я павінен жылы з сябе выцягваць?

— І ты так думаеш? — спытаў Хведар у Трацяка.

Той чытаў кніжку і быццам яго не чуў. Хведар паклаў на кніжку руку, закрыў старонку.

— Чаго ты хочаш? — сказаў Трацяк.— Што мне кажуць, я раблю. Астатняе... Ты кіраўнік, ты і думай.

— Якаў Казакевіч наш сябар і паплечнік і павінен выконваць норму, каб на яго не паказвалі пальцам,— стрымліваючы сябе, сказаў Хведар.

Трацяк акуратна загарнуў кніжку, падняўся і раптам схапіў Якава за каўнер:

— Я за яго рабіць не буду. У мяне і сваіх мазалёў досыць,— і ён паказаў далоні, перавязаныя бінтам.— Як ты казаў, Яша? Брат-то брат, але каўбаса за грошы...

У нядзелю ўзышло на небе мардастае сонца, і да вечара снег паплыў шматлікімі ручаямі. Мар’я Піліпаўна ўспомніла, што такая вясна была ў трыццаць чацвёртым годзе, і ўрачыста сказала:

— Усё, хлопчыкі. Карова не хоча ісці ў хлеў: будзе цёпла.

Цёпла было тры дні. Сонца і вецер падсушылі зямлю. На чацвёрты дзень пайшоў зацяглы дождж і заліў вадой выкапаныя ямы, у якія не паспелі паставіць слупы. Рачулка, што рэзала вёску на дзве часткі, успухла і парвала ў некалькіх месцах асфальт. З райцэнтра выклікалі экскаватар і дамбай замацавалі дарогу. Брыгада не працавала на лініі — разам з вяскоўцамі хлопцы спынялі ваду. Пад канец работы з экскаватара зляцела гусеніца, у якой трэснуў адзін трак. Адразу падышлі цікаўныя і дарадчыкі. Крыц жартаваў з маладога экскаватаршчыка, што той слабы, не ўмее трымаць у руках кувалды.

— Дык паспрабуй сам,— сказаў экскаватаршчык.

Трэба было выбіць палец з гусеніцы, і Крыц з усяго маху ўдарыў па ім. Удар быў моцны, і кувалда трошкі захапіла самую гусеніцу. Ад яе адляцеў маленькі кавалачак і рыкашэтнуў проста ў вока Крыцу. Ад дзікага болю хлопец зароў, схапіўся абедзвюма рукамі за галаву і ўпаў каленямі ў гразь.

Мікола Макарчук затрымаў легкавую машыну, якая ішла ў горад. Гаспадар яе спачатку не хацеў слухаць пра спадарожнікаў, але, убачыўшы Крыца, адчыніў дзверцы. У машыну селі Іван Аляксандравіч, Хведар і Мікола Макарчук. Крыц ужо не стагнаў. Нахіліўшыся да бакавога шкла, ён па-ранейшаму трымаўся рукой за вока.

Толькі пачалася практыка — і вось табе, такая непрыемнасць. Аб здарэнні трэба паведаміць у вучылішча, упраўленне. Пачнецца вэрхал, якога і ворагу не пажадаеш. «Тваё шчасце, Іван, калі вока застанецца ў хлопца,— падумаў майстар,— інакш пішы заяву».

Марудна, вельмі марудна ехалі «Жыгулі», а патыліца гаспадара была спакойная і нават урачыстая. Знікалі ззаду слупы, дрэвы, дамы, а горада ўсё не было.

— Хутчэй бы...— сказаў Макарчук і павярнуў галаву да майстра.

— Я больш ста кіламетраў у гадзіну ехаць не магу,— сказаў вадзіцель.— Дзе гэта яго так?

Але ніхто не адказаў на пытанне. Кожны палічыў яго недарэчным. Хведар думаў, што калі б працавалі на лініі, то нічога з Васілём не было б, або, калі б ён не гультаяваў, а рабіў тое, што сказалі, то таксама абышлося б. «Півам гандляваць,— успомніў Розум.— Цяпер ты, напэўна, гэтым будзеш займацца».

У гарадской бальніцы ўрач, немалады чалавек з вясёлым грузінскім тварам, якога санітарка назвала Георгіем Мірабавічам, паглядзеў хворага, цмокнуў і загадаў пераапранаць Васіля ў бальнічнае адзенне.

— А можа, не трэба? — дрыготкім голасам сказаў Крыц.

— Давай, давай... Хто вы? — спытаў ён, калі Васіль пайшоў з санітаркай з прыёмнага пакоя.

— Таварышы,— сказаў Макарчук і паглядзеў на майстра.

— Ён навучэнец вучылішча,— дадаў Іван Аляксандравіч,— а я — майстар... Што з вокам, доктар?

— Пакуль нічога сказаць не магу,— развёў рукамі ўрач.— Прыходзьце пазней.

З бальніцы яны зайшлі ва ўпраўленне. Майстар вырашыў пра здарэнне адразу паведаміць кіраўніцтву. Начальнік, Кардаш, быў на месцы. Чорныя бровы прыўзняліся, вялікая паголеная галава была нерухомай. Вочы глядзелі бясстрасна, нібы не чалавек стаяў перад ім, а сцяна. Але вось загарэўся ў вачах агеньчык цікаўнасці.

Кардаш запрасіў сесці ў шырокае ўтульнае крэсла.

— Памятаю вас. Збіраўся на тым тыдні ў госці.

— У нас здарэнне,— сказаў Іван Аляксандравіч і адвёў позірк ад гэтага змрочнага чалавека.

— Што такое? — Кардаш падняўся з-за стала і сеў насупраць майстра.— Расказвайце!

Калі Іван Аляксандравіч скончыў, ён паціснуў плячыма.

— Гэта здарэнне ўпраўлення не датычыць. Яно адбылося не на працы. Тут парушэнне тэхнікі бяспекі і недысцыплінаванасць вашага навучэнца. Хай гэтым займаецца ваша непасрэднае начальства... Ну, ну, не трэба злавацца,— спыніў ён майстра.— Вядома, мы ўсё зробім. Я сам пазваню ў вучылішча, пагавару з дырэктарам, каб на вас моцна не сварыўся. Хутка дапаможам людзьмі, і вам стане лягчэй, але пакуль — прабачце!

...З вучылішча атрымалі тэлеграму, што выязджае камісія. Іван Аляксандравіч павінен быў яе сустрэць і ўладкаваць з жыллём.

— Пішы прапала,— сказаў Богдан.— Паедзе ваш Іван Аляксандравіч дахаты, і буду я вам адзіны начальнік. Пакамандую тады! Вы ў мяне, салагі, не толькі лінію, але і электрастанцыю пабудуеце.

Хведар уважліва паглядзеў на яго. Каўнер кашулі ў Богдана быў амаль адарваны, на ватоўцы — адзін гузік.

— Папрасіў бы, Васіль, Тэклю, каб зашыла кашулю,— сказаў Хведар.

— Адзін раз Марку жаніць,— пажартаваў Якаў.

— Маўчы,— працадзіў скрозь зубы Богдан.— Яму пад слуп ты выкапаў?

— Яшчэ не, паспею,— Казакевіч дастаў цыгарэту і дэманстратыўна закурыў.

Богдан падышоў да яго, вырваў цыгарэту:

— Бягом у яму! Языком працуеш добра, а рыдлёўка цяжкая!

— Навошта так? — сказаў Хведар.— Злы ты нейкі, Богдан, як...

— Як хто? — закрычаў Богдан.— Я тут камандую ці хто...

 

 

6

Сярод пасажыраў, якія выйшлі гэтай раніцай з аўтобуса, што прыйшоў з горада, быў і Апалінар Канстанцінавіч, па мянушцы Фантамас. У камандзіроўку ён апрануў сваё старое скураное паліто, у якім у маладыя гады паездзіў па Сібіры. І ішоў па вёсцы гэткім інтэлігентам, зубрам. Убачыўшы слупы, якія цягнуліся чарадой, нібы птушкі на ясным небе, перакапаную зямлю, шматлікія сляды будаўніцтва, Апалінар Канстанцінавіч адчуў, быццам скінуў з плячэй дваццаць або нават і трыццаць гадоў. Перад ім была родная стыхія. Ні ў каго не пытаючы, інтуітыўна ён выйшаў да склада матэрыялаў.

— Фантамас! — здзіўлена сказаў Макарчук.

— Ніякіх Фантамасаў,— Богдан даваў заданне звяну Хведара і быў злы пасля ўчарашняга.

— Ды вось ён,— прашаптаў Хведару на вуха Макарчук, і той азірнуўся.

У дзвярах склада стаяў, бліскаючы лысінай, Апалінар Канстанцінавіч.

— Не саромейцеся, Макарчук,— сказаў ён.— Я ведаю, што Фантамас д’ябал. Я дажыў да такіх гадоў, што мне ўсё роўна. Значыцца, майго любімага Крыца няма тут?

— Якія абставіны занеслі вас? — спытаў Іван Аляксандравіч.

— Я і ёсць камісія,— ганарліва сказаў Апалінар Канстанцінавіч.— Прыехаў расследаваць здарэнне і праверыць выхаваўчую работу ў калектыве практыкантаў. Звычайна, калі што адбываецца непрыемнае, мы гаворым, што кепская выхаваўчая работа. Гэту ісціну я спазнаў на старасці гадоў, калі пачаў займацца педагогікай. Раней мне не было калі: я будаваў, як і вы, электралініі, станцыі і падстанцыі.

Дапытліва, кожную дробязь праверыў Апалінар Канстанцінавіч. Напісаў доўгую тлумачальную запіску на імя дырэктара вучылішча. Размаўляў з хлопцамі і з Богданам, і брыгадзіру ён раптам спадабаўся. Хведар упершыню бачыў, як гэты злы чалавек усміхнуўся і нешта тлумачыў Фантамасу, маляваў цвіком на пяску нейкі чарцёж. Хацелася падысці да іх, паслухаць гутарку, разважанні Апалінара Канстанцінавіча, але Хведар не адважыўся.

Гаворку з майстрам і з Хведарам Апалінар Канстанцінавіч пакінуў на пасля. І сустрэліся яны толькі на наступны дзень, калі ён ужо склаў рэчы ў тачку і заставалася да аўтобуса паўтары ці дзве гадзіны. Папрасіў Фантамас Хведара правесці яго.

— Веды ў цябе ёсць,— задуменна гаварыў ён.— Напэўна, на ўзроўні тэхнікума. Вопыту жыццёвага няшмат. Але нічога, гэта прыйдзе з часам. Я ўважліва слухаў усё, што ты мне расказаў, і прааналізаваў. Менш на дзесяць грамаў гарачыся і будзь больш цярплівы да сваіх таварышаў. Яны ж такія маладыя, мухі іх з часам пакінуць. Брыгада ў вас нішто і брыгадзір, мне здаецца, калі паглядзець глыбей... Можна з ім працаваць.

— Ён злы, як чорт,— сказаў Хведар.

— У кожным чалавеку суіснуюць па-суседству злосць і дабрата. Часам і ад такіх, як ты, залежыць, хто ў ім каго пераможа: злосць дабрату ці наадварот.

На прыпынку ў натоўпе Хведар убачыў майстра. Іван Аляксандравіч быў апрануты па-святочнаму.

— А вось і мы,— сказаў Апалінар Канстанцінавіч.— У нашага юнака здзіўленыя вочы? Растлумач яму, калі ласка, Іван Аляксандравіч.

— Я на некалькі дзён паеду ў вучылішча. Богдан ведае. Загадаў так дырэктар,— майстар быў трохі разгублены.

— Загад,— пацвердзіў Апалінар Канстанцінавіч.— Будзе пасяджэнне, сход і гэтак далей.

Не паспелі ад’ехаць майстар і Фантамас, як каля склада спыніўся «газік». Па постаці Хведар пазнаў начальніка ўчастка Ліхава, а другі, квадратны, ледзь не на паўмашыны, у доўгім паліто, быў незнаёмы. Калі падышоў да склада, пазнаў і яго. Гэта быў начальнік упраўлення Кардаш, які выступаў перад імі ў дзень прыезду.

— Дзе людзі? — спытаў у Хведара Ліхаў.

— На лініі. Ставяць слупы.

— А ты чаго лайдачыш тут? — крыкнуў Ліхаў. Начальнік участка зморшчыў лоб і расшпіліў паліто.

— Трэба ўзяць дроту,— сказаў Хведар.

— Сядай у машыну, з намі паедзеш, пакажаш, дзе працуе брыгада,— загадаў начальнік упраўлення.

Яны пад’ехалі да лініі ад лесу, неспадзеўкі выскачыўшы з-за хмызняку, які падыходзіў да самага поля.

Каля аднаго са слупоў ляжалі абы-як басакі, мантажныя рамяні, кіпці. Хлопцаў не было відаць, хоць толькі пачынаўся дзень.

Ліхаў бегаў, крычаў, а Хведар думаў, дзе хлопцы. Каля балота, на ўзгорку пад соснамі, ён знайшоў усю брыгаду. Толькі не было Богдана.

— Там начальнікі прыехалі,— сказаў ён.— Трэба працаваць, бо гармідар будзе.

— Ну і што? — ускіпеў Якаў Казакевіч.— У нас брыгадзір ёсць.

— Трэба ісці,— сказаў Трацяк.— Падумаюць яшчэ, што мы лайдакі... Богдан, напэўна, спіць. Тэкля казала, што быў моцна п’яны пасля ўчарашняга авансу.

...Богдан ляжаў на ложку з мокрым ручніком на галаве і крактаў.

— Чаго?

— Начальнік упраўлення і Ліхаў прыехалі. Цябе пытаюцца.

— Скажы — хутка буду... Што рабіць — ведаеце, вось і працуйце.

Выйшаў Хведар з хаты, і прыкра стала на душы. Трэба ж было так здарыцца, што і майстар паехаў. Падумаюць яшчэ, быццам парадку няма: брыгада не працуе, брыгадзір п’е. «Не мы выбіралі Богдана, а ўпраўленне накіравала. Хай яны і вырашаюць, як нам жыць і працаваць далей».

...Лінію на роўным і сухім месцы яны пабудавалі. Заставаўся ўчастак, які ішоў праз балота і лес. Самы цяжкі кавалак. Апошнім часам нешта незразумелае рабілася з Якавам Казакевічам. Нібы падмянілі хлопца. Пасля работы нікуды не ішоў, як звычайна, а адразу клаўся на ложак.

У чужую душу не залезеш, але зразумеў Хведар, што ёсць таму нейкая прычына. «А навошта мне ўсё гэта? Што, мне больш за ўсіх трэба, як кажа Трацяк,— падумалася Хведару.— Я такі ж практыкант, як і Якаў, Макарчук, Крыц. Ну, слухаў уважліва Фантамаса, чытаў кніжкі... Ёсць майстар, які атрымлівае за гэта грошы. Ці што зменіцца на свеце, калі мы на дзень або на тыдзень пабудуем лінію пазней або калі я буду рабіць тое, што мне загадваюць, і не больш».

— Нічога! — крыкнуў ён.— Буду жыць як хачу.

Бабулька, якая ішла яму насустрач, перапалохалася, перабегла на другі бок вуліцы.

— Ні дня, ні ночы гэтым п’яніцам няма.

У магазіне шмат людзей стаяла за хлебам, але ўбачыла Хведара сваімі шэрымі вачыма прадаўшчыца і, папрасіўшы суседку паглядзець за касай, спыніла яго.

— Нешта не прыходзіш? — на вуснах крывая, хваравітая ўсмешка.

Пры сонечным яркім святле бачны маршчынкі каля вачэй, і Хведару зноў, як тады ноччу, стала шкада гэтай жанчыны.

— Як жыццё? — спытаў ён.

— Як у графіна. Кожны дзень не ведаеш, хто за горла возьме.

— Ужо так страшна...

— Страшна, страшна, мой міленькі. Сёння прыходзь,— шапнула яна, рукі ў кішэні белага халата і подбегам у краму.

Правільна, вечарам ён пойдзе ў госці да Таццяны і будзе там кожны дзень. Прыгожая жанчына, цёпла і ўтульна ў хаце. Хай жывуць, як хочуць, Трацяк з Якавам. «Маё жыццё — гэта маё, а не каго-небудзь іншага. Дый і жаніцца можна з Таццянай. Тое, што развядзёнка, бацькам не скажу, а ім галоўнае, каб мне было добра. Кіну вучылішча і...» Падняўся настрой у Хведара, у галаве словы прадаўшчыцы: «Сёння прыходзь, прыходзь».

Неба было яснае, стаяў ласкавы майскі дзень. Хведар скінуў боты. Прыемна было ісці басанож па яшчэ халаднаватай зямлі. Над балотам спяваў жаўранак, крычалі кнігаўкі, і Хведару здалося, нібы ён у роднай вёсцы і вось там, за лазовым кустом, зараз будзе Ясельда. Спакойна на душы, а што на лініі начальнікі, дык пачакаюць. І раптам успомніў Хведар словы Апалінара Канстанцінавіча, стомлены твар Івана Аляксандравіча, якія па-людску гаварылі, бачылі ў ім свайго таварыша, сябра. «Нешта хутка забыў усё добрае, што зрабілі табе гэтыя людзі». Сумна стала Хведару, нібы хтосьці падштурхнуў яго. Ён закінуў боты за плечы і пабег.

«Газік» стаяў пад дрэвам, капот быў падняты, і вадзіцель рамантаваў матор. Больш людзей побач не было. Толькі далей пад лес на слупах сядзелі хлопцы.

Начальнік упраўлення Кардаш, як звычайны мантажнік, у рабочай вопратцы, на бетонным высакавольтавым слупе ставіў абсталяванне.

— Эй, сябра! — крыкнуў ён і апусціў да ног Хведара дрот з прывязаным на канцы ізалятарам.— Бачыш, там, злева, запчасткі. Давай іх мне.

Хутка і спрытна працаваў начальнік. Зайздросна стала Хведару. Ніводнага непатрэбнага руху не зрабіў.

Сышоў на зямлю, зняў рэмень, кіпці, аддаў Хведару. Насоўкай выцер паголеную галаву, шыю. Тут ужо і Ліхаў скончыў работу. І адразу да Хведара:

— Знайшоў Богдана?

— Знайшоў.

— Дзе ён?

— Спіць, як заўсёды.

Узлаваны Ліхаў запырскаў слінай, замахаў рукамі, закрычаў, што ён не хацеў браць Богдана, але яго прымусілі зрабіць гэта. І як ва ўпраўленні не разумеюць: такому чалавеку нельга давяраць практыкантаў. Ці мала таго, што адзін з іх у бальніцы.

— Вернецца майстар — вырашым,— сказаў Кардаш.— Ты Розум?

— Я...

— Мне Іван Аляксандравіч пра цябе гаварыў, калі званіў наконт ад'езду. З Богданам пабачым, але... спяшацца вельмі, Ліхаў, не трэба.

— Добра.— Хведар не разумеў, куды вядзе гутарку начальнік упраўлення.

— Давайце, хлопчыкі, давайце. Вельмі патрэбна лінія. Пакліч усіх. Пагаварыць трэба з людзьмі, Ліхаў,— начальнік упраўлення дастаў пакуначак мятных цукерак. Прапанаваў Хведару: — Частуйся. Другі месяц смакчу, курыць кінуў.

— Не куру.

— Ну і правільна. Я дваццаць пяць гадоў курыў, сэрца забалела. Лепш цяпер адчуваю сябе.

Ліхаў сам сабраў хлопцаў. Падышоў зарослы чорнай шчацінай Трацяк, бліснуў голым каленам праз парваную па слупах калашыну Макарчук. У ватоўцы без рукавоў быў Якаў, і астатнія выглядалі не лепш.

— Здароў, анархісты. Ну і войска,— зарагатаў начальнік упраўлення.— Ліхаў, а ты казаў, што ў цябе слабыя кадры. Гэта ж героі. Паглядзі ўважліва на іх — стаханаўцы, бусыгінцы! Мы перад імі павінны на каленях стаяць! — і начальнік упраўлення пакланіўся. Хлопцы стаялі нібы зачараваныя, а Якаў аж рот адкрыў і за палец сябе ўкусіў, як дзіця малое. Ён не верыў сваім вачам.

— Я толькі папрашу ў вас дробязь,— голас начальніка ўпраўлення стаў тоненькі і ціхі, быццам хацеў сказаць патаемнае.— Зрабіце для мяне гэта.

— Што трэба, кажыце,— закрычаў заўсёды спакойны і вытрыманы Трацяк.

— Скіньце свае лахманы. Ліхаў, каб заўтра камбінезоны і ўсё іншае было тут. Пад тваю асабістую адказнасць. Запішы ў свой сшытак, а я раніцай праверу, як ты выконваеш мае загады.

— Запісаў.— Ліхаў думаў, дзе здабыць гэтыя камбінезоны, бо праз некалькі дзён пад’едуць яшчэ навучэнцы і ім абавязкова трэба даць спецвопратку. Аднак калі такім катэгарычным тонам начальнік упраўлення загадаў, значыць, рабі што хочаш, як хочаш, але загад павінен быць выкананы.

— Знайшоў ты Богдана? — абыякава спытаў Трацяк у Хведара.

— На кватэры быў. Адпачывае пасля ўчарашняга.

— Ты сказаў, што п’яны?..

— Сказаў...

— Не трэба было...

Навалілася стома, захацелася памыць рукі і твар, павячэраць і спаць, каб назаўтра з новымі сіламі будаваць гэту лінію, якая стала для іх выпрабаваннем і загартоўкай.

Яны былі мантажнікі, і за імі бегла дзятва, з зайздрасцю гледзячы на шырокія дзягі, кіпці. У дзяцінстве Хведар бачыў мантажнікаў, якія будавалі непадалёк ад ягонай вёскі электрастанцыю. Гэтыя вясёлыя хлопцы былі для яго доўгі час ідэалам. І зараз яму хацелася, каб у памяці малых засталася іх брыгада: Якаў Казакевіч, Мікола Макарчук, Трацяк, Крыц...

Ужо засынаючы, Хведар успомніў, што абяцаў Таццяне прыйсці да яе. Яна, напэўна, чакала яго.

 

 

7

Якаў панура збіраўся на работу. Нямілай яна была яму. У вучылішчы на практычных занятках ён мог узлезці на слуп на два-тры метры, як патрабаваў майстар. А ўжо вышэй яму рабілася блага. Праз сілу Якаў прымушаў сябе падымацца, але аднойчы надышоў момант, калі толькі ад думкі, што трэба ставіць у кіпці ногі і лезці ўгору, захацелася сесці ў аўтобус і паехаць з вёскі. Мусіць, так яно і ёсць: Казакевічам досыць і зямлі. Хай іншыя шукаюць тое, чаго не згубілі.

«Купім табе матацыкл або, калі захочаш, праз год-два «Жыгулі»,— гаварыў Якаву бацька.

«Хачу сам паспрабаваць жыццё, чым яно пахне».

«Кінь дурное. Ты, хлопец, не надта дужы, не для цябе гэта праца, дый што добрага — камандзіроўкі... Твой брат шые боты, чаравікі, і ён самы паважаны чалавек у горадзе, бо ўсім патрэбны абутак. А што ты са сваім дротам і слупамі?..»

Цяпер усё часцей успамінаў гэту размову Якаў. Сумна рабілася і калі бачыў сябе ў люстэрку: рыжы, у рабацінні, ростам — як той гурок. У клубе дзяўчаты і размаўляць не хочуць. Думаюць, нецікава з такім хлопцам, а пойдзеш з ім — сяброўкі засмяюць. Паскардзіўся Якаў на свае няўдачы з дзяўчатамі Трацяку. Хведару не гаварыў, бо той, на яго думку, быў далёка ў небе і размовы на такія тэмы не любіў.

Трацяк падаў на зямлю ад смеху і расшпільваў кашулю, быццам паветра для яго не хапала ад жартаў Якава.

— Хочаш, раскажу апавяданне Новікава-Прыбоя пра аднаго рыжага?

— Давай.

— Прачытаў я яго з тыдзень назад, у той кніжцы, што старая трымае пад бэлькай. Была, значыць, у матроса царскага флоту прыгажуня-жонка. Ці то месяц, ці то два, як пажаніліся яны. Афіцэры, чыноўнікі пад яе кліны падбівалі, а яна хоць бы на каго позірк паклала. Такая верная жонка была. І вось пайшоў у далёкі паход матрос на караблі. А ў гэтым горадзе жыў хітры, як ты, Якаў, прыказчык і рыжы, як ты. Можа, больш трохі, а можа, менш. Не магу сказаць дакладна.

— Карацей гавары...

— Дык вось, брат Якаў. Убачыў яе гэты рыжы прыказчык, а быў ён у параўнанні з матросам — што зямля і неба, і вырашыў зрабіць усё, каб пакахала яго прыгажуня. Улічыў ён, як кажуць, усе нюансы жаночай душы. У першы дзень жанчына не захацела нават размаўляць з ім і панесла ваду ад студні сама. На другі дзень было тое ж. На трэці — адказала на прывітанне. Дарэчы, перад гэтым прыказчык пайшоў у заклад з мясцовымі кавалерамі, што за тыдзень вырашыць усе пытанні. Дык вось, на чацвёрты дзень яна дазволіла яму прайсці з ёю да веснічак. На пяты ён паднёс вядро да дзвярэй хаты. На шосты быў у хаце, і гэтак далей. Карацей, у самым шчыльным плоце ёсць адна маленькая дзірачка. Зразумеў, Казакевіч?

Усё было так, ды трошкі не гэтак... Тое, што Якаў напалоханы вышынёй, Богдан адразу адчуў. Розных бачыў брыгадзір мантажнікаў, сярод іх былі і такія, што баяліся падымацца ўгору, але лезлі і паступова перамагалі страх, а каторыя не вытрымвалі і звальняліся з упраўлення. Нікому не сказаў пра сваё адкрыццё, але са звяна Хведара забраў Якава, хоць Хведар і даказваў, што прывык працаваць з Казакевічам. Трэба і на складзе людзі, сказаў, перажывеш.

...Рэгуляваў Якаў высакавольтавы размеркавальнік. Лекцыі Фантамаса на занятках не слухаў, а больш з Крыцам у марскі бой гуляў. Прачытаў інструкцыю, разбіў скрынку, у якой было абсталяванне. Далей справа не пайшла. Прысеў на скрутак дроту, аслабеў ад цёплых сонечных промняў і задрамаў. Здаецца, хвілінка прайшла, а мінула гадзіна. Прачнуўся Якаў ад моцнага штуршка ў спіну. Ледзь не ўпаў тварам на размеркавальнік. Расплюшчыў вочы, а перад ім Богдан, усміхаецца.

— Спіш?

— Ды не. Прысеў трошкі...

— Трошкі. Бачу я... Дзень сядзіш, а размеркавальнік як стаяў неналаджаны, так і стаіць. Чаму вас у гэтым вучылішчы вучаць?

Шкадаваў брыгадзір, што не звольніўся з упраўлення, калі здарылася аварыя на трэцім участку і абвінавацілі яго, а не Русака, які п'яны палез да маслянага выключальніка. Ледзь не пасадзілі Богдана, усё было супраць, толькі начальніку ўпраўлення ён абавязаны тым, што не за кратамі. З Кардашам яны некалі разам працавалі. Адзін успамін з усяго гэтага застаўся. Кардаш пайшоў вучыцца, начальнікам стаў. А ён хто? Ніхто. Чыя віна ў гэтым? Усе сябры, ды не тыя, за якіх трымацца трэба было. «Ты геній мантажу, давай за гэта вып’ем»,— і так чарка да чаркі. Пайшло-паехала. І нічога не засталося ад былога Васіля Богдана, калісь лепшага мантажніка ўпраўлення.

Выклікаў яго да сябе Кардаш. Размова была кароткай: «Апошні шанц табе, Богдан. Зразумеў? І то даю, бо ведаю цану тваім рукам і галаве...» Эх і... Клікалі старыя сябры па Поўнач, абяцалі выдатнае месца і цікавую працу, дзе будзе зноў у яго шосты разрад, а не трэці, нібы ў гэтых салаг. Значыць, недзе паважалі Богдана, а тут... дзятва, якая баіцца на слуп падняцца.

— Папрацуеш з такімі,— закончыў сваю думку брыгадзір.

— Што ты гаворыш? — не зразумеў Якаў.

— Не для тваёй галавы. Грошы ў цябе ёсць? — брыгадзір дастаў праект лініі, расклаў на скрынцы, пачаў нешта лічыць.

— Рубель-другі ёсць.

— Дай, вінцо Таццяна прывезла неблагое.

Якаў даў яму грошай, і Богдан, забыўшы пра праект, знік. З таго дня жыць Якаву стала цяжка. Калі не захацеў зноў «пазычыць» на вінцо брыгадзіру, той працадзіў скрозь зубы:

— Заўтра пойдзеш на лінію.

І Якаў «пазычаў». Вось чаму і здзіўляўся Хведар, бачачы яго увесь час у благім настроі. Толькі Трацяк прыкмеціў у паводзінах брыгадзіра і Казакевіча штосьці трывожнае. І запытаў пра гэта ў Хведара: можа, і той заўважыў? Але Розум яго пытання не зразумеў.

Зрэшты, у свядомасць Якава ўвайшла думка, што, мусіць, так і павінна быць сярод мантажнікаў. Той, хто адмаўляецца выконваць цяжкую работу, нейкім чынам кампенсуе гэта.

За сваю працу навучэнцы атрымлівалі трыццаць тры працэнты заработку. Былі яны аформлены на другім разрадзе, і каб не палявыя, то грошай хапіла б, каб разлічыцца з гаспадыняй і на цукеркі. Надышоў момант, і вельмі хутка, калі Якаў аддаў Богдану на віно апошні рубель.

— Ты не хворы? — прынёс Хведар конаўку густога чаю, заваранага малінай.— На, гарачы. Я ўжо выпіў. Здалося, нібы толькі што маці гэту гарбату, як кажуць у нашай вёсцы, заварыла.

— Здаровы я, Хведар. Не чапай мяне, я здаровы! — закрычаў Якаў.

Трацяк спадылба паглядзеў на яго, узяў конаўку і выпіў чай.

— Чытаю цікавую кніжку,— паглядзеў на Якава і Хведара цыганскімі вачыма,— вось думка тут ёсць. Гэта цябе ў першую чаргу, Казакевіч, датычыцца.

— Чаму мяне?

— Ты слухай, калі старэйшыя гавораць. Чалавек, слабы фізічна і хворы, можа на дзве, а то і тры галавы быць мацнейшы душою за асілка. Якая глыбокая думка!

— Ідзі ты са сваімі думкамі.

— Мне здаецца, Хведар, у нашай брыгадзе штосьці адбываецца,— Трацяк пакінуў жартаўлівы тон.— Вось і Якаву дзяўчаты спакойна не даюць спаць...

— Я табе як сябру, а ты...— крыкнуў Казакевіч, схапіў кашулю з канапы і бегма з пакоя.

— Навошта ты так? — Хведар адчыніў акно, але на двары Якава не было.— Пакрыўдзіў хлопца.

— А ты не заўважыў, што ён зашмат крыўдуе апошнім часам.

— Быццам здалося,— сказаў задуменна Хведар.— Трэба спытаць у яго.

— Так ужо ён табе і раскажа, трымай кішэню шырэй. Шкада, што майстра няма. Чаму ён затрымаўся? Ты ж з ім больш блізкі, можа, што казаў перад дарогай?

 

8

...Майстар трэці дзень чакаў пасяджэння, якое павінна было адбыцца ў вучылішчы. Як яму паведаміла па сакрэту сакратарка дырэктара, галоўнае пытанне пасяджэння — выхаваўчая работа на практыцы і здарэнне ў групе Івана Аляксандравіча. Навіна не вельмі парадавала яго, хоць ён і чакаў гэтага. Інакш не было, прынамсі, сэнсу пасылаць Апалінара Канстанцінавіча. Як ні кажы, а ўсё ж надзвычайны выпадак. За тры гады працы ў вучылішчы першы, але ад гэтага не лягчэй.

Засумаваў Іван Аляксандравіч без справы. Вучылішча апусцела, майстры са сваімі групамі хто дзе: ад Прыбалтыкі да Кольскага паўвострава. І неяк няўтульна стала ў інтэрнаце, дзе Іван Аляксандравіч займаў пакой. На трэці дзень свайго блукання па горадзе надзеў майстар старыя штаны, кашулю і падышоў да загадчыка гаспадаркі вучылішча Пятровіча, які з цесляром рамантаваў дзверы, шафы ў пакоях. Год жылі ў новым інтэрнаце навучэнцы, а быццам векавалі тут. На практычных занятках па апрацоўцы металу яны ўпотай ад майстроў рабілі з ліставога жалеза нажы, а вечарам практыкаваліся ў кіданні іх у дзверы шафаў. Строга каралі за гэтыя «практыкаванні», але ці ўсочыш за кожным. Хлопцы розныя прыходзілі ў вучылішча. Часам былі і такія, ад якіх адмовіліся ў сярэдняй школе, каторыя — знаходзіліся на ўліку ў міліцыі. І вось усім ім трэба было даць спецыяльнасць, а галоўнае — выхаваць людзьмі.

— У адпачынак рыхтуешся? — спытаў Пятровіч, хоць і працаваў у вучылішчы дзесяты год, а нават тэхнічцы было вядома, што майстры, чые групы былі на практыцы, у гэты час у адпачынак не ішлі, а ехалі разам са сваімі навучэнцамі. За гэтым пытаннем адчуў Іван Аляксандравіч, што загадчык гаспадаркі ведае пра адносіны дырэктара і іншага начальства да здарэння. Пятровіч быў, як і майстар, адстаўнік. Служыў некалі ў артылерыі і пайшоў у цывільныя ў чыне капітана, чым вельмі ганарыўся і пры размове, асабліва з былым мічманам, неаднаразова падкрэсліваў. Аднак да Івана Аляксандравіча адносіўся з павагай і, калі той што-небудзь прасіў ці ў вучэбны клас (а спачатку давялося яму ўладкоўваць свой пакой), ці розную дробязь для хлопцаў, загадчык гаспадаркі не адмаўляў, даваў лепшае.

Улазіны на сваё новае месца жыхарства майстар зрабіў з Пятровічам, хоць і не было намеру святкаваць такую нязначную, на яго думку, падзею. Але вечарам пастукалі ў дзверы, і зайшоў загадчык гаспадаркі.

З паўгадзіны папрацаваў малатком Іван Аляксандравіч, старанна рамантуючы дзверы ў пакоі, дзе жылі яго навучэннцы, і яго паклікаў Пятровіч, які штосьці рабіў у другім канцы калідора.

Узяў майстар цыгарэту «Прыма», паціскаў яе і прыкурыў ад запалкі Пятровіча. Прыселі яны на крэслах, якія толькі што адрамантаваў загадчык. Увогуле не зусім так называлася яго пасада. Падпісваючы паперы, Пятровіч заўсёды ставіў больш гучную назву: намеснік дырэктара па гаспадарчай рабоце або і без апошніх двух слоў. І нават візітную картку надрукаваў у мясцовай друкарні, дзе чорным па белым стаяла — другі намеснік дырэктара і прозвішча. У Пятровіча было мноства сяброў, з дапамогай якіх ён мог вырашыць самае складанае пытанне.

— Нарада будзе заўтра ў другой палавіне дня, калі дырэктар Уласенка, завуч Лізавета Васільеўна і майстар сам. Быў вельмі злы на цябе, але я слова закінуў, дык быццам палагоднеў. Ці ж ты вінаваты, што гэты дурань параніў сабе вока? Як кажуць людзі, захоча свіння — лужыну знойдзе. Так і тут.

— Непрыемна ўсё гэта.

— Вядома. Як пачуў, дык адразу падумаў: добрым людзям не шанцуе. Былы мічман, свой хлопец, як яго не пашкадаваць. Моцна не перажывай. Я ўжо падлічыў, хто супраць цябе выступіць. Пра дырэктара не магу нічога сказаць. А вось нампаліт пакрытыкуе, і ўсё з аналізам, вывадамі, ды так, што жыць не захочаш, але пад канец пашкадуе. Фантамас — чалавек разумны, памяркоўны, баяцца не яго трэба. Ну і гэтак далей. Ты ўсіх ведаеш не горш за мяне. Параю толькі стрымліваць сябе, не быць гарачым. Усё слухай, магчыма, згаджайся, бо, думаю, далей хочаш працаваць у гэтым вучылішчы?

— Хачу.

— Дык вось. Няхай пакрычаць. А мне галоўнае — табе таксама — работа. Я паважаю чалавека не за тое, што ён прыгожа гаворыць, а за тое, што прыгожа працуе. Сказаў — зраблю. Усё! Хоць у калодзеж скачы, але выканай. Нас так з табой вучылі ў арміі і на флоце: да канца выконваць свой абавязак. Мне з тыдзень назад дырэктар сказаў, што патрэбны тэрмарэгулятары для новай майстэрні. Адказаў: ёсць — і праз левае плячо — пайшоў шукаць. Туды-сюды. Што, думаеш, усё проста? Але знайшоў. Без работы мы хто: кузюркі і нават горш. Вось што. Загадала мне жонка, каб цябе ў госці запрасіў. Пакаштуеш калдуны. Жонка на гэта вялікі майстра!

— Дзякую, але няёмка...— засаромеўся Іван Аляксандравіч.

— Нічога. Паглядзіш, як жыву. Пасядзім, успомнім былую службу... Пішуць твае хлопцы з карабля?

— Пішуць,— сказаў Іван Аляксандравіч. Учора якраз атрымаў ён пісьмо ад камандзіра пасля паўгадавога перапынку. Паведаміў Пастухоў, што былі яны ў далёкім акіянскім паходзе і былы вучань майстра мічман Казакоў адзначаны камандуючым флоту за ўмелыя дзеянні, а ён ужо капітан не другога рангу, а першага. І калі ўсё ж ёсць жаданне вярнуцца, то хай напіша. На карабель яму нельга, бо не зусім здаровы, але трэба людзі і на беразе, у казармах, выхоўваць маладых матросаў.

— Я атрымліваў пісьмы ад аднаго сябра доўга, пакуль ён не памёр,— сказаў Пятровіч.

Ён нібы пастарэў на вачах, і стала добра відаць, што валасы падфарбаваны на скронях і што намесніку дырэктара ўжо пад шэсцьдзесят.

 

9

Сабраліся ў малой лекцыйнай зале. У прэзідыуме селі дырэктар вернецца з райкома партыі. Гэта мне ён сказаў Гурын.

На Лізавеце Васільеўне была блакітная сукенка, шыю ўпрыгожвалі пацеркі. Ад святла, якое падала з акна, твар жанчыны паружавеў, і можна было ёй даць трыццаць ці не больш трыццаці пяці гадоў.

Калі зала прыціхла і зачыніліся дзверы, Лізавета Васільеўна паднялася за сталом.

— Слова для прамовы мае Апалінар Канстанцінавіч,— сказала яна.— Па даручэнні партыйнага бюро ён пабываў на ўчастку, дзе працуюць навучэнцы.

— Паважаныя таварышы! — пачаў Апалінар Канстанцінавіч.— Мне даручылі вельмі адказную ролю, і як яе выканаў, убачыце. Я не мог, вядома, праехаць усе ўпраўленні, дзе працуюць нашы навучэнцы, але сям-там быў, сёе-тое заўважыў. Недахопы ёсць, і немалыя...

Іван Аляксандравіч слухаў яго ўважліва, але стары залез у філасофію, цытаваў Сухамлінскага і Ушынскага. І майстру стала сумна. Яму раптам здалося, нібы кола часу павярнула назад. І ён, маленькі худзенькі хлопчык, сядзіць амаль на такой нарадзе, і позіркі ўсіх накіраваны спачувальна на яго, «фабзайца» першага года навучання. Тады пасля вайны патрэбна было шмат рабочых рук, і па вёсках агітавалі моладзь ехаць у горад, у ФЗН. Іван умомант згадзіўся з сябрамі, толькі яго два дні трымала ў каморы маці, аж пакуль ён не ўцёк праз дзірку ў страсе.

Спачатку ўсё было цікава, і жыццё ішло няблага. Неспадзеўкі пад вечар спынілі яго два хлопцы ў такой жа, як і ў яго, фабзайскай вопратцы. У кішэні ляжала булка — ніяк не мог выбраць час, каб паласавацца. Хлопцы гэту булку забралі, а ён маўчаў, ад страху нават аслабелі ногі. Аднак нікому Іван не расказаў пра гэта. Праз тыдзень, калі ў яго было пяць рублёў, якія ён зарабіў з хлопцамі на чыгуначнай станцыі, зноў сустрэў сваіх ворагаў. Можа, Іван Аляксандравіч быў на службе такі бязлітасны да матросаў, якія крыўдзілі малодшых таварышаў, таму, што доўга не мог забыць тыя сустрэчы.

Ноччу ён марыў стаць асілкам, вырасці, чамусьці абавязкова пад два метры, тады не страшна было б на вуліцы нават ноччу. Употай пад коўдрай Іван плакаў і шкадаваў, што не паслухаў маці. Добра ў вёсцы, усе знаёмыя і родныя твары, калі і пусціш юшку Янку або Мішку, дык праз дзень усё і забылася.

Пасля заняткаў вясной Іван вырашыў збегчы з вучылішча ў вёску: падрыхтаваўся ўжо, але нейкім чынам даведаліся пра яго бяду, бо яшчэ некалькіх фабзайцаў тэрарызавалі тыя хлопцы. Тады абмяркоўвалі здарэнне на нарадзе — і зараз гавораць. І галоўная дзейная асоба — ён...

Ён не вырас пад два метры, хоць і стаў дужым мужчынам, а на душы было гэтак жа неспакойна, як і ў таго маленькага хлопчыка.

— Я лічу па сабе, што да навучэнца трэба шукаць розны падыход. Невялікі педагагічны вопыт і неблагая жыццёвая практыка адкрылі мне вочы на ісціну. Можа, каму і смешна, але мне сумна, што толькі зараз матэрыяльна гэта адчуў.— Апалінар Канстанцінавіч зняў акуляры, нетаропка насовачкай выцер іх.— Я быў у Івана Аляксандравіча ў групе. Дакладней, з ім чвэрць яе. Аднак якія вывады нарадзіліся ў маёй галаве? Майстар, былы марак, Іван Аляксандравіч там на месцы і робіць сваю справу... так, як і павінна быць. Навучэнец Крыц, з якім здарыўся гэты выпадак, і раней не выклікаў у мяне павагі...

Яны з Апалінарам Канстанцінавічам былі ў бальніцы і бачылі Крыца, які весела бліснуў на іх адным вокам з-пад бінтоў. Дзве гадзіны чакалі, каб убачыць урача-грузіна, і калі той, спяшаючыся ў хірургічную палату, між іншым, кінуў: «Нічога з ім не зробіцца», у Івана Аляксандравіча лягчэй стала на сэрцы. Наведаў ён і маці Крыца, супакоіў яе і нават пераначаваў у хаце, бо спазніўся на апошні аўтобус, які ішоў да горада.

— Бач, як усё добра,— зашаптаў на вуха Пятровіч.

Нешта трывожна на душы стала, калі ўспомніў пра групу. Яго супакойвала толькі, што ёсць Хведар Розум. Не мог падвесці гэты хлопец, дый мінула ўсяго тры дні. Вельмі кароткі тэрмін, каб штось здарылася, і дастатковы, бо там маладыя хлопцы, у якіх вецер у галаве.

— І ўсё-такі майстра трэба пакараць, каб гэта стала ўрокам для іншых,— сказала Лізавета Васільеўна.— Хто хоча сказаць?

— Можна мне? — папрасіў Іван Аляксандравіч, які не збіраўся выступаць.

У зале было горача, і ён расхінуў кашулю. Паставіў бліжэй да сябе шклянку з вадой.

— Мне цяжка, што гэты непрыемны выпадак быў з маім навучэнцам. Тры гады я працую тут і сёе-тое, як казаў Апалінар Канстанцінавіч, вывучыў. Раней я займаўся маладымі матросамі і думаў, што цяжка выхоўваць з іх сталых воінаў. Цяпер зразумеў, што памыліўся. Але такая наша праца, і я ганаруся ёй. Калі заслужыў пакаранне, на гэта воля начальства.

— Чаму займаліся не сваёй справай? — крыкнуў нехта з залы.

У Івана Аляксандравіча пацямнеў твар, і ён глуха сказаў:

— Напэўна, будзеце рабіць электраправодку ў хаце, нават калі тая будзе гарэць. Хлопцы дапамаглі мясцовым жыхарам перамагчы стыхію, і гэта, такая мая думка, самы лепшы ўрок выхавання.

— Скажыце, калі ласка, Іван Аляксандравіч,— дырэктар узмахнуў алоўкам.— Чаму пра здарэнне вы інфармавалі спачатку начальніка ўпраўлення, а не мяне?

— Да ўпраўлення бліжэй, чым да вучылішча,— зарыпеў крэслам Апалінар Канстанцінавіч.— У іх вёсцы няма пошты, дый, прынамсі, ці так гэта важна, каму першаму паведаміў аб здарэнні майстар.

— Тое, што адбылося ў яго групе, вядома, магло здарыцца ў кожнага,— узяў слова дырэктар.— Магло ў кожнага, але здарылася ў гэтага майстра. У далейшым мы зробім пэўныя вывады, каб папярэдзіць усякія надзвычайныя выпадкі.

І пэўны вывад Уласенка зрабіў. Калі скончылася нарада, на калідоры вісеў загад з вымовай Івану Аляксандравічу. За недахопы ў выхаваўчай рабоце — так было сфармулявана ў загадзе дырэктара.

— За сваё жыццё, малады чалавек, я атрымаў каля дваццаці вымоў,— скончыў чытаць загад Апалінар Канстанцінавіч,— але ад гэтага не стаў горш працаваць.

— Зайдзіце, Іван Аляксандравіч! — дырэктар прайшоў міма, апусціўшы вочы ў падлогу.

— Ідзі,— падштурхнуў яго Апалінар Канстанцінавіч.— Калі начальства кліча, спяшацца не трэба, але і спазняцца не варта.

Уласенка размаўляў па тэлефоне. Паклаў трубку адразу, як Іван Аляксандравіч спыніўся перад яго сталом.

— Як адчувае сябе Крыц?

— Вока было паранена, але не цяжка. Урач там добры, «адрамантаваў»...

— Давер у мяне да вас, Іван Аляксандравіч, поўны. Хачу, каб вы яго апраўдалі сваімі адносінамі да абавязкаў. Дарэчы, гаварыў у гарвыканкоме наконт кватэры. Паабяцаў намеснік старшыні да восені выдзеліць вам аднапакаёўку. Як навіна?

— Цудоўная.

— Лепшая, напэўна, за першую? — задаволена засмяяўся Уласенка.— Цяпер як мага хутчэй да навучэнцаў. Вам тут рабіць няма чаго.

...Іван Аляксандравіч купіў у магазіне чаю, дзве кашулі і кірзавыя боты. У пакоі паклаў у чамадан новы цельнік.

Толькі ў канцы калідора жаўцела лямпачка. Гулка разнесліся крокі. З пакоя Апалінара Канстанцінавіча прабівалася святло. Іван Аляксандравіч пастукаў. Павярнуўся ў замку ключ.

— Гэта вы. Заходзьце.

У Апалінара Канстанцінавіча была трохпакаёвая кватэра ў сталіцы. Там жылі жонка, дачка і сын. Ён ездзіў да іх два разы ў месяц з вялікім чамаданам бруднай бялізны. Жонка кожны раз сварылася з ім за гэта, дый хацела, каб пакінуў нарэшце вучылішча. Сваякі і знаёмыя не разумелі, як ён на старасці займаецца з нейкімі «фабзайцамі».

— Ты ж быў галоўным інжынерам упраўлення,— крычала ў роспачы жонка.— Падумаў бы пра аўтарытэт.

— Вось я і думаю пра яго,— спакойна адказваў Апалінар Канстанцінавіч і рабіў па-свойму.

Яго пакой быў абстаўлены вельмі сціпла: ложак, стол і два крэслы. Шафы былі зроблены ў сцяне, і ў іх ён трымаў свой касцюм, паліто.

— Развітацца зайшоў...— Іван Аляксандравіч не закрыў за сабой дзверы, стаяў на парозе.

— Прашу перад дарогай,— падсунуў яму крэсла Апалінар Канстанцінавіч.— Вось чытаю «Анну Карэніну». Трэці раз за сваё жыццё і нібы ўпершыню... Спадзяюся, што ў вёсцы ў вас знойдзецца час. Вазьміце кніжку. Толькі не пакіньце там. Хачу вам даць параду. Стаіць добрае надвор’е, пачніце сячы лес. Калі надыдзе канец практыкі, у хлопцаў у галаве будзе думка, як хутчэй дамоў. Тады цяжка будзе.— На шматку паперы Апалінар Канстанцінавіч штосьці намаляваў. Каб не пакрыўдзіць старога, майстар схаваў паперу ў кішэню.— Прывітанне Хведару Розуму. Галава ў яго разумная, і мяркую, што нешта някепскае атрымаецца з хлопца... Чаю шклянку не хочаце, Іван Аляксандравіч?

— Не, дзякую. Быў у сталоўцы.

— Прабачце мне, старому. Адкажыце на такое пытанне: вы адзін, без сям'і? І малады ж чалавек яшчэ. Не векаваць жа ў інтэрнаце.

— Такое ж пытанне і вам, Апалінар Канстанцінавіч.

— Я — іншая справа,— развесяліўся стары.— У сталіцы ў мяне і жонка, і дзеці, і кватэра.

— Чаму ж вы не з імі?

— Хачу вольным паветрам крыху падыхаць. Дый што мне там рабіць? Сядзець з пенсіянерамі на лаўцы каля шаснаццаціпавярховага гмаху і забіваць «казла» або залезці ў кіёск і гандляваць газетамі, часопісамі. Не, гэта не для мяне.

— Значыць, мы з вамі ягады з адной паляны.

— Можа, і так...— у задуменні сказаў Апалінар Канстанцінавіч і паціснуў руку майстру.— Шчаслівай дарогі, і калі што — пішыце мне. Я быстры на ногі.

Назаўтра каля дванаццаці гадзін раніцы ён прыедзе ў вёску. Часу наперадзе яшчэ шмат. Поезд, аўтобус, станцыі праляцяць міма вачэй і знікнуць. Як засталіся далёка ззаду сорак гадоў, пражытых ім на гэтай зямлі. У валасах з’явілася сівізна, і ўсё часцей стала сніцца дзяцінства: то ён з бацькам і маці ідзе на сенажаць, то з сябрамі, такімі ж малымі хлапчукамі, па скаванай лёдам Ясельдзе на саначках ад лесу вязе дровы...

 

 

10

...Слупы ўзнімалі над полем, балотам, лінію цягнулі да самага далягляду. Марудна, але ўсё больш упэўнена.

З вышыні, на якой працуюць мантажнікі, далёка відаць. Дый на тое, што блізка, глядзіш са слупа зусім па-іншаму, чым з зямлі. Адчуваеш у сабе нейкую ўзнёсласць, нават велічнасць... Ты вышэй гэтых дрэў, кустоў, машын, што імчаць за ўзгоркам. У душы такое ж пачуццё, якое мог перажыць, калі ўпершыню пакахаў альбо зноў убачыў праз многа гадоў хату, у якой нарадзіўся. Рукі, ногі, усе цела напоўнена радасцю вышыні. Калі б раптам выраслі крылы, узмахнуў бы імі і паляцеў. Не дзіўна, што лётчыкі так любяць неба. Мусіць, хто хоць раз паспытаў цуд вышыні, той назаўжды запомніў шчымлівае пачуццё, якое ахапіла ад прастору...

Ногі ўжо прывыклі да кіпцяў і ідуць па слупе, нібы па сцежцы. Трымціць слуп пад чалавечым цяжарам, хістаецца направа і налева ў такт руху. Самы спрыт — бегма ўзняцца наверх, каб сябры зайздроснымі вачыма ацанілі гэта. Ты ні на каго не глядзіш, не заўважаеш. Бяжыш па слупе, не чуючы, што табе крычаць знізу. Вядома, так па інструкцыі нельга рабіць, гэта парушэнне тэхнікі бяспекі. Але калі ты малады і не ведаеш, куды падзець сваю сілу, рызыка здаецца асалодай. Наверсе замацаваў надзейна кіпці, прышпіліўся да слупа мантажным рэменем і апусціў рукі. Страху няма, і міжволі вырываецца: «Э-ге-гей!» Ад крыку спалохана узнімаюцца з пакуль яшчэ адзінага проваду вераб'і, кружаць вакол, а потым апускаюцца назад на бліскучую пад сонцам металічную нітку. Птушкі прывыклі ўжо да лініі, ім, відаць, падабаецца тут адпачываць. Напяты між слупамі дрот для іх у чалавечым разуменні накшталт чарговага аэрадрома.

Лінія пачалася з невялічкага поля, на якім буяе жыта. Там выкапалі Хведар з Іванам Трацяком першую яму пад слуп. Правады ідуць над дарогай, якую і днём і ноччу шаруюць машыны. За вёскай лінія прыпыняе сваю хаду, узбіраецца на ўзгорак, робіць шырокі крок, і — толькі слуп відаць з-за ўзгорка.

Найбольш часу страцілі на балоце. Ямы капалі ўручную.

Балота цягнулася за лесам каля двух кіламетраў. І спярша думалі, што слупы паставяць за дзень-два. Большасць ям адразу выкапалі, умацавалі ад мыльцу лазою. Здагадаўся так зрабіць Мікола Макарчук, за што Богдан, на здзіўленне ўсіх, падзякаваў яму раніцай, перад пачаткам работы, моцна паціснуўшы руку.

Праз дзень, як Іван Аляксандравіч з Фантамасам паехалі ў вучылішча, брыгада вырашыла паставіць слупы ў ямы. Ноччу прайшоў аблажны дождж. Вялікія лужыны блішчалі на вуліцы, па агародах, на лузе. Яшчэ толькі гаспадыні пачалі даіць кароў, а Богдан ужо аббегаў хаты, дзе кватаравалі мантажнікі.

Хведар прачнуўся ад таго, што здалося, быццам яго нехта цягне за нагу ў прорву. Трацяк з Якавам ужо сядзелі каля стала, а Хведара будзіў Богдан. Запалыя вочы, бледны рашучы твар, на якім пад скурай выступілі жаўлакі. Такім Богдана Хведар дагэтуль не бачыў. Нечым падобны быў ён на паляўнічага, які нарэшце высачыў звера.

— Хутчэй! — крыкнуў Богдан і выбег з хаты.

Хведар з хлопцамі моўчкі пахапалі рыдлёўкі, сякеры і падаліся за ім. Рушылі подбегам. Наперадзе ішоў Богдан, за ім — Хведар, Якаў... Быў чуцен тупат ног, ляцелі ў бакі пырскі вады, і нехта ззаду шумна дыхаў. Хведар азірнуўся. Мікола Макарчук вечарам гасцяваў у нейкага вясковага дружбака, і цяпер яму было цяжкавата. Балота, па якім мантажнікі ўчора хадзілі як па шашы, ажыло, заварушылася. Ямы, выкапаныя пад слупы, былі паўнюткія вады. Хведар не мог уявіць, што столькі яе з'явілася за ноч. Там-сям паказаў свой нораў мылец. Ямы напалову заплылі глеем. Гэтак жа магло стаць усюды па балоце, і тады трэба было б пачынаць спачатку, з раніцы да вечара працаваць у сырасці і гразі. Кожны з хлопцаў, мабыць, думаў пра гэта і разгублена глядзеў, як на іх вачах зацягнула дно яміны глеем, пасля затрашчала лаза пад націскам мыльцу.

Па балацявіне паважна хадзілі буслы, не звяртаючы ўвагі на мантажнікаў. Хлопцы стоўпіліся ля прыземістай крывулі-бярозкі, сачылі, як Богдан пашыбаваў уздоўж лініі. Хведар быў кінуўся за ім услед, але Богдан махнуў рукой: «Стой!»

— Мо пойдзем паспім? — Якаў смачна пазяхнуў і сутаргава павёў плячыма.

— Не мялі языком,— сказаў Іван Трацяк, і зноў ціха.

З-за куста вербалозу выскачыў Богдан і здалёк закрычаў:

— Двое — па бусакі, астатнія — за мной!

Па бусакі пабеглі Якаў і Макарчук. Богдан, успацелы, у адной майцы, без кашулі (недзе кінуў па дарозе), закурыў, прагна глынуўшы цыгарэтнага дыму.

— Трэба слупы ўставіць у ямы. Яшчэ адзін такі дождж — і нашай рабоце капец...— і дадаў у рыфму: — Кругом — мылец!

Час быў снедаць, але ніхто пра гэта не загаварыў. Загады Богдана імгненна выконвалі. Хлопцы цяпер забылі ўсе крыўды, нелюбоў да брыгадзіра. Перад імі паўстала нешта больш важнае. Што гэта — хлопцы не разумелі, дый і не думалі, чаму так дружна ўзяліся за работу.

Хведар раздзеўся да трусоў і з рыдлёўкай, басанож, палез у яму.

— Абуй боты,— сказаў яму Трацяк.

— Не холадна.

Як толькі ступіў Хведар на дно ямы, ногі адразу зацягнула ў глей па лыткі. Цёплая вада праз колькі хвілін здалася халоднай. Хведар набраў поўную рыдлёўку пяску напалову з травою і шыбануў як мага далей. Вельмі хацелася есці, але ж хлопцы працавалі. Ён што — горш за іх? Нагнуўся Хведар у яме, мабыць, разоў сто, толькі горка пяску наверсе была невялічкая. І пад нагамі не паменела гразі.

Падышоў Богдан, зазірнуў да Хведара.

— Як у цябе?

Хведар не адказаў, са страшэннай напругай вырваў рыдлёўку з глею. Адчуў, што стаміўся.

— Так нічога не зробіш,— сказаў Богдан.— Лазой мацуй сценкі. І жвавей!

Ззаду Хведара раптам нешта гучна плюхнулася. Са сценкі ямы вывалілася агромністая глыба зямлі, а пасля хлынула вада ўперамежку з глеем. Хведар ледзь паспеў выскачыць наверх.

— Снедаць! — спыніў работу Богдан.

Вярнуліся хлопцы на лінію, захапіўшы ў гаспадынь вёдры. Аднак не выкарысталі іх.

— Мо паспрабуем уставіць слупы ў ямы як ёсць? — ціха сказаў Іван Трацяк.— Мылец усё роўна слуп пацягне ў глыбіню. Паспрабуем?..

Богдан падняўся з купіны, на якой сядзеў, узяў у рукі бусак. Хлопцы ўважліва сачылі за ім. Ён падышоў да яміны і рэзка кінуў бусак уніз.

— Паспрабуем. Дно цвёрдае.— Богдан абвёў вачыма брыгаду, нібы ацаніў кожнага хлопца.— Іншага варыянту ў нас няма. Пачнём...

Першы слуп апусцілі ў яму ўдала. Хуценька накідалі зямлі вакол яго і ўтрамбавалі рыдлёўкамі і бусакамі. Хведар асцярожна націснуў на слуп — ён крышачку нахіліўся, але стаяў. Хведар ад радасці хацеў узлезці на яго. Спыніў Богдан. І Хведару стала ніякавата ад таго, што паводзіў сябе, нібы маленькі хлопчык.

Мантажнікі амаль не размаўлялі між сабой, працавалі зацята. Не вытрымаў Якаў: «Навошта такая хуткасць? Ці не паспеем?» Астатнія нібы не чулі гэтых слоў.

— Раз-два! — камандаваў Богдан.— Узялі, панеслі!

Пройдзе час, і хлопцы будуць успамінаць, як пад дажджамі слуп за слупам расла лінія. Цяжкае і дрэннае не застанецца ў памяці. Памяць захавае ў сваіх схованках вялікую сілу таварыства.

Горад быў кіламетраў за дваццаць, не больш. Ён цягнуў хлопцаў да сябе, нібы магнітам. Ужо не раз была гаворка, што трэба ўсім паехаць туды на выхадны ды адпачыць па-людску. Учора Якаў адпрасаваў свае блакітныя штаны. У лазні ўся брыгада з крыкам і жартамі навяла «марафет». Ад пары і чыстай вады Богдан памаладзеў, а калі Макарчук пагаліў яго, дык на выгляд яму стала гадоў дваццаць пяць.

Хлопцы змылі з сябе пот і гразь, надзелі чыстую бялізну, а тут — на табе! Ніхто не падумаў, што можа пайсці дождж, які пераменіць усе іх планы.

Нарэшце неба ачысцілася ад хмар, і кропелькі вады заіскрыліся пад сонечнымі промнямі на траве, кустах, лісці дрэў. І быццам адразу лягчэй стала працаваць.

— Значыцца, Якаў, паедзем у горад? — у вачах Івана Трацяка заскакалі вясёлыя чорцікі.

— Як хочаш.— У Якава, напэўна, няма настрою гаманіць. Ды што там, уяўляў сябе на вуліцах горада, у кінатэатры, а замест гэтага зноў балота, ямы і мокрыя цяжкія слупы.

— Аслабела кураня,— зарагатаў Богдан.— Перакур!

Паселі хлопцы дзе якое было сухое месца і пачалі ўспамінаць розныя байкі, анекдоты.

— Помню, як узводзілі мы лінію з Кардашом у тайзе. Гэта была работа. Вось такія хвоі раслі! — Богдан шырока раскінуў рукі, паказваючы, якія былі тоўстыя дрэвы.— Мы рабілі пад лінію прасеку...

— З якім Кардашом? — спытаўся Хведар.

— З начальнікам упраўлення,— неахвотна адказаў Богдан.— У тое лета стаяла гарачыня, нібы на поўдні: у цяньку дваццаць пяць градусаў. Аднойчы раніцай прачынаемся, а з усіх бакоў дым і агонь, як акінуць вокам. Вось табе і электралінія. Тут каб богу душу не аддаць. Калі б кінуліся ў паніку — канец. Кардаш малайчына, змікіціў, што рабіць. Мы жылі ад ракі метраў за трыста. А рака шырокая. Значыцца, адтуль не мог агонь ісці. Кардаш і павёў нас да ракі. Добра, што мелі пяць мотапіл «Дружба». Раз — і дрэва набок, раз — і дрэва набок. Умомант зрабілі прасеку. Выйшлі да ракі жывыя і здаровыя. Толькі Анатоль Эдмунтовіч трошкі абпаліў правую шчаку. Але агонь спынілі...

— Што было потым? — спытаўся Якаў.

— Узводзілі лінію электраперадач у трыццаць пяць кілавольт. Ка-а-а нец-ц пера-ку-ру! — праспяваў Богдан.— Адпачнем, кураняты, на пенсіі.

Да абеду брыгада дайшла да сярэдзіны балота. Змянілі ягоны пейзаж слупы. Без правадоў яны былі падобныя на абпаленыя дрэвы. На адзін слуп сеў бусел, заклекатаў неяк гняўліва, залопаў крыламі.

— Пэўна, думае, што хочам забраць,— сказаў Трацяк.— Гаспадар!..

— Як ён будзе жыць, калі сюды прыедуць меліяратары? — Хведар успомніў, што засталося ў іхняй вёсцы ад рэчкі і лесу, у якім ён у дзяцінстве збіраў ягады і грыбы.

— Уладкуецца на работу ў цырк,— зазлаваў чамусьці Богдан.— Хопіць лынды біць. На пачак цыгарэт не зарабілі. Уперад, салагі.

Па тым, як апантана Богдан працаваў, было зразумела, што ён вырашыў сёння паставіць слупы ў ямы па ўсім балоце. Ззаду брыгады засталася нібы вытаптаная статкам кароў дарога, па якой наўрад ці прайшоў бы ўсюдыход. Хлопцы былі мокрыя і брудныя. Хведар некалькі разоў праваліўся ў твань, і калі б Трацяк не перахапіў з яго рук слуп, яму было б кепска.

— Асцярожней,— толькі і прамовіў Богдан.

Спярша хлопцам здалося, што канца балоту ніколі не будзе. Занадта цяжкія былі гэтыя два кіламетры. Калі ж перайшлі сярэдзіну і слупы роўна сталі, наперакор мыльцу і вадзе, хлопцы адчулі, нібы ў іх прыбавілася сіл.

Яны вярнуліся дамоў ужо ў прыцемку. Ледзь валачылі ногі.

— Вось бы ў рэчку скокнуць...— уздыхнуў Якаў.— Стому як рукой зняло б.

— Аднаму няма ахвоты ісці?..

— Зараз вячэраць і спаць,— адазваўся Богдан,— бо заўтра будзе не падняць вас.

Не спала яшчэ вёска. Смех і маладыя галасы ляцелі то з аднаго боку, то з другога. У звычайны будзённы дзень мала было тут моладзі. Яна прыязджала на выхадныя. Хто ехаў да бацькоў па сала ці па кумпяк, а хто — памагчы нарыхтаваць дроў, сена карове, папрацаваць на агародзе. Як памятаў Хведар, так і ў яго вёсцы.

 

11

Васіль Крыц знаходзіўся ў бальніцы дзён дзесяць. Спярша, калі прайшоў страх за вока, Крыц вырашыў, што яму пашанцавала. На вуліцы была калэча, а ён сядзеў у цёплай палаце, нічога не рабіў. Толькі спаў і еў.

З ім ляжалі мужчына гадоў пад пяцьдзесят і хлопец, ненамнога старэйшы за Крыца. Штодзень да іх ішлі сваякі, сябры, прыносілі розныя прысмакі. Васіль смяяўся з суседзяў: «На экскурсію ходзяць. Даўно не бачылі».

Мінуў тыдзень, а да яго, акрамя майстра і Фантамаса, ніхто не прыйшоў. Ён спадзяваўся на нядзелю. Рана прачнуўся і папрасіў сястру, каб яна не затрымлівала — усіх пускала да яго. Крыцу не сядзелася на адным месцы: ён то ішоў у калідор, то глядзеў у акно, то курыў. Абедаць адмовіўся, спадзяваўся, што хлопцы прынясуць нешта смачнае з магазіна. Калі засінеў прыцемак, ён зразумеў: чакаў дарэмна, ужо не прыйдуць...

Ніхто не ведаў, як моцна ён перажываў. Упершыню яму было так кепска.

...Крыц ледзьве дачакаўся таго дня, калі нарэшце выпісалі з бальніцы. Аднак у яго душы разам са злосцю на хлопцаў было жаданне як мага хутчэй паехаць назад у брыгаду. Чым гэта растлумачыць, ён і сам не ведаў.

Калі Крыц ужо ехаў на вакзал, ён раптам адчуў страх, спалохаўся, што не прымуць.

Ён наведаў бацькоў і вярнуўся ў вёску. Сустрэлі яго шумна, але Васіль быў стрыманы і гаварыў мала. Пра траўму нагадваў толькі невялікі шрам пад вокам.

— Пойдзеш на лінію? — спытаў у яго майстар.

— Не ведаю...

Да яго звярталіся як да хворага, і гэта яму не спадабалася. Усе яны лічаць, падумаў ён, быццам Васіля Крыца вабяць толькі карты.

— Дык будзеш працаваць? — папытаў Богдан.

— Буду, буду, але не з табой! — выкрыкнуў Крыц са слязьмі ў голасе.

— Што з табой? — сказаў майстар.— Можа, табе трэба адпачыць?

— Адпачыў, досыць!

— Не крычы, Васіль,— цвёрда сказаў Іван Аляксандравіч і завязаў у некалькі вузлоў кавалак дроту, што ляжаў у яго на каленях.

— Я не крычу. Вы ўсе тут разумнікі, прыгожыя словы гаварылі, і што?..

— Ну і што? — спытаў Трацяк.

— А тое, што я ляжаў у бальніцы — і хоць бы адведалі. Гавораць пасля — калектыў!

Замоўк Крыц, ціха стала ў памяшканні. Ніхто не глядзеў адзін на аднаго. Майстар чытаў нейкую паперу, не разумеючы яе сэнсу. «Чаго ты, Хведар, ты, Трацяк, Якаў,— думаў ён,— хаваеце вочы ад мяне? Гэта трэба, каб вам перад сабой было сорамна. Вось яшчэ адна прамашка ў выхаванні навучэнцаў. Забыць пра свайго таварыша, які ляжаў у бальніцы!»

Парушыў цішыню Богдан. Выцягнуў са скрынкі пабіты ізалятар і закрычаў:

— Казакевіч, ты што робіш?

— Што такое? — адгукнуўся Якаў.

— Ізалятар пабіў, салага.

Хлопцы хутчэй бралі неабходныя матэрыялы, інструмент і пакідалі склад. Апошнія засталіся Крыц з майстрам. Яны сядзелі ў розных кутках: Васіль — тварам да сцяны, а Іван Аляксандравіч — каля дзвярэй за сталом.

— Васіль! — сказаў майстар.

Хлопец варухнуўся і выпрастаўся на ўвесь свой вялікі рост. Надзеў мантажны рэмень, павесіўшы цераз шыю ланцуг, на плечы пачапіў кіпці.

— Ты... прабач хлопцам,— сумна прамовіў Іван Аляксандравіч.— І мне прабач.

— За што, Іван Аляксандравіч? Мне проста крыўдна раптам стала ад таго, што яны вясёлыя, быццам нічога і не было...

— Я цябе разумею, Васіль. Ідзі. Ідзі на лінію і працуй. Не трымай на душы злосці. Яна не паможа ў жыцці, толькі дрэнна будзе ад яе і табе, і іншым. Хлопцы яшчэ маладыя, як і ты. Вы занадта спяшаецеся жыць, а не трэба. Усё прыйдзе ў свой час. Гэта добра, што ты сказаў пра ўсё проста ў вочы. Лягчэй будзе ўсім. І павер мне, што хлопцы будуць за чыстыя словы больш паважаць.

Яны выйшлі з памяшкання разам. На барабанах пад бярозай курылі Якаў з Богданам. Казакевіч выкінуў цыгарэту і пачаў стукаць па барабане, робячы выгляд, што рамантуе яго.

— Барабаны не бяруць на базе з адарванымі дошкамі? — спытаў майстар.

— Вядома,— упэўнена сказаў Богдан.— Няхай падрамантуе, а то не толькі не прымуць, а яшчэ паведамяць начальніку ўпраўлення.

Штосьці няўлоўна хітрае і іранічнае мільганула ў вачах у Богдана. Іван Аляксандравіч нагнуўся і выцягнуў з-пад барабана пустую бутэльку.

— Вас папярэджвалі, Богдан, каб на рабоце не пілі.

— Я тут пры чым? — брыгадзір нібы сапраўды пакрыўдзіўся, скрывіў вусны.— Вашы навучэнцы п’юць. Напэўна, гэта іхнія бутэлькі.

Майстар з увагай, быццам на незнаёмага, паглядзеў на Богдана. Гэты чалавек здзіўляў яго ўсё больш. Узростам крыху маладзейшы за Івана Аляксандравіча, а паводзінамі — як той Крыц або Казакевіч, якім па васемнаццаць гадоў. Можа, нарэшце сказаць начальніку ўпраўлення ці Ліхаву, каб забралі яго? Хлопцы ўжо справу ведаюць, а такі настаўнік толькі сапсуе іх.

Часам чалавек, які вырас сярод не асабліва адукаваных і культурных людзей, па ўзроўню выхавання і інтэлігентнасці аказваецца намнога вышэй тых, якія жылі ў так званых інтэлігентных сем’ях. Можа, гэта ў іх ад таго, што бліжэй былі, хоць у дзяцінстве, да зямлі-маці, прыроды альбо скібка хлеба прыходзіла на стол з большымі цяжкасцямі. Такім быў і Іван Аляксандравіч. Маўклівы, няўклюдны ў сваім блага пашытым касцюме, ён меў чуйнае сэрца, і ў яго было вялікае пачуццё такту ў адносінах да іншых.

Іван Аляксандравіч чуў ад свае гаспадыні, што з прадаўшчыцай, пра якую гаварылі ўсялякае, некалькі разоў бачылі Розума. Вестка была непрыемнай. Розныя думкі нарадзіліся ў галаве, але з Розумам ён пра гэта не гаварыў, бо меркаваў, што хлопец ён надзейны і гразь да яго не павінна прыліпнуць. «Але чаму менавіта гразь, чаму трэба пра благое адразу?.. Чым горшыя яны за мяне або каго іншага? Тым, што маладыя і нявопытныя і цікаўныя да ўсяго невядомага».

Машына з базы вярнулася пустая. Загадчык базы не адпусціў матэрыялу і нават не захацеў слухаць пра тое, што лінію чакаюць дзесь на прадпрыемствах, у вёсках. Дрот і нават ізалятары скончыліся.

— Тэмпы, тэмпы, лінія,— кінуў Макарчук Хведару.— Ну, што? Нікому яна не патрэбна.

Такія размовы ўспыхвалі ўсё часцей. Богдан другі дзень гасцяваў з Тэкляй у суседзяў, дзе былі хрэсьбіны. Калі машына вярнулася з базы ні з чым, Хведар спытаў у майстра:

— Што рабіць будзем?..

Майстар па тэлефоне званіў начальніку ўпраўлення, але яго не было на месцы. Галоўны інжынер паехаў у Маскву, у трэст, а калі вернецца, невядома. Трэст «Энергамантаж» дзейнічаў на тэрыторыі, на якой змясцілася б не адна дзяржава. Трэці ўчастак доўга не адклікаўся, а пасля грубы мужчынскі голас паведаміў Івану Аляксадравічу, што начальнік у іх быў, але ўжо, напэўна, у Ёнаве ў Літве.

— Гэта ці не ў вас Богдан? — спыталіся на тым канцы проваду.

— У нас,— майстар ледзь стрымаўся, каб не сказаць чаго-небудзь кепскага пра брыгадзіра.

Мужчына засмяяўся, кпліва папытаўся: «Ну, і як ён там?»

Вельмі марудна цягнуўся час, і майстар сядзеў як на іголках. Нарэшце далі вучылішча. Уласенка не было, ён паехаў на электрастанцыю.

— Хто-небудь ёсць? — у роспачы спытаў майстра, а пасля пазнаў, што гаварыла з ім Лізавета Васільеўна, і збянтэжыўся.

— Што здарылася, Іван Аляксандравіч? — картава сказала Лізавета Васільеўна.— Чаго раптам замоўклі, гаварыце.

І гэта яе мяккае «р», павольнае вымаўленне супакоілі Івана Аляксандравіча.

У двух словах ён расказаў Лізавеце Васільеўне пра сітуацыю, якая ў іх склалася.

— Дык што рабіць? — разгублена спыталася Лізавета Васільеўна.

— Дайце ва ўпраўленне тэлеграму.

— Якую тэлеграму?

— Што нам трэба памагчы і гэтак далей. Не памогуць — у трэст пашліце.

— Дык вы самі дайце тэлеграму. Вам бліжэй.

— Не той аўтарытэт, Лізавета Васільеўна...

— Добра, мы тут параімся, што зрабіць.

Брыгада адпачывала на палянцы: хто спаў, хто чытаў кніжку, а Трацяк з Макарчуком, узяўшыся за кій, уперліся нагамі і спрабавалі перамагчы адзін аднаго. Уся брыгада сачыла за іх барацьбой.

— Мікола, націсні!

— Іван, дай яму ляшча!

Падышоў Богдан: няголены, з заспанымі вачыма. З хвіліну назіраў за хлопцамі, крычаў разам з усімі, а потым, нібы хто стукнуў яго па галаве, падскочыў да барцоў, з размаху ўдарыў нагой па палцы.

— Лайдакі, больш рабіць няма чаго?! Што гэта за цырк тут!

— Супакойся,— адказаў яму Хведар.— Калі такі разумны, дык скажы, што рабіць.

— Мала работы? — замахаў рукамі брыгадзір.— Вось, вось, вось!

— Канкрэтна што? — пытаўся Розум.

— Адукаваныя вельмі, шмат ведаеце! — падняў крык Богдан.— Ямы капай, зямлі досыць.

— А навошта яны,— сказаў Трацяк,— калі слупы стаяць, а далей — спецыяльная машына прыйдзе.

— Гэта не вашага, салагі, розуму справа. Я начальнік! Загадваю: ямы рыхтаваць і засыпаць. Саставім нарад, і атрымлівай грошы.

— З якой кішэні будуць грошы? Калі з тваёй — я згодны,— сказаў Крыц.

— Бач ты, свядомы зрабіўся! — зарагатаў Богдан.— Лайдак ты першай гільдыі.

— Ах ты, пацук! — Крыц ускочыў з зямлі, узяў у руку карабін ад мантажнага рэменя.— Зараз я табе пакажу першую гільдыю.

Хведар з Трацяком спынілі Васіля, вырвалі карабін і прымусілі сесці. Абставіны былі такія, што яшчэ адно-два словы — і пачаўся б невядома які вэрхал.

Івана Аляксандравіча насцярожыла цішыня, што панавала ў кампаніі маладых хлопцаў. Злы твар у Крыца, увесь у чырвоных плямах Богдан.

Майстар зняў з сябе пінжак, палажыў яго на траву і лёг. Моцна пахла хвояй і ландышамі. У гародчыку каля хаты бацькоў заўсёды раслі ландышы. Іх пах стаяў на двары найбольш тры-чатыры дні. Дзесяцікласнікі здавалі выпускныя экзамены і наведвалі гэты гародчык.

— Ландышамі пахне...— сказаў Іван Аляксандравіч.

Трацяк усміхнуўся і сказаў убок:

— І Богданам.

Усмешка пабегла па тварах Крыца, Хведара, Макарчука, астатніх хлопцаў. Брыгадзір плюнуў у куст ядлоўцу і пазяхнуў, ды так смачна, што аж спаць захацелася ад яго выгляду.

— Званіў у вучылішча,— паведаміў майстар.— Размаўляў з Лізаветай Васільеўнай. Яна прывітанне ўсім перадала.

— А матэрыялы? — пажартаваў Хведар.

— Яны дадуць тэлеграму начальніку ўпраўлення, што мы стаім без работы.

— Начальнік у горадзе? — спытаў Макарчук.

— Паехаў у Літву.

— Што дасць тэлеграма, калі яго няма? Вось у абком ці ў міністэрства паслаць тэлеграму — гэта будзе эфект.

 

12

Тэлеграму прынялі, толькі папрасілі напісаць крыху мякчэй. Лізавета Васільеўна выкрасліла некалькі слоў, бо, на яе думку, сэнс ад гэтага не змяніўся. «Цяпер Іван Аляксандравіч будзе задаволены». Подпісы пад тэлеграмай яна паставіла Уласенкі і свой. Вырашыла папярэдзіць дырэктара, адразу як толькі знойдзе.

Праз гадзіну тэлеграму атрымалі ў прыёмнай мантажнага ўпраўлення. Ад’язджаючы на ўчасткі, Кардаш папрасіў, каб з-за дробязы яго не турбавалі, тэлефанаваць толькі ў экстраным выпадку. Паклікалі да тэлефона, калі ён з групай мантажнікаў сядзеў у шафах кіравання магутнай падстанцыі і спрабаваў знайсці прычыну кароткага замыкання, ад якога згарэў нават масляны выключальнік. Начальнік знаходзіўся тут ужо другі дзень, але прычыну аварыі пакуль не знайшлі, і гэта нервавала, хоць па ягоным твары гэта нельга было заўважыць. Толькі тыя, хто з ім працаваў пе першы год, па белых кропельках у вачах маглі здагадацца, што Кардаш злуе.

— Што такое? — спакойна прагудзеў ён у тэлефонную трубку.

Начальнік вытворчага аддзела прачытаў яму тэкст тэлеграмы. У трубцы пачулася нейкае мармытанне.

— Чаго яны хочуць? — спытаў Кардаш танклява, быццам дыханне ў яго перахапіла.

— Няма матэрыялаў. Карацей — стаяць.

— Ну, вось што... Да майго прыезду ніякіх захадаў.

Начальнік упраўлення выехаў вечарам, каб раніцай быць на месцы. Пагроза, што паведамяць у Маскву, у трэст, не спалохала яго. Ён быў з тых старых кадраў, якія выйшлі з радавых мантажнікаў, сваім гарбом дасягнулі пэўнай вышыні, не дрыжалі за сваю пасаду, а больш за ўсё хваляваліся за работу.

Матэрыялаў не хапала. Не першы выпадак, калі брыгада не працавала з-за гэтага. Трэст меў большыя магчымасці, чым яго ўпраўленне, але не адзін Кардаш не даваў спакойна сядзець у сталічным кабінеце. Званілі Урал, Сібір, Эстонія. Усім патрэбны былі матэрыялы, абсталяванне, каб выканаць запланаванае ў сталіцы.

Начальніка ўпраўлення ўсхвалявала, што спыніла работу не звычайная брыгада мантажнікаў, а брыгада навучэнцаў. Шмат выпускнікоў накіроўвалі ва ўпраўленне, ды многія не прыязджалі. Магчыма, і гэтых хлопцаў размяркуюць сюды, але хто гарантуе, што яны захочуць працаваць там, дзе няма дысцыпліны і парадку. Кардаш быў перакананы, што няма на свеце чалавека, які б не хацеў дысцыпліны і парадку. Іншая справа, што не ў кожнага ёсць сіла і воля, каб падтрымаць іх.

— Уключыце радыё,— папрасіў ён шафёра.

— Думаў, вы спіце.

Заўсёды з нібы сонным тварам, Кардаш, здавалася, увасабляў сабою спакой і дабрадушнасць. Ніхто ва ўпраўленні не мог растлумачыць, чаму ён паслаў да навучэнцаў п’яніцу, хоць і вопытнага майстра-мантажніка, Васіля Богдана. Ну, рабілі дзесяць год назад на адным участку. Ну, Кардаш у свой час назначыў Богдана брыгадзірам. Але яму пасля таго панізілі разрад, знялі з пасады, і начальнік упраўлення гэтыя загады падпісаў, ён сам патрабаваў ад кіраўнікоў участкаў бязлітасна звальняць парушальнікаў дысцыпліны.

Але Кардаш не выпадкова паслаў у брыгаду навучэнцаў Богдана. Ён памятаў яго здольным мантажнікам, які мог павесці за сабою людзей. Так было ў гады іх сумеснай працы. І начальнік упраўлення вырашыў даць Богдану апошні шанц. Вытрымае выпрабаванне, ніхто не скажа, што Кардаш дарэмна рызыкнуў.

Ноччу шафёр папрасіў дазволу спыніць машыну, бо яго пачаў зморваць сон. Яны ад’ехалі з дарогі ў бярозавы гаёк. Начальнік упраўлення выйшаў з машыны. На траве ляжала багатая раса. Туфлі адразу прамоклі, але Кардаш не спяшаючыся тупаў вакол машыны. Даў шафёру паспаць дзве гадзіны і пабудзіў яго. Шафёр цяжка падняўся, схапіў у далоні расы, памачыў твар.

— Нібы прыняў душ,— ён здрыгануўся ад холаду.

Машына імчала насустрач золку. Наперадзе за даляглядам была вёска, якая цяпер займала ўсе думкі начальніка ўпраўлення.

Пад яго кіраўніцтвам было шмат мантажнікаў, многіх з іх ён ведаў асабіста, з некаторымі працаваў калісьці ў адной брыгадзе. Завочна скончыў тэхнікум, быў майстрам. Паступіў завочна ў інстытут. Вучыўся амаль сем гадоў: з-за работы не хапала часу паехаць на сесію.

Перад вёскаю машыне перагарадзіў дарогу статак кароў. Пастух, нізенькі мужчына, з няголеным тварам, відаць, быў адных гадоў з Кардашам. Кардаш нібы ў люстэрка ўбачыў сябе і падумаў: «Няўжо і я такі стары?»

Бяссонная ноч адчувалася, цяжкія зрабіліся павекі, галава апускалася на грудзі. Ён чакаў, калі статак міне машыну.

На дзвярах склада вісеў замок. Кардаш пацягнуў раз-другі, і ён расшчаперыўся. Мільганула вясёлая думка пагрузіць медны дрот, што з абсталявання, у машыну — і хай потым пачухаюць патыліцу. Мантажнікам Кардаш так і зрабіў бы, але ён начальнік упраўлення, такі жарт яму не да твару, дый невядома, які вынік будзе з гэтай «аперацыі».

Прысеў каля ўваходу на скрынку. Промні сонца ляцелі праз рэдкія хмаркі-вату, грэлі зямлю. Зірнуўшы на гадзіннік, начальнік задрамаў. Ачуўся ад галасоў. Вакол яго сядзела ўся брыгада. Пад дрэвам у машыне спаў шафёр. Паветра аж звінела. Надвор’е было як па заказу.

— Вада халодная ёсць?

— Цэлае вядро, толькі з калодзежа,— нёс яму ваду хлопец з вогненнымі валасамі.

Кардаш падцягнуў да сябе вядро і пачаў прагна піць, адчуваючы, як з кожнай кропляй вады аднаўляецца ў ім жыццёвая энергія і цела робіцца дужым.

— Добрая вада. Фу,— аддыхаўся начальнік упраўлення.— Пастаў у цень, потым яшчэ пасмокчам,— сказаў Казакевічу.— Можа, трохі памыцца, як думаеш, майстар? — Ён успомніў, што майстра завуць Іванам Аляксандравічам. Напэўна, гэта яго ідэя была наконт тэлеграмы. Кардаш адчуваў, што майстар сваім характарам нечым нагадваў яго самога.

— Палі трошкі,— папрасіў Кардаш майстра і распрануўся да пояса. Тлушч ужо быў там-сям на жываце, спіне, але ўсё ж мускулам начальніка ўпраўлення пазайздросцілі б і Хведар, і Крыц, не гаворачы пра астатніх хлопцаў.

— Ну, не шкадуй, марак,— крычаў Кардаш і, пырскаючы вадой па баках, старанна мыў шыю, твар, быццам знарок прыехаў сюды за сотні кіламетраў дзеля гэтага. Затым папіў яшчэ халоднай вады, разуўся і сеў на зямлю.

— Чым будзеце сёння займацца?

— Ёсць чым,— сказаў брыгадзір і засунуў за халявы ботаў пасаціжы, нож, адвёртку.

— Няма,— устаў Іван Аляксандравіч.— Усе электраматэрыялы выкарыстаны. Слупы брыгада, дарэчы, уручную, хоць упраўленне мае патрэбныя машыны, паставіла.

— Па праекту трэба зрабіць дэмантаж асвятлення і ўсяго энергазабеспячэння мясцовага калгаса.

— Па магчымасці выканаем. Нас стрымліваюць матэрыялы. Калі вы бралі на практыку групу, то абяцалі забяспечыць усім неабходным.

— Не я, а ўпраўленне! — падняў указальны палец начальнік.

— Гэта не мае асаблівага значэння. Вы гаварылі, што наша лінія патрэбна як паветра, што яна вельмі важная. А што выходзіць? Загадчык базы невядома чаму не дае нам нічога. Амаль тыдзень стаім без работы. Гэта ж якая сіла!

— Які сукін сын, ай-яй! — стукнуў сябе па калене рукой Кардаш.— Гэта я пра загадчыка базы. Здыму і выганю або пакіну грузчыкам. Які абібок! Гаварыце далей, Іван Аляксандравіч.

Але спынены гэтай рэплікай, майстар згубіў канец думкі і разгублена замоўк.

— Чаго вы, Іван Аляксандравіч? Слухаю ўважліва.— Кардаш дастаў з кішэні нават паперу і аловак і запісаў штосьці.

— Ды што тут,— майстар папрасіў закурыць і зрабіў некалькі глыбокіх зацяжак.— Не ведаю чаму, але Богдан сказаў няпраўду. Рабіць нам няма чаго.

— Цікава,— сказаў начальнік упраўлення.— Хто гэта яшчэ да нас кіруецца? Глянь сваім марскім вокам, Іван Аляксандравіч.

Вёрткі «козлік» з выцвілым брызентавым верхам затармазіў каля склада. У вадзіцелю пазналі начальніка ўчастка. Ліхаў абышоў усіх, кожнаму падаючы руку. Абмахнуў пот з круглага твару насоўкаю.

— Папярэдзілі б, што едзеце да нас.

— Не міністр і не кіраўнік трэста,— сказаў Кардаш,— а свой начальнік, да якога прывыклі. Прашу, таварыш Ліхаў, на свабоднае месца каля Івана Аляксандравіча. Начальства павінна быць у цэнтры, каб мантажнікі бачылі яго. Дарэчы, ты ведаеш, што ў брыгады няма матэрыялаў?

— Ведаю,— прамовіў начальнік участка.

— Яны звярталіся да вас, таварыш Ліхаў? — Кардаш націснуў на слова «таварыш».

— Вядома,— заспяшаўся Ліхаў,— але дзе мне іх узяць? Брыгады кадравых мантажнікаў на тым тыдні прастаялі сорак восем гадзін. А гэта ж навучэнцы. Ім што, практыка... Лінія, калі...

— Не калі! — загрымеў начальнік упраўлення, і вочкі яго амаль заплюшчыліся.— Практыка, кажаш!...— і хацеў, напэўна, дадаць штосьці моцнае, але авалодаў сабою.— Гэта лінія галоўная на тваім участку, Ліхаў, і сюды трэба перакінуць трохі матэрыялаў, пакуль з базы не завязуць усяго астатняга. Зразумеў?

— Ясна.

— І добра. Адно пытанне, можна сказаць, вырашылі. Так, Іван Аляксандравіч?

— Не ведаю. Прыедуць машыны з грузам — значыць, так.

— Ах, хітрун, марак! Малайчына, браце! Такіх бы мне начальнікаў участкаў. Глядзіш, і ў Маскве заўважылі б... Як думаеш, Ліхаў?

— Напэўна,— згадзіўся Ліхаў.

Кардаш глянуў на гадзіннік.

— Нарада зацягнулася. Але нічога, адзін раз можна, асабліва калі такі настрой, Хведар... Хведар? Забыў прозвішча.

— Розум,— падказаў Трацяк.

— Розум. Значыць, разумная галава,— пажартаваў начальнік.— Скажы ты мне, Розум — разумная галава, чаму як на пракажонага глядзіце на свайго брыгадзіра, майго старога таварыша-мантажніка Богдана Васіля? Калісь мы з ім правялі дзесяткі кіламетраў ліній, будавалі станцыі і падстанцыі. Чаму ў цябе, Васіль, такі пануры выгляд? Калі мінулы раз я прыязджаў, ты быў п’яны.

— Хто бачыў? — ціха сказаў Богдан.

— Маўчы! Памятаеш нашу апошнюю размову пасля таго, як загінуў той хлопец? Ты мне сказаў, што пачынаеш новае жыццё. Табе даверыў такіх хлопцаў! Арлоў! Васіль, Васіль... Ты быў зусім не такі. Кім жа ты стаў, Богдан? П’яніцам і абібокам. Маўчы! П’яніца не можа быць добрым работнікам. Шчасце, што ў хлопцаў такі майстар, як Іван Аляксандравіч, а то ты «навучыў» бы іх прафесіі.

— Нічога ў яго не выйшла б,— сказаў Хведар.— Ён учора прымушаў нас капаць ямы, а пасля іх засыпаць. Маўляў, грошы дзяржаўныя, не вам бедаваць пра гэта.

— А вы?

— Мы адмовіліся.

— Правільна зрабілі. Бачу, Богдан, страціў ты свой аўтарытэт. Як думаеш, брыгадзір: калі да кіраўніка няма павагі, можа ён заставацца на сваёй пасадзе?

Богдан не адказаў, панурыўшы галаву, кусаў пазногці. Валасы ўпалі яму на лоб, і стала бачна сівізна і пляшына на патыліцы. Жаль і пагарду адчуў да яго Іван Аляксандравіч. І сорамна было яму за гэтага чалавека, які загубіў сваё жыццё бясконцым п’янствам, а цяпер злы на ўвесь белы свет.

— І я не ведаю,— уздыхнуў начальнік упраўлення.— Наконт гэтага большыя знаўцы хлопцы, з якімі ты працаваў. Як рашыце, так яно і будзе.

Якаў Казакевіч схаваўся за спіну Макарчука. У яго на Богдана крыўды даўно не было. Употай ад астатніх хлопцаў ён нават пасля добрага стала начаваў у брыгадзіра на кватэры. Якаў прывык, што яму не трэба рабіць на лініі, дзе Хведар, нібы кот, лазіў па слупах і патрабаваў гэтага ж ад астатніх.

— Хто першы? — спытаў начальнік.

Якаў апусціў галаву ніжэй, каб не сустрэцца з ім вачыма. Мусіць, і лепш будзе, калі Богдана здымуць, але што потым? Кожнаму не растлумачыш.

— Табе слова, Казакевіч,— раптам сказаў майстар.

Якаў падняўся з гулліваю ўсмешкаю, сказаў:

— Ш-што я... Мне ўсё роўна, як усе.

— У цябе ёсць свае думкі? — рэзка спытаў у яго Хведар.

— Чаму ж не, ёсць. Звычайны чалавек Богдан. Працуе. Ну, п’е, але хто цяпер не п’е...

— Якаў, дык ён жа цябе крыўдзіў і грошы браў,— не вытрымаў Трацяк.

— Хто табе сказаў? — збянтэжыўся Казакевіч.— Не было такога. Гэта ты прыдумаў, Іван.

— Як прыдумаў? — Трацяк стукнуў кулаком па скрынцы.— Сам бачыў.

— Хто яшчэ бачыў? — спытаў Якаў.

— Я нікому не казаў...— разгубіўся Трацяк.

— Тады няма чаго гаварыць,— скончыў Казакевіч сваё выступленне.

Глянуў на Якава Хведар, быццам былі яны незнаёмыя і гэта рыжая галава не ляжала на падушцы насупраць ягонай у адным пакоі.

...Брыгада выбрала сваім кіраўніком Хведара. Начальнік упраўлення і майстар не былі супраць. Запярэчыў толькі Ліхаў:

— Малады, нявопытны.

— Колькі табе было гадоў, калі стаў брыгадзірам? — спытаў Кардаш у начальніка ўчастка.

— Семнаццаць, але быў іншы час,— загарэўся Ліхаў.— Мы думалі пра тое, каб лепш і хутчэй будаваць лініі, а яны — пра штаны з лямпачкамі.

Ад маладога рогату з бярозы падняўся перапалоханы бусел і з клёкатам падаўся на балота. Усміхаўся, шаруючы паголеную галаву насоўкай, Ліхаў, тоненька хіхікаў начальнік упраўлення, выціраў слёзы з вачэй Іван Аляксандравіч, і нават Богдан павесялеў.

Не такі ўдалы быў жарт, але яго хапіла, каб узламаць насцярожаную цішыню. Тым больш што да склада ехала нагружаная матэрыяламі машына з прычэпам.

Як бы там ні было, але тэлеграма дзейнічала, і Іван Аляксандравіч, радуючыся разам з хлопцамі, закасаў рукавы і працаваў да дзесятага поту.

 

13

Як неспадзеўкі з'явіўся начальнік упраўлення, так, не развітваючыся, каб не перашкодзіць рабоце маладых падначаленых, паехаў. Калі ён раней трохі сумняваўся ў рэальнасці плана, то цяпер упэўніўся, што лінію гэтыя зялёныя мантажнікі ўзвядуць. Няхай яны думаюць, што гэта лінія самая галоўная для ўпраўлення. Кардаш хацеў, каб з першых жа дзён гэта дзятва зразумела: другарадных ліній няма, усе галоўныя і адказныя...

На другі дзень свайго кіраўніцтва Хведар павесіў на дзвярах склада, не сказаўшы пра гэта нават Івану Александравічу, паперу, на якой было напісана:

«Вымова

За сістэматычныя парушэнні дысцыпліны і п’янку ў рабочы час аб’яўляю вымову электрамантажніку Васілю Богдану і папярэджваю, што за любы ўчынак, які будзе шкодзіць нармальнаму жыццю брыгады, да яго прымуць адпаведныя меры.

Брыгадзір Хведар Розум».

Богдан, а можа, і не ён, чырвоным алоўкам перакрэсліў першы загад Хведара і знізу дапісаў бруднае слова.

— Ты намаляваў? — спытаў Хведар.

— Ні ў якім разе,— усміхнуўся Богдан.

— Добра... Заўтра возьмеш хлопцаў, падключыце першы ўчастак лініі з высокага боку, ад падстанцыі.

— З электрасетак прадстаўнік будзе? — спытаў Богдан.

— І з участка таксама.

Хведар ужо ў душы перакіпеў злосцю, але пачуццё нейкай нерашучасці стрымлівала яго. Ён адчуваў сябе хлопчыкам, якому паказалі жаданы яблык і не далі. «Трэба было папрасіць начальніка, каб перавялі Богдана ў іншае месца, тады прасцей жылося б»,— падумаў Хведар.

Цяпер ён працаваў яшчэ лепш, чым раней. І вось, яны ўжо дажылі да таго часу, што трэба падключаць першы ўчастак лініі. Спачатку Хведар меркаваў сам зрабіць гэта. Аднак, падумаўшы, вырашыў, што гэта рызыкоўна. Па-першае, ён ніколі не рабіў падключэння, а па-другое, хоць тэарэтычна ведаў усё, але вымушаны быў прызнацца сабе: Богдан намнога вопытнейшы за яго.

Раніцай пад'ехалі прадстаўнік з раённых электрасетак, інжынер з участка, яшчэ нейкія зацікаўленыя асобы і разам з брыгадай сабраліся ля шырокай жалезнай мачты, ад якой павінен быў пайсці ток на першы ўчастак лініі.

Богдан быў вясёлы, жартаваў. Да Хведара ён блізка не падыходзіў. І Хведару здалося, што ў Богдана вінаваты выгляд. «Мусіць, перажывае моцна...» Толькі калі Богдан быў ужо наверсе мачты, Якаў Казакевіч сказаў Хведару:

— Не трэба было яму лезці. Ён жа падпіты быў і ўчора піў.

— Позна...— не адрываючы вачэй ад невялікай у вышыні постаці Богдана, сказаў Хведар.— Раней чаму не сказаў?

Глядзелі, як не спяшаючыся падключаў Богдан правады да раз’яднальніка. Было чутна, як стукае гаечны ключ аб ізалятар ці жалезны крук. Марудна ішоў час. Прайшло трыццаць хвілін, гадзіна, а Богдан усё сядзеў на папярочцы. Нарэшце падняўся. Чамусьці зняў ланцуг, хацеў, мусіць, закінуць яго за плячо, але зачапіў за дрот. І здалося Хведару, як па ланцужку прабег агеньчык, і ў гэты ж момант Богдан завагаўся на папярочцы, нібы лялька, і паляцеў уніз. Стукнуўся некалькі разоў нагамі аб мачту, перавярнуўся і ўпаў на зямлю бокам. Гэта адбылося да таго імкліва, у поўнай цішыні, што на ўсіх напала нейкае здранцвенне.

— А-а-а! — дзіка закрычаў Якаў, і ўсе ачуліся.

— Напэўна, вандроўныя токі,— разгублена кінуў прадстаўнік электрасетак.— Усё было адключана і перакрыта.

Прывезлі з бальніцы доктара, але ён ужо не мог нічым памагчы. Толькі сказаў, што нябожчык быў п'яны.

На пахаванне прыехала старэнькая бабулька ў чорнай спадніцы і вялікай чорнай хустцы, у мужчынскіх чаравіках. Худзенькая і сівая, нібы ліст паперы, яна не плакала, але ісці сама не магла, і Кардаш пасадзіў яе ў сваю «Волгу» каля шафёра. Выцвілыя вочы старой глядзелі наперад і, здавалася, нічога не бачылі. Толькі адзін раз растуліла яна вусны:

— Гарэлка давяла, прасіла ж...

Найцяжэй за ўсіх было Хведару. Выходзіла, што Богдан загінуў па яго віне. Каб не паслаў на мачту, каб не злаваў на яго, каб паслухаў Казакевіча...

— Шкада хлопца! — казаў начальнік упраўлення.— Хоць п’яніца быў, але шкада...

— Гэта я вінаваты,— падышоў да яго Хведар.— Я...

— Не гавары абы-чаго. Калі хто і вінаваты, то гэта ён сам, а астатняе пакажа следства.

Смерць Богдана моцна ўразіла брыгаду; маладыя хлопцы неяк адразу пасталелі, пасур’ёзнелі. Не хадзілі, як раней, шумлівым натоўпам па вуліцы. Хоць і папсаваў ім шмат крыві Богдан і задаволеныя былі, калі здымалі яго з брыгадзіраў, але цяпер ніхто з іх кепскага слова не сказаў, і не толькі таму, што не гавораць блага пра таго, каго ўжо няма...

...Якаў Казакевіч цішком адышоў ад хлопцаў і неспадзеўкі для сябе апынуўся ў гушчары, амаль ля таго самага месца, дзе іх з Крыцам знайшоў Розум, калі яны гулялі ў карты. Ён ішоў, сцяўшы да болю сківіцы. Лапкі маладога сасняку білі па твары, але ён не адчуваў гэтага.

Ля тоўстай старой асіны Якаў спыніўся, трошкі пастаяў і сеў на зямлю. Дзесьці недалёка зараўла машына, і гул матора спачатку наблізіўся, а пасля стаў заціхаць. Аднак Якаў не чуў машыны, крыку птушкі, якая скакала за тры крокі ад яго. Так ён сядзеў невядома колькі. Раптам слёзы пацяклі па губах, барадзе, шыі. І тады святлей зрабілася ў вачах, галава пачала набываць нейкую яснасць. Жаль запаланіў яго, перавярнуў душу. І Якаў нібы адразу пасталеў на некалькі гадоў.

І так адчувалі сябе ўсе...

 

14

Недзе ў душы нарадзілася раптам жаданне, у якім Хведар нават не мог прызнацца сабе. Пастаяў на вуліцы, пасля акуратна зачыніў за сабой веснічкі. Ногі неслі яго ў тым напрамку, куды іншым разам не пайшоў бы ніколі. Амаль бегма ён пераскочыў агароды, наўпрост выйшаў да хаты, дзе кватараваў Богдан, спыніўся. Страх паралізаваў яго волю, і Хведар ужо думаў вярнуцца, але першае жаданне перамагло. Прыціскаючыся да плота, нібы злодзей, пайшоў ён да Таццянінай хаты. На кухні гарэла святло. Праз фіранку ён убачыў цень ад галавы. Ціхенька пастукаў у акно. Святло адразу патухла, і Таццяна не адгукалася. Хведар зноў асцярожна стукнуў па шкле. З горыччу падумаў, што ў яе, напэўна, той мужчына, які пагражаў яму.

— Хто? — пачуўся аднекуль зверху голас.

— Я,— прашаптаў Хведар.

— Хто гэта я?

— Ну, мантажнік, Хведар Розум.

— Пачакай, зараз.

Было чутна, як ляснула клямка ў дзвярах у кухні. Адсунулася засаўка, і на парозе вырасла белая постаць.

— Ты?

Яна на нейкае імгненне прыціснулася да яго, азірнулася на бакі і прапусціла ў хату.

— Можа, перашкодзіў? — спытаў Хведар.

— Чаго там, сядай.— Яна ўключыла маленькую лямпачку каля печы, накінула на плечы хустку.— Штосьці холадна мне. Удзень такая была гарачыня, а ўяўляеш, як у маёй краме, калі шмат людзей. Хоць распранайся... Што скажаш добрага?

— Ды вось, зайшоў...— паціснуў плячыма Хведар.— Прабач, не было тады часу.

— Разумею. Я не пакрыўдзілася. Есці хочаш?

— Не... Толькі піць.

— Вада свежая, з калодзежа.— Таццяна не глядзела яму ў твар, і Хведар падумаў, што не трэба было ісці сюды. Столькі дзён мінула з той сустрэчы, а ён ні разу не зайшоў да яе, нават не быў у магазіне, каб пабачыць. Вядома, яна жывы чалавек і да таго ж прыгожая жанчына. Дык чаму павінна чакаць яго, калі ён забыў пра яе.

— Таццяна...— Хведар узяў яе руку. Яна была халодная.— Можа, ты захварэла?

— Не, гэта так... Дробязь.

Ён падняў яе з услона, паставіў перад сабой і няўмела пацалаваў у вусны. Яны былі халодныя, як і рука.

— Ты змерзла зусім. Зараз будзе горача,— прагаварыў Хведар.

— Не трэба.— Таццяна адхілілася ад яго, стала моўчкі тварам да акна. Хведар разгубіўся, не ведаючы, што рабіць.— Вось што, Хведарка, лепш ідзі дахаты. Не трэба,— паўтарыла яна.— Пазнаёмся з маладой чыстай дзяўчынай і сябруй з ёй.

— Але чаму? — жаданне, якое дагэтуль было далёка ў глыбіні, вырвалася, і яму вельмі захацелася абняць Таццяну, з усёй сілы прыціснуць да сябе. Ён зрабіў крок да яе.

— Хведар, прашу цябе,— голас Таццянін дрыжаў.— Ідзі, ідзі...

Хведар панура апусціў галаву і сказаў:

— Навошта ты мяне клікала да сябе?

— Дурань, дурань.— Яна, як і першы раз, прыцягнула яго да сябе, моцна пацалавала і спакваля падштурхнула да дзвярэй.— Прабач мне. І бывай, Хведар...

Назаўтра Мар’я Піліпаўна прынесла навіну.

— Чулі, мае хлопчыкі, ці не?

— Што? — спытаў Якаў.

— Бабы кажуць, што сёння прыехала ў магазін шмат міліцыі. Зачынілі дзверы і Таццяну правяралі. І быццам пайшлі да яе ў хату. Ну і Таццяна! Гэта ж трэба! Нездарма яе колішняга мужа і цётку ў горадзе ў турму, на казённы харч, пасадзілі. Яблыка ад яблыні недалёка падае.

— Ад якой яблыні? — злосна сказаў Трацяк.— Вярзеш ты штось, бабка.

Хведар не данёс лыжку да рота, разліў кіслае малако на стол. «Прабач мне. І бывай...» — успомніў ён. Якаў і Іван з апетытам снедалі.

— Штосьці ты сёння мала еў,— здзівілася гаспадыня.

Хведар, выходзячы з хаты, сказаў:

— Пайду ў склад. Трэба ўзяць дроту.

«Няўжо папраўдзе яна пайшла па цётчынай дарозе? Але навошта? Можа, не было б гэтага, калі б я не забыў яе». На дзвярах магазіна вісела аб’ява: «Магазін часова не працуе».

Дзве бабулькі сядзелі на ганку.

Хведар прыслухаўся.

— На тры тысячы тавару... Крала...— даляцелі да яго словы.

— Вы бачылі, што яна крала?! — у роспачы выгукнуў Розум.

Бабулькі замоўклі, з усмешкай пачалі глядзець на яго. Хведар збянтэжыўся і кінуўся прэч.

— Напэўна, таксама каля яе карміўся,— пачуў кінутае ўслед.

Ён спыніўся на скрыжаванні вуліц. Што рабіць далей, як жыць? Хоць жыў ён увесь гэты час без Таццяны, не меў да яе ніякага дачынення, але навіна непрыемна закранула яго.

З-за хаты выскачыла жоўтая «Волга». На вуліцы былі калдобіны, і машына прыцішыла хаду. За рулём сядзеў міліцыянер, яшчэ два мужчыны былі ў цывільным, а паміж імі Хведар убачыў Таццяну. Яна была ў чырвонай сукенцы, на шыі белая хустачка. Яму здалося, што Таццяна ўсміхнулася і нават махнула рукою. І ён ступіў услед машыне, але тая набрала хуткасць, і праз хвіліну Хведар пачуў, як загудзеў асфальт пад яе коламі.

— Ну, вось і ўсё, паехала,— сказаў хтось побач.

Хведар правёў рукой па вачах, хітнуў галавою. Хацелася плакаць.

— Нічога не выйшла ў цябе, хлопча,— сказаў яму незнаёмы мужчына, у якім Розум нарэшце прызнаў таго, што быў каля Таццянінай хаты ноччу.

— Што табе? — спрабуючы гаварыць спакойна, сказаў Хведар.

— Мне? Усё астатняе мне...— Мужчына абмінуў Розума, здалёк пракрычаў: — Тваё будзе, а маё... Эх! — Ён пачаў чакаць спадарожнай машыны.

— Хто такі? — спытаў Хведар у жанчыны, якая рвала зелле ў агародзе, а зараз стаяла з кошыкам ля плота.

— Таццянін муж,— сказала цётка.

— У яе ж няма мужа.

— Няма, дык быў,— у вачах жанчыны была цікаўнасць.— А чаго ты белы, нібы крэйда? Можа, тваёй сяброўкай была Таццяна? — Памарудзіла трошкі.— Яна не хацела з ім жыць, а ён ездзіў сюды ды ездзіў. Праўда, сёлета бачу яго першы раз.

— Хведар! — паклікаў Розума майстар.— Давай на машыну. Па матэрыялы на базу.

Ён не захацеў ехаць, падаўся на лінію. Кіпці на ногі, прывязаў да дзягі кавалак алюмініевага дроту, каб мацаваць правады да ізалятараў. Ні аб чым не думаў, толькі ў галаве стаяў малюнак: жоўтая машына, а ў ёй паміж двума мужчынамі Таццяна, і яе доўгія чорныя валасы на чырвонай сукенцы.

Хведар пераставіў кіпці і падняўся трошкі вышэй. Па звычцы механічна апусціў рукі, каб адвязаць дрот ад дзягі. Ён стаяў шчыльна да слупа, і было нязручна працаваць. Тады Розум адхіліўся ад слупа, і... нечакана страшная сіла пацягнула яго ўніз. Усё адбылося імгненна. Ад болю ў нагах ён страціў прытомнасць. Яго выратаваў правы кіпець, які мёртва засеў у слупе, бо пад цяжарам цела левы амаль адразу выслізнуў з дрэва. І гэта таксама паспрыяла, бо калі б ён трымаўся, то Хведар мог паламаць ногі.

Хведар амаль адразу ачуўся і схапіўся рукамі за слуп.

Ад балота штосьці крычалі і, мусіць, беглі да яго. Толькі не хапала, каб усе бачылі, як ён, нібы хлопчык, дзяўбе носам зямлю. І Хведар цераз сілу прыўзняўся і вызваліў правую нагу. Потым, нібы артыст у цырку, хіснуўся і, прыціскаючы ногі да жывата, скокнуў уніз. Адчуў пад нагамі зямлю, перавёў дыханне і лёг. На провадзе калыхаўся кавалак дроту, і вецер зашмаргнуў ім іншыя правады.

Падбеглі Трацяк з Макарчуком. Хведар ляжаў з травінкай у зубах і рагатаў.

— Што гэта за фокусы?

— Д-ды я паляцець без крылаў хацеў.

— Яно і відаць.

— Пакажы ногі,— прысеў Трацяк.

— Сорак чацвёртага памеру ногі. Ці ты не ведаеш, Іван?..

— Здымі боты.

— Мне і так добра.

— Цягні, Мікола, за левы, а я — за правы.

На тым месцы, дзе мацуюцца рамяні кіпцяў, у Хведара былі чорныя палосы — сінякі. Але ногі былі цэлыя, толькі скура гарэла, нібы трымаў іх над агнём.

— Няма ў цябе, Хведар, клёпкі тут,— Макарчук паказаў рукой на галаву.— Гэта з-за бабы такое рабіць. Цьфу! Ну і што як прыгожая? Дык, можа, вяроўку на шыю?

— Не тое гаворыш, Мікола. Пры чым адно да другога. Задумаўся і забыў ланцуг за слуп зашпіліць. Уся трагедыя.

— Любіш, Розум, як дзіця малое, без усякай асцярогі бегаць па слупах.— Трацяк узяў Хведаравы кіпці.— За іх можаш свечку паставіць у царкве.

— Хлопцы, толькі не кажыце нікому, што я падаў са слупа,— папрасіў Хведар.

— Што ўжо там. Якая размова,— сказаў Макарчук.— Не думай, Хведар. Не пакутуй. Не твая яна была.

— Ды не трэба мне нічога!..

 

15

Ці было каму-небудзь горш, чым яму, і ці стагнала так моцна душа ў каго? Калі што і было, дык гэта яго не датычыла. Ён жыў, пачынаў жыць, дыхаў паветрам, снедаў, абедаў, вячэраў і — думаў пра рознае, толькі не ведаў, што нічым гэтым не запоўніш душу, калі яна стане пустая. Ну, хто скажа яму, чым і як запоўніць душу? Сэрца ў яго пакуль моцнае, яно вытрымае, але што рабіць з апусцелаю душою?

Так думаў Хведар Розум. Смутак ціснуў яго з невядомай дагэтуль сілай, і не засталося радасці. «Мусіць, ты нічога не варты,— сказаў ён сабе.— Таццяны няма...»

Ён сядзеў адзін на барабане з-пад дроту, а недзе высока ў небе ляцела птушка, жыла радасцю вышыні. Вакол раслі дрэвы, а полем цераз дарогу ішлі цыбатыя слупы, да якіх меў дачыненне і ён.

Шкада, што мала зрабіў і ўжо спатыкнуўся ў пачатку шляху. «Не выйшла з мяне нічога. А ўвогуле, ці не занадта шмат ты дбаеш пра сваю асобу? Яна нецікавая нікому, нават хлопцам, з якімі жыў у адным пакоі, працаваў на гэтай лініі».

Хведар падняўся з барабана, глянуў у адзін бок, у другі. За магазінам стаяў слуп, на якім была прыбіта шыльда з вялікай літарай «А». Аўтобусны прыпынак. Праз кожную гадзіну тут спыняецца аўтобус у горад. Хведар схапіў пінжак і подбегам рушыў па вуліцы.

На вуліцы не было людзей, бо яны ў гэты цёплы летні час былі заняты справаю. Хай працуюць без яго, а ён пойдзе на аўтобус і спыніць сваю хаду каля роднай хаты. Добры дзень, скажа ён бацькам, і маці ад радасці, што прыехаў сын, заплача і пачне частаваць яго прысмакамі, якіх ён нідзе больш не каштаваў. Здароў, здароў, затрымае ў сваёй шурпатай руцэ яго далонь бацька і ўважліва зазірне яму ў вочы да самага дна іх.

«Ну, што, сынок?»

«Ды так...»

«Прайшоў ужо ўсю навуку?»

«Як сказаць...»

«А ты кажы проста: як на душы ў цябе?»

«Не ведаю».

«Табе нешта перашкодзіла або здарылася штосьці?»

«Чаго ты прыстаў да яго? Хай сынок паласуецца»,— гэта ўжо голас маці.

«Ты ж казаў мінулы раз, што скончыш сваю навуку ў верасні, а зараз на дварэ ліпень».

«Мне ў армію трэба...»

«Гэта вядома. Надыдзе час, і паклічуць. Толькі адтуль не пойдзеш, калі захочацца».

Хведар убег у хату, зачыніў за сабою дзверы. І з горыччу падумаў: «Да чаго я дайшоў: баюся, што ўбачаць мяне». Мільганула ў галаве думка: сядай на гэты ўслон, паразважай, памяркуй. А рукі, дужыя і ўчэпістыя, знайшлі тым часам кашулі ў шафе, нагавіцы, склалі ўсё гэта ў драўляны чамадан, з якім яшчэ ездзіў бацька на заробкі на Украіну.

Вось і ўсё, сказаў ён сабе, адна цяпер дарога з горада: не ў родную вёску, а туды, дзе тайга, халадэча і мядзведзі... На Поўнач людзі едуць з усяго свету, бо кожнаму там ёсць месца. Хведар Розум узяў чамадан, прыпыніўся каля ложка, на якім спалі яны першыя тыдні ўтрох.

«Табе нешта перашкодзіла або здарылася штосьці? — спытаў ціха бацька.— ...Як на душы ў цябе? — Халадок пайшоў знізу ўгору, і чамадан стаў цяжэйшы, нібы хтосьці паклаў у яго камення.— Ну, што, сынок?»

— Не магу я тут больш! — закрычаў Хведар, кінуўшы чамадан на падлогу.— Не магу, бо вінаваты, што загінуў Богдан. Не магу!

Усё было проста, пакуль бег да хаты, збіраў чамадан, а прыйшоў час зачыніць за сабой дзверы і перайсці на другую дарогу — і не мог. Сеў на ганак і заплюшчыў вочы. І было такое адчуванне, быццам трапіў у глыбокі калодзеж і, нарэшце, сабраўшы апошнія сілы, вылез з гэтай цемры.

— Хопіць спаць,— пачуў ён голас, лагодны і мяккі, і дужая рука ўхапіла яго за плячо.

На двары каля плота стаялі хлопцы і ціха гаманілі паміж сабой, здалося, не звяртаючы на Хведара ўвагі. Побач на ганку сядзеў Іван Аляксандравіч і трымаў на яго плячы сваю руку. І раптам Хведар занепакоіўся... Ён асцярожна азірнуўся. На двары ляжалі кіпці, мантажныя рамяні, пачарнелыя ад поту кашулі хлопцаў, а чамадана не было...

Чамусьці зарагатаў Якаў і дурасліва паваліў Трацяка, сеў яму на спіну. Вясёлы быў Казакевіч і нават быццам шчаслівы. Твар у яго загарэў, плечы сталі шырэйшыя. І галоўнае, што заўважыў у вачах Якава зараз Хведар — упэўненасць. І ў душы пазайздросціў яму.

Але потым, назіраючы за астатнімі хлопцамі, ён зразумеў, што гэта ўпэўненасць цяпер ёсць у кожным, яны нібы пасталелі тут, на гэтай лініі. А вось яго мары, надзеі...

Першым падняўся Іван Аляксандравіч. І ўся брыгада ўжо стаяла на нагах, а Хведар сядзеў на ганку.

— Ну, што, досыць бібікі біць. Пойдзем! — сказаў майстар, ні да кога канкрэтна не звяртаючыся.

— Дзве дзюркі ў носе, і сканчылося! — у тон яму дадаў Якаў.

Трацяк прынёс з хаты Хведаравы боты, рабочую вопратку. І ён пераапрануўся, адчуваючы, як палягчэла на душы. «Можа, сказаць: прабачце мне, калі што было не так»,— падумалася Хведару. Калі што не так... Не, гэта штосьці не тое. Аднак міжволі ў яго вырвалася:

— Даруйце, хлопцы...

Ён не дагаварыў. Якаў крануў яго за руку:

— Хведар, не трэба...

Прыязна глядзелі на яго вочы Макарчука, Трацяка, Крыца. Трошкі сумна ўсміхаўся Іван Аляксандравіч... І зноў адчуў сябе Хведар дужым, здольным працаваць так, як працаваў дагэтуль.

...Слупы ўзнімалі над полем, балотам, лінію цягнулі да самага далягляду. Марудна, але ўсё больш упэўнена.

 

 

 


1985

Тэкст падаецца паводле выдання: Супрунчук В. Недзе баліць ля сэрца: Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст.літ., 1986. - 247с.
Крыніца: скан