epub
 
падключыць
слоўнікі

Віктар Супрунчук

Тыгрыная клетка

 

 

— Ты мне скажы, дзядзька Кастусь, чаму гэныя птушкі ў небе, не на зямлі? Якая халера іх туды цягне? — дапытваўся Цімох Каландзейчык у Кіжэўскага.— Як думаеш?

— Хто іх ведае...

— Ну, а чаму трава зялёная, а не чырвоная?

— Бо чырвоную каровы не елі б,— Кіжэўскі стаміўся ад пытанняў Цімоха, а той, як дзіця, хоць самому даўно за трыццаць, усё лезе ў душу.

— Мо і так,— задуменна гаворыць Цімох.— Гэта ж было б жахліва. Нібы ўсё ў крыві.

Ён на хвілінку змаўкае. Ля станцыі гудзе цеплавоз.

— А чаму неба блакітнае?..

Кіжэўскі не дае яму скончыць, перабівае:

— Таму што.

— Як? — здзіўляецца Каландзейчык.

— А вось так! — крычыць Кіжэўскі і махае дужымі рукамі перад яго тварам.

Цімох ніяк не рэагуе на гэта. Ён глядзіць сабе над ногі і зноў пытае:

— Навошта на зямлі столькі камення?

Кіжэўскі праз зубы нешта выціскае і падае на разасланы на траве каптан. Толькі тады адыходзіць ад яго Цімох. Шукае, з кім бы пагаманіць, высветліць, што турбуе. Але нікому ён не патрэбен са сваімі размовамі.

За старой платформай кранаўшчык Стасік з двума грузчыкамі гуляюць у карты. Гульня ідзе ціха, зрэдку праскочыць слоўка. Аб чым тут гаварыць, калі разам штодзень — з раніцы да вечара — на гэтай станцыі. Усе анекдоты, хто якія ведаў, пераказалі. Дый, урэшце, для іх не той настрой: паўдня без вагонаў. Адкуль заробку быць?

Цімох прысеў побач са Стасікам і заглянуў цераз плячо яму ў карты. Ён у іх нічога не разумее, бо ніколі не гуляў.

— Адыдзі! — кажа раздражнёна Стасік.— Ты атрымаў квітанцыю?

— Якую? — залыпаў вачамі Цімох.

— Каб весці сваю жонку на станцыю.

Усе рагочуць з Каландзейчыка, а ён стаіць і яшчэ думае пра квітанцыю. Разважае, мо і сапраўды яна была. Канечне, не такая, а іншая. Напрыклад, нешта атрымаць з пошты, ды ён забыўся.

— Цімох, у цябе жонка як — нішто сабе? — Лявон Собаль, малады прыгажун з бялявымі вусікамі, робіць загадкавы выгляд. Ён нібыта карыстаецца поспехам у жанчын, асабліва сярэдняга ўзросту. Гэта Лявон сам вызначыў.— Што маўчыш?

Каландзейчык не можа зразумець, жартуе Лявон ці гаворыць сур’ёзна. На твары ж усмешкі няма.

— Прыгожая...

— Тады пусці яе са мною ў кіно,— пазяхае Лявон.

І зноў рогат. Аднак Цімох не крыўдуе, ён прывык да гэтых жартаў. І грузчыкі, якія даўно працуюць на станцыі, таксама прызвычаіліся. Гэта для маладых хлопцаў Цімох — жывая камедыя. Тым больш што яго можна не баяцца. Ён заняпалы і ростам не выйшаў.

Жонку Цімоха грузчыкі неяк бачылі. Ён як затурканае кацяня побач з ёй. Відаць было, што яна гаспадар у хаце, а ён — куды пашлюць.

Цімох адышоў ад кранаўшчыка і прыхіліўся да сцяны склада. Пад нагамі ў маленькай лужыне плыла маленькая кузюрка. Ля бота спынілася, смешна павяла вусамі, нібы прынюхалася. На Цімохавым твары ўзнікла штосьці падобнае на ўсмешку. «Бач, думае... А пра што?..» Ён прыгадаў, як некалі ўжо бачыў такую кузюрку. І тады ў яго з’явілася думка, што яна сваімі вусамі нагадвае Лявона Собаля. Нешта блізкае ёсць. Цімох усміхнуўся і вырашыў, што ён з Лявонам разлічыўся за яго жарт.

Ён пастаяў яшчэ крыху каля лужыны і вярнуўся да Кіжэўскага, які ляжаў па-ранейшаму па каптане і глядзеў у неба. Цімох уздыхнуў, потым кашлянуў і паціху прылёг.

Горш за ўсё, калі чалавек без работы. І чаго сядзіць на сонцы, сам не ведае. Вагонаў не прыгналі, і невядома, будуць ці не. Хоць, пэўна ж, прыйдуць, але калі — ніхто не можа сказаць пакуль. Мо таму ў галаве ўсялякія думкі, нішто ім не перашкаджае. Пагаманіць бы з Кіжэўскім, пра тое-сёе спытаць, ды няёмка, бо, мусіць, заснуў чалавек.

— М-да...— Нешта неспакойна на душы, адкрыць бы яе каму-небудзь, ды як?

— І то праўда, чаму гэта неба блакітнае, а трава зялёная? — раптам чуе Цімох голас Кіжэўскага.— Нідзе пра гэта я не чытаў.

Галавы ён не павярнуў і нібыта спіць, а вочы не заплюшчаны. Цімох нахіляецца да Кіжэўскага.

— Каландзейчык! — кліча брыгадзір Мінька Кавалец. — Ідзі сюды, ёсць работа.

Усім работы няма, а яму знайшоў. Цімох разамлеў на сонцы, боты — нібы кайданы на нагах. Зняць бы іх ды пайсці басанож па волкай траўцы. Нельга, вунь ужо гукае Кавалец.

Цімох падыходзіць да брыгадзіра і чакае, што яму загадаюць. Вочы ў яго, нібы ў цяляці. Глядзіць спакойна і ласкава. Ніколі не чуў Мінька ад яго злоснага слова, не было, каб не зрабіў, што яму сказана. І гэта нервуе брыгадзіра. Здаецца, Цімох хітруе, хоча ён абвесці начальства вакол пальца. «Мо ў яго не хапае шарыкаў-ролікаў у галаве?» — каторы раз прыкінуў брыгадзір.

У Цімоха, як звычайна, твар у шэрым, нібыта высахлы мох, шчацінні. У руках кепачка з гузікам.

— Ты гэта...— брыгадзір забыўся, чаго клікаў грузчыка, і не можа ўспомніць. Збілі яго з панталыку вочы Цімоха.

— Вось што,— Кавалец бачыць усю сваю брыгаду, якая па невядома чыёй віне б’е лынды. Можна замест Каландзейчыка паслаць каго-небудзь іншага, але навошта. Чым ён лепшы за астатніх, да ўсіх трэба аднолькавым быць. Інакш зусім сапсуецца.

Цімох пераступае з нагі на нагу, чакае. Брыгадзір хоча скончыць нарэшце сваё тлумачэнне, але яго перабівае грузчык:

— І чаго гэта неба блакітнае, а не жоўтае? — ён з сумам пазірае на Кавальца. Той няўцямна глядзіць на неба, пасля на Цімоха.

— Бяры шуфель і адкідай гравій ад палатна. І хуценька! — на высокай ноце канчае брыгадзір. Даканае Каландзейчык сваімі «чаму», «навошта». Колькі яны разам працуюць, а ніяк не прывыкне Кавалец да гэтых пытанняў, дый да самога Цімоха. Часам нібыта шкада яго, а калі-нікалі і злосць бярэ.

Цімох выбраў шуфель з кароткім тронкам. Якраз па свайму росту. Гравію многа, і набіраць на рыдлёўку не надта зручна. Але Цімох працуе, адрабляе зарплату, а іншыя грузчыкі сядзяць. Яны лаюць начальства, брыгадзіра. Калі бываюць прастоі, усе не ў гуморы.

Ззаду нехта ідзе. Цімох узнімае ад зямлі вочы: Кіжэўскі з шуфлем, а за ім — брыгадзір.

Яны працуюць моўчкі. Кіжэўскаму хутка на пенсію, але ён дужы як вол. Здаецца, і стомы не адчувае, толькі лысіна ў кропельках поту.

Цімох паважае Кіжэўскага, бо той ледзьве не ўсю Еўропу прайшоў і многа цікавага пабачыў.

— Дзядзька, а ў Германіі неба блакітнае? — Цімох кладзе шуфель на гравій і садзіцца на тронак. Так не мулка.

— Такое ж, брат.— Кіжэўскі спрабуе падхапіць на рыдлёўку камень і не можа. Гэта яго злуе, ён незадаволена буркае: — Яны што, паны? Языком малоць — не дровы калоць. Нам больш за ўсіх трэба?

Брыгадзір нібы чакаў гэтага і адразу гукае грузчыкам, якія ля платформы гуляюць у карты:

— Э-гей, начальнікі, збоку чайнікі!

Марудна, але падыходзяць усе, акрамя кранаўшчыка Стасіка. Хлопец ён неблагі, і таму дазваляецца яму шмат. Дый калі ўзважыць, то Стасік ледзь не галоўная фігура. Без крана не заробіш, і план згарыць.

— Калі робіш у купе, не баліць у пупе. Га, Цімох? — Стасік ажно заліваецца смехам. Цімох набірае паўнюткі шуфель гравію і раз, і раз... Адкуль, здаецца, сіла ў гэтых худых, па-жаночы маленькіх руках.

Вечарам захварэў яго сынок Паўлік. І Цімох думае, ці прыходзіла ўрач ды як там жонка. Хлопец увесь гарачы быў ад тэмпературы.

І чаму столькі хвароб на чалавека? Паўлік яшчэ нічога кепскага не зрабіў, навошта ж яму быць хворым. Шкадуе Цімох, што блага вучыўся ў школе. Мог бы стаць урачом. Тады б яго сын заўсёды быў здаровы.

Гравію ўжо зусім мала. Яшчэ з дзесятак хвілін — і работа скончана. У гэты момант ад станцыі нехта закрычаў. Па чырвонай шапцы пазнаюць дзяжурнага. Грузчыкі прыслухоўваюцца, ды разабраць не могуць.

Брыгадзір бярэ шуфель і ідзе да станцыі. Пэўна ж, нейкую работу ім знайшлі. Паўдня прастаялі, а цяпер мо прыйдзецца працаваць дацямна. У гэтым сэнсе грузчыкам на станцыі блага, але як на Цімохаў розум, дык і нічога. Лепш, чымсь у якім магазіне альбо на фабрыцы. Што ні дзень, то ўсё нешта новае, цікавае вязуць у вагонах. Ніколі ў жыцці не ўбачыў бы столькі, калі б не працаваў на станцыі. Падрасце сынок, і тады Цімох раскажа яму пра гэта.

З роздуму выводзіць Кіжэўскі, цягне за рукаў. І Цімох усміхаецца яму, некуды шыбуе следам за брыгадай. Ён не пытае, чаго іх паклікалі, а думае, як вечарам парадуе Паўліка, які вельмі любіць розных звяроў, птушак... У кожнай кніжцы шукае іх на малюнках.

Цімох, калі ішоў на работу, прачытаў на магазіне афішу. У іхні гарадок прыехаў цырк. яны з Паўлікам купяць білеты, і хлопчык убачыць жывых звяроў. Во будзе радасці! Абы толькі сынок хутка паправіўся. Цімох думае, як з сынам прыйдуць у цырк, будуць есці марожанае, а зусім побач — тыгр, мядзведзь, слон...

Брыгада спыняецца насупраць вадакачкі. На пяты ад перона пуць, дзе эстакада, запоўз таварняк. Мінька Кавалец, узбуджаны, бегае ўздоўж саставу, лаецца са Стасікам, які хоча кран паставіць па-свойму. Гэта не ўпершыню, і ўсе прывыклі, што Стасік спачатку абавязкова сварыцца з брыгадзірам, а потым выконвае яго загады.

Яны пачынаюць з новага, яшчэ не пашарпанага вагона. Кіжэўскі ломам адчыняе дзверы. Усярэдзіне доўгія вузкаватыя скрынкі. Цімоху цікава, што ў іх. Але як паглядзіш, калі дошкі прыбіты шчыльна адна да адной.

Яны з Кіжэўскім мацуюць трос да скрынак, а Стасік кранам цягне іх на эстакаду. Цімох заўважае на падлозе нешта чырвонае. Гэта папера і, мабыць, са скрынак. На ёй не па-нашаму напісана. Цімох доўга мыляе губамі, спрабуючы прачытаць, і работа спыняецца.

— Бе-ке-р,— памагае яму Кіжэўскі.

— Што такое Бе-ке-р? — з усіх бакоў аглядае скрынку Цімох.

— А-а! — прыгадвае Кіжэўскі з далёкіх ваенных гадоў.— Гэта нямецкая раяля.

Цімох нібы зачараваны, толькі не ўсё яму зразумела. «Чаму Бекер, а не які Ганс ці Карл?..»

— Ох, ох, Цімох, сівы мох! — скаліць зубы Стасік.— Не спі ў шапку, бо забяру Галку.

Цімохаву жонку зваць Галінай. І Стасік ведае гэта, але ж яму абы-якое слова на язык — перакладзе на свой лад. Відаць, ён проста шчаслівы, калі скажа Цімоху нешта накшталт гэтага: «Цімонік, дзе твой гармонік? Цімох абламаў рог...» Цімох не звяртае ўвагі на Стасікавы жарты ды на Лявона Собаля. Няхай ім будзе добра.

У наступным вагоне мэбля: шафы, ложкі.

— Гэта пасля,— спыняе іх з Кіжэўскім брыгадзір.— За мной!

Яны ідуць да платформ, ля якіх стаяць машыны з прычэпамі. У кабінках кураць шафёры, перамаўляючыся між сабой. Адзін з іх звяртаецца да Цімоха:

— Дзядзька, мо трохі шпарчэй?!.

— Ведаеш, што хутка робяць? — здзекліва гаворыць Лявон Собаль і аб’яўляе: — Перакур!

Цімох не курыць, і ён не стаміўся, але не супраць перадыхнуць. Пад’язджае на кране Стасік.

Пакрысе ўзнікае размова паміж грузчыкамі і шафёрамі. Пачынае Лявон Собаль.

— Ну, што возім?

Шафёр махае галавой, тушыць цыгарэту.

— Ат, клеткі для цырка.

— Як? — здзіўляецца Лявон, а з ім і Цімох.

— А вось! — паказвае шафёр на платформу. І тады грузчыкі заўважаюць надпіс буйнымі літарамі: «Цырк!!! Тыгры!!!»

У душы Цімоха шчымлівае пачуццё, нібыта ён сустрэў праз доўгі час сястру альбо брата. Гэтыя клеткі ён пакажа Паўліку, калі яны пойдуць у цырк. Яны такія незвычайныя, нават прыгожыя...

Цімох узлез на платформу з шырокай клеткай. Халоднае жалеза прутоў прыемнае для далоні. «Як моцна зроблена»,— думае Цімох і ўскараскваецца на верх клеткі. На імгненне ўяўляецца, што там усярэдзіне забурчаў нейкі звер. Яму, напэўна ж, кепска ў клетцы. Цімох паглядзеў навокал: сады ў белай квецені, трава зялёная, вымытая ўчарашнім дажджом. Неба не страціла свайго цудоўнага колеру, які любіць Цімох. І яму стала шкада звяроў, якім будзе самотна ў гэтых клетках.

— Цімох, артыст, далібог, малпа, сівы мох! — рагатаў Стасік.— Што, атрымаў квітанцыю? Хі-ха-ха... Добрая клетка!

Цімох усміхаўся, прыкрываючы рукою шчарбаты рот. Пастаяў наверсе і скочыў на платформу. Якраз Стасік падаў тросы. Брыгадзір скамандаваў: «Віра!» Стасік уключыў рухавік крана, страла задрыжала, а клетка ні з месца.

— Каландзейчык, што такое? — выгукнуў брыгадзір.— Паглядзі.

Цімох праверыў, нібыта нічога не трымала клетку. Тады ён адчыніў дзверцы і ўвайшоў усярэдзіну. Паглядзеў і знайшоў дзве скабы.

— Ёсць! — сказаў ён Собалю і за якіх пяць хвілін зняў іх. І толькі зрабіў крок, як адчуў, што падае. Паспеў схапіцца рукою за пруток, але не змікіціў, што адбылося.

Клетка, а з ёю і Цімох, памалу ўзнімалася ўгору. Ён кінуўся да дзверцаў, каб выскачыць, але яны не паддаліся яму. Замахаў рукамі, закрычаў. Цяпер ён мог пацвердзіць, што звярам самотна ў клетцы. Здалося, што сэрца выскачыць з цела. Было відаць праз шкло кабінкі, як смяецца Стасік.

І навокал стаяў такі рогат, што яго пачулі, мусіць, і на станцыі. Упаў на зямлю Лявон Собаль, трымаўся за жывот Кіжэўскі. У брыгадзіра ажно слёзы былі на вачах ад смеху.

Неспадзявана матор закашляўся і заглух, быццам сапсаваўся. Клетка з Цімохам павольна калыхалася на вышыні трох метраў. І не было паратунку. Дзверцы былі на замку. Між прутамі не праціснуцца, не пралезці. А ўнізе толькі блішчаць зубы і смех, рогат...

Лявон Собаль знайшоў у кішэні цукерку — засталася ад закусі. З жартам кінуў Цімоху.

— Паласуйся цукерачкай і пакажы нам што-небудзь! Хі-хі-хі...

Стасік з кабінкі прынёс кавалак хлеба і — туды ж, Цімоху. Ну, усё роўна як мядзведзю ці тыгру. Во забава! Такога яшчэ не было.

А смех спакваля ападаў, нібы мячык, з якога выпусцілі паветра. І чамусьці ўсім здалося, што надзвычай трывожна і рэзка прасігналіў цягнік ля станцыі.

Калі заціх удалечыні грукат цягніка, нечакана зверху пачуўся не шэпт, не крык, а штосьці ўвогуле незразумелае, нейкае ўсхліпванне. Гэта Цімох згорбіўся ў кутку клеткі, і яго вузкія плечы трэсліся не так, як ва ўсіх пры плачы, яны ўскідваліся, нібыта ўнутры быў поршань. Кудлатая без кепачкі галава нахілена набок, твар мокры ад слёз. Бездапаможны і слабы чалавек сядзеў перад дужымі, упэўненымі грузчыкамі. Яны разгубіліся.

А ён не хацеў, каб падумалі, нібыта ён плача, праз слёзы таксама смяяўся. Ды ўсё-ткі яму было не важна, што скажуць гэтыя людзі. Цімох спалохаўся, што даведаецца Паўлік, як ён сядзеў у клетцы, і будзе саромецца перад сваімі сябрукамі. І жонка дарэшты задзяўбе. «Чым я вінаваты? Што зрабіў кепскага Стасіку? І навошта я на гэты свет нарадзіўся?»

Потым Цімох супакоіўся і падумаў, што тыгру ў гэтай клетцы не так ужо і кепска жыць. Ён на халяву, як кажуць Стасік і Лявон Собаль, п’е і есць, нічога не баіцца. А што краты — прывыкнуць можна. Амаль тое самае, што цыгарэты і гарэлка.

Аднак не хацеў бы ён быць тыграм, не хацеў бы і гэтай дарэмшчыны: цукерак і булак. Каму гэта трэба? Цімох заплюшчыў вочы і ўсім целам з сілаю прыціснуўся да прутоў. Яны трымцелі, нібыта чагосьці чакалі.

Тым часам Кіжэўскі, які ажно збялеў, падбег да Стасіка і штурхнуў яго ў кабінку. Дзіўна, але кранаўшчык і не агрызнуўся. Ліхаманкава пачаў заводзіць матор, які стагнаў, крактаў і не ўключаўся.

— Ты ш-што! — закрычаў Кіжэўскі. Стасік, палахліва азіраючыся, тое-сёе павярнуў, і кран запрацаваў. Клетку ён апусціў не на прычэп машыны, а на зямлю.

— Н-не ма-гу...— у Стасіка калаціліся рукі.

...Работу брыгада закончыла позна ноччу. І нібыта ўсім адняло мову: разышліся без слоў. Стасік не сказаў на развітанне, як рабіў амаль штодзень: «Цімох, не згубі свой рог!..» Быццам язык праглынуў. Грузчыкі хавалі адзін ад аднаго вочы.

А Цімоху не хацелася дахаты, хоць там быў хворы Паўлік. Ён, магчыма, чакаў бацьку, бо ніколі не лажыўся без яго спаць. Цімох ішоў па цёмнай вулачцы і стагнаў. Балела галава: як цяпер ён пойдзе з сынам у цырк? Неба ж над ім было ўжо не блакітнае, а як смала. І травы не відаць. Хоць чуваць, як яна моцна пахне.

 

 


1983

Тэкст падаецца паводле выдання: Супрунчук В. Недзе баліць ля сэрца: Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст.літ., 1986. - 247с.
Крыніца: скан