epub
 
падключыць
слоўнікі

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

Купала

Народная аповесць

І
ІІ
ІІІ


Яснавяльможнаму Аляксандру Лапе,

маршалку Бабруйскага павета,

у гонар высокай павагі прысвячае

Аўтар

 

 

І

 

Вось на небе сонца за гару заходзіць

І ціхую ночку свету прадвяшчае,

А месячка бледны з-за туч выглядае,

Салавейка ў лесе песенькі разводзіць.

 

Гаспадары з поля бадзяцца1 дахаты,

Гоняць прад сабою волікі рагаты,

Пастухі скацінку у сяло зганяюць,

Дзеўкі ей вянкамі рогі прыбіраюць.

 

У Лошыцкім сяле2 гоман, крык, ахвота;

Як у вуллі пчолы, гудзяць Божы людзе,

Аслі не кірмаш там заўтрашнім днём будзе?

Чы яка нахальна прыспела работа?3

Мо’а там вяселле? — чы вяліка свята?

А мо’а нядзелька настане багата?4

Не кірмаш то, браткі! — работа дасужна,

Не чутно вяселля — нядзелька далёка.

Вось там за карчмою сабралася дружна

Малада грамадка — дзераўца глыбока

Пасярод далінкі у зямлю ўкапала,

Цэлы стог сухога галля нанасіла5,

Атопкамі яго кругом аблажыла,

Штобы паўстрэчаці ахвотай Купала!

 

Заўтра Іван святы! — так дабродзей кажа;

Пакуль на палаці мужычок прыляжа,

Штобы па рабоце крыху адпачыць:

Вось свяціць Купала бацькі нас вучылі,

Ужо на даліне агні разлажылі,

Трэба ж там з грамадай, што Бог даў, спажыць.

 

«Пячы ж, гаспадынька, бардзей парасятка!

Прынясі ж із клеці піражок, дзіцятка!

Не забудзь, дачушка, ляндарцы аддаць

Шастак6 дый гарэлкі налі поўну пляху,

Назад па дарозе забяжы па сваху;

Трэба, баш, з другімі Купалу страчаць».

 

Так старэнькі Апанас

Казаў да сваёй грамадкі.

А Куліна ў ладны час

Спякла парасё, аладкі

Са скаварады ляцеці

Мігам сталі, а з клеці

Янка — малады дзяцюк,

Апанасаў то унук,

Піражок стралой прымчаў

Дый памагаць бабе стаў.

 

Маладзенькая ж Агатка,

Як малінка,— красна, гладка!

Волас шчоткай прычасала,

Яркі каснік навязала,

Зялёны гарсэт уздзела

Дый у карчму паляцела.

 

На дарозе — за гарой,

Утаміўшыся, нябога

Прыстала,— белай рукой

Цісне грудзь: якась трывога

На душы ёй налягае,

Сінім вочкам ўкруг страляе.

 

Вось у арэшніку — што там недалёка

Густа парастае — ліст зашаматаўся;

Уздыхнула бедна дзяўчына глыбока,

Аж прыгожы дзяцюк адтуль паказаўся.

 

Зялёна сярмяжка, панскага манеру,

Углем аксаміты свецяць на каўнеру,

Сівенькі баранак шапку абнімае,

Хустачка на шыі краскамі мігае.

 

Зіркнуў сюды-туды дзяцюк сінім вокам,

Дый поўзкам, дый моўчкам ён лісім падскокам

Сунуў да Агаткі — дзеўка пакраснела,

Варам аблілася, сэрца абамлела.

 

«Сызенька галубка! мілая Агатка!

Ты мая радная, мая ненаглядка!

Доўга ж ты казала на сябе чакаці,

Чы бацька старожыў, аслі злая маці?»

 

«Ах, добры мой бацька! каханая матка!

Яны не пільнуюць сваяго дзіцятка;

Бог мая старожа дый добрыя людзе,

Часта яны кажуць, што на Страшным Судзе

Дзяўчат нерастропных Бог вельмі карае,

Так і ксёндз-дабродзей людзей навучае».

 

«Што табе, зязюлька, сягоння прыспела?

Чаму ж тваё сэрца так ахаладзела? —

Спрыкрылася ж табе мая міласць шчэра?

Чы адмовіў цябе Саўка? — хам! — псявера!» —

 

«Грэшна, панічыку, здзекавацца з Саўкі!

Ён, бедны, таскуе — выцер печкі, лаўкі,

Лазячы за мною,— на ўвесь свет галосіць,

Штоб к вянцу з ім стала, на каленях просіць.

Калі б панічыка я не палюбіла,

З ім была б шчасліва — з гора б не тужыла;

Трэба ж! — злой гадзінай паніч навязаўся,

У беднае сэрца невесь як закраўся.

Забыла я Саўку — дый забыла Бога!

На душу, баш камень, налягла трывога:

Паніч мяне зглуміш — бацькі клясці стануць,

Ад сораму нельга на свет будзе глянуць».—

 

«Я цябе зглуміў бы — любіць перастаў!

Табе, маладзенькай, долю завязаў?

Не — гэтак не будзе — Бог маёй парукай!

Ён бы мяне вечнай ў жыцці скараў мукай!

Ведаеш, зязюлька, як трэба зрабіць,

Штоб нас злыя людзі не смелі судзіць?

Ідзі ты за Саўку — станеш маладзіца!

Тагды злыя брэхні — пуста небыліца!

Мы, як цяпер любім друг друга, любіці

Будзем век ад сэрца, шчасна з сабой жыці!»

 

Як пачула дзеўка гэтакі навукі,

Вось, маўляў асінка, уся затраслася,

Уздыхнула цяжка, заламала рукі,

Горкімі слязамі тут жа залілася,

Пасля смутным вокам на дзецюка гляне

Дый гэтакі рэчы казаць яму стане:

 

«Да таго ж, няшчаснай, мне ужо прыйшлося,

Што такія брэдні слухаць давялося!

Бог мяне карае, што ветрана стала,

Пачцівага сэрца чурацца начала;

Паніч толькі зводзіш, хочаш забаўляцца;

А не ласка ж будзе са мной абвянчацца?» —

 

«Што табе, Агатка, сягоння прыспела?

Чы ты упілася, чы ты адурэла?

Штоб шляхціц з мужыцкай дочкай ажаніўся!

Я ж бы меж сваімі тагды не ужыўся!

Пальцамі бы мяне усе вытыкалі,

Як ад злой сабакі, чурацца бы сталі!» —

 

«А мяне ж не будуць свае выракацца,

Бацькі праклінаці, саседы чурацца,

Што з панічом стану у сораме жыці?

Вам не грэх мужычку на чэсці забіці,

Бо мужык нягодны — не Боская справа?

Усяк здзекавацца над ім мае права!

Яго, баш, не маці, як вас, парадзіла!

Як шляхціца, яго не прыме магіла! —

Дзякуй жа, панічку, за тваё каханне,

Мілейшы ж мне Саўка у мужыцкім стане;

Ён не схоча беднай дзяўчаці глуміць,

Ён пачцівым сэрцам век будзе любіць!»

 

Так наша Агатка міламу адкажа;

А хоць слёзка градам на твар пакацілась,

У полымі сэрца молатам забілась.

Хоць на душы гора каменем наляжа,

Разумная дзеўка, помня боязнь Бога,

Маўляў ад гадзюкі, ад свайго мілога

Пугліваю ланяй яна уцякае;

Дарма злосны пісар вернасць прысягае,

Яна ўжо далёка,— грудзь цісне рукою,

Сэрца аблілося крывавай таскою.

 

 

1 Бадзяцца – валакуцца, змучаныя, ідуць няўпэўненым крокам.

2 Лошыца – маёнтак пана Яўстафія Прушынскага, у 7 вярстах ад Мінска.

3 Нахальная работа – пільная, тэрміновая праца.

4 Нядзелька багата – маладзіковая нядзеля.

5 Галлё – тонкія галінкі дрэў.

6 Шастак – дзесяць грошай.

ІІ

На даліне, за карчмою,

Збіраюцца грамадою

Людзі з цэлага сяла;

Гаспадары, маладзіцы,

Хлопцы, красныя дзявіцы —

Ўся дружынка весяла!

 

Касцёр галля налажылі.

Атопкамі падпалілі,

Ярка полымя блішчыць;

Нясподаль дрэўца зялёна,

На мураўца пасажона,

У карагод дзевак маніць.

 

Гаспадарны маладзіцы

Прыняслі стол із святліцы,

Меж дзераўцам і агнём

Паставілі дый абмылі,

Абрусом белым накрылі,

Ядой занялі кругом.

 

Хімка кладзе хвунцік сала,

Наста каўбасу прымчала,

А Куліна свой запас

З другімі ахвотна ставіць,

Пляху гарэлкі дабавіць —

Знай, што багат Апанас!

 

Убога Домна ў прыполі1

Бохан хлеба, кромку солі,

Што зможа — дае на чэсць

Векапомнае Купалы;

Усякі там — стары, малы —

Рад бы локацей нанесць.

Вось усё ужо гатова!

Якая ж прыгода нова

Мяшае спажыць яду?

Каго ж там яны чакаюць?

Каго песняй наклікаюць?

Песняй у такім ладу:

 

«Сонца грэець,

Калода прэець;

Сонца пячэць,

Калода цячэць».

 

Далей дзяўчат круг нямалы,

Возля дзераўца Купалы

Ладам вядуць карагод;

Вось рукамі папляліся,

Шчыра скакаць узяліся,

Ракой із іх льецца пот.

 

Там друга дзяўчат грамадка,

Меж імі наша Агатка,

Хоць на шчочках туман сеў;

З Саўкаю яна жартуе,

Кулаком не раз частуе,

Аж хлапец павесялеў

 

А саседкі Акуліны,

Угледзя жарты дзяўчыны,

Ну ж бацькам ёй віншаваць!

Сакатухі ж маладзенькі

Дружна, ў голас весяленькі,

Началі так прыпяваць:

 

«Сягодня у нас Купала! — то-то-то!

Сам Бог агонь раскладаў,— то-то-то!

Усіх святых к сабе зваў,— то-то-то!

Толькі нету Іллі з Пятром; — то-то-то

Пайшоў Ілля каля жыта.— то-то-то!

Чыё жыта харошае? — то-то-то!

Апанаса найлепшае,— то-то-то!

Панас будзе піва варыць,— то-то-то!

Гарэлку гнаць,— то-то-то!

Дочку замуж аддаваць...— то-то-то!»

 

Якая ж там невяліка

Новая брадзе грамадка?

Гэта Халімон Накліка,

Пры нём сваякоў чалядка;

Вядуць старога пад ручкі

Два маладзенькі праўнучкі,

За ім сыны пажылыя,

Далей ўнучата малыя.

 

Ледзь суне ногі старэнькі

Дзядок, як голуб, сівенькі;

Барада па пояс бела,

Твар ад веку пасінела,

Уся заме*рла ў ім кроў;

Сотню прамахаў гадкоў!

 

Як угледзелі старога,

У даліне, баш, трывога!

Чэсць ударылі чалом;

Гурмам дзеда спатыкаюць

Дый пад касцёр праважаюць,

Пасадзілі за сталом.

 

Дзядок укруг пакланіўся,

Важна сам перахрысціўся,

Божы дар перахрысціў

Дый із глінянай тарэлкі

Прыняў кілішак гарэлкі,

Да саседа перапіў.

 

Тут началася ахвота!

Вось ядзе пайшла работа!

Мігам чарка ўкруг ляціць!

Глядзь на стол — як не бывала!

І пляха парожна стала,

Нечым здароўя прапіць!

 

Дзеўкі наскара пад’елі,

Пад касцёр угрунь ляцелі

Цераз полымя скакаць;

Не адна на белым лічку

Хваціла сіньца — спаднічку

Ледзь ад полымя уняць.

 

Там зноў дзяўчаты з хлапцамі

Памяшаліся рукамі,

Вось дружынка весяла!

Укруг ёлку аступіла,

Карагодам заманіла,

І песенька загула:

 

«Цераз горачку тры сцежачкі,— Божа наш!

Ішлі туды тры дзевачкі,— Божа наш!

Адна ішла у золаце,— Божа наш!

Другая у аксаміце,— Божа наш!

Трэцяя у розуме,— Божа наш!

Што у золаце, то Максімава,— Божа наш!

Што ў аксаміце, то Васількава,— Божа наш!

Што у розуме, то Яначкава.— Божа наш!

Я золата хоць прыпазычу,— Божа наш!

А коніка хоць прыкуплю,— Божа наш!

А розуму ані ўцяць, ані ўзяць! — Божа наш!»

 

Як жа суздром утамілісь,

Дзеду ў пояс пакланілісь,

Штоб, баш, язык развязаў;

Без усялякай уразы

Аб Купале ён расказы

Ёмкім голасам начаў.

 

Стары бораду пагладзіць,

Унучат пры сабе пасадзіць

Дый уголас кашляне;

Усе круг дзеда абселі,

Вось, сказаў бы, анямелі,

Ён жа свой расказ іме.

 

1 Прыпол – закручаныя ўгору канцы фартуха.

ІІІ

«Вучыў мяне бацька — шчасце чы трывога,

Усякае дзела начынаць ад Бога!

І мы, дзеткі, пярвей малітву уладзім,

Пасля да старынных расказаў засядзім».

 

Так дзядок наш кажа, на ўнучат апёрся,

На сырой зямельцы крыжам распасцёрся,

Памаліўся шчыра, із зямлі устаў,

Сеў на сваё места дый гэтак начаў:

 

«Даўно! — дзесяць сотак будзе таму лет,

Баш, не быў так хіцер яшчэ белы свет,

Аб Хрыстовай веры людзі не чувалі,

Бог невесь якіх там святых паміналі.—

У вялікім царстве, гдзе Літоўска ніва,

Вольгердавы сыны княжылі шчасліва.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Вось у Рудабелцы1 вяліка грамада

Збеглася ў бажніцу паганскага Лада

Дзень яго свяціці, яму памаліцца,

На ўсё дабро ладу ад яго дабіцца,

Штоб ладзіў у клеці, аборы, у полі,

Штоб жаніхам ладзіў шчаслівыя долі,

У пшчольнай ахвоце, у звярынай лоўлі,

У канях, скацінцы дамашняй гадоўлі.

 

Агні богу Ладзе ярка запалілі,

На ахвяры яму ўсяго назнасілі,

Закурылі ладан2, ажно пацямнела;

Моліцца грамадка, як каму прыспела,

Направа мужчыны, налева кабеты,

Шлюць паганску богу святыя абеты.

 

Якія ж тры дзевы? — не дзевы — цуд Божы!

Як вішанькі красны, як кветкі прыгожы.

Узяўшысь за ручкі, у касцёл уходзяць,

Маладыя хлопцы вачэй з іх не зводзяць.

Адна у золаце — гэта Максімава,

Друга ў аксаміце — гэта Васількава,

На трэцяй спаднічка ад снегу бялейша,

Прыгожанькім лічкам ад усіх краснейша!

Хоць убога, зато розумам багата!

Вось малады Янка слаў да яе свата.

 

Тая, што ў золаце,— то панская дочка,

Жаніха прыдбала князева сыночка;

Та, што ў аксаміце, хоць не так заможна,

Да ўсё-такі найшла паніча вяльможна;

Трэця Кацярына, дочка гаспадара,

Дарма што мужычка — згодна і для цара!

 

Усе пабраліся днём шчаслівым Лады,

Справілі вяселле для цэлай грамады

Дый і разышліся — сталі гаспадарыць.

Вось княжава жонка такога наварыць

Не раз мужу піва, так надакучае,

Што ён сваю долю часта праклінае.

А панская ж жонка? — і та не святая!

Як мужык із хаты — яна запрашае

Дзецюкоў у хорам — галубіць, частуе

І мужаву працу наліха марнуе.

 

Трэця Яначкава, што была убога,

Працавала шчыра, у боязні Бога;

Пакорная, ціха, для мужыка верна,

Без думы, без жоўці, а так міласэрна!

Што — як Бог дарыў іх у гумне ізбыткам,

У клеці запасам, аборы дабыткам,—

Усякі кусочак з беднымі дзяліла;

Не адна там маці ёй благаславіла,

Што, знаючы зелле, да убогіх хатак

Бегала ахвотна — лячыла дзіцятак;

А гдзе чараўніца скацінку зглуміла

Чы раллю закляла, малако даіла,

Яна — вось знахарка — усё адмаўляла,

Кругом сябе шчасце людзям раскідала;

Так што ўсе святою яе празывалі,

Да самай зямелькі паклон аддавалі.

 

У чыстаце, дзеткі, вельмі мілавалась,

Досвета у руччы заўсёды купалась,

Кожан дзень сарочку белу надзявала:

Вось адкуль прыйшлася святая Купала!

Бо, як яна змерла, усе гаравалі,

Дзень смерці Купалы святой паміналі.

 

Слухайце старога — яго голас з неба!

Гнацца за ізбыткам, дзетачкі, не трэба!

Хваліць толькі Бога, шчыра працаваці,

Любіць добрых паноў, маўляў родных браці,

Вось вашае дзела! — А дзяўчаты гладкі,

Ушануйце сівы волас бацькі, маткі,

Жывіце у чэсці, а Бог міласэрны

Дасць вам шчасну долю і дабытак верны!»

 

Ледзь кончыў дзед сівы, аж соненька красна

Ярка заіграла, на зямлі так ясна

Людзям засвяціла, што кожан, вясёлы,

З салодкай думою паброў да стадолы,

Падпратаў скацінку — дый выгнаў на ніву;

Другі шоў у поле агледзець шчасліву

Зборшчыцу на шнуры3, што ужо даспела.

У чэсць святога Івана песня загудзела!

 

Якая ж там па*ра пры ёлцы прыстала? —

То наша Агатка Саўцы прысягала,

Што к вянцу з ім пойдзе, што вернаю будзе,

Што пісара злога навек пазабудзе.

Бог чуў ту прысягу разумнай дзяўчаці,

Благаславіў з неба, вось радная маці!!!

 

Мінск, 10 верасня 1855 года

1 Рудабелка – маёнтак пана Аляксандра Лапы ў Бабруйскім павеце.

2 Ладан – кадзіла са смалой, якое і сёння ўжываецца па касцёлах.

3 Шнур – паласа зямлі, выдзеленая селяніну, дзе ён засявае збожжа.


1850-1855?

Тэкст падаецца паводле выдання: Дунін-Марцінкевіч, В. Збор твораў. У 2 т. Т. 1. Драматычныя творы, вершаваныя аповесці і апавяданні / Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч; уклад. з тэкст. падрыхт., прадм., перакл. і камент. Я. Янушкевіча. - Мінск : Маст. літ., 2007. - C. 443-454
Крыніца: скан