epub
 
падключыць
слоўнікі

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

Неспадзяванка для майстрыні. Драматычная сцэна ў адным акце

АСОБЫ

Аліна О.— гувернантка.

Вольга Ж.

Алімпія С.

вучаніцы.

Алена С.

Казіміра К.

Міхаліна К.

І шмат іншых вучаніц, якія прымаюць удзел у спеве.

 

З падняццем заслоны тэатр уяўляе салон, з левага боку гледачоў малы алтарык, на якім размешчаны абраз Вастрабрамскай Божай Маці, а перад ім стаяць на каленях папарна вышэйпералічаныя асобы.

Спеў

Калі ўранні ўстануць зоры,

І зямля пяе, і моры,

І плывуць стыхіяў зыкі,

Будзь пахвален Бог вялікі.

 

Чалавек жа, для якога

Ты саслаў дабротаў многа,

І стварыў яго, і збавіў,

Дык чаму б Цябе не славіў і г. д.

 

Пасля адпявання гімна ўстаюць і па парадку цалуюць руку гувернанткі;

апошняя Казіміра К., цалуючы, кажа:

 

Казіміра К.

Дзень добры вам, мілая панна Аліна!

Бадзёры ў вас выгляд, румянец на твары,

Прыемна зірнуць...

Вольга Ж.

І ў спаборніцтва ў пары

Гатова ты стаць з прыгажэйшай раслінай,

Якая хоць вострых калючак шмат месціць,

Ды імем цудоўнае ружы слых песціць.

Алімпія С.

І вельмі ж да твару вяночак той з кветак.

Алена С.

І з стужак какарда завязана гэтак.

Міхаліна К.

На тварыку белым цвет ружы багаты.

Аліна О.

Ой вы, хітрухі, гарэзы дзяўчаты!

У гэтым ёсць штосьці... тут штосьці скрыта...

Або вы чагосьці ужо натварылі,

Або вы ў мяне папрасіць штось рашылі,

Напэўна.

Казіміра К.

Як бачу, забыта,

Што сёння ў нас дваццаць другое ўжо мая

Настала...

Аліна О.

А справа мне ў гэтым якая?

Вольга Ж.

Дык гэтая ж дата для ўсіх нас святая,

Вядома, што сёння Мадам імяніны.

Няўжо наша пані і не памятае?

Аліна О.

Дык вы для гэтае прычыны

Усталі сёння разам з сонцам?

Алімпія С.

Так, Пані! Усім нам хочацца бясконца

Сягоння выказаць, што ў сэрцы ў нас пануе,

Як кожная Мадам і любіць, і шануе,

І перадаць ёй нашы віншаванні

Цераз удзячныя прыгожыя спяванні.

Алена С.

Кант паэтычнай асновы,

Які ж ён прыгожы, якая ў ім сіла!

Вольга Ж.

А музыку я ўжо злажыла.

Алімпія С.

І транспарант наш гатовы,

Яго ж наша бонна зрабіць захацела!

А покуль зрабіла, не раз папацела!

Вольга Ж.

Толькі адна яшчэ ў нас ёсць трывога,

Што б нам купіць для нашай пані такога?

Няма ў мяне грошай. Ў Алены-сяброўкі

Ці грошы гасцююць?

Алена С.

Ані залатоўкі!

Казіміра К.

Я маю дзесятку.

Аліна О.

А пяцізлотка дзе тая?

Казіміра К.

Няма ўжо! Глядзіце, кішэнь вось пустая.

Аліна О.

А дзе ж ты падзела?

Казіміра К.

Так, мілая пані!

Я як на духу раскажу ўсё парадкам:

Прыйшла пазаўчора ў бядняцкім убранні

Жанчына сюды з невялікім дзіцяткам

Змарнелым, відаць, нездаровым, дрыжачым;

Аж жаль было глянуць, калі яно з плачам

І вочкі свае падымаючы ў неба,

Са стогнам пісклівым і слабагалосым

Прасіла: «Над нашым злітуйцеся лёсам

І дайце нам з’есці кавалачак хлеба!

Вось зараз другія канчаюцца суткі,

Як нам не прыйшлося глынуць нічагуткі!»

Майстрыні ўдому не было ў тым часе,

І дробная манета не знайшлася,

А вельмі мне шкада было сіротку,

Дык (са страхам) я і аддала сваю пяцізлотку.

Аліна О.

Ты шчодрая залішне, дарагая!

Казіміра К.

Мяне панна Аліна справядліва лае.

Лай, лай і нават бі, калі так трэба

(убок, з наіўнасцю),

А бедныя тым часам купяць хлеба.

Аліна О.

Вы грош цаніць сябе вучыце.

Казіміра К.

Любіць жа бліжніх вучыць нас Майстрыня,

Хто бедным дасць, у сэрцы след пакіне.

Алімпія С.

Рубля я маю, вось — вазьміце!

Вольга Ж.

Ну добра! Дайце абмяркуем,

А ты будзь нашым старшынёю,

Што купім Пані, рэч якую,

Каб з радасцю было прынята ёю.

Аліна О.

Тады скажыце мне, каханыя вы дзеткі,

Што любіць больш Мадам, чаго яна жадае?

Алена С.

Мадам найбольш за ўсё, вядома, цэніць кветкі.

Аліна О.

Прасіце бонну, хай яна іх накупляе,

Букетаў колькі, і вазончык ружаў

Няхай як знак любові ёй паслужыць.

Казіміра К.

Брава, панна Аліна, за разумную раду!

Ты заўсёды так мудра гаворыш да ладу.

Пабягу я ўсё ўладзіць на спосаб харошы.

Аліна О.

Ну бяжы, сакатушка! Вось на табе грошы.

 

Казіміра К. выбягае.

 

Вольга Ж. (убок з дэкламацыяй)

Вітай, дзянёк наш пажаданы,

Збываюцца нашы чаканні,

Дзень любімы, дзень каханы!

Майстрыні нясём віншаванні.

Свяці сонца

У аконца,

Дзе наша Мадам спачывае.

Хай каханне

Наша ўстане

І хутчэй к нам прыбывае.

Казіміра К. (убягаючы)

Гатова ўсё ўжо на фэст гэты,

Вянкі, вазоны і букеты,

Транспарант на светлым фоне.

Аліна О.

Дык ідзіце ўсе к заслоне

Ды сядзіце там ціхутка.

Прывяду Мадам я хутка.

А музыкі ці гатовы?

Казіміра К.

Пані мілая! Ой што вы!

Кожны пільны і ахвочы.

Смыкі ўзняты, у нотах вочы.

А хоць там трошкі ў чубе маюць,

Нічога гэта, хораша зайграюць.

Аліна О.

Ціха!.. ціха!.. Пачынайце,

Мадам ідзе ўжо, дык спявайце.

 

Заслона ўглыбіні адкрываецца, удалечыні відаць вензель з лічбай ( ) —
група дзяцей, расстаўленых па абодвух баках.

Хор

Шчасця дзень і весялосці!

Да Цябе сышліся госці.

Мы, Майстрыня, праз спяванні

Шлём Табе тут пажаданні.

 

Ты ў сэрцы кожнага дзіцяці

Ўліваеш розныя даброты,

Бядняк пазнаў Твае шчадроты,

І Ты сіротам стала маці.

 

Дык хай Тварэц Табе паможа,

Няхай залоціць лёс прыгожа,

Жыццё шчасцем апраменіць

І гады ў вякі заменіць.

 

Табе зычыць дзетвара

Мець усякага дабра,

Хай фартуна асалоды

Шчодра шле Табе заўсёды.

Канец

 

Мінск, 22 мая 1854 г.


1844-1854?

Тэкст падаецца паводле выдання: Дунін-Марцінкевіч, В. Збор твораў. У 2 т. Т. 1. Драматычныя творы, вершаваныя аповесці і апавяданні / Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч; уклад. з тэкст. падрыхт., прадм., перакл. і камент. Я. Янушкевіча. - Мінск : Маст. літ., 2007. - С. 154-159
Крыніца: скан