epub
 
падключыць
слоўнікі

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

Вечарніцы

ВЕЧАРНІЦА 1. [Дурны Зміцер, хоць хітры]
  Песня 1
  Песня 2
  Песня 3
ВЕЧАРНІЦА 2. Стаўроўскія Дзяды
  Песня 1
  Песня 2


ВЕЧАРНІЦА 1. [Дурны Зміцер, хоць хітры]

 

Песня 1

 

Ананія наш вясёлы

Ужо вельмі стары стаў,

А хоць быў бедны і голы,

Кожан яго шанаваў.

 

У карчму ўжо не хадзіў,

Скрыпку ўнуку дараваў,

Лапці плёў, Бога хваліў

І казачкі распраўляў.

 

Зато ж такой вечарніцы

І ў суседаў не сыскаць,

Як у старога святліцы,

Калі возьме казкі лгаць.

 

І вось цяпер давялося,

Што у вячэрню пару

Многа к яму сабралося,

І пачулі рэч таку:

 

«Дзетачкі каханы, дзетачкі міленькі!

Да дзякуй жа вам, што вы тут прыйшлі;

Каб жа так даў Бог, штоб вы весяленькі,

Маўляў, у здароўі, у шчасці жылі.

 

Мне ужо нядоўга — пара сабірацца

У цёмну магілку галоўку злажыць,

З сырою зямелькай навек павянчацца

І з вамі, дзетачкі, годзе ўжо жыць!

 

А ўжо як дасць Бог — так яно і будзе,

Круці не вярці, а памерці трэба;

Хаця б спамянулі да добрыя людзе,

Даў бы ж Міласэрны бачыць сваё неба!

 

Воля Яго свята! — не тут жа журыцца!

І хоць, баш, не маю чым вас угашчаць,

Прашу вас, дзетачкі міленькі, садзіцца,

А я хоць казачкі буду вам ілгаць».

 

Тут Сямён — і Гапон,

І Даніла — і Антон,

Кацярына — і Усціння,

І Малання — і Аўгіння,

І Прахор — і Грыгор,

І Кузьма — і Хвядор,

Палагея — і Арына,

І Луцэя — і Куліна

 

Кішэні трасці узялі,

Гарэлкі ў карчме дасталі,

Хто каўбаску, а хто сала,

Хто яец успеў прынесць,

Сколькі каму на што стала,

Кожан на стол палажыў,

І ніхто ўжо не тужыў,

Чым вечарніцу правесць.

 

Хлопцы ж сякеры пабралі,

На ручнік смолі наклалі

Дый у чэсць прошлай нядзелі

Вось яку песню запелі:

 

«Ох, мой Божа! веру Табе,

Усю надзею маю ў Табе,

Усю надзею ў Табе маю,

Цябе лепш за ўсіх кахаю».

 

А як усю праспявалі,

У адзін голас сказалі:

«Няхай бэндзе пахвалёны

Езус Хрыстус! — нарадзоны

З Бога-радзіцы,

Марыі-дзявіцы;

На векі векаў і ўшэндзе.

Чэсць і хвала нех ім бэндзе!»

 

Старычок нішкам сядзеў

На ўзлокатках, ля стала,

На дружынку ён глядзеў,

Па шчочках слёзка цякла;

А пасля з места падняўся,

«На векі векаў!» — разам абазваўся

І вось як мовіць начаў:

«Каб Міласэрны дый дабро вам даў,

Дзетачкі мае маладзенькія,

Госцікі мае вясяленькія,

За вашу ахвоту каб Бога хваліць!

А я, за гэты хрысціянскі прымер,

Скажу вам, дзеткі, што спомніў цяпер,

І буду праўду, не казку маніць».

 

Схапянуліся усе,

Рукі, калены цалуюць,

Садзяць дзеда на куце,

Сэрца у грудках не чуюць;

Так цікавасць іх бярэць,

Што старэнькі запяець?

 

Стары малітву якусь прашаптаў,

Перахрысціўся — дый гэтак начаў:

 

«Мо’а і праўда, дзеткі, што ў Слуцку,

Кажуць, усё не па-людску;

А у Оршы

Я шчо горшы!

 

Толькі тым, маўляў, людзі злыя грэшуць,

Што на Мінск наш вельмі брэшуць.

Няма як Мінск наш! — дзетачкі міленькі!

Прыгожы, відны, кругом весяленькі;

Ні адной мізэрнай не сустрэнеш хаты,

Вот, маўляў снег белы, каменны палаты;

Пасярэдзіне ўецца круглай стружкай

Свіслач-рака — зялёнай устужкай;

Вот не урокам — горад хоць куды!

І цару тут не было б нуды!

А людзі, людзі! — дзеткі дарагія!

Не заморскія! маўляў, не чужыя!

А ўсё свае — веры хрысціянскай,

Шчодры, дабры, натуры не панскай:

Сустрэнься з кім, нізка пакланіся,

«Нех бэндзе пахвалёны Езус»,— адазвіся,

Ён, баш, угору нос не задзірае,

На паклон нізкі паклонам страчае,

«На векі векаў!» — тут жа загамоніць,

Не адно добрае славечка уроніць,

Спытае: куды, мужычок, ідзеш?

Што у калітцэ на рынак нясеш?

Без торгу плоціць — каханы панок,

Яшчэ і хлеба адрэжа кусок!

 

І дзесятнікі — не так, баш, як гдзе,—

Не здзекуюцца сельскай грамадзе,

Не грозяць глумам — з вазоў не хватаюць,

Кіём не б’юць — у часць не цягаюць!

 

Што ж за жыццё там! дарагенькі дзеткі!

Было калісь у даўнія леткі!

Не мне, дурному, аб тым, баш, казаць:

Вам, дзеткі, гадкоў такіх не наждаць!

 

Мёд з малаком ракою плылі,

Людзі з сабою як браты жылі;

Грош у кармане не быў табе ўраг,

А дзяшавізна! — усё ніпачом;

 

Бывала, купіш селядца за шаг,

Ледзь яго зможаш — аж вочы суздром

Лезуць на лоб, аж пена цячэ,

А соль у горле рэжа да сячэ!

 

Бывала, глянеш! — там на Нізкім рынку,

Лакацей пропасць! — не раз палкнеш слінку!

Будзь невесь як скуп — крычы на ізбыткі,

Да не выдзержыш — патрасеш каліткі!»

 

Тут стары рукой махнуў

Дый цяжанька уздыхнуў,

А пасля перахрысціўся

І з каўша квасу напіўся;

А цэлая грамада

Маўчком на дзеда глядзіць,

Толькі дзевак чарада

На пальцах ніткі матае,

На хлапцоў цішком зіркае;

Верцяно кругом бурчыць.

 

 

Песня 2

«Вот, баш, дваццаты кончыўся гадок,—

Так начаў далей старэнькі дзядок,—

Як у Лошыцкім сяле, каля Мінска,

Гаспадарнага пана Прушынска,

Жыў мужычок на імя Зміцёр;

Хоць дурань вялікі, да мужык хіцёр.

Як да работы — часта ён хвараў,

А на ігрышча — скора ачуняў;

Завуць, бывала, Змітра у касцёл,

Гдзе там! — дождж льець — гразі па калення,

А ў карчму — Зміцер наш вясёл!

Найшоў дарогу — аслі каля загумення.

 

Ён на гарэлку вялікі быў гад!

Чаркі дзве-тры з кумам выпіць рад;

А скажаш, баш,— «квацерку пастаў!»

— «Грашэй нема — жонка не дае,

Рубля апошняга акамон забраў

На подаці»,— так Змітрок пяе.

Няма чаго! — вылгацца быў скор,

З яго прыказка та — хіцёр Зміцёр!

Да што ж з таго, калі дурань быў,

Не раз глупатою ён бяды нажыў.

 

На Радаўніцу давялося, баш!

Цялушку весць Змітру на кірмаш;

Кірмаш багаты — на ім людзей цьма!

Маўляў вораны, жыдкі ля Змітра,

Цялушку шчупаюць, лет яе пытаюць,

На рагах лічуць, ў зубы заглядаюць;

Урэшце торг кончан, рукі перабілі

І сіню бумажку Змітру заплацілі,

А магарыч хоць і не пілі,

Зато дзесятку яму наддалі.

 

Зміцер наш пан! — важна хахол гладзіць,

Пяцірублёвую у кішэню садзіць,

Шапку на вуха, у бокі узяўся;

А пакуль, маўляў, дахаты сабраўся,

Ён на дарогу селядца купіў,

Туды ж у кішэню, гдзе грошы, ўлажыў.

Пасвіст[в]уючы серадзі дарогі,

Быццам пявун, важна суне ногі;

Аж Серабранская карчма засвяціла.

Вот так і цягне нячыстая сіла

Зайці — квацеркай горла прамачыць,

Водка дзешава — як жа тут не піць?

 

Праўда, бывала, вып’еш за шастак,

Ног не пацягнеш, розум паціраеш,

Роднага бацьку, маці не спазнаеш,

Ашаламуцішся — вось дурны цяляк!

 

Зміцер жа, кром бумажкі, восем грошы мае;

Падумаў крыху, дзверы адчыняе:

«Здароў будзь, пане Лахман!» — «Здарова, Змітрок!

Прадаў цялуску? — прадаў, мой гасцёк!

Хадзі, садзіся; ты ж так умарыўся,

Можа б, крыху гарэлкі напіўся?»

 

А Зміцер такія рэчы,

Хоць дурань, да, баш, сумеў,

Важна на куце засеў,

Прыпёршы да сценкі плечы,

Шапку на вуха сцягнуў

Дый на ляндарку гукнуў.

 

«Гэй, ляндарка! дай квацерку,

Толькі ж, глядзі, шумавой

І не фальшывую мерку.

У чэсць Радаўніцы святой

Трэба гарэлкі напіцца

Дый крыху павесяліцца».

 

Ляндарка стол рушніком сцірае,

Квацерку з чаркай пры Змітру стаўляе

І абаранкаў два кладзе на стол;

А абаранкі, бачыш, не такія,

Як цяпер, дзеткі, малыя,

То лык вянок! — Зміцер наш вясёл,

Жадна ў квацерку загляне,

Наліваць у чарку стане,

Слінка цячэ па губах,

Вочы з радасці блішчаць,

Некаму, баш, памагаць,

Чарка трасецца ў руках.

 

Выпіў, зморшчыўся дый трэйчы раз сплюнуў,

Шапку на вуха больш яшчэ насунуў,

Шумоўкі рэшту із квацеркі лье,

Перахрысціўся — другу чарку п’е;

Выпучыў вочы — са рта цячэ пена,

Задурыў голаву — вот цяпер ён пан!

Маўляў, і мора яму па калена,

Падумаў — руку суне у карман,

Селядца вынуў, а другой рукою

Схваціў баранак дый ну ж аплятаць.

Полудзень царскі! — што тут і казаць!

Зубамі рвець, трасе галавою;

Не адзін, гледзя, слінку палыкае,

Зміцер аж стогне — селядца змятае!

 

Скора звінуўся! — галоўка, хвасток

Ад селядца, баш, толькі асталіся;

Глядзіць жаласна на рэштку Змітрок.

Што за нячыстая? — вочы рукавом

Працёр, а рэштку павярнуў рабром;

Ад страху воласы дыбам падняліся!..

Баш, ля галоўкі бумажкі кусочак

Прыліп — маўляў дубовы лісточак.

 

Зміцер за цялушку як сіню узяў,

Рад з торгу, ў кішэню зараз улажыў;

Пасля селядца за шаг як купіў,

Здуру, гдзе бумажка, туды ж яго ўклаў

Сіня да мокрага селядца прыстала

Дый меж зубоў Змітра разам з ім папала,

А баш, як квацеркай мазгі задурэў,

Не глядзя, з селядцом бумажку ён з’еў.

 

Мужык як забачыў, што толькі астаўся

Кусочак бумажкі, перацверазаўся:

Галавой аб сцену б’ець,

Воласы на сабе рвець,

Рукі ломіць дый галосіць;

Рэшту сінянькай к Лахману падносіць:

«Мой жа ты бацячка! мой ты селязенька!

Да дай жа ж раду, што мне тут рабіць?

Галоўка мая дурненька!

Як жа мне без грошы вярнуцца дадому?

Што скажу я жонцы, пану аканому?

Хоць ідзі тапіся — нельга далей жыць».

 

А Лахман важна бораду пагладзіць,

Дый так няшчаснаму Змітраку ён радзіць:

«Хоць казуць людзі, сто Зміцер,

Дарма, сто музык, да на розум хіцер;

А я казу: ён дурэнь і велікі дурэнь!

Вот, не раўнуючы,— як рабін нас Урэнь.

Як зэ табе, свінцюху, грос не санаваць,

Як з селядцом бумазку у кясэн хаваць?»

 

Тут галавою трэйчы паківаў,

Са злосці плюнуў дый прабарматаў:

«Ой, Зміцер, Зміцер! дурны цалавек!

Ты не набудзес розуму і ў век.

Вот мая рада! сто выпіў — плаці,

Набяры сэрца, штоб смела іці,

А як прыбудзес дадому,

Разказы праўду зонцэ, аканому

Кінься ў ногі,— пэўна, не наб’ець;

Пакорнае цялятка, знае, дзве маткі ссець!»

 

Зміцер паслухаў — бяду перажыў;

А хоць бумажку з селядцом і з’еў,

Да, баш, розуму, дзеткі, не наспеў,

Як узрос дурнем — такім век свой быў.

 

Да пара, дзеткі, крыху адпачаць,

Мне ж, старэнькаму, цяжка і казаць

Так даўгу казку, не казку — быліцу

А штоб весела прабыць вечарніцу,

Гарэлкай трэба горла прамачыць,

Што Бог паслаў, разам закусіць».

 

Тут уся хлапцоў чарэда

Схапянулася дый пад ручкі дзеда

Вядзе к сталу, на куце саджае;

Старычок важна чарку паднімае,

Шапнуў малітву — чарку прахрысціў,

Глянуў на кума дый к няму прапіў.

А дзеўкі, хлопцы ўкруг стол абселі,

Што наняслі — у грамадзе з’елі.

 

Песня 3

 

«Цяпер, дзетачкі, стараму прачней

Казкай весяліць каханых гасцей»,—

Так дзядок начаў; усе кругом заселі,

Ціхасць! — маўляў ангелы ляцелі.

 

Вот, калі часам вясною

Пры ручайку засядзеш з думою

У позны вечар, як свет Божы спіць;

Ціха кругом! — толькі салаўя

Песню пачуеш дый гоман руч’я;

Так і у хаце.— Вярцяно бурчыць.

 

«Мо’а і праўда — да Бог вас там знае!

Стары не цікавы, аб тым не пытае:

Мо’а і Мінск наш цяпер не такі,

Як, дзеткі, калісьці, у прошлы вякі?

Я, баш, нездаровы,— пяць лет як там быў.

Ой, міленькі! бывала, і я не тужыў:

Вязеш на воліку к торгу вазок дроў,

Вярнешся з гасцінцам і грашмі дамоў;

Да што й памінаць...— Мінск кіпеў вясёлы!

Паночкі гулялі! — баш ясны саколы!»

 

Стары абцёр слёзку белым рукавом

Дый так далей кажа мутным галасом:

 

«Было там у Мінску некалькі паноў,

Няма чаго казаць! — добрых ілгуноў!

Калі б да успомніць, як там, баш, іх звалі?

Але, хавай Божа! хоць яны і лгалі,

Да нікому шкоды, крыўды не рабілі,

Вот так! — дзеля смеху — людзей весялілі.

 

Адзін — вечны пакой! — зваўся пан Лісоўскі,

Нябожчык Грынеўскі, трэці — ксёндз Шышкоўскі,

Чацвёртага пана клікалі Катом,

Пяты Кабылеўскі — лгуноў каралём,

Добры, вясёлы — на імя пан Еры,

Хоць цікун вялікі! да панок ён шчэры;

Бывала, дзеткі, як стане брахаць,

То і ў казцы таго не сказаць!

А так важна кажа! — здаецца ў касцеле,

Прысягнуў бы смела, што ён праўду меле!

 

Мінск адной нядзелькі вялікі торг меў,

І я з вазком сена на рынак паспеў.

Гляджу! — аж Зміцер з лошыцкай дарогі

З певуном пад пахай важна суне ногі.

 

Тут жа недалёка і панкі стаялі;

Угледзелі Змітра, крыху пашапталі

Да і разышліся; Зміцер з пеўнем садзіць.

То страпяне крылом, то зверху пагладзіць:

Купца выглядае сваяму тавару;

Пявун відны, тлусты — гадзіцца і цару!

Кожнаму захваліць, громка заляцае.

Тут пан Кабылеўскі к Змітру падышоў;

«Што хочаш, дзіцятка, за зайца? — пытае.—

Гдзе ты шарака такога найшоў?» —

 

«За якога зайца? — гэта ж, баш, пявун!» —

Зміцер так адкажа, а панок — цікун:

«Што табе, дзіцятка,— чы ты адурэў,

Чы ўжо так зарання у карчму паспеў?

Гэта ж заяц!» — «Гдзе? — што, паночак, броіш?» —

«Чы ты, дзеткі, дурань — альбо жарты строіш?

Клікну дзесятнікаў — вот зараз у часць

За гэтакі жарты можаш, брат, папасць».

 

Зміцер іспугаўся, на пявуна глядзь!

«Далібог, паночак, пявун!» — стаў крычаць.

Тут пан галавою крыху пакачаў,

Плюнуў, завярнуўся, ад Змітра адстаў.

 

Дзівіцца Зміцер,— пеўня аглядае,

Аж тут пан Лісоўскі к яму прыступае:

«Скажы, чалавеча, што за шарака?

Гэта ж рэдкасць! цяпер зверына така!»

 

Зміцер адурэў, вочы, баш, працёр,

То пад пазуху, то на пана гляне,

Вот ледзь не заплача бедны наш Зміцёр.

«Да гэта ж пявун,— кажыць,— ясны пане!

Жонка вялела на таргу прадаць».—

«Гдзе ты, чалавеча, навучыўся лгаць?

Штобы шарака назваць певуном!

За такія жарты возьмеш канчуком!»

 

Ну цяпер Зміцер проста аглупеў!

Хоць пан адышоў, ён усцяж глядзеў

То ўслед за панам, то на певуна.

«Чы іх нячыстая мучыць сатана?

Чы упіліся, маўляў адурэлі?

А мо’а блёкату з роскашы пад’елі?» —

 

Так распраўляе з сабою Змітрок.

Аж вось падходзіць і трэці панок.

«Што, чалавеча, за зайчыка просіш?

Нашто яго мучыш, нашто так тармосіш?

Заяц, як вол! — гдзе яго паймаў,

Чы не прыманкай на таку заняў?» —

 

«Што за нячыстая?!» — тут перахрысціўся,

Боязка пану ў ногі пакланіўся.

«Дарагенькі мой панок,

Сызенькі мой галубок!

Да навучы ж беднага мяне, дурака,

Што я — чы пеўня, чы, баш, шарака

Прынёс на торг?» — «Ой, з цябе філют!»

Так пан адкажа: «Жарты строіш тут,

Чы прыкідаешся, можа, дураком?

Знай, што ніколі не быў певуном

Заяц».— Тут пан рукою махне,

Змітра пакіне дый далей ідзе.

 

«Што ты тут зробіш? — бядовае дзела!

Чы адурэлі, чы ка мне прыспела

Якое ліха?» — так Зміцер крычыць.

Перахрысціўся, певуна хрысціць.

Хоць яго рэж — пявун певуном!

Тут ён спаткаўся з Шышкоўскім, ксяндзом;

Шапку знімае, калені абняў

Дый так жаласна рэч сваю начаў:

 

«Даруй, вяльможны ксёнжа-дабрадзею!

Што папытацца цябе я пасмею:

Скажы — чы гэта пявун, чы шарак?»

А ксёндз адкажа: «Да так, дзеткі, так!..»

Дый завярнуўся, пайшоў ад Змітра.

Мужык падумаў,— баш, жонка хітра!

Зайчыка, пэўне, у сетку паймала,

А штоб грашэй часам не згубіў

Чы у карчме, бачыш, не прапіў,

Якогась дуру на мяне наслала.

 

Дык гэта заяц!..— нечага ж казаць,

Вот жонка! — умее і туман пускаць;

Пастой жа, мілая! — за таку навуку

І я табе спраўлю прыгожую штуку.

Шарак здаровы — танна не прадам,

Восем шастакоў — апошня цана.

Тут-та у Лахмана пагуляю сам!

Што залатоўку ўзяў за певуна,

Жонцы скажу.— Вот гэтак люблю!

Цэлу пяцьдзесятку сабе зараблю.

 

Зміцер вясёл! — певуном трасе,

За ногі дзержыць як зайца нясе.

Крычыць няшчасны на ўвесь галасок!

А Змітрок гладзіць: «Ціха, шарачок!»

 

Аж пані якаясь к няму прыступае.

«Што хочаш за пеўня, мужычок?» — пытае.

«Якога пеўня? — гэта ж заяц, пані!

Цана апошняя восем шастакоў:

Шарак, як вол! — ані грошам таней

Не аддам, панюхна,— будзь я так здароў!» —

 

«Гдзе ты, мужык, так рана упіўся?

Ой трэба цябе ладна пратрапаць!

Тагды бы скора перацверазіўся.

Як жа певуна смееш зайцам зваць?!»

 

«Нашто то кепства,— я, баш, не дурак!

Знаю, што певень, маўляў, што шарак;

Цану сказаў — хош, пані, купляй,

Калі не згодна — святы пакой дай».

 

Так Зміцер кажа дый далей ідзе,

Боязным вокам па пеўню вядзе,

Думае: «Што ім сягодня прыспела?

Чы іх нячыстая сіла адурэла?

Чы на мяне туман напусцілі?

Штоб яны веку свайго не дажылі!

Кажу пявун — заяц, дый усё!

Зайцам стаў зваць, а яны — пявун.

Штоб ім, маўляў, такое дабро!

Штоб на язык напаў ім ціпун!

Хоць вы трэсніце! — за зайца прадам,

Восем шастакоў — танней не аддам».

Гэтакі думы Змітра занімаюць,

Аж двух паноў к яму прыступаюць.

 

Адзін пан важны, пэўне секлетар,

Другі сівенькі, з красным каўняром;

А хоць ён, дзеткі, прыкідаўся стар,

Да вёрткі наліха: вот цябе суздром,

Як гляне, так, баш, да разу спазнае;

Ён-то Змітра нашага пытае:

 

«Гэй ты, мужык! што за певуна?» —

«За зайца хіба! — панок абмыліўся».—

«Што ты, здурэў чы брэдзіш сп’яна?»

Тут за каўнер Змітрака схапіўся

Дый ну ж яго кіём акладаць,

Ну ж дзесятнікаў к сабе падзываць!

 

Зміцер забачыў, што будзе не міла,

Вось кінуў пеўня дый так закрычаў:

«Згінь-прападай, нячыстая сіла!

Відаць, што нехта мяне счараваў».

Паны у смех — ад Змітра адсталі,

Толькі яго дураком назвалі.

 

Пявун страпянуўся, запеў «какарэку!»,

Меж вазоў загінуў.— Так то чалавеку

Бывае на свеце, калі, баш, дурны.

Да ужо і нашы крычаць певуны,

І мне, старэнькаму, годзе вам ілгаць.

Ідзіце з Богам! — пара, дзеткі, спаць».

 

ВЕЧАРНІЦА 2. Стаўроўскія Дзяды

 

Песня 1

 

На другім тыдні прыйшла серада.

Вот к Ананію сельска грамада

Зноў сабралася, абсела святліцу;

Гдзе ж весялей правесць вечарніцу,

Як не ў старога? — Дзед на казкі гад!

З ахвотай слухаць кожан яго рад.

 

Ўсяк дзеля бяседы кішэню патрос;

А Халімон — з Данілавай хаты,

Дзяцюк прыгожы, вясёлы, багаты,

Ад Морткі пляху гарэлкі прынёс.

 

Вот не раўнуючы! — як, баш, праатцы

Сваіх дзядоў, бацькоў шанавалі,

Так і Ананію ад сэрца кахалі,

Цэлая воласць — малады, старцы.

 

Дзядок плёў лапці, седзя на куце,

Рад, што з грамадкай вечар правядзе;

Гаспадароў радасна страчае,

А малых дзетак ён благаслаўляе.

 

Смольнай лучыны згатаваў Пятрок,

Засвяціў ярка ў хаце лучнічок;

А як апошні гаспадар прыйшоў,

Усе заселі; на старца глядзяць,

Чакаюць жадна, што начне казаць.

Дзед вокам мутным дакола павёў,

Перахрысціўся — малітву сказаў

Дый такі рэчы гаварыць начаў:

 

«Саседы добрыя — дзеткі дарагія!

Дзякуй жа вам, што убогу хату

Вы не забылі; штоб зато багату

Бог паслаў долю вам, дзеткі мілыя.

Пакуль жа начну казачкі ілгаць,

Помніце, дзеткі! — дый на прышлы час,

Усяка дзела ад Бога начаць,

Так ксёндз-дабродзей здаўна вучыў нас».

 

Тут дзед старэнькі голас свой падняў

Дый «Ах, мой Божа, веру» заспяваў,

А стары, малы калені згібалі,

Пець святу песню дзеду памагалі.

 

Кончылась хвала Боска. Тут дзяўчаты

З белай кудзелькай заселі круг хаты,

А гаспадары, хлопцы, хто гдзе змог,

Той на калодзе, той заняў парог;

Замоўклі ўсе — сказаў бы, памлелі,

Верцяны толькі кругом загудзелі.

 

«І з даўніх-даўна нескалькі сот лет,

Яшчэ разумным не быў так наш свет,

Як цяпер, дзеткі. Праведнага Бога

Не ўсе хвалілі; было людзей многа,

Што не ў хрышчонай веры пражывалі,

Нячыстай сіле паклон аддавалі.

 

Вот у Лагойску, над Гайнай-ракой,

Быў вельмі крэпкі замак Крывічан;

Там малады княжыў Грамабой;

Добры, адважны, шчэры быў то пан.

Не прапускаў кепства ён нікому,

Гатоў, бывала, хоць бы аканому

Заспяваць праўдай; мужычкам быў рад,

Не жалеў хлеба, солі для грамад.

 

Там жа недалёка у воласці жыла

Мужыцка сямейка — гаспадар Даніла,

Яго, з першай жонкі, дочка Кацярына,

Расла, як тычынка, цвіла, як каліна;

Бывала, вочкам як на цябе гляне,

Нехаця сэрца тваяго дастане;

Серабрысты голас, як у салавейка,

А гаспадарная, быццам муравейка,

Ціха, як авечка, прыгожа, як краска;

Зато ж мачыха яе, Параска,

Была, як гадзюка, злая, што крый Божа!

Бывала, ад свету як возьме брахаць

Дый на Кацярынку стане вымышляць,

Хоць насмерць заплачся — нішто не паможа.

 

У бабы доч Мархва,— як маці, сярдзіта;

Брыдка, маўляў ведзьма, горка, як асіна.

Не раз бедненькая наша Кацярына,

Пакрыўджана Мархвай, з яе ласкі біта,

Уздыхне ад сэрца, слёзкамі заплача,

А злая дзяўчына з радасці аж скача.

 

Бывала калісьці, у даўні гады,

Праатцы нашы Стаўроўскі Дзяды

Грамадой вялікай важна паміналі,

Мёртвых дзядоў, бацькоў к сталу прызывалі.

 

Да і Даніліна, баш, заўсёды хата

Стаўроўскія Дзяды штогод памінае;

Як прыйдзе, бывала, Зялёнае свята,

Сваякоў магільных бяседай страчае.

 

Раз Стаўроўска свята людзям засвяціла,

Не адна цяжэнька паднялась магіла,

Мёртвыя душачкі узялі кружыць

Па белым свеце, а ведзьмы старыя,

Вот, маўляў, звер люты — ваўкалакі злыя,

Ну ж бедным людзям худобку глуміць.

 

З зарой Кацярынка у той дзень устала,

Беленькае лічка ў руч’ю скупала,

З сіненькіх вочак стала слёзкі ліць,

Благатварыцеля ад сэрца прасіць,

Штоб даў спасенне матачцы радной,

Душачцы грэшнай вечны упакой.

 

Мархва ж з палаці не хоча устаць,

Гляне на хату — ну ж матцы брахаць:

«Маці, о маці, палядзь! — Кацярына

Нішто не робіць: чакае у сваты,

Яшчэ дасюль не замяла й хаты».

Крычыць Параска: «Гультайка дзяўчына!

Бяры мятлу! ідзі двор мяці!

Досыць без дзела у кутку стаяці,

Штоб чыста была у запечку, хаці.

Зараз мне, дочка паганска, ляці!»

 

Тут Кацярынка ручкі закасала,

Святліцу, двор чысценька прыбрала,

А пасля з бабай сталі печ тапіць,

Важну бяседу [д]ля дзядоў варыць.

Мархва ж з гультайства праспала дзянёк;

Аж вось у хаце бліснуў аганёк.

 

Дубовы стол Кася накрывае,

Даніла пляху гарэлкі стаўляе;

Выглянуў — аслі госці не ідуць?

Найпершы казляр1 туды паявіўся,

Гаспадару ў пояс пакланіўся,

За ім — гусляр2, там свае брадуць.

 

Ксёндз нехрышчоны не святу грамніцу

Яркім агнём запаліў,

К сцяне яе прыляпіў,

Бліснула полымя на цэлу святліцу.

 

З гусляром яны малітву началі,

Дзядоў Даніліных жыццё паміналі,

А як кончылі, душачкі сустрэлі,

Згасілі свечку дый за стол заселі.

 

Гаспадар чарку ўгору паднімае,

Пакуль скаштаваў — крыху на стол зліў,

Такі абычай іздаўна там быў;

Пасля да ксяндза душком прапівае.

 

Ксёндз — да гусляра з такім жа абрадам,

Гусляр — да Параскі: баш, сядзелі радам;

Пакуль жа укруг чарку абняслі,

Абрусок да ніткі гарэлкай злілі.

 

Са стравамі міскі Кацярынка зносіць,

Даніла частуе, гасцей важна просіць.

Усяк на тарэлку гліняну бярэ,

А пакуль есць возьме, першу лыжку лье

У міскі, што там жа пасярод стаялі,

Штоб душачкі з імі разам спажывалі.

 

Боршч са сланінай на стол паявіўся,

Кісла верашчака за ім з каўбасой,

Грэцкімі блінамі абрусок пакрыўся,

А да*лі крупнік з парасём стралой

Ляцеў у тарэлкі: вячэра святая!

Бадзялася тут жа лямешка густая,

Пансак — ягляная са скваркамі каша,

То яда мужыцка! — то пацеха наша!

 

Вот на лыжцы Касі прысеў матылёчак,

Дробненькія слёзкі брызнулі із вочак;

То матачкі яе душачка святая,

Так думала Кася; міла паглядая,

Не страпяне ложкай, штоб матылёк еў;

Ён пасядзеў крыху — далей паляцеў.

 

Пад канец вячэры малады гусляр

Шапнуў дабрадзею; вот устаў казляр,

Ложкай зачарпнуў ён усялякай стравы

Дый пад стол падкінуў, не дзеля забавы,

А што, баш, абычай здаўня такі стаў;

Як кончыўся абрад, ён прабарматаў:

 

«Стаўры, Гаўры — гам!

Прыхадзіце к нам».

 

У сенях быццам штосьці зашумела,

Маўляў цьма воранаў туды наляцела;

А пасля, здаецца, сабакі брахалі.

Са страху воласы усім дыбам сталі.

 

Ускочыла Мархва, хватае лапату,

А Кася, узяўшы місу верашчакі,

Смела ідзе к дзверам, адчыняе хату,

Аж вось два вялікі увайшлі сабакі.

 

Мархва дзеля страху лапатаю грозіць,

Штоб выгналі ліхіх, усіх гасцей просіць,

Кася ж не баіцца — міску ім паставіць

Дый да верашчакі лямешкі дабавіць,

Кожнага за шыю смела абнімае;

Брытан міла гляне дый хвастом віляе.

 

Асвоілась Мархва, да Касі прыстала:

«Што, баш, за ахвота на цябе напала

Так брыдкіх сабак у хату пускаць

Дый яшчэ страваю іх прынараўляць?»

Не слухала ж Кася, сабак частавала

Дый крутой лямешкі ус[ц]яж дабаўляла.

Як брытаны паядалі,

Касі ножкі палізалі;

Пасля яны страпянулісь

Дый за дзвярмі апынулісь.

Толькі зямля, гдзе стаяла

Кацярынка, заблішчала.

 

Нагнулася дзеўка, з зямлі паднімае

Дзве цацкі блісцяшчы, як сонца лучы.

Бяруць цацкі госці, усякі пытае,

Што гэта за дзіва? — Казляр, гледзючы

На Касін падарак ад дзіўных сабак,

Падумае крыху дый раскажа так:

«Залатая цацка — гэта образ Лады,

Яе аб дабытак воласнай грамады

Прасіце, дзеткі.— А друга — крыж Панскай,

Дарагая памятка веры хрысціянскай.

Хто з вас образ Лады спытае насіць,

Таму у роскашы, шчасці век свой жыць;

А штоб не прагневаць вам, дзетачкі, неба,

Другую памятку ў агні спаліць трэба.

А тыя ж сабакі — гасудара Боя,

Што калісьці княжыў ён у Краснапоя;

За ўсякі прыслугі, каторых дазнаў

Ад Стаўра і Гаўра, сваіх брытаноў,

Ён верным падданым грамату паслаў

Сустрачаць бяседай Стаўроўскіх Дзядоў;

Дзень на то назначыў, штоб іх памінаць,

Калі б Стаўра, Гаўра на хаўтуры зваць.

Вот бачыце, дзеткі! як мы іх заклялі,

Зараз паявілісь, вячэры спыталі

І прыгожай дочцы вашай, Кацярынца,

За добрае сэрца прыняслі гасцінца».

 

Завісць бярэ Мархву, злосна, вокам стрыжа,

Аж тут абазвецца маць яе, Параска:

«За што ж Кацярынцы мае быць та ласка?»

Бярэ образ Лады, на шнурочак ніжа

Дый прыбрала дочку, радасна глядзіць,

А Мархва аж скача — золатам блішчыць.

 

«Кацярынка ж, маці, няхай прыбярэцца

У жалезну цацку»,— так Мархва пяе,

А пасля уголас яна засмяецца

Дый крыжык жалезны ад маткі бярэ,

Рукой нячыстаю на шнурок чапляе,

На беленьку шыйку Касі завяшае;

Рада Кацярынка! крыжычак цалуець,

А Даніла гасцей вячэрай частуець.

 

Вось яны пад’елі, ад стала адсталі,

Памалілісь Богу дый гэтак казалі:

«Святыя Дзяды! папілі, паелі,

Ідзіце ж к сабе, штоб дамоў паспелі».

Да і нам, дзеткі, пара адпачыць,

Напіцца гарэлкі, крыху закусіць».

 

Тут дзеда на кут саджаюць,

Чаркай к яму прапіваюць

Дый заселі грамадой;

Мятуць! вот быццам мятлой.

Каўбасы, сала, што на стол паклалі,

Дочыста з’елі — памінай як звалі!

 

1 Казляр – паганскі жрэц.

2 Гусляр – лірнік або аясковы бард у дахрысціянскія часы.

Песня 2

Вот на Лагойскім замку Грамабой

Ледзь пачаў княжыць, а ужо як свой,

Як родны бацька быў ён для чалядзі,

Любілі яго ў цэлай грамадзі.

 

Коратка дзяржаў ён Радных паноў,

Не папушчаў ў крыўду мужычкоў;

Да што й казаць! бывала, як гляне

На акамона чы на камісара,

Усяляку праўду з-пад ногця дастане.

Кожан баяўся такога мацара.

 

Да звера ахвотнік вялікі ён быў,

Часценька са стрэльбай да лесу хадзіў;

Возьме, баш, гарэлкі, талакна кусок,

Дзесятак яечак, сыр, хлеба ламок,

Раненька устане, ад светлай зары

Ходзіць ён па лесе да цёмнай пары.

 

Віт, Князь Літоўскі, раз к яму прыслаў1

Сваіх паслоў, штоб, баш, помач даў

Проціў паганскай сілы ваяваць;

Князь Грамабой пайшоў памагаць

Сваяку Віту аж да самай Оршы,

Кінуўся на паганцаў,— ад моланні скоршы,

Усіх пабіў, вярнуўся дахаты,

Прывёз з сабою дабычы багаты.

 

Уся грамада добрых Крывічан,

Чы мужычок, чы вялікі пан,

Сваяго князя радасна страчае,

Дарожку яму каўром высцілае.

 

Князь Віт, угледзя, як яго кахалі,

Маўляў роднага бацьку спатыкалі,

Радасну слёзку кулаком абцёр

Дый такі з князем завёў ён гавор:

 

«Трэба, міленькі, табе ажаніцца,

Штобы дзетачак на старасць дажыцца.

Хто ж па табе мае панаваць,

Каму грамадку таку адказаць?»

 

Паны, што з імі на вайну хадзілі,

Князёў гаворку зараз падхвацілі

Дый, рукі яго цалуючы, ногі,

Такія рэчы кажуць без трывогі:

 

«Дарагенькі наш князёчак!

Родны бацячка, паночак!

Паслухай дзетак сваіх просьбы шчэры,

Выберы жонку якой хош манеры:

Чы можную каралеўну,

Чы багатую княжэўну,

Чы маладую шляхцянку,

Чы прыгожую хлапянку;

Мы яе будзем, як матку, кахаць,

Як цябе, князю, станем шанаваць».

Князь расплакаўся, з Вітам ён абняўся

Дый скора жаніцца грамадзе закляўся.

 

Цэлы год з Панамі ён сваімі радзіў,

У якія царствы сватоў, баш, паслаць,

Гдзе жонкі прыгожай яму пашукаць?

Аж стары пан Радны бораду пагладзіў

Дый кажа: «Князёчак ты наш дарагі!

Касцельнага трэба радзіцца слугі;

Няхай ён малітву сваю прачытае,

Няхай, баш, нябесных багоў папытае,

Яку пашлюць раду? — штоб сказаць ён мог».

А тагды, дзетачкі, было багоў многа,

Усякі куточак меў сваяго бога,

Вот, не раўнуючы, што бацька — то бог!

 

Тут ксёндз старшы Апанас

Абкурыў ладанам сцены ў касцеле

Дый просіць Бога, штоб зладзіў вяселле

Добраму князю, да у добры час.

 

Раз князёк каханы шоў на паляванне,

Вельмі умарыўся, пад дзеравам стане,

Ногі абамлелі, ён крыху прылёг,

Вочы, баш, прыжмурыў, вот сон яго змог.

Тут яму прыснілась, быццам дзед старэнькі,

Ледзь пацягне ногі,— як голуб сівенькі,

Вядзець пад ручку маладую дзеву,

А так прыгожую, маўляў каралеву!

Воласы русы ў локанкі ўюцца,

Краскі на шчочках як із ключа б’юцца,

А сінім вочкам, дзетачкі, як гляне,

Нехаця сэрца тваяго дастане;

Кветачкамі свеціць яе андарак,

Гарсэцік чырвоны, як у гаршку рак,

Дробненькія ножкі, баш, малай дзяўчонкі,

Як лебедзеў пушок — белыя ручонкі;

Сваявольны вецер каснік развявае,

На грудках жалезны крыжычак мігае.

 

Дзядок штораз бліжай з паненкай падходзіць,

Дзівіцца князёчак, воч з яе не зводзіць;

Сэрца закіпела, розум паціраў,

Ад душы прыгожу дзеўку пакахаў.

 

Ціхім галасочкам старэнькі дзед кажа:

«Така воля неба,— слухай яе, княжа!

Вот для цябе жонка! — знайдзеш яе ўраз,

Толькі людзям сваім разашлі указ,

Штоб та на замковы явілась дзядзінец,

Каторай пёс Стаўры дараваў гасцінец».

Кончыў дзядок мовіць, і вось, як стаяў,

Ён з краснаю дзевай без весці прапаў.

 

Князь Грамабой зараз разбудзіўся,

Успомніў сон — вочы працірае

Дый кругом сябе жадна паглядае;

Уздыхнуў далей: «Божа, дай, штоб збыўся

Так мілы сон. Да што тут чакаць!

Трэба яе зараз усюды шукаць».

 

Схапянуўся з зямлі, ціхенька паброў

З салодкай думою князёк наш дамоў;

Прыходзіць дахаты, із лапцей разуўся,

Анучы развесіў, Радных паноў зве,

А як, баш, прыйшлі, індыком надуўся

Дый кажа: «Пішыце указ грамадзе!

Штоб красную панну, не панну — дар Божы!

Катора падарак ад Стаўра прыгожы

На шыі хавае, зараз адшукалі,

На замковай гарэ паклон ёй аддалі;

Няхай сюды вядуць, бо стаўроўска дзева

Будзе мая жонка — ваша каралева!»

 

Радныя паны жыва указ шлюць;

Вось, што будзе далей, моўчкам яны ждуць.

Грамада указ вясёла прымаець,

Па ўсім царстве дзевы стаўроўскай шукаець:

Як жа весць такая кругом разняслася,

На тры пальцы ўгору Мархва паднялася!

 

«Годзі, кажа, дома сядзець, родна маці!

Засвяціла шчасце тваяму дзіцяці:

Я маю падарак, я — стаўроўска дзева!

Буду жонкай князя, буду каралева!

Вядзі мяне, маці, на замкову гору

Да пакажы мяне княжынаму двору;

У мяне, баш, образ Лады залаценькі,

Маім будзе мужам князёк дарагенькі!»

 

Тут яна нядзельну сукенку ўлажыла,

Залатым абразкам Лады засвяціла,

Маць сваю Параску пад руку ўзяла,

На замкову гору раненька пайшла.

 

Паны б’юць паклонам, чэсна спатыкаюць,

Да стаўроўскай дзевы князя прызываюць.

Выбежаў князь скоры, глядзіць — што за дзіва!

«Адкуль тут прыгнала звязда нешчасліва

Гэтаку брыдоту?» — злосна такі рэчы

Пан кажа дый Мархву хватае за плечы;

Швырне яе далоў з замковай гары;

Кулём паляцела, вось шыю зламала,

У вялікіх муках, бедная, сканала,

У сыру зямельку сышла без пары.

З таго ж часу гара Паненскай завецца,

Дух Мархвы там часта па начах бадзецца.

 

Князь Паноў ганяе, крычыць, што крый Божа!

Ахвота, бяседы — нішто не паможа.

«Адшукайце панны стаўроўскай ураз!

Крыжык жалезны — то яе прымета,

То Стаўра падарак. Хоць вы з таго света

Вядзіце на замак! — такі мой прыказ».

 

Ад беленькай зары Радныя паночкі

Шукаюць дзяўчыны аж да позняй ночкі;

Бядовае дзела! пайшлі у разгон.

Пачуў весць такую гусляр маладзенькі,

Успомніў ён Касін крыжычак маленькі.

Бяжыць да Данілы, аддае паклон

Дый Касі гаворыць: «Ты стаўроўска дзева!

Ты княжэва жонка — наша каралева!

Ты носіш падарак Стаўра на грудзі!

Прыбярыся чэсна у нядзельну шату,

Гарсэт уздзень красны, спадніцу багату

Дый на замак княжын з Данілам ідзі!»

 

Спужалася Кася, слёзкамі заплача,

А стары Даніла з радасці аж скача!

Дочку ён пад ручкі на замак вядзе,

Угледзелі Паны, паклонам страчаюць,

Аб такой навіне князю дакладаюць;

Грамабой не верыць, няпэўна ідзе.

 

Вот забачыў Касю — вочы заблішчэлі,

З радасці калені пад ім абамлелі,

Наяву сон князю праўдай засвяціў;

Апомніўся, кажа: «Ты стаўроўска дзева!

Ты ля мяне жонка, Крывічан царэва!

З табою шчаслівы, век бы не тужыў!»

 

Боязна на пана Кася паглядае;

Палюбіла сэрца, за ім прамаўляе;

Хоць саромна, да, баш, да вянца ідзе

З радаснай душою, а князь ледзь не скача!

Завідна ж Параска са злосці аж плача,

Вясёла бяседа цэлай грамадзе.

 

А стары Даніла на вяселлі дочкі,

Закасаўшы полы, узяўшысь пад бочкі,

Дуе «Лявоніху»! аж хахлом трасе!

Вот была пацеха! Сем дзён там гулялі,

Здаволь пілі, елі, досыта скакалі,

Не жалелі лапцяў — так казка нясе.

 

І я на вяселлі, дзетачкі, том быў,

Піва, мёд, гарэлкі досыта папіў,

Хоць мо’а у роце нішто не было,

Зато па барадзе уздаволь цякло.

Далі мне кабылку, дзеткі, смаляную,

Пугу з пастарнаку, із капусты збрую;

Еду сабе, еду,— аж блізка дарогі

Агні заблішчалі; тут я без трывогі

Папусціў кабылку, к агню пад’язджаю.

Там пасецца быдла. Я пугу кідаю,

Ну ж пры агні грэцца, з пастухамі брэдзіць;

Вот загаварыўся дый не мог дагледзіць,

Што мая кабылка пры агні стапілась,

Пугу, цэлу збрую скацінка паела;

Як, маўляў, прыгода такая случылась,

Вось патужыў крыху, гледзя на то дзела,

Дый паброў дахаты.— І вы, дзеткі, йдзіце,

Штоб ціхі сон дзеду даў Бог, папрасіце.

Канец «Дзядоў»

1 Паход Вітаўта, Князя Літоўскага, на Оршу.


1850-1854?

Тэкст падаецца паводле выдання: Дунін-Марцінкевіч, В. Збор твораў. У 2 т. Т. 1. Драматычныя творы, вершаваныя аповесці і апавяданні / Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч; уклад. з тэкст. падрыхт., прадм., перакл. і камент. Я. Янушкевіча. - Мінск : Маст. літ., 2007. - С. 412-440
Крыніца: скан