epub
 
падключыць
слоўнікі

Вінцэсь Мудроў

Хрушч

Пасьля бяссоннай ночы, праведзенай у задушным вагоне, пасьля замарачнага тахканьня колаў і вакзальнай мітусьні душу спавівае ціхая весялосьць і вочы глядзяць на сьвет з жарсьцю і захапленьнем. І ты глядзіш на густы зялёны ельнік, на старую прыстанцыйную вежу, на рабую казу, што пасьвіцца ля чыгункі, штохвілі перакідваеш з рукі на руку цяжкую валізу і з прытоенай насьцярогай адчуваеш як выпростваецца твая скамечаная душа і бязьмежны сусьвет адкрывае ёй свае запаветныя тайны. У такія хвіліны лёгка дыхаецца, ні пра што ня думаецца і чаравікі з задавальненьнем шорхаюць па ўтравелай дарозе.

Тае раніцы я ішоў па лугавіне, глядзеў на рабую казу, прыслухоўваўся да пошуму цягніка, які заміраў за даляглядам і разьняволеная душа мая прасіла песьні. Я ўдыхнуў паветра, зьбіраючыся выдыхнуць эпіталяму з опэры Рубінштэйна «Нэрон», ды нечакана ў вышыні, над маёю галавой, праляцела штосьці круглявае і цьмяна-бліскучае. Дакладней, не праляцела, а з НЛАшным імпэтам прасьлізнула, не пакінуўшы па сабе ні гуку, ні паху, ні якога іншага сьледу. І не пасьпеў я падумаць: «Што ж гэта было?» і зьвесьці вочы да пераносься, як новы цьмяна-бліскучы кругляк вылецеў зь нябеснага прыціну і, праляцеўшы па дузе, даў нырца ў прыдарожны быльнік. І разьняволеную душу крануў шчымлівы ўспамін, і душа скруцілася абаранкам і памкнулася выкаціцца з цёмнага нутра на залітую сонцам лугавіну...

 

...У дзяцінстве я таксама любіў пускаць па паветры грамафонныя кружэлкі і аднойчы (ня памятаю ўжо - у якім годзе) патрапіў такой кружэлкай у лоб суседу з восьмай кватэры.

Сусед быў невялічкага росту, каржакаваты, у меру лысаваты, але пры гэтым меў адметную фрызуру: рэшткі каляных валасоў стаўбурыліся на гламаздаватай галаве і, відаць, з тае прычыны ён атрымаў мянушку Хрушч.

Хрушча апаноўвалі дзьве жарсьці: футбол і гарэлка. Яшчэ ў 1965 годзе, убіўшыся ў страшэнныя даўгі, ён набыў у растэрміноўку тэлевізар «Рэкорд» і потым не прапускаў аніводнага футбольнага рэпартажу. Хварэў сусед за менскае «Дынама» і калі менчукі забівалі гол, выскокваў на калідор, прачыняў дзьверы нашай кватэры і сіпла гукаў: - Пр-рыгожа!

Зрэшты, футбол ня толькі лагодзіў суседаву душу, але й даваў нейкую капейчыну. У далёкай маладосьці Хрушч займеў кваліфікацыю судзьдзі рэспубліканскай катэгорыі і цяпер судзіў футбольныя матчы мяйсцовых каманд. За кожнае такое судзейства плацілі адзін рубель і, адбегаўшы тры гульні, можна было заробіць на пляшку гарэлкі. Калі сусед зьяўляўся на полі, нешматлікія гледачы гамузам сьвісталі, гукалі: «Хрушча на мыла!» - ды той не крыўдаваў, да таго ж сьвісталі і крычалі сябрукі, зь якімі ён пасьля гульні ладзіў бяседы.

У дні, калі па тэлевізары не паказвалі футбольных матчаў і не было каго судзіць, Хрушч не знаходзіў сабе месца. Суседу праглася кульнуць чарку, але грошай не было і ён блукаў ад пад'езда да пад'езда, спрабаваў гуляць з намі, падшывальцамі, у футбол, распавядаў дваровым цёткам розныя глупствы і самым папулярным словам у ягоным лексыконе было слова «бутэлька».

Такой парой ён часьцяком заходзіў да нас каб патэлефанаваць нейкаму Дадону.

- Дадон? - гукаў сусед непракерханым голасам і мая маці, у якой увесь час балела галава, беспакойна варочалася на ложку. - Ты што, сьпіш? - абураўся ў тэлефонную слухаўку Хрушч, пасьля чаго лагодным голасам дадаваў: - І без бутэлькі?

- П'янтосы няшчасныя, - шаптала маці, а Хрушч, керхануўшы ў жменю, вясёлым голасам працягваў: - Дык што за сон - без бутэлькі?.. Вазьмі, як чалавек, бутэльку... Што? Няма бутэлькі? Ну дык трэба прыдумаць...

І вось гэтаму самаму Хрушчу я і заехаў грамафоннай кружэлкай у лабешнік.

Кружэлкі мы пускалі з даху пяціпавярховіка; былі яны важкія, на 78 абаротаў, вытворчасьці Ўсесаюзнага дому гуказапісу. Шпурнеш такую з вышыні - яна і ляціць мэтраў трыста, а то і болей - балазе перад домам была вялікая пустка. Ну і, вядома, спаборнічалі - хто далей запусьціць.

Таго дня мы ладзілі спаборніцтва з Валерам Белкіным. Валера, разагнаўшыся, шпурнуў кружэлку з запісам К.Шульжэнка і пры гэтым ледзь не зваліўся з даху. Я быў больш асьцярожны, а таму пусьціў свой лятак ня надта ўдала: набраўшы вышыню, кружэлка з запісам сымфанічнай аркестры пад кіраўніцтвам С. Самасуда пайшла ўправа і калі мы падбеглі да краю пляскатага даху, дык убачылі вусьцішную карціну: на ходніку ляжаў Хрушч, а вакол яго, па эліптычнай арбіце, наразаў колы шпурнуты мною лятак.

Мы сіганулі ў паддашкавы люк, зьбеглі долу і ў дзьвярох пад'езду пачулі працяглы жаночы воклік: - Хрушча забілі-і! Непрыемны халадок убіўся ў грудзіну, ногі зрабіліся ватнымі і я адчуў у той момант дзіўнае пачуцьцё: пачуцьцё свабоднага палёту.

Потым мы блукалі з сябрам па дзьвінскім беразе. Сябар, як мог, супакойваў мяне, казаў, што Хрушч дзядзька дужы - кружэлкай яго не заб'еш, а я парывіста ўздыхаў і, ня ведаючы - як пазбыцца жахлівай чмуры, няўцямна мармытаў: - Зьбягу на Далёкі Ўсход... Там мяне ня знойдуць.

Адвячоркам на футбольным полі - яно месьцілася непадалёку, на разьлеглай абалоні, - глуха запокаў мячык і зялёны прасьцяг пазначылі чырвоныя ды белыя фігуркі.

- ЦЭЦ з аўтабазай гуляюць, - суцішна прамовіў сябар і таксама ўздыхнуў.

... Гэтым разам матч судзіў нейкі таўстун у чорным швэдры, які бегаў па полі, сьмешна адкідваючы тлустыя ногі і штохвілі дзьмуў у сьвістульку. Гледачам судзейства відавочна не падабалася, бо кожны пошчак судзейскага «салаўя» патанаў у зычным сьвісьце і абураных воклічах заўзятараў.

- Што ён судзіць! - скалануў прасьцяг сіпаты голас і дыханьне маё перахапіла спазма пякучай радасьці: пасярэдзіне доўгай, зьбітай з аполкаў лавы сядзеў наш сусед і голасна гарлаў: - Які афсайд?! Ён на сваёй палове быў!

Галава суседава была забінтаваная і павязка па-пірацку прыкрывала левае брыво.

- Хто гэта Хрушча пачаставаў? - даляцела неўзабаве да нашых вушэй і мы наструнілі слых.

- Па п'янцы ўгрэлі, - адказаў заўзятар, што сядзеў на траве з пляшкай «пладова-ягаднага» ў руках. - Судзіць не паставілі, дык вунь як усхадзіўся. Кожны дзень меў па два рваных... Цяпер во сядзі з пабітай галавой...

Я стаў сачыць за гульнёй і праз хвіліну адчуў, што на полі чагосьці не хапае. А яшчэ праз хвіліну за цэцаўскімі брамамі голасна чхнулі, мацюкнуліся й адчайдушна галёкнулі: - Хрушча на поле!

- Хрушча давай! - адгукнуліся адразу некалькі глытак і таўстун, расхваляваўшыся, прызначыў штрафны ня ў той бок, куды трэба.

- Белых мяч, Андзюліс* ё...ы! - натужна вылаяўся сусед, заўзятары пачалі скандаваць: - Хру-шча! Хру-шча! - а нейкі падпіты дзядзька выдзер зь зямлі кутавы сьцяжок і пабег зь ім уздоўж лініі поля, патрабуючы замены судзьдзі. Гульцы спыніліся, пачалі аб чымсьці спрачацца і таўстун даў сьвісток аб сканчэньні першага тайму.

* Футбольны рэфэры. У 1965 годзе судзіў фінальны матч розыгрыша Кубка СССР паміж маскоўскім «Спартаком» і менскім «Дынама» і, на думку беларускіх заўзятараў, дазволіў спартакаўцу Хусаінаву забіць гол са становішча па-за гульнёй.

Мы з сябрам пабеглі да лаўкі, на якой сядзеў сусед і ўадначас з намі да яе падбег капітан аўтабазаўскай каманды Пісьцюльга. Пісьцюльга лічыўся лепшым футбалістам горада і, па чутках, зусім не ўжываў гарэлкі.

- Пятровіч... зможаш? - задыхана мовіў капітан і Пятровіч, вытрымаўшы належную паўзу, рашуча падняўся на ногі.

Судзіў Хрушч як ніколі дагэтуль: бегаў ад брамаў да брамаў, дэманстраваў прафэсійныя жэсты ў стылі Тофіка Бахрамава*, рашуча спыняў спрэчкі і, чаго раней не надаралася, запісваў у кніжачку нумары гульцоў, якія выходзілі на замену. І калі ў канцы сустрэчы сусед замёр на хвілю і, паказаўшы на цэнтар поля, даў фінальны сьвісток, за цэцаўскімі брамамі, а потым і за аўтабазаўскімі ўдарылі ў ладкі.

* Знакаміты футбольны рэфэры, судзіў гульні Чэмпіяната сьвету па футболе 1966 года.

 

Да вачэй маіх, разганяючы журботны ўспамін, падляцела штосьці чорнае, стукнула па лобе, упала на мысок чаравіка.

Ля ног маіх ляжала шчарбатая кружэлка-саракапятка.

- «Что-то случилось» (муз. Попы - русский текст Д.Иванова)* - прамармытаў я, зьдзьмуў пыл з налепкі, і толькі тады заўважыў двух падшывальцаў, якія стаялі на дарозе.

* Песьня з рэпэртуару Валерыя Абадзінскага.

- Што... кружэлкі пускаем? - запытаўся я строгім голасам, і адзін з хлапцоў зь неахвотай кіўнуў галавою.

- Цябе як завуць?

- Валеркам, - з той жа неахвотаю азваўся падшывалец.

- А цябе... - зірнуў я на другога мальца, - Віцькам?

- Адкуль вы ведаеце? - уразіўся Віцька і праз імгненьне ўразіўся яшчэ болей, пабачыўшы, як сівы, лысаваты дзядзька пабег па дарозе і з маладым імпэтам шпурнуў у высокае неба шчарбатую кружэлку.


2000-2007?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая