epub
 
падключыць
слоўнікі

Вінцэсь Мудроў

Гарачае лета 00-га

І

 

- Запрашай! - махнуў рукой палкоўнік, і русявы маладзён, што стаяў ля дзьвярэй, высьлізнуў з габінэту.

Празь імгненьне ў тамбуры затупалі і з прыцемку выплыў нізкарослы тыпус, квадратны твар якога быў пазбаўлены якой-кольвечы думкі, а натапыраныя вушы з кожным крокам дзіўным чынам варушыліся. Сьледам за ім у габінэт увайшоў цыбаты мурын у бэйсболцы, які нёс пад пахаю вялізны скураны тубус.

- Радыя вас бачыць, містэр Вік, - зганяючы з твару гідлівую ўсьмешку, палкоўнік запрасіў госьця прысесьці, і Вік плюхнуўся ў мяккі фатэль.

У фатэлі лядашчае Вікава цела выглядала яшчэ больш мізэрным. Госьць адчуў гэта, бо адразу ж раскрыліў пінжак і ўсьпёр на стол свае падагрычныя ногі.

Палкоўнік з прадстаўніком Камітэту пераглянуліся.

«Пасадзі сьвіньню за стол...» - моўчкі прамовіў палкоўнік.

«Вытрымка... жалезная вытрымка!» - моўчкі адказаў прадстаўнік Камітэту, і ліловы пісяг на палкоўніцкай шчацэ наліўся нэрвовай чырваньню.

За сваю доўгую гісторыю дубовы стол - колісь ён стаяў у габінэце 2-га сакратара Цэка - шмат чаго пабачыў і шмат чые локці соўгаліся па ягоным дзяржаўна-зялёным сукне. Але каб на сукне тым соўгаліся заднікі зьбітых чаравікаў - такога ў гісторыі яшчэ не было.

- Як вам нашае надвор'е? - запытаўся палкоўнік і закашляўся, спрабуючы ўтаймаваць нэрвовы клёкат у горле.

Мурын - ён выконваў функцыі сакратара і целаахоўніка - пачаў перакладаць, але шэф незадаволена пстрыкнуў пальцамі і сіпла прамовіў:

- Let's pass from words to deeds. Time presses.*

* Давайце аб справе. Час прысьпешвае (анг.).

У пацьверджаньне плыні часу ў куце габінэту бомкнуў стары гадзіньнік, і палкоўнік, цяпер ужо бяз клёкату ў горле, запытаўся:

- Тавар у вас?

Мурын падышоў да стала, паклаў на яго скураны тубус.

- For five number, as we treated?* - госьць удругарадзь пстрыкнуў пальцамі, і цемнаскуры сакратар працягнуў шэфу прадаўгаваты, бліскучы на выгляд пачак.

* На пяць нумароў, як і дамаўляліся (анг.).

«Жавальная табака... «Чырвоны індзеец», - адцеміў пра сябе палкоўнік.

- As soon as you transfer your money on our count the first consignment will come.* - госьць прамовіў гэтую фразу, жуючы табаку, і мурын, слухаючы няўцямна-шапялявую гаворку, заклапочана пацёр лабешнік.

* Як толькі перавядзеце грошы на наш рахунак, адразу ж атрымаеце першую партыю (анг.).

Згадка пра валютны рахунак усхвалявала палкоўніка.

- Раней вы казалі: варта толькі прачытаць тэкст. Цяпер загаварылі пра непасрэдны кантакт з галавою. А гэта ж зусім іншы каленкор, - палкоўнік стрымана кашлянуў і, пасьля паўзы, дадаў: - І зусім іншыя грошы.

Цемнаскуры цівун скрывіўся, падбіраючы адпаведнік слову «каленкор», і містэр Вік, пстрыкнуўшы пальцамі абедзьвюх рук, загаварыў па-расейску, расьцягваючы, па прыкладу латышоў і чэхаў, галосныя зыкі.

- Над праектам працавалі тры інстытуты, у справу ўбіта тры мільярды даляраў, да таго ж я сур'ёзна рызыкую. Калі там... - госьць узьняў да столі пукатыя вочы, - даведаюцца пра нашу зьдзелку, я мушу сесьці ў крэсла. Самі ведаеце, якое...

- Ве-едаем, - выдыхнуў палкоўнік, таксама расьцягваючы зыкі, - тры тысячы вольт, дым з вушэй і ўсё такое...

- What does it have to do with my ears?* - абурыўся госьць, ускочыў з фатэля, і разам зь ім ускочыў з крэсла і прадстаўнік Камітэту.

* Пры чым тут мае вушы? (анг.).

- Панове... ня будзем пікіравацца, - прымірэнчым голасам прамовіў камітэтчык, - заўтра правядзём экспэрымэнт і калі ўсё будзе добра, тады і абмяркуем нашыя праблемы.

 

Калі за гасьцямі зачыніліся дзьверы, прадстаўнік Камітэту з дакорлівай усьмешкаю ў вачах зірнуў на палкоўніка.

- У нашай працы трэба быць не ганчакамі, а лісамі... Калі гэтая рэч і сапраўды... - камітэтчык з гучным поканьнем раскрыў тубус, - ... выпроствае зьвіліны, тут ніякіх грошай не пашкадуеш. За пару месяцаў зьліквідуем усялякую апазыцыю. Уяўляеш... Скразьняк нясе праблемны артыкул у «Лубянскі набат», Лабуцька вядзе рэй у Антынатаўскім камітэце... Гэты... як яго?.. Кудыка... зьбірае мітынгі з патрабаваньнем надаць Акадэміі навук імя любімага Прэзыдэнта.

Слухаючы калегу, палкоўнік пачухаў сьвярблівы шнар на шчацэ, памацаў скрутак паперы, што тырчаў з тубуса, і, падняўшы трубку нутранога тэлефона, каротка загадаў:

- Трэцюю тэчку на стол!

 

Важкая тэчка з мэталёвай лічбай «3» на вокладцы зьмяшчала дасье на галоўных апазыцыянэраў.

Хаця лейтэнант Надгайны - так звалі русявага маладзёна - чытаў дасье бадзёрым голасам, палкоўнік слухаў ня надта ўважліва і толькі калі лейтэнант дайшоў да Вячаслава Забелы - інжынэра-праграміста з завода імя Манілава, рыпнуў крэслам і зяхліва запытаў:

- А на якія сродкі ён жыве, гэты Забела?

- У вольны ад працы час прадае кантрабандныя запалкі, - гукнуў лейтэнант, выпетрыўшы з палкоўніцкай галавы рэшткі дрымоты.

- Інжынэр Забела прадае запалкі... Сорамна, бацюхна! - зь ленінскай картавінкай прамовіў палкоўнік, пасьля чаго ўжо сур'ёзным голасам прабурчаў: - Далей.

Ганчарык Аляксей Пятровіч. Сябар ПЭН-цэнтру. Аўтар пятнаццаці празаічных кніжак, напісаных з варожых славянскаму сьвету пазыцый.

- Гэта ня той Ганчарык, што гандлюе трусамі на Камароўцы? - ускінуў брыво палкоўнік.

- Той самы, - працадзіў прадстаўнік Камітэту.

- Вось зь яго і пачнем, - сказаўшы так, палкоўнік пайшоў да тэлефону, хвілін пяць даваў розныя распараджэньні, потым дастаў з сэйфу пачатую пляшку каньяку, наліў сабе і камітэтчыку, сьпехам кульнуў чарку і, падхапіўшы тубус, адрыгнуў каньячным духам: - Едзем у друкарню!

 

ІІ

 

- Іван! Чуеш? Грошай няма ні капейкі, - рыпучы жончын голас прабіўся пад коўдру, нэрвовым сьвербам прайшоўся па скуры. - Ганчарык на Камароўцы сядзіць. Шабуня кашы пляце, а гэты лежні правіць. Думае, я яго карміць буду! - гукнула жонка, бразнула ўваходнымі дзьвярыма, і Іван вытыркнуў галаву з-пад коўдры.

Зыркая яснасьць адбірала зрок; вочы міжволі заплюшчыліся, і так, з закрытымі вачыма, Іван апусьціў нагу на падлогу. Ён вылазіў з-пад коўдры паволі - як самнамбул, як немаўля з матчынага ўлоньня, як чарвяк з надкусанай папяроўкі. Ну, а даўшы волю мастацкай вобразнасьці, можна сказаць і так: Іван вылазіў з-пад коўдры, як адубелы ад холаду небарака-чмель. (Зрэшты, ранак выдаўся цёплым, нават гарачым, і згадка пра адубелага чмяля не зусім дарэчная.)

Іван насунуў на ногі тэпці, пайшоў на кухню, доўга піў нагбом цеплаватую ваду з чайніка, потым убіўся ў прыбіральню, гэтак жа доўга выдаляў з нутра вільгаць, а тузануўшы фаянсавую гіру, пабрыў туды, куды і мусіць брысьці пісьменьнік часінай ранішняга одуму - у сваю творчую лябараторыю.

Цяжка (магчыма, нават з вохканьнем) сеў Іван за пісьмовы стол, абхапіў рукамі скроні і з панылай зацятасьцю агледзеў папяровы сьметнік, што ляжаў на стале. Тут, у поўным бязладзьдзі, ляжалі расейска-беларускія і беларуска-расейскія слоўнікі, старыя газэты, зашмальцаваныя блякноты, бухгальтарскія кнігі, змацаваныя залацістай сашчэпкай старонкі лірычнай навэлы «У Заказельлі днее», лісткі фэналягічнага дзёньніка ды іншы хломазд.

Колькі сябе помніў Іван, на стале ягоным заўсёды панаваў вэрхал. Кожнага ранку, пагаліўшыся і надзеўшы белую кашулю, ён сядаў за стол, ссоўваў убок папяровы сьметнік і, падрыхтаваўшы такім чынам пляцдарм дзеля творчага парыву, натхнёна рыпаў старым «паркерам».

Вэрхал, які панаваў у лябараторыі, ня толькі не раздражняў, але і ствараў своеасаблівую працоўную атмасфэру. Сёньня ж уся гэтая папяровая брыда цьвяліла нэрвы й нараджала палкае жаданьне ўзяць яе ў ахапак і выкінуць у сьмецьцеправод. Падуладны такому жаданьню, Іван крэкнуў (магчыма, нават пукнуў), раскрыліў рукі, каб прыбраць з вачэй хломазд, ды нечакана абмяк і зноўку абхапіў далонямі скроні.

 

За апошнія пяць, ці нават болей, гадоў у Івана нічога не выдавалася. Пісаць не было сэнсу, і ўсё ж такі нейкая неадольная сіла цягнула яго да стала, і ён пэцкаў неразборлівымі радкамі старонкі бухгальтарскіх кніг, сям-там прарываючы ў творчым запале лядашчую паперу. Іван пісаў аўтабіяграфічны раман. Сьпісана было восем гросбухаў (іх прыносіла з працы жонка-бухгальтарка), а жыцьцяпіс толькі-толькі наблізіўся да таго моманту, калі малады герой, памацаўшы мокры ад матчынай сьлязы штрыфель пільчака, выправіўся з роднага хутара ў шырокі сьвет.

Звычайна Іван пісаў да абеду, а па абедзе ішоў у адведкі да сяброў, такіх жа безграшовых і зьнявераных у жыцьці літаратараў. Нейкім дзіўным чынам яны знаходзілі грошы, куплялі таннага віна і ўчынялі сяброўскія бяседы - ці то ў парку (калі дазваляла надвор'е), ці то ў рэдакцыі часопісу «Славянская румка».

Была ў Івана і норма спажываньня «мармытухі»: чатыры паўлітровых пляшкі. Выпіўшы болей, ён шалеў: чапляўся да жанок, лаяў кіраўніцтва СП, а то, дастаўшы з нутраной кішэні пакамечаныя лісткі, уголас чытаў урыўкі з аўтабіяграфічнага рамана. Пасьля такіх гулянак у Івана балела галава, уваччу мільгацелі чорныя мятлікі, і ачмурэлая ад перагару Муза кожнага разу вылятала з творчай лябараторыі праз адчыненую фортку. У такія хвіліны Іван мераў дробным крокам лябараторыю, здушана аддзімаўся, а прайшоўшы разоў дваццаць ад пісьмовага стала да дзьвярэй і наадварот, паціраў рукі і нясьмела, па-кашэчы насьцярожліва, падыходзіў да кніжнай шафы. Там, на сярэдняй паліцы, стаялі радком усе пяць Ягоных кніжак. Дрогкая рука выцягвала самую тоўстую, з залатымі літарамі «Выбранае» на карэньчыку, пальцы мітусьліва гарталі старонкі, і масьляністыя вочы сьлізгалі па знаёмых радках.

- Магу... магу... - шаптаў Іван, чытаючы ўласныя, немаведама калі напісаныя тэксты, і свавольніца Муза, паблукаўшы па навакольлі, лёгкім ветрыкам залятала ў пакой.

Гэтым разам хадзіць па лябараторыі не было сіл: ён проста сядзеў, абхапіўшы рукамі голаў і невідушча глядзеў на падрапаны край стала.

Стол, дарэчы сказаць, займаў добрую траціну пакою, быў куплены гадоў пятнаццаць назад ва ўдавы аднаго клясыка і, падобна, захоўваў у сваім нутры думкі былога гаспадара. Нездарма ж першы напісаны за ім твор - аповед «Маня з Заказельля» - сюжэтна нагадваў апошні раман памерлага клясыка. Вось і цяпер, пазіраючы на завілыя драпіны, Іван згадаў героя таго рамана - калгаснага мэханізатара Сьцёпку, які, пакахаўшы бібліятэкарку Клаву, кінуўся зь сякерай на цяжарную жонку. Уваччу - дарэшты выяўна - паўстаў Сьцёпка-мэханізатар зь сякерай у руках, увушшу - таксама выяўна - прагучаў жончын голас: - Думае, я яго карміць буду! - і Іван, каб разагнаць чмуру, ускудлаціў валасы на скронях.

Словы, сказаныя жонкаю паўгадзіны таму, пазбавілі ня толькі творчага натхненьня, але й душэўнай раўнавагі. Душа Іванава ўжо даўно абмірала ў прадчуваньні такіх слоў, і вось яны былі сказаны...

Трэба было штосьці рабіць, шукаць нейкую працу. Пагатоў, многія літаратары ўжо даўно недзе ўладкаваліся, зарабляючы на хлеб з тонкім слоем «Рамы». Паэт Мінковіч падаўся ў начныя вартаўнікі, эсэіст Анкуда зьехаў у родную вёску і гадаваў там трусоў, драматург Шабуня плёў кашы, а празаік Ганчарык - заўзяты весялун і залётнік - гандляваў на Камароўскім рынку ці то шкарпэткамі, ці то бюстгальтарамі, ці то яшчэ нейкай халерай.

Апошняе прозьвішча захрасла ў мазгах, і Іван прыгадаў, як летась весялун і залётнік прапанаваў яму ўключыцца ў базарны бізнэс. Тады ён толькі рагатнуў у адказ, а цяпер, успомніўшы тую размову, падняўся на ногі і засяроджана пачухаў патыліцу.

 

ІІІ

 

На выцьвілым небе не было ні аблачынкі, і сонца паліла як не ў сабе. Пакуль Іван датупаў да Камароўкі, мазгі амаль што расталі, і кропля ядранага поту сьвярбліва каціліся па драбах.

Адразу ж ля брамаў яго падхапіў людзкі натоўп, сьціснуў з усіх чатырох бакоў, пацягнуў за сабой у напрамку павільёна «Насеньне». Абышоўшы два разы вакол павільёна, даверху завешанага скуранымі курткамі, і зразумеўшы, што базарны бізнэс - гэта не для яго, Іван памкнуўся да выхаду і пачуў, як недзе непадалёку пакрыўджана загарлала кабета:

- А чыво эта вы са мной па-беларускі разгаварваеце?

Давялося стаць на дыбкі, выцягнуць шыю.

- Купіла трусы мужыку... палез у ваду і краска ў с... уелася. Нічым не адмыць, - галёкала кабета, махаючы ў паветры чырвона-зялёнымі трусамі.

Ганчарык - а лаяліся, вядома ж, на яго - хваравіта крывіўся, змучана аддзімаўся і, мяркуючы па ўсім, ня ведаў, што адказаць кабеце, якая патрабавала вярнуць ёй сорак мільёнаў. Магчыма, Ганчарык і вярнуў бы грошы, ды тут яго падтрымала маладая гандлярка, што вытыркнулася з-за калашыньня разьвешаных штаноў.

- Пемзай пашаруй! - жартам выдала гандлярка, і кабета, забыўшыся на Ганчарыка, накінулася на тую зь лютымі праклёнамі.

Базарная лаянка Івана ня толькі ўразіла, але й занепакоіла. Ён утуліў голаў у плечы, прыгнуўся, каб не патрапіць Ганчарыку на вочы, але калега крутнуў галавой, і яны сутыкнуліся позіркамі.

Ганчарыка сустрэчы ня надта ўзрадавала: калега ўздыхнуў, скасіў вока на сварлівую кабету і, спахапіўшыся, стаў зрываць зь вяроўчыны разьвешаныя мэтлахі ды запіхваць у вялізную цыратавую сумку.

- Усё, зь мяне хопіць! - выгукнуў весялун і залётнік, усьпёр напакаваную сумку на голаў, як гэта робяць афрыканскія тубыльцы, і кіўком галавы загадаў Івану ісьці сьледам.

Не згаворваючыся, яны рушылі ў напрамку прадуктовай крамы. Ганчарык за ўсю дарогу не прамовіў ні слова; нават купляючы газэту ў шапіку, моўчкі паказаў пальцам на тыднёвік «Наша Піва», і толькі ля крамных дзьвярэй, дастаўшы з кішэні пачак грошай, коратка запытаў:

- Пішаш?

У адказ Іван неакрэсьлена страсянуў галавой, потым гэтак жа неакрэсьлена кіўнуў і хуценька падаўся ў краму.

 

Лёшку Ганчарыка ў пісьменьніцкім асяродку ня надта любілі. Быў ён творцам таленавітым, амбітным і, да таго ж, церабіў, а то й рэзаў праўду-матку. Калі Ганчарыка пыталіся, што ён думае пра новы раман ці аповед якога-небудзь жывога клясыка, Лёшка заўсёды хмурнеў і прамаўляў ня надта мілагучнае слова (каб чытачы здагадаліся - што гэта за слова, паведамім: яно сугучнае драсёну, Дрысе і Дрысьвятам).

Праўда, была ў Лёшкі й дадатная рыса: калі хто з знаёмцаў прасіў грошай на пахмелку, ён нікому не адмаўляў, а, атрымаўшы буйны ганарар, частаваў братоў-пісакаў на поўную губу.

Частаваў Ганчарык і Йвана. Наліваў гранёную шклянку, абдымаў за плечы і, згадаўшы «Маню з Заказельля» - той самы аповед, у якім трактарыст Трыфан кінуўся з сякерай на абрыдлую цешчу, - прамаўляў сваё ўлюбёнае слоўца. Іван пры гэтым ня мог уцяміць - жартаваў Ганчарык ці казаў усур'ёз; прытоеная крыўда штораз падступала да горла, і даводзілася заганяць яе ў страўнік глытком пякучай гарэлкі.

 

... Стоячы ў чарзе, Іван пералічыў грошы, і старая крыўда зварухнулася на дне страўніка. «Я ў падзёртых штанах хаджу, а ў гэтага прайдзісьвета па мільярду ў кожнай кішэні», - бязгучна прабубнеў Іван і, кіўнуўшы прадаўшчыцы, цяпер ужо ўголас прамармытаў:

- Тры віна і слоік салянкі.

 

ІV

 

Жлукціць такою парою віно можна было толькі ў адным месцы: ля рэчкі. Туды яны і скіравалі.

Людзей на рэчцы было аж занадта. Сам бераг апанавала дзятва - віскат стаяў неверагодны, крыху зводдаль усё было застаўлена машынамі, на вузкай лугавіне ўпокат ляжалі тлустыя цёткі, падставіўшы сонцу свае неабдымныя жываты, і пісьменьнікі, паблукаўшы, знайшлі сабе месца пад гонкай бярэзінай, якая, аднак, амаль не давала ценю.

Пакуль Іван адкрываў салянку і адкаркоўваў пляшку, напарнік, сьпехам распрануўшыся, пабег да вады. Ганчарык любіў купацца - мог адседзець у вадзе цэлую гадзіну, Іван гэта ведаў, а таму, нюхнуўшы счарнелую салянку, устурбавана зірнуў з-пад рукі на тлумны бераг.

Калега вярнуўся хвілін празь пяць - задыханы і задаволены.

- Давай і ты... адразу палягчэе, - бадзёра гукнуў Ганчарык, казелячы вочы на кабету, што загарала непадалёку.

Іван адмахнуўся ад такой прапановы, напоўніў шклянку - у бяздоннай ганчарыкаўскай сумцы знайшліся і сьцізорык, і відэлец, і шклянка - і натхнёна пацёр далоні:

- Паехалі!

Першую пляшку адолелі моўчкі, Іван адкаркаваў другую і, упіхнуўшы ў рот жмутак асьлізлай салянкі, у сваю чаргу запытаў:

- А ты... пішаш што-небудзь?

Калега зірнуў на кабету, і тая, адчуўшы мужчынскі пагляд, зьняла з носа лісьцік трыпутніку і падабрала пукаты жывот. Ганчарык нічога не адказаў, выцягнуў з сумкі «Наша Піва», а разам зь ёю яшчэ адну газэту - «Лубянскі набат».

- Во ё... кіяскёрка не дагледзела - упёрла, - уражана мацюкнуўся весялун і залётнік, узяў «Лубянскі набат» двума пальцамі - нібыта гэта была здохлая вужака - і кінуў Івану: - Зрабі сабе капялюш, а то галава ўгрэецца.

Іван садраў корак з трэцяй пляшкі, наваліўся плечукамі на сумку, разгарнуў газэту. Без асаблівай увагі прачытаў развагі прафэсара Кракадзілава пра натаўскіх людажэраў, потым пераключыўся на артыкул літаратуразнаўцы Лява Бердашкевіча аб крывавых оргіях, што ўчыняюцца ва ўправе ПЭН-цэнтра, потым пазяхнуў і памацаў угрэтую макаўку. «І сапраўды - трэба зрабіць які каптур», - з гэткаю думкаю Іван склаў газэту ў дзьве столкі і паскроб няголенае падбародзьдзе. Апошні раз ён займаўся такой справай гадоў трыццаць таму і адразу ня мог уцяміць - куды якія канцы загінаць. Як бы там ні было, а нейкую падабізну каптура ён усё ж такі зьляпіў і нацубіў на самыя вочы.

Не пасьпеў Іван зьмежыць павекі, як слых напоўніўся набатным звонам. Званы гулі недзе далёка, ці не за рэчкай. Неўзабаве набат стаў мацнець і ўраз рабіцца ўсё больш адрывістым і бразгатлівым. Стваралася ўражаньне, што нехта зацята біў чымсьці жалезным у падвешаную рэйку. Іван разьмежыў павекі, страсянуў галавою. Сон, здавалася, доўжыўся кароткую хвілю, а Ганчарык між тым ужо сядзеў ля кабеты, і цёплы ветрык даносіў да вушэй абрыўкі фраз:

- Што ж вы... такая элегантная... і адна?

Рука міжволі пацягнулася да пляшкі, Іван зрабіў ладны глык - ажнуль закашляўся - і зноў наваліўся на сумку. Нейкая хваравітая стома авалодала целам і Івану падалося, што ён плыве ў пругкім паветры, не даючы рады паварушыць ні рукой, ні нагой. Дзесьці зноў ударылі ў рэйку; удары сталі сыпацца ўсё часьцей і часьцей, аж пакуль не ператварыліся ў ляскат танкавых гусеніц. І вось, на тле злавеснага ляскату, прагучаў суворы і крыху надтрэснуты голас:

- Натаўскія бранятанкавыя армады ўжо гатовыя былі рынуцца на ўсход, каб расьціснуць сваімі тракамі славянскіх дзяцей і жанок, ды на іхнай дарозе грознай скалой паўстаў Абаронца Ўсіх Славянаў...

Гэта быў ня сон, а нейкае трызьненьне. Надтрэснуты голас слова ў слова паўтараў надрукаваны ў газэце артыкул, і ў Івана ад такой праявы - ён адчуў гэта - варушыліся і выпростваліся мазгавыя зьвіліны, халодным сьвербам працінаючы ўгрэты голаў. Ён паспрабаваў растуліць павекі і раптам убачыў Абаронцу Ўсіх Славянаў. Убачыў не ўсяго яго, а толькі перапэцканыя ў гліну гумовікі ды калашыньне картовых штаноў. Абаронца быў такім магутным і велічным, што, пачынаючы ад крысься балоньневай курткі, хаваўся ў шэрых аблоках. Надтрэснуты голас яшчэ сьвідраваў левае вуха, але Іван ужо нічога ня чуў. Ён зачаравана глядзеў угору, і духі яму займала ад велічы Славянскага Волата.

- Вось хто верне нам нашыя ганарары! - маліцьвенна прашаптаў Іван, і ў той жа міг цела ягонае набыло важкасьць і апусьцілася на зямлю.

- ... А гэта так званыя пэнцэнтраўцы - агенты ЦРУ і Масаду, - прагучала цяпер ужо ля правага вуха, і міма Івана з капытлівым грукатам прабегла гурба нейкіх мярзотнікаў.

Першы зь іх бег, махаючы, па прыкладу трактарыста Трыфана, крывавай сякерай, другі цягнуў на карку вялізны мех - праўдападобна, з далярамі, трэці валок на плячы шыбеніцу, а чацьверты - маленькі і лысаваты - пёр супрацьтанкавую базуку амэрыканскай вытворчасьці. Твараў Іван не разгледзеў, але першы - той, што махаў сякераю - нагадваў Ганчарыка, а апошні - маленькі і лысаваты - быў выліты Шабуня.

- Агенты ЦРУ і Масаду пусьцілі атрутным карані на нашай літаратурнай ніве. Агенты носяць славянскія імёны, але мы ведаем: у ПЭН-цэнтры, як і ў іншых антыславянскіх цэнтрах, угнязьдзіліся выключна адны жы...

- Ды-ы... - выгукнуў Іван і ачуўся.

Сонца сьляпіла вочы, у галаве шумела, і Іван напачатку ніяк ня мог даўмецца: дзе ён і што зь ім. І толькі намацаўшы бутэльку, канчаткова пазбыўся чмуры.

Ля берага вішчэла дзятва, непадалёку покаў мячык - нейкія хлопцы гулялі ў валейбол, а Ганчарык, седзячы на кукішках, штосьці казаў кабеце, і па ягонай натхнёнай паставе можна было зразумець: калега чытаў вершы.

Дзіўнае насланьнё ўбілася ў сьвядомасьць. Івану падалося, што нехта неадрыўна глядзіць яму ў сьпіну, хтосьці сочыць за ім, і ад таго позірку душа сьцялася і балюча заныла, нібыта па ёй прайшліся наждачкай. І яшчэ адна непрыемнасьць напаткала Івана: у нетрах успушанага жывата штосьці абарвалася, пералілося з аднае кішкі ў другую і азвалася раскоцістым бурчэньнем. У жываце ўзбунтавалася салянка.

Да бліжэйшых кустоў ён бег на паўсагнутых, ірвучы на хаду газэтны каптур, і ўсьлед яму - а можа гэта толькі здавалася - пагрозьліва бухалі чыесьці цяжкія боты.

З кустоў небарака вылез праз паўгадзіны. Расьпешчаны, разьняволены, ён новымі вачыма зірнуў на сьвет, і сьвет адкрыў яму патаемную ісьціну: ва ўсім вінаватыя жыды і нацыяналісты.

Лагодная, дагэтуль нечуваная цеплыня разьлілася ніжэй сьпіны. Іван памацаў азадак і толькі тады зразумеў, што гэтае цяпло спарадзіла бацькоўская турбота аб ім Абаронцы Ўсіх Славянаў.

Цяпло рабілася ўсё больш адчувальным. Яшчэ хвіліна - і кезаўку прыпякло так, нібыта ў яе ўпіхнулі распалены літавальнік. Іван брыкліва падскочыў і, ратуючыся ад гарачай турботы, пабег да вады. Па дарозе ён зьбіў з ног дзіцёнка, наступіў на голаў той самай кабеце, якой Ганчарык прагнай пяцярнёй рабіў масаж сьцёгнаў і, зьняўшы штаны разам з трусамі, з усяго маху плюхнуўся ў раку.

Тым часам у цёмна-зялёным «мэрсе», што стаяў непадалёку, апусьцілі бакавое шкло, і ў прыцемнай пройме бліснулі шкельцы бінокля.

- Што гэта зь ім? - незадаволена выдыхнуў вастраносы тыпус, мацаючы ліловы шнар на левай шчацэ.

Другі тыпус, які сядзеў ззаду, таксама зірнуў у бінокаль, сплюнуў на пясок агідную жуйку і яшчэ больш незадаволена працадзіў:

- The paper contains under forty per cent cayenne.*

* Папера ўтрымлівае да сарака адсоткаў чырвонага каенскага перцу (анг.).

 

Эпілёг

 

Праз два дні Іван прынёс у рэдакцыю «Лубянскага набату» вялікі артыкул аб жыда-масонах, што атабарыліся ў Cаюзе пісьменьнікаў. Рэдактар - сівагаловы мужчына са значком Дзяржынскага на штрыфлі пакамечанага пінжака - прабег вачыма дробна сьпісаныя старонкі, ухвальна кіўнуў і параіў напоўніць зьмест канкрэтнымі фактамі. Рэдактар выцягнуў з сэйфа тэчку з апэратыўнымі матэрыяламі на сябра СП Ганчарыка, паклаў перад Іванам і, натхняючы на плённую працу, ляпнуў па сьпіне.

Наступны артыкул Іван прысьвяціў драматургу Шабуню, які, як высьветлілася, плёў ня толькі кашы, але й інтрыгі супроць Абаронцы Ўсіх Славянаў. Потым былі артыкулы пра паэта Мінковіча і эсэіста Анкуду, потым, па рэдакцыйнай замове, Іван напісаў выкрывальніцкі аповед пра вядомую варагіню славянства Валерыю Старадворскую, за які атрымаў прэмію Ўсясьветнага Славянскага Камітэту «Чыгунны Віцязь».

Вяртаючыся з чыгунным віцязем дахаты, Іван увесь час азіраўся. Яму здавалася, што варагіня славянства ідзе за ім сьледам, а калі ўбіўся ў творчую лябараторыю, дык убачыў у вакне тую самую Старадворскую. Агентка ЦРУ і Масаду сядзела на бальконных парэнчах і з нахабным выглядам паліла папяросу. Іван здрыгануўся, шпурнуў у вакно чыгуннага балвана і зь лямантам, дарэшты заглушаным звонам разьбітага шкла, выбег на вуліцу...

 

Увечары таго дня небараку бачылі на ганку Галоўнай Адміністрацыі: ён біўся з ахоўнікамі, спрабуючы прайсьці ў будынак. Па сьведчаньні відавочцаў, неўзабаве Іван быў дастаўлены спачатку ў спэцразьмеркавальнік на Ахрысьціна, потым у прыймовы пакой Старынкаўскай бальніцы, нарэшце, ва ўтульны габінэт лейтэнанта Надгайнага. Там яму былі зроблены ін'екцыя трыяксазыну і цікавая прапанова: ачоліць Аргкамітэт па стварэньні Саюза Патрыятычных Славянскіх пісьменьнікаў, які павінен згуртаваць у сваіх шыхтах усе здаровыя пісьменьніцкія сілы. Падумаўшы хвіліну, Іван змахнуў са шчакі няпрошаную сьлязіну, пацалаваў камсамольскі значок на лейтэнантавым мундуры і моўчкі кіўнуў галавой на знак згоды.


2000-2007?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая