epub
 
падключыць
слоўнікі

Вінцэсь Мудроў

Рыбалка ў Бычках

I

 

- У эфіры - нядзельны канцэрт-віншаваньне «Жадаю вам». Васемсот семдзесят дзевяты выпуск, - паведаміў урачысты барытон і Макар канчаткова абудзіўся. Галава балела да божай моцы. Стваралася ўражаньне, што ўнутры яе, па мазгавых зьвілінах, казытліва поўзалі мухі. У роце было як насцана, а да горла, намагаючыся выйсьці на-гара, падступаў халодны камяк млосьці. Выгаліўшы вочы, Макар каўтнуў даўкую сьліну, камяк адступіў, праваліўся на дно страўніка і растаў там, агідным халадком адбіўшыся пад дыхніцай.

- Больш як сорак гадоў адрабіла наша матуля ў родным калгасе. За гэты час яна выгадавала траіх дзяцей, неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі праўленьня калгаса, - гукаў аднаканальны «Сож» і кожны зык, што далятаў да вушэй, балюча калоў у скроні.

Макар войкнуў, намацаў пад ложкам чаравік, пусьціў яго ў «мацюгальнік». Плястмасавая скрынка на момант аціхла, сарвалася з цьвіка, але на падлогу ня ўпала - павісла на шнуры, які лучыў яе з разэткай.

- Для вас, Фядора Пятроўна, а таксама для Антаніны Іванаўны Задзярыпук з Брэстчыны перадаём рускую народную песьню «Качанё лугавое».

Змагацца з «мацюгальнікам» не было ніякіх сіл, а між тым уедлівыя галасы выварочвалі душу, пахмельная душа бунтавала, рука шнарыла пад ложкам, шукаючы другі чаравік і калі той быў, нарэшце, знойдзены, на плячук Макаравы лёг сонечны прамень і цёплам дотыкам сваім супакоіў бунтоўную душу.

 

...Учарашні дзень выдаўся дарэшты мітусьлівым.

Ад самага ранку, прыхапіўшы скрыню гарэлкі, яны паехалі са Сьцепуком на чурылаўскую пільню. Патрэбнага чалавека на пільні не было, зьявіўся ён па абедзе, а таму заладаваліся толькі а пятай гадзіне, і да лецішча пад'ехалі на зьмярканьні. Рабацягі той парой ужо разышліся і давялося ўдвох разгружаць машыну, цягаючы дошкі ў падвал генэральскай дачы. А празь дзьве гадзіны, калі яны сьцягвалі з кодабу апошні аполак, на пляцоўку перад домам выехаў прапылены «Ўрал» зь літарамі «МА» на дзьверцах. Машына была даверху наладавана шынялямі ды валёнкамі.

- Праверка едзе... трэба прыхаваць, - гукнуў з кабінкі прапар Базыль, якому яны будавалі лецішча непадалёку.

Аддзьмуўшыся, сталі цягаць майно ў недабудаваны гараж, потым, страшэнна стамлёныя, пілі прывезенае прапарам «Амарэці» і скончылі піць апоўначы, калі Сьцяпук, голасна ікнуўшы, панурыўся галавою ў кучу габлюшак.

- ...А зараз віншаваньні сямідзесяцігадовым юбілярам...

У калідоры скрыгатнуў ключ, рыпнулі дзьверы, стоена бразнулі малочныя бутэлькі. Гэта маці вярнулася з крамы.

Кожную нядзелю было адно і тое ж: пахмельная замарач, сямідзесяцігадовыя юбіляры, бразгат малочных бутэлек уперамешку з матчыным буркатаньнем і зыркае сьвятло, што лезла, працінаючы жоўтыя шторы, ня толькі ў вочы, але і ў душу. Атрутная жоўць выцягвала духі, а між тым вочы праглі васільковага неба, вазёрнага блакіту; душа прагла спачыну й Макар, падумаўшы - ці ня зьезьдзіць яму да дзядзькі, з вохканьнем падняўся на ногі.

Увесь час, пакуль ён піў кампот з рандолі, маці стаяла пасярод кухні, з маўклівым дакорам хітала галавою. Чакала, відаць, што сын скажа нешта ў сваё апраўданьне, а калі сын выцер вусны, плаксіва прашаптала:

- Ужо і рукі трасуцца...

У прыбіральні Макара хітнула, ён схапіўся рукой за трубу й доўга глядзеў пад ногі, дзівуючыся таму аб'ёму вадкасьці, што назапасілася ў мачавым пузыры.

- Дома будзеш, ці пойдзеш куды? - запыталася маці, калі сын выкуліўся з прыбіральні.

Макар зайшоў у спальню, зірнуў пад ложак, шукаючы штаны і, не ўздымаючы вачэй, працэдзіў:

- Да дзядзькі паеду.

Як на здаровую галаву, дык ён бы падумаў, перш чым сказаць такое, а тут ляпнуў, прыкусіў язык, ды было позна. Маці схамянулася, паправіла на галаве хусьцінку, усё тым жа плаксівым голасам прасьпявала:

- Мака-арка... Ты ж гэтага вазьмі-і...

«Гэтым» маці называла свайго зяця.

- Ат! - адмахнуўся Макар, падымаючыся на ногі, - хай зь ім Тамарка разьбіраецца. У мяне сваіх турбот...

- Вазьмі, - перабіла маці, - год прашу... хоць бы раз матку ўважыў.

Слухаць усё гэта, ды яшчэ з бадуна, было сьмерці падобна. Таму Макар сьпехам насунуў спартовыя шаравары - нагавіцы, у якіх быў учора, некуды зьніклі, - паклаў у кішэню пару тысячаў і, перакрывіўшыся ад бразгату вядра ў прыбіральні й матчынай зьвягі: «Ізноў засцаў падлогу!» - рушыў на вуліцу.

Ліпеньскім ранкам, калі сонца пячэ як мае быць, калі ўваччу пырхаюць чорныя мятлікі, а сэрца працуе на халастых абаротах - самы раз памерці. Трэба толькі сысьці з ходніку, паваліцца на колкую траву пад таполяй і-і... - бывай, душа! Ляці ў іншы сьвет!

Душа адляціць, а ты будзеш ляжаць - нерухомы, з задзёртай калашыной, і калі цень ад таполі перапаўзе зь сіняй лыткі да загарэлага плеху, на ходніку спыніцца сухарлявая бабуля. Бабуля стане на дыбкі, заклапочана страсяне пустой сумкай, а каржакаваты, зьлёгку падпіты дзядзька, які будзе ісьці міма, сіпла зазначыць:

- Зараз мянты абудзяць.

«Мянты» зьявяцца адвячоркам, калі памутнелае сонца схаваецца за дахам суседняга дома. Малады міліцыянт рашуча схопіцца за сінюю лытку, потым адхінецца, зачапіўшыся фуражкай за вецьце. Вакол дрэва пачнуць зьбірацца людзі, і чырвонатвары сяржант, нядобра зырнуўшы на натоўп, кароткім мацюгом канстатуе:

- Канец.

Быў момант, калі Макар ужо зьбіраўся паваліцца пад куст, бо сьвет хітнуўся ў вачох і слых напоўніўся замарачным шумам, але, угледзеўшы пасярод небясьпечна нахіленай вуліцы двух хлопцаў з піўнымі торбамі, роспачна крыкнуў:

- Дзе даюць?!

- У «камсе»! - адказалі хлопцы й Макар, змахнуўшы ліпкі пот з лоба, зразумеў: ад сьмерці яго можа ўратаваць глыток халоднага піва.

У двары ўнівэрмага «Камсамольскі» было як ніколі шматлюдна. Рабацягі з навакольных дамоў (усе скрозь у лінялых «спарціўках»); вайсковыя пэнсіянэры (у тэпцях на голую нагу і ў пакамечаных капронавых капелюшах); хлопцы-пэтэвушнікі (іхныя стрыжаныя патыліцы прыкметна вылучаліся на тле загарэлых лысін) і, нарэшце, мясцовыя алкашы (з тварамі, такімі ж шэрымі, як хлапечыя патыліцы і такімі ж пакамечанымі, як капелюшы) шчыльным кальцом атачалі піўную бочку. У паветры пахла нейкай брыдой - ці то прэлымі шкарпэткамі, ці то кашэчымі сцакамі, і ад таго паху ў прадоньні Макаравай душы зварухнулася сьвярблівае жаданьне - шпурнуць у натоўп гранату, ці, у крайнім выпадку, заехаць якому алкашу кулаком між вачэй. Жаданьне было такім палкім, што Макар скрыгатнуў зубамі і пацёр параносьсе, згадваючы - куды ён падзеў падораную прапаршчыкам Базылём "лімонку" Ф-2, а суняўшы шал, выцягнуў шыю і пашукаў у натоўпе сяброў.

Натоўп бязладна гаманіў, варушыўся і дзесьці ў самых нетрах ягоных чуўся прарэзьлівы голас алькагалічкі Нінкі-Пятлюры.

- Ніна! - крыкнуў Макар, склаўшы рупарам далоні, але тая, да каго ён зьвяртаўся, не пачула.

Краем вока Макар згледзеў у канцы двара драцяную скрыню, на якой сядзеў сівы дзядок і, падышоўшы да старога, падняў таго за плечы.

- Нінка, йо..! - крыкнуў Макар другім разам, глянуўшы на натоўп з вышыні драцяной скрыні і Нінка, міргнуўшы падбітым вокам, незадаволена адгукнулася:

- Ну шчо тобі?

Макар мацюкнуўся, дэманструючы недарэчнасьць такога пытаньня й разьвёў рукамі.

У нетрах таўпені захваляваліся. Хтосьці здушана войкнуў, зь нечай лысай галавы зьляцеў капялюш, і Нінка, віскнуўшы, як цыркулярка, скаланула абшар гаўклівым воклічам:

- Што ты став, як хер моржовы?! Грошы давай.

Паперка з чырвоным зубрам паплыла над галовамі, Макар праводзіў яе ўстрывожаным позіркам, нэрвовай хадою прайшоўся ў бок унівэрмагу, сьцепанаючыся ад кожнага мацюга, што вырываўся з натоўпу. Мацюгі тыя з кожнай хвіляй рабіліся ўсё больш рашучымі й гістэрычнымі.

- Ну куды, куды лезеш хахляра?!

- Заткні ляпу, йіврэй!

Пасьля такога дыялёгу з лысай галавы ізноў зьляцеў капялюш, уладальнік капелюша тузануўся, штосьці крыкнуў, але, атрымаўшы пустой поліэтыленавай каністрай па лобе, суціх і зьнік зь відавоку.

Нінка вылезла з натоўпу хвілін празь пяць. Трымаючы на ўзьнятых руках торбу з півам, яна ніяк не магла супакоіцца й мацюкалася, пасылаючы праклёны паўзьверх людзкіх галоў. Каб суняць мацюкальніцу, Макар піхнуў ёй у рот цыгарэту, пстрыкнуў запальнічкай, але й захлынуўшыся дымам, Нінка не супакойвалася і сіплым голасам абяцала начысьціць рэпу «старому йіврэю».

Торба была паўнюткай - піва халадзіла руку, варушылася на далоні. Уеўшыся зубамі ў поліэтылен, Макар цэдзіў гаючы напой, не пераводзячы дыху. Піва лілося ў нос, залівала вушы і калі б можна было патануць у ім, пахмельны пакутнік зрабіў бы гэта зь вялікай ахвотай. Заглынуўшы добрых тры літры, вернуты да жыцьця пакутнік плюхнуўся на драцяную скрыню, зморана і ўадначас задаволена выдыхнуў:

- Ой, бля-а...

Галава ўмэнт праясьнела, сьвет набыў натуральныя фарбы й Макар, прымружыўшыся, разгледзеў колер трусоў, што віселі на Тамарчыным гаўбцы. Пару хвілін ён ачмурэла глядзеў на чырвона-зялёныя трусы, а сёрбнуўшы з торбы, уголас прашаптаў:

- Можа і сапраўды ўзяць гэтага ёлупня?

Макар падхапіўся на ногі, аддаў торбу з рэштай пітва дзядку, якога кагадзе сагнаў са скрыні, парывістым крокам рушыў па ходніку.

Хоць Тамарка і жыла непадалёку - «хрушчоба» ейная стаяла на другім канцы вуліцы, - бываць у сястры даводзілася рэдка. Сёлета, прыкладам, толькі раз і заходзіў, калі сястра папрасіла павесіць дыван на сьценку. І то, перад тым, як прыйсьці, пяць разоў перапытаў - ці будзе мужык дома? Не хацеў са шваграм сустракацца, бо паміж імі, яшчэ за даўнім часам, прабегла, узьняўшы хваста, чорная кошка. Шыбуючы па ходніку, Макар прымружыў левае вока, зварухнуў - спачатку вуснамі, потым пальцамі, - а налічыўшы сямнаццаць гадоў, уражана пачухаў падбародзьдзе.

 

Дажджыстым лістападам, адседзеўшы тыдзень на гарнізоннай «губе», Макар ехаў пасьля службы дахаты. І ехаў не адзін, а з сябруком - Васькам Замундаліным.

Прымасьціўшыся на скрыні для сьмецьця - якраз насупраць вагоннай прыбіральні, - сябры пілі нагбом агіднае літоўскае «чарніла», смалілі пяршывыя цыгарэты й нахабнымі вачыма паглядалі на дзяўчын, якія сноўдалі па вагону. Дзяўчынам карцела зайсьці ў прыбіральню, але, пабачыўшы падпітых дэмбелюкоў, яны паварочвалі назад, альбо ішлі ў іншы вагон.

- Нішця-ак... яшчэ сюды вернемся... - мармытаў паміж зацяжкамі туляк Васька Замундалін, мацаючы шнар на верхняй губе.

Губу Ваську разьбілі лабусы. На кастрычніцкія сьвяты сябры зьбеглі ў самаволку: туляк хацеў набыць перад дэмобай газавую запальнічку, а Макар - падарунак сястры, якая выходзіла замуж. Паблукаўшы па горадзе, дружбакі зазірнулі ў піўніцу, выпілі па чатыры кухлі густога біржайскага піва, пабіліся з лабусамі, а калі, сплёўваючы крывавую пену з губы, завярнулі ў цёмны кут і сталі паліваць касьцельны мур, за сьпінамі іхнымі ўжо стаяў вайсковы патруль.

Сядзеньне на гаўптвахце, ды яшчэ прыканцы службы, пякло азадак і даставала вантробы. Да таго ж Макара чакалі на сестрыным вясельлі, таму давялося прасіць канваіра, каб той адбіў тэлеграму: «Затрымліваюся на манэўрах».

Туляку адседка таксама далася ў знакі. Вярнуўшыся пасьля «губы» ў казарму, ён не знайшоў у тумбачцы дэмбельскага альбома. Апытаўшы салаг, Васька ляпнуў кулаком па далоні і паабяцаўшы замачыць ня толькі шаўляйскіх лабусаў, але й адэсіта Базылевіча. Базылевічава тумбачка стаяла поруч з Васьчыным ложкам, таму туляк і вырашыў, што гэта адэсіт прыхапіў альбом, калі зьяжджаў дахаты. У наступныя дні Васька зблажэў, зьехаў з твару і раз-пораз пырскаў сьлінай, абяцаючы ўтапіць хахляру Базылевіча ў Чорным моры...

На станцыі Даўгаўпілс сябрукі ўзялі на апошнія грошы дзьве пляшкі піва, пагаманілі з грудастай правадніцай, надрапалі на вагоннай сьцяне запаветныя літары «ДМБ-76» і праз паўгадзіны ўжо спалі, наваліўшыся на вагонны столік і бязвольна матляючы стрыжанымі галовамі.

Позьнім вечарам грудастая правадніца стала трэсьці Макара за плячук, Макар пускаў сьліну, штосьці мармытаў спрасонку і абудзіўся толькі тады, калі ў суседнім купэ грукнулі кірзачы й нейкі дзяцюк жартам галёкнуў:

- Рота-а, пад'ём!

Макар зірнуў у вакно, убачыў за мокрай шыбай будынак віцебскага вакзала і адчайным позехам вітаў родную зямлю.

Ён хацеў сыйсці ціха, не абудзіўшы сябра, але ў апошні момант перадумаў - ляпнуў Ваську па карку.

Яны выйшлі на пэрон, выпалілі па цыгарэце й Макар, каторым ужо разам, прапанаваў сябру паехаць зь ім у Азярышча.

- Гульнём на вясельлі, гарэлкі вып'ем, зь дзеўкамі пазнаёмімся, - казаў Макар, туляк мармытаў штосьці пра адсутнасьць грошаў, але, пачуўшы, што ў Макара ў Віцебску жыве аднакашнік, у якога можна апахмяліцца, сплюнуў густую сьліну і пабег у вагон за рэчторбай.

Аднакашнік, Толік Манькін, жыў на Маркаўшчыне, у шматсямейным інтэрнаце. Дабраліся туды проці ночы, доўга блукалі па цёмных калідорах ды чыркалі запалкамі, выглядаючы нумары на дзьвярох, а калі, нарэшце, знайшлі патрэбную кватэру, туляк нясьмела прамармытаў:

- А можа ня варта? Позна ўжо.

Але Макар націснуў на званок - раз, потым другі, і ў асьветленай пройме паўстаў Толік - у трусах, у салатавай майцы і з перакрыўленым ад зыркага сьвятла тварам. Аднакашнік доўга мружыўся, чухаў пахвіньне, а пачуўшы зьвяглівы жаночы голас, што прагучаў за сьпінай, азірнуўся і люта рыкнуў:

- Ды змоўкні ты, с-сука!

Тут ужо і Макар пашкадаваў, што прыцёгся да Манькіна, ды нечакана той схамянуўся, з адчаем раскрыліў рукі:

- Макарка! Дэмбельнуўся!

Яны ўбіліся ў цесную кухню, селі ўкол стала, пагаманілі напаўголасу; неўзабаве гаспадар пабег некуды і вярнуўся зь літровым слоікам у руках.

- У Міронаўны ўзяў. Толькі што выгнала, - паведаміў гаспадар, паставіўшы перад гасьцямі слоік з самагонкай.

Пяршак быў яшчэ цёплым, тхнуў карбідам, да таго ж піць давялося прыхапкам, бо Толікава жонка штохвілі грукала ў сьценку і здушана лаялася. Кульнуўшы пару кілішкаў, Макар захмялеў, кінуў на падлогу шынель, расьцягнуўся пасярод кухні, прыціснуўшыся скроньню да газавай пліты. Туляк з Манькіным яшчэ колькі часу гаманілі, потым пачалі дужацца рукамі, скінулі на падлогу слоік з самагонкай і на кухню прыбегла гаспадарава жонка. Прыкусіўшы ніжнюю губу, жонка стала цягаць мужа за валасы, гарлаць: «Заб'ю, п'янтосіна!», але Макар нічога гэтага ня чуў і ня бачыў, панурыўшыся ў цяжкі беспрабудны сон.

Раніцаю трэба было ўставаць а сёмай, каб пасьпець на «дызель», Макар жа прачнуўся а дзевятай - з хворай галавой, з ламотай у касьцях і з рэзьзю на доле жывата. І абудзіла яго гучнае вяканьне, якое далятала з ваннай. Ваську ванітавала і гэта наводзіла на думку, што самагон і сапраўды быў з карбідам. Той хвіляй Макара таксама пацягнула на ваніты, але ён страсянуў галавой, падняўся на ногі і піхнуў хворую галаву пад кран з халоднай вадой.

...Праз тры гадзіны, вылезшы з вагону, Макар з прытоенай радасьцю ўбачыў: на азярышчанскай станцыі нічога не зьмянілася. Усё так жа шумелі на ветры згалелыя таполі, на таполях сядзелі тыя ж самыя гракі, плякат на агароджы («Не ходите по путям!») гэтак жа, як і два гады таму, ляпаў праржавелай бляхай і толькі прыстанцыйная прыбіральня, што стаяла ў канцы пляцформы, рэзала вока новай афарбоўкай. Зь белай прыбіральня ператварылася ў цёмна-брунатную і старыя надпісы на яе сьценах выразна прабіваліся скрозь новую фарбу.

Унутры, аднак, сьцены не фарбавалі. Макар, стаўшы над цёмнай адтулінай, стаў разглядаць колішнія свае малюнкі, ды тут сьвет паплыў уваччу і ён вымушаны быў змахнуць рукавом няпрошаную сьлязіну. Плакаў, зморана аддзімаючыся, і Васька Замундалін: у прыбіральні сьмярдзела хлёркай і смурод гэты праймаў да сьлёз. Не абабіўшы апошніх кропляў, Макар выбег на пляцформу і адразу ж патрапіў у матчыны абдоймы.

- А Макарка ж ты мо-ой... А чаму ж цябе не адпускалі-і... - загаласіла маці і ад таго ляманту ўсхадзіліся гракі на дрэвах, а сябар Васька застыў у дзьвярох прыбіральні, не зашпіліўшы прарэху.

- Кожны дзянёчак да поезду бегаю, - галасіла маці і супакоілася толькі тады, як Макар закрыў ёй твар вушанкаю.

Расьпісвалася сяструха праз паўгадзіны, але ісьці ў загс не выпадала - трэба было памыцца, пераапрануцца і наогул прывесьці сябе ў парадак. Пагатоў на вясельле, як сказала маці, прыехалі сталічныя дзеўкі і мальцы.

- Акуратны, непітушчы... летась інстытут скончыў, - лапатала маці, шыбуючы поруч і пры гэтым запабежліва паглядала ў сынавы вочы - спадзявалася, што ў вачах мільгане спагада.

Макар ішоў па гразкай вуліцы, кіўком галавы падганяў сябра і стоена ўздыхаў. Ён не любіў інтэлігентаў.

Вясельле гралі ў леспрамгасаўскай сталоўцы. Суседка іхная, цётка Дуся, працавала ў леспрамгасе бугальтарам - яна і парупілася пра памяшканьне. Зь цёткай той хлопцы і рушылі ў сталоўку. І йшлі ня проста так, а зь медніцай вінегрэту - яе нёс на галаве Васька Замундалін, - і зь цяжкою сумкай, у якой зацята бразгалі бутэлькі.

Два гады ня быў Макар у кампаніях і таму, заўважыўшы людзкі збой на ганку сталовай, замарудзіў хаду, перакінуў з рукі ў руку цяжкую сумку і пацёр навярэджанай даланёю тое месца, дзе білася ўсхваляванае сэрца.

Мальцы, якія стаялі на ганку, былі нетутэйшыя, усе скрозь у крымпленавых пінжаках, вышываных кашулях і, што самае дзіўнае, усе яны гаманілі па-беларуску.

«Кампазытары нейкія» - падумаў тады Макар, скоса зірнуўшы на Ваську Замундаліна. Два гады ён даводзіў сябру, што ў Азярышчы спрадвеку не было нацыяналістаў, што беларусы, гэтак жа, як і тулякі, ненавідзяць лабусаў, а тут... такая неспадзеўка.

Слухаючы кампазытараў, Макар не на жарты расхваляваўся, укінуў у рот цыгарэту, паднёс запалку і толькі тады заўважыў: прыпаліў фільтар. У той жа міг на ганку мільганула штосьці белае і на шыі Макаравай павісла заплаканая Тамарка.

- Тры разы вясельле пераносілі. Усё цябе чакалі... - усхліпнула ля вуха сястра і ўсхліпы гэтыя гарачым рэхвам абхапілі сэрца. Макар гатовы быў і сам расплакацца, ды, перахапіўшы сябруковы пагляд, сумеўся і паляпаў даланёю па дрогкай Тамарчынай сьпіне.

Пякучая крыўда - на сябе самога - не адпускала і надалей, калі ён рукаўся з жаніхом - хударлявым заморкам у акулярах, левае шкельца ў якіх было трэснутае й падзяляла жаніховае вока на дзьве палавіны; і калі сядаў за вясельны стол, далучыўшы да вірлівай гамонкі натужлівы трэск выхадных штаноў. Пад час службы азадак прыкметна раздаўся, таму штаны і ня вытрымалі напругі.

Яны сядзелі з Васькам у тарцы стала, ваўкавата пазіралі на гасьцей, а калі ў залі завялі музыку і пачаліся танцы, зьбеглі, прыхапіўшы пляшку, у прыбіральню. У прыцемным, няўтульна-халодным катуху яны пілі нагбом цёплую гарэліцу, крэкалі, ціснучы да вуснаў рукавы і зацята маўчалі. Маўчалі аж да той пары, пакуль дзьверы прыбіральні не адчыніліся і ў пройме ня бліснулі акуляры з трэснутым шкельцам.

- Хлопцы, запалкі ёсьць? - з робленай весялосьцю вымавіў жаніх і Васька Замундалін злавесна прасіпеў у вадказ:

- Не надоело?

- Што? - не зразумеў жаніх.

- По-белорусски п...ть не надоело?

З проймы вытыркнулася нечая кудлатая галава, пачуўся дзявочы воклік: «Маладую скралі!» - і аб цэмэнтавую падлогу гучна бразнула недапітая пляшка.

Макар так і не зразумеў - хто пачаў бойку. Замундалін ударыў жаніха, ці то наадварот. Ён стаяў, нерухомы, уражана лыпаў вачыма і ачуўся тады, як убачыў юшку пад замундалінскім носам. Глынуўшы паветра і мацюкнуўшыся, Макар даў волю сваёй пакрыўджанай душы: з усяго маху заехаў кулаком у твар кудлатаму хлопцу, які трымаў Ваську за плечы.

Скончылася ўсё несамавіта. Замундаліну расквасілі нос, жаніху разьбілі акуляры, а жаніховы сьведка - той самы кудлаты хлопец - патрапіў у больніцу са страсеньнем мазгоў і з парэзанай аб бутэлечнае шкло галавою. У той жа вечар, пасадзіўшы туляка на цягнік, Макар падаўся ў вёску, да дзядзькі Трахіма, і вярнуўся ў матчыну кватэру толькі праз год, калі адтуль зьехала сястра са сваім заморкам.

 

Перш, чым націснуць на званок, ён здаволена адрыгнуў піўным духам, сплюнуў з языка тытунёвыя крыхі і тады толькі намацаў пальцам пукаты гузік. Званок, аднак, маўчаў. Ён націснуў другім разам і, хітнуўшы галавой, пастукаў у дзьверы косткамі пальцаў.

Адчыніў швагрусь не адразу. Доўга завіхаўся з замком, тузаў дзьвярную ручку, нарэшце паўстаў у дзьвярох - расхлістаны і ўсхваляваны.

- Чаму званок маўчыць? - выдыхнуў Макар, надаўшы голасу жартаўліва-зухаватыя ноткі.

Швагер вінавата пасьміхнуўся, зашпіліў дрогкімі пальцамі кашулю на грудзіне і праз хвілю, ужо з пакою, выгукнуў:

- Зламаўся.

- Дык трэба направіць! - прамовіў госьць і чарговы раз хітнуў галавою.

Швагер глядзеў тэлевізар. Сядзеў на хісткім табурэце, у мэтры ад экрана, наставіўшы на Макара незагарэлы, падобны да дзіцячай попкі, плех. Такая пастава сьведчыла пра адно - гасьцям у гэтай хаце ня радыя.

- Што паказваюць? - буркнуў госьць і гаспадар, ні слова ні сказаўшы, адхіліў галаву ад экрана.

Па БэТэ паказвалі нейкага мурлатага прайдзісьвета.

«Выліты кныр» - падумаў Макар, стоена адрыгнуўшы півам.

Мурлаты кныр сядзеў, раскінуўшыся ў крэсьле і несупынна бубнеў немаведама пра што.

- Ну і с-сука... цяпер ужо Кебіча хваліць, - прасіпеў швагер, зварухнуў азадкам і плех ягоны зьлёгку паружавеў.

Сядзець у трыццаціградусную сьпёку і глядзець, разявіўшы рот, тэлевізар - у гэтым было штосьці ненармальнае. Госьць плюхнуўся на канапу, утаропіў вочы на шваграву сьпіну, дакладней на вострыя лапаткі, што тырчэлі над напятай кашуляй. Яны доўга маўчалі і толькі калі на экране ўзьнік яшчэ нехта - з клокам рэдкіх валасоў на потным лобе, гаспадар рыпнуў табурэтам і неакрэсьлена прамармытаў:

- Яшчэ адно пудзіла...

Макар паглядзеў на экран, вывучаючы - адкуль узяліся валасы на потнай лабаціне, а зразумеўшы, што тыпус начасаў іх аднекуль з-за левага вуха, перанёс цэнтар цела на левую кумпячыну й голасна выдыхнуў:

- Охо-хо-о...

Гэтым самым ён хацеў разгаварыць швагра, але той маўчаў.

- Слухай, а дзе зараз... той хлопец? - вырвалася неўзабаве з Макаравай грудзіны.

- Які?

- Ну той, што быў на вясельлі...

Гострыя лапаткі здрыгануліся, ссунуліся бліжэй адна да адной.

- Яго забілі. У восемдзесят першым годзе.

«Як забілі? Дзе! У Аўгане? Па п'янцы?» - замітусіліся ў галаве адрывістыя думкі, Макар удыхнуў паветра, каб спытаць - дзе забілі кудлатага хлопца? - але не спытаў, прыкусіў вусны і засяроджана правёў рукой па няголенай шчацэ. Кароткае імгненьне ён сядзеў нерухома, потым нейкая сіла падхапіла Макара на ногі, ён падышоў да тэлевізара, схапіўся за шнур і выдзер штэпсэль з разэткі.

 

II

 

Тупаючы ўздоўж старога, спавітага густой бярозкай штыкетніку, яны зазірнулі ў агарод і там, на бульбянішчы, убачылі цётку Тацяну. Задзёршы прыпол спадніцы, цётка хадзіла па барознах, зьбіраючы ў слоік «каляраду».

- Ці-оць! - крыкнуў Макар пераселым голасам і адкашляўся.

Цётка абцягнула спадніцу, зірнула з-пад рукі і моўчкі кіўнула ў бок хаты. Маўляў, заходзь, гаспадар дома.

Госьці рушылі да весьніц, а цётка, убачыўшы, што Макар прыехаў не адзін, кінула слоік і зашамацела голымі лыткамі па бульбоўніку. Выбег насустрач і дзядзька Трахім. Трымаючы ў рукох «Народную газэту», дзядзька з маладым імпэтам скочыў з ганку і Макар, убачыўшы гэта, незадаволена перасмыкнуў плячыма. Калі ён прыяжджаў адзін, дзядзька з цёткай яго так не сустракалі.

Хвілін пяць госьці таўкліся на кухні, зьелі па гурку, выпілі па шклянцы сырадою і калі дзядзька Трахім, якому карцела пагаманіць з разумным чалавекам, прыпаліў папяросу і разам з дымам выдыхнуў: «Ну, як там Пазьняк?» - Макар выйшаў з хаты і палез на гарышча даставаць вудзільны.

Час быў пасляабедзены. Сонца ўжо не паліла так, як ад раніцы, але ўсё адно было горача і карова Зьвяздоха, вытыркнуўшы зь дзьвярэй хлява вялізную, зь белай плямай на лобе галаву, засоплена аддзімалася. Тут жа, на парозе хлява, сядзеў дзядзькавы кот Барыс. Кудлаты «сібірак» варушыў канцом хваста й зацята - удосыць напіўшыся сырадою - аблізваўся.

Карова наставіла на Макара млявыя вочы, разважаючы - хто гэта стаіць пасярод двара? - стоена адрыгнула й бліскучая нітка сьліны злучыла шурпаты каровін язык з разважліва-рухавым хвастом ката Барыса. Барыс пацягнуўся, зь недаверам зірнуў на вудзільна, - Макар якраз налыгваў на лёску новы плавок, - і рушыў у халадок, пад куст парэчак.

«Добра ў вёсцы» - падумаў тады Макар і, уражаны такім адкрыцьцём, удыхнуў на поўныя грудзі салодкае, настоенае на паху прывялай травы і сырадою, паветра.

... Ён пасьпеў накапаць чарвякоў ля плоту, перш чым пачуў незадаволены дзядзькавы голас:

- Ну, дзе ты?

Вокліч такі сьведчыў пра адно: што на стале ўжо стаялі чыгунок парнай бульбы й міска з маласольнымі гуркамі, што ў печы ўжо страляла тлушчам яешня са шкваркамі, а цётка Тацяна ўжо выцерла ручніком і паставіла на стол пляшку гарэлкі.

Так яно і сталася, адно што на стале не было чыгунка. Бульбу з нагоды прыезду інтэлігентнага госьця рассыпалі па талерках.

- Ну, а якая на сёньня асноўная задача, - запытаўся дзядзька Трахім, калі Макар увайшоў у хату.

- Галоўнае - зваліць Кебіча, - азваўся інтэлігентны госьць, паціраючы потную лысіну.

- Звалім. У нас у Бычках яго ніхто ня любіць, - выдыхнуў дзядзька, падхапіў пляшку і акрыялым голасам дадаў: - Усё будзе добра.

- Глядзіце, каб горай не было, - уставіла слова цётка Тацяна, дастаўшы з печы патэльню зь яешняй.

Дзядзька скалупнуў з пляшкі накрыўку, з гіранічнай усьмешкай перасмыкнуў галавою. Пляшка цюкнула па краі кілішка, інтэлігентны госьць спалохана працягнуў руку, дэманструючы, што ён ня п'е, але гаспадар з такой суворасьцю паглядзеў на госьця, што той сумеўся і вінавата ўздыхнуў.

- Такой цёмнай бабы, як мая жонка - няма ва ўсім Азярышчанскім раёне, - пажартаваў дзядзька Трахім, падымаючы чарку.

Кульнуўшы па першай, дружна захрумсьцелі маласольнымі гуркамі.

- І ўсё ж... дарма Шушку скінулі... Тут я Пазьняка не разумею, - няўцямна, з набітым ротам, прагугнеў дзядзька Трахім і цяпер ужо інтэлігенту выпала гіранічна пасьміхнуцца.

- Згодніцтва Станіслава Станіслававіча мяжуе з цынізмам, - мовіў госьць, а Макар, хапануўшы ротам гарачую бульбіну, яшчэ больш няўцямна, чым дзядзька, прагугнеў: - Вось за гэта і вып'ем!

 

Да Гатаўскага возера, калі ісьці нацянькі - ня болей трох кілямэтраў. Але лезьці па кустох, ды яшчэ ўзяўшы чарку, было не з рукі, таму яны пайшлі бальшаком, у спадзеўцы падсесьці на спадарожную машыну.

Хаця й выпілі, можна сказаць, па кроплі - на траіх адну пляшку, але швагру й гэтага хапіла: яго матляла ўбокі, акуляры два разы падалі з глюгастага носу і швагер шторазу лавіў іх няўклюднымі рукамі.

«Рупіцца Кебіча скідаць, а сам ад чаркі валіцца», - падумаў Макар, пачухаўшы вудзільнам за левым вухам. І яшчэ падумаў, што дарма ня выцягнуў гэтага ёлупня на белы сьвет раней - гадоў дзесяць таму, а падумаўшы так, спахмурнеў і прысьпешыў хаду.

 

Дзесяць гадоў таму - гэткім жа сьпякотным ліпеньскім днём, да іх на будоўлю прыехала чорная «Волга». Начальства і раней завітвала на аб'ект. Будавалі новую школу й паўшчуваць небараку-прараба прыяжджалі нават абласныя «бугры». Але гэтым разам, зірнуўшы з вакна трэцяга паверха на бліскучы, падобны да вялізнага жука, легкавік, Макар міжволі сьцепануўся і ў галаве ягонай мільганула пякельная думка: «За мной!»

Прадчуваньне не падманула. Хтосьці з рабочых гукнуў ягонае імя й Макар рушыў на нягнуткіх нагах долу, ліхаманкава згадваючы - колькі машын з рошчынай і цэглай не даехалі апошнім часам да будоўлі.

Ля бэтонамяшалкі яго пераняў камсамольскага выгляду маладзён у шэрым гарнітуры. Маладзён прыязна пасьміхнуўся, паціснуў руку і прапанаваў зайсьці ў бытоўку.

- Хачу, Макар Іванавіч, задаць вам пару пытаньняў, - ласкава прасьпяваў маладзён і ў Макара Іванавіча ўраз зазьвінела ўвушшу.

Роспыты й сапраўды былі нядоўгімі. Маладзён запытаўся - ці часта ён сустракаецца са шваграм, ці даваў яму швагра якую-небудзь шкодную літаратуру і ці прапаноўваў зьезьдзіць у Зэльву, да нейкай паэткі, прозьвішча якой Макар не дачуўся.

Зьбіваючыся на кожным слове, ён паведаміў маладзёну, што са шваграм не сустракаецца, шкоднай, ды і ўсялякай іншай літаратуры не чытае, а ў Зэльву езьдзіў, але не да паэткі, а каб абмяняць жалезабэтон на электраабсталяваньне.

Маладзён слухаў усё гэта з ленай усьмешкай на вуснах і нават пазяхнуў у жменю, а потым дастаў з «дыплямату» асадку з паперай і ўсё тым жа лісьлівым голасам прасьпяваў:

- Напішыце - што кажа пра мужа вашая сястра.

 

Заняты сваімі думкамі, Макар і не заўважыў, як адарваўся ад напарніка. Швагрусь адстаў мэтраў на дваццаць і да таго ачмурэў ад сьпёкі, што нічога ня бачыў перад сабою. Падышоўшы, ён баднуў Макара лобам і акуляры швагрусёвы ціха чвякнулі ў пясок.

«Колькі яшчэ?» - запыталіся асавелыя швагравы вочы і ўраз праясьнелі, бо ў зрэнках мільганула залацістая палоска вады.

- Я зараз, - буркнуў Макар, скочыў праз прыдарожную канаву і пабег да закінутай адрыны, у якой дзядзька Трахім хаваў вёслы.

 

Возера плёскалася ля ног, адбіваючы распаленае неба, і ад таго здавалася такім жа гарачым і бяздонным. З гучным крэканьнем яны выпхнулі лодку ў ваду, Макар налёг грудзінаю на карму, пачаў заграбаць кавалкам падабранай на беразе фанэрыны - вёслы ў адрыне так і не знайшліся. Зрэшты, доўга заграбаць не выпадала: лодка прашамацела па густой асацэ, абмінула зарасьці ўрэчніку і Макар панурыў у ваду «катвігу» - прывязаны да вяроўчыны камень.

Паветра зьлёку дрыжэла ад сквару і пад галовамі вудалёў плыла, пераліваючыся на сонцы, даўжэзная павуцінка. Павуцінка зачапілася было за вудзільна, потым паплыла далей і неўзабаве лягла на ваду, сабраўшы вакол сябе цікаўных вадамерак. Вось туды, у цэнтар пазначанага павуцінкай наўкола, і ціўкнуў швагравы плавок. Хвіліну плавок павольна і разважліва круціўся ў розныя бакі, потым тузануўся і нечакана зьнік у гульлівай вадзе. Швагра, відаць, дагэтуль ніколі не вудаліў, бо замест таго, каб спакойна падсекчы, ускочыў на ногі, тузануў вудзільна і пры гэтым ледзьве не перакуліў лодку.

- Ціха ты, йоп... - Макар схапіўся за барты і па лобе ягоным пляснула трапяткая платвіца, што матлялася на лёсцы.

Швагра доўга ня мог схапіць рыбку, а калі, нарэшце, схапіў, дык не наважыўся зьняць з кручка.

Платвіца глыбока заглынула чарвяка, таму Макар, нядоўга думаючы, выдзер кручок з рыбінай зяпкі, піхнуў плотку ў поліэтыленавую торбу. Пры гэтым ён бачыў - як балесна скрывіўся швагравы твар.

- Што, рыбку шкада? - хмыкнуў Макар, а абцёршы аб штаны вільготныя рукі, запытаў: - Ты ў піўной хоць раз быў?

- Пры чым тут піўная? - азваўся швагра.

- Ну як жа... Зьбіраецеся рэвалюцыю рабіць, а самі ў піўной не былі, ня ведаеце - чым народ дыхае.

Швагра плюнуў на чарвяка, уздыхнуў, але нічога не адказаў.

- Пазаўчора Пазьняк па целеку выступаў. Маці слухала-слухала, дый кажа: «Бурузьдзіць абы што».

Швагрусь і гэтым разам змаўчаў, але маўчаньне яму цяжка давалася: плех швагравы хваравіта пачырванеў, канец вуды дробна задрыжэў, а разам з вудай задрыжэў на вадзе й плавок.

«Псых натуральны», - падумаў Макар і ў той жа міг убачыў, што плавок, які дагэтуль скакаў па вадзе, рынуў на дно, пакінуўшы па сабе самотную бурбалку.

- Цягні! - гракнуў Макар, швагра тузануў вудзільна, паваліўся на дно лодкі і, пакуль ён падаў, перад носам Макаравым праляцеў, а потым пляснуўся ў ваду ладны падлешчык.

- Фу ты, йо... Цягнуць трэба было, а ня тузаць, - Макар са стогнам перавёў дых, а паглядзеўшы на швагра, безнадзейна махнуў рукой: швагра стаяў на кукішках, утрапёна пазіраючы ў ваду.

- Думаеш цяпер рукамі злавіць?

- Акуляры зваліліся, - уздыхнуў небарака-швагер і Макар упершыню пашкадаваў, што выправіўся на гэтую чортаву рыбалку.

Дастаць акуляры з вазёрнага дна было ня так проста. Калі Макар зьмераў глыбіню, дык вудзільна панурылася ў ваду па самы вяршок.

«Не дастану, дык хоць скупнуся», - падумаў тады Макар, сьцягнуў штаны і сігануў у празрыстае, аж да прадоньня, Гатаўскае возера.

Выпусьціўшы з грудзей паветра, ён схапіўся за нейкую сьцябліну і адзінае, што пасьпеў угледзіць, дык гэта кансэрвовую бляшанку, якая жоўтай плямай калыхнулася на дне.

- Фу, бля... глыбака, бляха... - задыхана вымавіў Макар, ухапіўшыся рукою за край лодкі.

Пару хвілін ён аддзімаўся, сплёўваў твань, потым нырнуў, кульнуўся ўніз галавою, з сілаю адштурхнуўся нагамі ад лодкі. На гэты раз ён нічога ня ўбачыў, а ўсплываючы, грукнуўся галавой аб днішча. Удар атрымаўся такім хвацкім, што Макар, магчыма, ізноў пайшоў бы на дно, калі б перапужаны напарнік не схапіў яго за чупрыну.

... Набіўшы вялізны гузак на макаўцы, ён доўга ляжаў у лодцы, падсунуўшы пад галаву кашулю і насуплена пазіраў то на высокае неба, то на прагнутую, зьлёгку пачырванелую шваграву сьпіну. Лавіць рыбу прапала ахвота, да таго ж напарнік без акуляраў нічога ня бачыў; прапала ахвота й пацьвельваць гэтага ёлупня, таму Макар і ляжаў незварушна, маракуючы, што на наступным тыдні ізноў давядзецца ехаць на пільню і што заўтра трэба будзе паглядзець валёнкі, якія прывёз Базыль, выбраць меншыя і зрабіць маці апоркі. Неўпрыкмет навалілася дрымота. Макар пазяхнуў, накрыў твар кашуляй, зьбіраючыся задрамаць, ды тут левае вуха казытнула напятае ракатаньне. Ракатаў «беларус» - ехаў ад бальшака да возера, прычым напрасткі, кустамі, бо чутна было, як трашчала ламачча. Макар ссунуў з вачэй кашулю, зірнуў на бераг.

Трактар вырваўся з кустоў, раскоціста пад'ехаў да вады і з кабінкі вылезьлі спачатку дзядзькавы сусед Лёшка Мандрык, а потым браты Бадуновы - Юрка ды Пецька. Дрымота зьляцела з павекаў, Макар стаў ва ўвесь рост, засьвістаў у чатыры пальцы і хлопцы на беразе, прыклаўшы да брывоў далоні, засьвісталі ў адказ. У наступнае імгненьне Макар схапіў фанэрыну і стаў энэргічна заграбаць ля кармы, забыўшыся на «катвігу», якая не давала лодцы зварухнуцца зь месца.

- Стая-аць! - галёкнуў Лёшка Мандрык, калі лодка шарханула дном аб прыбярэжны пясок: Лёшка два разы цягнуў лямку на аршанскай зоне і, пры сустрэчы, заўсёды гукаў альбо гэтае слова, альбо яшчэ больш кароткае: «Сюд-да-а!»

Прыяжджаючы ў Бычкі, Макар часьцяком спансіраваў мясцовых хлопцаў, таму тыя і ўзрадаваліся, убачыўшы спансэра, і не пасьпеў той выйсьці з лодкі, як яны рынулі ў ваду і зь вясёлымі мацюкамі ўсьцягнулі пласкадонку на бераг.

Пад'ехалі бычкоўцы не з пустымі рукамі. Малодшы з братоў, трыццацігадовы Юрка, залез у кабіну, перадаў брату шэсьць «фугасаў», а потым, папоркаўшыся ў «бардачку», шпурнуў у ваду - каб спаласнуць - алюміневую конаўку.

Убіўшыся ў цянёк, Лёха Мандрык адкаркаваў сьцізорыкам «фугасіну», скоса глянуў на інтэлігента і Макар, перахапіўшы пагляд, растлумачыў:

- Тамарчын муж. У газэце працуе.

Лёха напоўніў конаўку, перадаў Тамарчынаму мужу, але той страсянуў галавой.

- Пакрыўдзіць хочаш? - вусьцішна прасіпеў Мандрык і гарадзкі госьць, намацаўшы пасудзіну, стаў глытаць трунак, дробна стукаючы па конаўцы зубамі.

Віно - хахляцкае «Яблучне» - пілі нетаропка, з бадзёрым крэканьнем, са штохвілінным прыпальваньнем цыгарэтаў і з гэткім жа штохвілінным ляпаньнем па карках: тут, у цяньку, лютавала камарэча. Кожнага разу, глынуўшы «чарвіўкі», Лёха пачынаў апавядаць пра калгаснага старшыню, але, ляпнуўшы па карку і мацюкнуўшыся, зьбіваўся на іншыя тэмы. І вось, выліўшы ў конаўку рэшты віна з апошняй пляшкі, Лёха абвесьціў, што заўтра ж спаліць катэдж, які старшыня пабудаваў на ўскраіне Азярышча і, працягнуўшы конаўку гарадзкому госьцю, наставіў на таго ашклянела-патрабавальныя вочы. За ўсю бяседу Тамарчын муж не прамовіў ні слова, але цяпер, адчуўшы, што трэба нешта сказаць, з урачыстай павольнасьцю ўзяў конаўку, ікнуў, праліўшы трунак, і маліцьвенна прастагнаў:

- Цудоўныя хлопцы!

Уліўшы ў глотку рэшткі пітва, ён квола пасьміхнуўся, кульнуўся на траву і, заплюшчыўшы вочы, ледзь чутна паўтарыў:

- Цудоўныя!

 

Дахаты ехалі на рамонтнай лятучцы, соўгаючы азадкамі па жалезнай скрыні, у якой увесь час штосьці бразгала. Галава шваграва матлялася, што ў хворага гусака (на адным з паваротаў швагра зьехаў са скрыні, стукнуўся скроньню аб бляшаную буду), таму Макар абдымаў сваяка за шыю і калі той зьяжджаў убок, мацніў абдоймы і, па прыкладу Лёхі Мандрыка, гукаў:

- Сядзе-эць!

І чым ямчэй абдымаў Макар сваяка, тым большай павагай да яго прасякаўся.

- Ну скажы, на што ты паклаў сваё жыцьцё? - выгукнуў Макар на чарговым павароце і сваяк, бліснуўшы бельмамі вачэй, здушана вякнуў і выбухнуў ванітамі.

Макар пякельна скрывіўся, падхапіў з-пад ног рызьзё, каб выцерці падлогу, ды тут чарговая порцыя ванітаў агіднай цеплынёй кранулася карку. Хвіліну Макар стаяў вокраччу, утаймоўваючы балесныя спазмы, а потым, тузануўшыся ўсім целам, падцягнуў да сябе пакарабачанае вядро, якое матлялася ад сьценкі да сьценкі.

 

Ён выкуліўся з сестрынага пад'езду ў той міг, калі на небасхіле запаляліся самыя дробныя зоркі і таропка пайшоў да воданапорнай калёнкі. Сьцягнуўшы праз голаў кашулю, ён падставіў карак пад бойкі струмень і гракнуў, ды так гучна, што на другім канцы Азярышча абудзіліся сабакі. Сабакі забрахалі ў Зарэччы, потым недзе ля аўтастанцыі, нарэшце сонна рыкнулі зусім побач - за плотам «Сельгастэхнікі».

- Я табе рыкну, - жартам выдыхнуў Макар і, выціраючы кашуляй расчырванелы твар, падзівіўся таму - як хутка насунулася ноч.

 

1994


1994

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая