epub
 
падключыць
слоўнікі

Вінцэсь Мудроў

Візыт Мінатаўра

Інжынэр-канструктар Васіль Бяссонаў, чорнавалосы, не па ўзросту вясёлы мужчына, утаропіўся на прастакутнік ватману і намаляваная на ім крыжавіна дыфэрэнцыялу паволі закруцілася ўваччу. Інжынэр вохнуў, налёг лабацінай на кульман і да болю выяўна зразумеў: калі ён зараз жа не пахмеліцца, пасьлязаўтра яго павязуць на машыне зь елкамі.

«Горад у жалобным убраньні... Прыспушчаны дзяржаўныя сьцягі... Цяжкая страта напаткала спэцыяльнае канструктарскае бюро сельгасмашынабудаваньня, а разам зь ім і ўсё перадавое чалавецтва», - прагучаў у сьвядомасьці левітанаўскі голас і ўадначас - ужо на яве - за сьпінай Васілёвай секануў прасьцяг сіпаты воклік: - Бяссонаў... да начальніка!

 

Загадчык сэктара Маргун сядзеў у сваім катуху, правіў алоўкам графік здачы праектнай дакумэнтацыі і на твары ягоным ляжаў цень сьмяротнай тугі і сумоты.

- Што... зноў трасешся? - ускінуў вока Маргун, і той, да каго ён зьвяртаўся, асуджана прамармытаў: - На ўлазінах быў... узялі па чарцы.

Загадчык сэктару ўздыхнуў, пацёр правую лобную долю.

- Графік зрываем... А тут яшчэ Капніст захварэў. Дзякуй Богу, хоць у хаце малюе, - загадчык мацюкнуўся, зь вясёлым адчаем пацёр левую лобную долю: - Ты ў яго ніколі ня быў?

Падначалены разьвёў рукамі і Маргун таропка напісаў на паперцы адрэсу: - Ліст з матавілам занясеш тэхнолягам, а з саломатрэсам - у трэці сэктар. Запомніў?

- І глядзі ж - нідзе не затрымлівайся! - гукнуў Маргун на разьвітаньне, тыцнуў алоўкам у графу «матавіла» і навылёт прадзёр лядашчую паперу.

 

Піўная бочка на рагу Калектарнай і Экскаватарнай была аточаная з усіх бакоў і ў сьвядомасьці ізноўку абудзіўся няўрымсьлівы Левітан. «Бясконцая людзкая плынь... Тут, у ганаровай варце, стаяць салдаты і афіцэры, старшыны і мічманы, інжынэры і тэхнікі...» - зацята бубнеў дыктар усесаюзнага радыё і Васіль, каб пазбыцца чмуры, адрывіста - тры рашучых стаката - выпусьціў паветра. Таго дня ў Маскве хавалі нейкага прайдзісьвета; радыё без супыну прамаўляла розную лухту і словы тых дэклямацыяў сьвярблівымі ваўчкамі ўчапіліся ў мазгі.

Васіль аблізнуў сасьмяглыя вусны, стаў на дыбкі, паныла агледзеў натоўп і ў самых нетрах людзкіх убачыў калегу - Сеню Мотыля з сэктару льноцерабілак. Сеня выбіраўся з натоўпу, трымаючы над галавой два бурапенных кухлі...

...Калегу таксама смажыла, а таму ён дазволіў зрабіць толькі чатыры глыкі. Васіль у адказ пачаставаў Сеню цыгарэтай, здаволена адрыгнуў і разам з піўным духам выдыхнуў ёмістую фразу: «Канструктарскую галаву чатырма глыткамі ня вылечыш».

 

Ехаць трэба было на другі канец горада, у мікрараён Мандрыкаўка-2, і пакуль ён дабіраўся да той Мандрыкаўкі і блукаў у пошуках патрэбнага дома, зь яго сышло сем патоў і ў душу ўбілася пякучая крыўда: Маргун урэшце рэшт мог паслаць па матавіла каго-небудзь з маладых. «Адных капіравальшчыц сем штук», - уголас прабубнеў Васіль і, зьверыўшы лічбу, напісаную ў паперцы, з той, што была на дзьвярах, намацаў гузік званка.

Яму доўга не адчынялі, ён пазваніў другім разам і за дзьвярыма недаверліва запыталіся: - Хто?

- Свае, - буркнуў Васіль і пачуў яшчэ больш недаверлівае: - А як ваша прозьвішча?

Госьць каротка мацюкнуўся, назваў прозьвішча і дзьверы з прытоеным рыпам прачыніліся.

- Не пазнаў па голасе, - сьцішана выдыхнуў гаспадар, а госьць, убіўшыся ў прысенак, гэткім жа ціхім голасам пацікавіўся: - Што, жонка сьпіць?

- Ды не, яна на лецішчы... зь цешчаю, - гаспадар бліснуў шкельцамі акуляраў, пайшоў у пакой і вынес адтуль скрутак цупкіх ватманскіх лістоў. - Скажаце Маргуну - у панядзелак выйду. Калі такая запарка - папрацую на бюлетні.

«Хаця б на кухню запрасіў, сволач», - падумаў Васіль і неспакойная рука памацала тое месца - пад самым сэрцам - дзе пукацілася бутэлька.

- Слухай... я тут узяў па дарозе... Можа кульнем? За здароўе? - фраза яшчэ не была скончана, а гаспадар ужо замахаў рукамі: - Ды што вы... у мяне ж гіпэртанічны крыз... толькі што з уколаў...

- Таму і крыз, што не ўжываеш, - выдыхнуў госьць, адсунуў гіпэртоніка ўбок і камандорскім крокам рушыў на кухню.

Гермаген Нікандравіч Капніст, да якога завітаў Вася Бяссонаў, быў дзіўнаватым чалавекам: ня піў, не паліў, ні з кім не сябраваў і таму, адпрацаваўшы пятнаццаць гадоў у КБ, вышэй першай катэгорыі так і не падняўся. І наагул: гэты сугней мог цэлы дзень адстаяць ля кульмана і не перакінуцца з калегамі аніводным словам. Адзіны, хто мог яго разгаварыць - Клава Бадунова з аддзелу камплектацыі. З гэтай самай Клавай яны абедалі разам у кабэшнай сталоўцы: Гермаген пры гэтым шморгаў носам, давіўся груцай, штосьці апавядаў сяброўцы, і Васіль, седзячы непадалёку, мог чуць абрыўкі вусьцішных аповедаў пра тое, як цешча агрэла сугнея кухоннай качалкай, а потым паабяцала здаць у міліцыю.

...Разьліўшы гарэлку - сабе поўшклянкі, гаспадару - крыху менш, - Васіль хукнуў у жменю, паднёс шклянку да вуснаў, але піць ня стаў: змучана перакрывіўся, кіўнуў у бок лядоўні: - Можа ёсьць што на зуб?

Гарэлка была цёплая і вымагала закусону.

- Я тут хварэў тыдзень, у краму не хадзіў... - буркнуў гаспадар, прачыніў лядоўню і госьць угледзеў у сьветлай пройме кавалак доктарскай каўбасы.

- Каўбасені адчыкрыж - сама тое, - госьць падаў ножык, што ляжаў на стале, а гаспадар уздыхнуў і зачыніў лядоўню. - Цешчына, - патлумачыў гаспадар, чым надта здзівіў госьця. Госьць уражана страсянуў чупрынай, кульнуў чарку і, прыціснуўшы зубы да рукава, здушана прамармытаў: - Адрэж крыху - усё адно не заўважыць.

- Заўважыць, - выдыхнуў пасьля працяглай паўзы гаспадар.

Хвіліну гаспадар сядзеў нерухома, потым - з насьцярожлівай павольнасьцю - палез у кухонную шафу, выцягнуў адтуль нітку з прывязаным на канцы плястмасавым кручком.

Васіль зірнуў на кручок, запытальна таргануў падбародзьдзем.

- Бязьмен цешчын, даўжыню фіксуе, - патлумачыў гаспадар: дрыжачыя гаспадаравы рукі падхапілі каўбасу, пачапілі кручок да каўбаснага хваста, выцягнулі нітку ўздоўж каўбасіны.

Пабачыўшы такое, Васіль нават прасьлязіўся. - Лютуе? - запытаўся пераселым ад абурэньня голасам і калі гаспадар кіўнуў галавой, зь нянавісьцю адкусіў кавалак ніткі. - Цяпер не заўважыць, - мовіў Васіль і з імпэтам разьніка жагнуў нажом па калбасным батоне.

Такая рашучасьць не магла не ўражваць. Гаспадар увабраў голаў у плечы, паправіў акуляры і, відаць, насуперак уласнай волі ўзьняў шклянку. Піў ён цяжка, гнятліва, зьвёўшы вочы да пераносься; пры гэтым кашляў, душыўся, варушыў кадыком і Васіль, які таксама прыклаўся да шклянкі і левым вокам сачыў за калегам, нават упрэў ад такога відовішча.

- Вось гэта па-нашаму, - гукнуў госьць, калі пакутнік Гермаген адолеў сваіх трыццаць грамаў і пусьціў пад ногі густую сьліну.

Васіль запіхнуў у рот пакутніку колца каўбасы і зноў напоўніў шклянкі.

- І даўно яна тут жыве?

- Год, два месяцы і чатырнаццаць дзён, - прашамкаў Гермаген, а праглынуўшы недажаваную каўбасу, дадаў: - З Хахляндыі прыехала...

Словы такія Васіля не на жарты ўсхвалявалі. Ён ускочыў з крэсла, рашуча напоўніў шклянкі.

- Цяпер я цябе разумею, - у голасе Васілёвым абудзіліся трагічныя абэртоны, - у мяне ў самога цешча з Хахляндыі.

Госьць кінуў у рот папяросу, пстрыкнуў запалкай і жоўты агеньчык заскакаў у ягоных зьвільгатнелых вачах.

- Прыехала аднойчы, абжылася, і давай ва ўсе дзіркі нос тыцкаць ды Галку супроць мяне настройваць. Жонка ў мяне лагодная, лішняга слова ня скажа. А тут ад самага раньня ўзялася бурчэць. Маўляў, хопіць піць, займіся сынам і ўсё такое... Ну, я слухаю, але маўчу, нібыта мяне гэта ня тычыцца. І вось дзесьці пад восень выбраўся на рыбалку. Ну, выпілі троху, вярнуўся позна, прылёг у калідоры, не распранаючыся. Раніцай пайшоў у прыбіральню. Чую, шапоча, падлюга: «Выкідвай гэтага п'янтоса і перапісвай на сябе кватэру». Тут мяне і прарвало. Сьцягнуў са зьмеявіка цешчыны мэтлахі, выйшаў і кажу: «Ось, шчо, мамо... забырай свойі трусы, - у гэтым месцы Васіль махнуў рукой, паказваючы, як ён шпурляў цешчыны трусы, і Гермаген ад захапленьня нават падскочыў на табурэце, - забырай свою доньку, та йідты туды, зьвідкіля прыйіхалы!». Потым яшчэ з нагі балотнік сьцягнуў, таксама шпурнуў, ды няўдала: патрапіў у адчыненую фортку. Цешча потым бегала на двор - шукала той балотнік, ды не знайшла - сабакі некуды зацягнулі.

Васіль папярхнуўся тытунёвым дымам, здушана кашлянуў: - Пасьля таго сеў на тэлефон, замовіў дзьве прамых пляцкарты да Чарнавіц і зноў на рыбалку падаўся. - Наступным ранкам прыходжу: цешчу не пазнаць. Бегае, мітусіцца. «Васылько, Васылько прышов... Боршчу, Васыльку, пойіш...» Помню, тры талеркі тады навярнуў... з галадухі.

Госьць падняў шклянку, агледзеў пусты стол і гаспадар матлянуўся да лядоўні. Праз імгненьне на стале зьявілася міса з салатай, бляшанка шпротаў і ўсё тая ж доктарская каўбаса. Гермаген узяў нож, мерачыся распалавініць калбасіну, і Васіль схапіў калегу за рукаво.

- Герман... Гена... ня трэба, - Гермаген паспрабаваў вырваць руку, а потым схапіў каўбасіну зубамі і стаў шкамутаць, дэманструючы сябру, што з гэтай хвіліны ўжо нікога на сьвеце не баіцца.

Праз гадзіну, падхапіўшы пад пахі ватманскія лісты, Вася Бяссонаў выкуліўся на вуліцу, зірнуў на вокны і, убачыўшы ў адным зь іх знаёмую постаць, узьняў угору сьціснуты кулак, як гэта рабілі колісь гішпанскія антыфашысты.

 

Гермаген Нікандравіч Капніст зьявіўся на працы ў аўторак. Пры гэтым ён меў выгляд чалавека, якога прапусьцілі праз вібрацыйны грохат: на лобе Гермагенавым сінеў вялізны гузак, левае вуха было прыпухлае і зьлёгку надарванае, а ў акулярах адсутнічала правае шкельца. Васіль хацеў быў падысьці да небаракі, спытаць - што здарылася, але не рашыўся. Блізу абеду ў аддзел завітала Клава Бадунова.

- Гермаген Нікандравіч, што з вамі? Вас білі? - вохнула сяброўка.

Усе наўкол стаіліся, наструнілі слых.

Небарака сьцягнуў з носа акуляры.

- Бяссонаў страшны чалавек, - мовіў ён па-змоўніцку ціхім голасам і, адвярнуўшыся, змахнуў рукавом няпрошаную сьлязіну.


2000-2007?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая