epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

А як пакрыўдзіцца

 

От было зненавідзела я Мікалая Міканоравіча! Бачыць спакойна не магла...

Прынялі мяне да яго рахункаводам у разліковую групу. Правалілася я ў інстытуце. З трэскам, як кажуць. Вось і прыйшлося прыткнуцца абы-дзе, каб год дарма не змарнаваць. Вядома, не туды, куды хацелася, але што зробіш...

Цяжка маладзенькай дзяўчынцы на гэтай пасадзе! Сядзі дзень пры дні ды лічы! І ў прыдачу думкі розныя, мары ўсякія ў галаве. І чаму я такая непрыдатная? Усё не па-мойму, усё не так, як хочацца...

А тым часам дапёк мяне Мікалай Міканоравіч: тое не так, гэта не гэтак, тое пералічыць, гэта перапісаць. І без яго млосна, а ён і ўздыхнуць не дае. Падумаеш, начальства — галоўны бухгалтар! Ды вас усіх электронна-вылічальная машына заменіць. За хвіліну выдадзе тое, што за сто год вам не вылічыць! Яшчэ толькі намерыцца падысці да мяне, а я ўжо кплю: «Скарынка ты зачарсцвелая! Лічба на дзвюх нагах!» Ён заўсягды казаў: «Што гэта ў вас за лічба! Дзесяць гадоў вучыліся, а пісаць не ўмееце. Перапісаць!»

А ў мяне сем і чатыры не адрозніш. У школе па матэматыцы ніколі чацвёркі не было. Не любіла я яе.

Што ж... Нічога не зробіш — перапісваю, а сама душу адводжу: «І стварыла ж прырода робата бессардэчнага! І хто цябе любіць, камянюку бяздушную?» Па праўдзе кажучы, баялася яго — аж сэрца замірала. Ледзь з работы не збегла. Сяброўкі з мяне ўсё кпілі: «Папалася да Мікалая Міканоравіча. Ён цябе лепш універсітэта навучыць. На ўсё жыццё!»

Аднойчы надумаліся ў нас вечар самадзейнасці арганізаваць. Узрадавалася я: хоць якая, ды забава. Доўга рыхтаваліся. Я ў спектаклі ўдзельнічала. П’еску добра прынялі. Мне нават апладзіравалі. Потым я перайшла ў залу, каб глядзець, як далей пойдзе. Расхінулася заслона, зірнула і сабе не веру: стаіць сярод сцэны Мікалай Міканоравіч. Я ўжо прыцярпелася да яго, ды і настрой пасля апладысментаў на адпаведным узроўні. «Робат на сцэне!» — смяюся сабе. А ён у модным гарнітуры навюткім, пры гальштуку і... калодкі ўзнагарод у некалькі радоў. Я спачатку падумала, што ён ролю якую выконвае, а потым разгубілася: няўжо ўзнагароды ў яго? Вось кім-кім, а ваенным Мікалая Міканоравіча ніяк не магла ўявіць!

Уздыхнуў ён ды як зацягнуў: «Вот мчится тройка почтовая...» Голас прыемны, гучны, усю залу запоўніў. Бровы падняліся, вочы жывыя, шчокі палымнеюць, грудзі ўздымаюцца... А як заспяваў: «Однозвучно звенит колокольчик» — я і зусім разгубілася. Даўнейшая песня. Коні. Куды ім да сённяшніх сродкаў. Хоць бы да веласіпеда? Кпіла я з гэтых песень. А тут нібы сама па стэпе на тройцы еду і сумую. Таўхель пад бок Васіля, сябрука па школе: «Што ў яго за ўзнагароды?» — «Маскву абараняў, герой Валгаграда, Берлін штурмаваў. Капітанам быў»,— адказаў Васіль.

Мяне нібы варам абдало. За што ж яго так, бедалагу, распісвала? Сорамна стала, нават Васіль заўважыў: «У цябе што, тэмпература ўзнялася?» А я ўсё папракаю сябе: і чаму толькі зараз дазналася, што ён не робат? А калі б не гэты вечар! Зусім настрой сапсаваўся. Вось і думаю зараз пра ўсё расказаць Мікалаю Міканоравічу, ды баюся. А калі пакрыўдзіцца?

1956

 


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан