epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Алачка-забывалачка

 

У нашым дзіцячым садзе ёсць дзяўчынка Алачка. Раней яна ўвесь час забывала сваё імя. І празвалі яе Алачка-забывалачка.

Неяк раз нянька паклікала адну дзяўчынку:

— Мілачка, дзе ты? Ідзі шакаладку сваю вазьмі! Замест Мілачкі падбегла да нянькі Алачка-забывалачка і стала перад ёю.

— Хіба ты Мілачка? — здзівілася нянька.

Алачка заміргала вачыма і кажа:

— Мне здаецца, што я Мілачка.

— А можа, ты Алачка? — пытаецца нянька.

— Няўжо я Алачка? — глытаючы слінкі, уздыхнула наша забывалачка.— Мне так хочацца быць Мілачкай...

А то накідае Алачка смецця на падлогу або паломіць цацку. Пачнуць шукаць, хто гэта нарабіў. Наша забывалачка возьме і схаваецца.

— Ала, Алачка, дзе ты? — клічуць яе.

А яна ні гу-гу! Не абзываецца.

Нарэшце знойдуць яе і кажуць:

— Што ж ты маўчала?

— А я думала, што вы другую дзяўчынку шукаеце.

— Дык ты ж у нас адна, Алачка,— дзівяцца нянькі і выхавальніцы.— Хіба ты забылася?

— Забылася,— адказвае Алачка.

— І што смецця накідала, таксама забылася?

— Таксама,— адказвае наша забывалачка.

Аднойчы надзела Алачка Петрыкаву шапку і стала сярод хлопчыкаў.

— Ты хто? — спыталі ў яе.

— Хлопчык,— адказала яна.

— А як цябе зваць?

— Петрык.

Выхавальніца ніяк не магла зразумець, як гэта ў групе апынуўся лішні хлопчык, а дзяўчынкі не хапае. Думала, думала, пакуль не здагадалася, хто ў гэтай блытаніне вінаваты.

I дома ў Алачкі заўсёды што-небудзь здаралася.

Шукае яе маці, шукае старэйшая сястра.

— Ала, Алачка! Дзе ты? Абед астывае.

Алачка ж гуляе непадалёку і маўчыць.

— Ты чаму не абзывалася, калі мы цябе клікалі? — пытаецца маці.

— А я тады была не Алачка, а Мушка-зелянушка,— адказвае хітруха.

Аднойчы вярнулася Алачка з вуліцы ўся з галавы да ног мокрая-мокрая, хоць бяры ды выкручвай.

— Дзе ты так выкупалася?! — здзівілася маці.

— Я не выкупалася,— запярэчыла дачушка.— Гэта я на белай хмарцы пракацілася.

— На якой такой белай хмарцы?

— Што ў лужыне пасля дажджу засталася,— спакойна адказала Алачка.

Нядаўна прыйшла ў садзік Алаччына мама. Узрадавалася дзяўчынка, бяжыць да яе.

— Хіба ты мая дачушка? — пытаецца маці.

— Твая! — упэўнена адказвае Алачка.

— Штосьці не помню. Здаецца, у мяне была другая дачка: Лідачка ці Жэнечка.

— Не, мама. У цябе я адна! І завуць мяне Алачка.

— Няўжо? — дзівіцца маці.— Ніяк не магу ўспомніць. Пайду дахаты. Успомню — зноў прыйду.

Напалохалася Алачка, што маці сапраўды забудзецца пра яе. І ўсе забудуцца. Пераблытаюць з другой дзяўчынкай або нават з хлопчыкам.

А потым зірнула на маму і прытулілася да яе.

— Ты, мамачка, мяне не забыла! — радасна сказала дзяўчынка.— Па вачах бачу. Я твая Алачка-незабывалачка.

1960

 


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан