epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Апоўначы

 

Ноччу ў акно невялічкай хаты пад ліпамі пастукалі.

«Здалося»,— падумаў стары, якому не спалася. Але стук паўтарыўся.

— Маці, ты чуеш? — разбудзіў ён жонку.— Хто б гэта мог быць?

— Я чую голас Васіля,— задрыжаўшы, адказала яна.

— Якога Васіля?

— Сыночка...

— Чаго яму тут? — запальваючы газовачку, злосна запярэчыў стары.— Ён там... Ану, адчыняй!

Адзін за другім парог хаты пераступілі трое брудных, запыленых, у салдацкай вопратцы мужчын. Двое зморана спыніліся ля парога, а трэці ступіў да старога.

Стары спачатку прытуліў яго да грудзей, а потым, сурова нахмурыўшыся, адштурхнуў.

— Чакай!.. Хто ты?

— Як хто? — вырвалася ў матулі.— Апамятайся... Твой сын...

— Маўчы, маці! І мне хочацца бачыць свайго сына. А ты хто? — стары прыцішыў голас.— Як сюды трапіў? Чаго?

Двое каля парога пераглянуліся, а трэці стаяў, збянтэжаны.

— М-мяне... адпусцілі.

— Адпусцілі?! Гэта цяпер? Дзе доказ?

Салдат расшпіліў кішэню гімнасцёркі, дастаў складзеную паперку і падаў старому.

— Ну вось...— кончыўшы чытаць і горда ўзняўшы галаву, сказаў бацька маці: — Зараз я бачу перад сабой свайго сына і яго таварышаў. Іх на паўсутак адпусціў дахаты камандзір!

Ён паглядзеў на сына.

— Так, сынок, бяда к дому падыходзіць... І мы ў тую вайну не раз адступалі... Маці, дастань падсілкавацца... Падсмаж як след — сама ведаеш... Гэта салдаты. Ім зноў ранкам у дарогу...

Стаяла жнівеньская ноч 1941 года. Воддаль грымела кананада, і яе гукі чуліся ўсё бліжэй і бліжэй.

1960

 


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан