epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Аса

 

 

І сёння мы палуднавалі ў садзе. Я, тата і мама. Там гэтак хораша! Пад каштанам стаяць стол і ўслоны. Усюды сонца, а ў нас цянёк. Летам мы заўсёды ў садзе палуднуем. Да нас прылятаюць госці. Не верыце? Праўда-праўда! Хіба мухі — госці? Як смешна вы кажаце!..

Першая сёння прыляцела аса. А мы рыбу елі. Села аса на залаты абадок талеркі. З самага краю. Працёрла лапкамі свае вочы, вусікі. Такая прыгожая, проста дзіва!

Мы з татам нават пра яду забыліся. Назіраем. У асы сківіцы, як два сярпочкі. Падбегла да рыбы. Сківіцы — раз-раз, туды-сюды. Адрэзала кавалачак, мала менш за сябе, падсунула бліжэй, прыціснула ножкамі і паляцела — сваім дзецям панесла.

Толькі мы папалуднавалі, аса вярнулася. Села на абрус з крошкамі хлеба. А побач з ёю муха. Аса — раз! — павярнулася, кінулася на муху і прыціснула яе. Мушка толькі нагамі варушыць, а зрабіць нічога не можа.

— Мама, зірні сюды! — сказала я пошапкам, каб не спудзіць асу.— Паглядзі, якая наша госця! Убачыла, што гэтая брыдкая муха не давала мне спакою, і схапіла яе.

1963

 


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан