epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Белыя мышкі

 

Місіс Кэт Джэры была знясілена так, што яе нельга было пазнаць. Ачнулася яна ў канцы другіх сутак.

«Бэзавая старасць нованароджаных...» — прамільгнула ў яе туманнай галаве. Рэкламны надпіс, расквечаны нясцерпна яркім святлом.

Адкуль гэта?

Кэт Джэры паспрабавала расплюшчыць павекі і ўспомніць. Але ні першае, ні другое зрабіць не ўдалося. Яна зноў упала ў забыццё. Раптам вочы расплюшчыліся: Кэт апрытомнела. Але ні варухнуцца, ні крыкнуць. Дзе яна?

«Бэзавая старасць нованароджаных...» — неадчэпна праплыло зноў. Нарэшце яна ўспомніла, чыё гэта: Эрыка, яе сына.

Спалох ахапіў усю істоту жанчыны і вярнуў ёй рэчаіснасць: знікшага сына, Лотачку, спаборніцтва.

— Як вы сябе адчуваеце? — над Кэт нахіліўся ветлівы твар, абрамлены хусцінкай Чырвонага Крыжа.— Не хвалюйцеся, вы ў клініцы. Вы добра адпачылі. Мы ўсе рады прывітаць вас з перамогай.

— Я доўга іграла? — ціха спытала Кэт.

— О, даўжэй за ўсіх — сто трыццаць дзве гадзіны!

Першы карэспандэнт, якога дапусцілі да інтэрв’ю з чэмпіёнкай, сказаў:

— Вы не ведаеце, дзе ваш сын? Мы знайшлі яго. Наша газета рада паведаміць...

Вочы Кэт Джэры шырока раскрыліся. Карэспандэнт зашчоўкаў фотаапаратам. Цела жанчыны здрыганулася, нібы ад нечаканага стрэлу. Яна застагнала.

— Не хвалюйцеся!.. Ваш Эрык у ...ане (Кэт не разабрала назвы). Гэта джунглі. Азія... Што ён робіць? Паляванне на бандытаў. Малайчына хлопчык! Бліскучыя магчымасці змыць ганьбу. Ён вернецца героем...

«Божа! Як ён крычаў!.. Маё жаўтаротае птушаня... «Няхай горла Кракатаў цыруе мой гонар. Бывай, маці!» Колькі слёз на гэтых радках! Дык вось дзе ты... І гэта шчасце. Абы не пакутлівае няведанне...»

Толькі праз тыдзень Кэт Джэры вярнулася дахаты. Замаркоціўшыся, Лота абняла маці і не зводзіла з яе вачэй. Яна таропка расказвала, як правяла гэтыя два тыдні. «Толькі ты гавары цішэй,— прасіла маці.— Я так стамілася ад усіх гэтых гукаў...»

Без пачуцця перамогі Кэт блукала па пакоях свайго дома. Ёй здавалася, што доўгія гады яна правяла дзесьці па-за яго сценамі. Ужо не было надзеі зноў быць тут, і толькі адчайная рашучасць вярнула ёй гэты свет. Такое можна перанесці толькі раз у жыцці.

— А дзе твае белыя мышкі, Лотачка?

Вочы дзяўчынкі выказалі непакой.

— Я, ма, даведалася, што мышкі жывуць усяго два гады. Пашкадавала іх, паехала ў парк, да возера, і пусціла на волю. Яны былі так рады. Ты, ма, не злуешся?

— Вядома, не. Ты добра зрабіла. Мы зараз зусім шчаслівыя. Няхай і яны будуць шчаслівымі. Наш Эрык жывы. У нас ужо ёсць грошы для твае вучобы ў музычнай школе. На ўсе тры гады. А на пенсію мы будзем жыць.

— Ма, я так баялася, што ты памрэш. Дзядзька Жуль прыходзіў і сказаў, што ад гэтага праклятага іграння ў цябе можа разарвацца сэрца.

— Мая белая мышка! — маці прытуліла да грудзей Лотачку.— Усявышні дае матулям моцнае сэрца.

У наступным пакоі позірк Кэт спыніўся на адзінай карціне сына, якая засталася ад яго захаплення жывапісам. Яна была накідана проста на сцяне. Кэт ніяк не магла зразумець, што адлюстроўвае гэта мітусенне фарбаў, перасечанае белай лініяй. Тады Эрык надпісаў унізе:

«Спеў пяску з саскоў грудзей маіх раззлаваў кашалота, сатканага з сігналу «SOS».

Маё «жаўтаротае птушаня»! Кінуць каледж? Уцякаць, нібы ты нейкі злачынец?

«Вывучэнне кінастужкі паказала, што Эрык Джэры павярнуў машыну з белай лініі за адну дзесятую секунды да сутыкнення з машынай Гары Дзіка. Гары Дзік перамог».

Кэт добра памятае гэты рэпартаж. Слова ў слова. Дзіва што!..

Не. Гэта хлусня! Руль машыны з лініі смерці павярнула прага да жыцця яе сына. У гэтым вар’яцкім збліжэнні на белай лініі перамог ён, яе Эрык, а не Гары! А вось, бач... Гары — герой, а Эрыка, як палахліўца, выганяюць з каледжа. Навошта гэтым хлопчыкам спаборнічаць на пагарду да смерці?

Каторы раз Кэт стаяла перад карцінай сына і не магла зразумець, што стварыла ў жыцці ўсю гэтую пакутлівую блытаніну, гэтае пякельнае спляценне чалавечых адносін? Свет нібы пераступіў мяжу простага і яснага і ў шалёнай гонцы без усякай літасці да самога сябе рынуўся ў хаос адчаю.

«Шкілет роспачы праламвае чэрап столі». Кэт здрыганулася. Як табе там, у джунглях, Эрык? Якія радкі вершаў ты прывязеш адтуль? Твой бацька — ужо дваццаць гадоў — спіць на дне мора, дзесьці каля фіёрдаў Нарвегіі. Навошта табе гэтая вайна?

І ўсё ж такі тое, што дзяўчынка вучыцца і жывы Эрык, лепш за ўсякія лякарствы і санаторыі паступова вярталі Кэт здароўе. Спала пухліна на нагах, сцішыўся пакутлівы боль у кісцях рук, яна магла, праўда нядоўга, слухаць, як іграе дачка. Калі нарэшце Эрык прыслаў ліст з далёкіх джунгляў, «дзе сцяна медуз спрабуе рассунуць горы, дарэмна трынітраталуол выхваляецца сваёй элегантнасцю...» — яна зразумела, што хлопчыку там далёка не весела, але ён жывы, піша, памятае пра маці.

Газеты перасталі цікавіцца сваёй любімай Катрын Джэры, і пра яе забыліся. Ды Кэт і не любіла газет. Найбольш цікавыя навіны ёй паведамляў сусед, дзядзька Жуль, стары халасцяк. Аднойчы ён прынёс ёй на памяць газету з паведамленнем, што піяніна, на якім іграла Кэт, пакінула астравы. За яго заплацілі ў дваццаць разоў даражэй і павезлі за акіян, а фірма рыхтуе новы конкурс. На гэты раз прэмія будзе выдадзена глуханямому за бездакорнае выкананне двухгадзіннай праграмы.

«Канцэрт гіпапатамаў даймае бландзіначку». Эрык, Эрык!

«Да тваіх вершаў і жывапісу патрэбен спецыяльны каментарый»,— аднойчы сказала Кэт. «Навошта? — адказаў Эрык.— Прыгледзься да жыцця. Гэта я — каментатар!»

Наступнае паведамленне дзядзькі Жуля было не такім бяскрыўдным.

Кэт даўно адчувала нешта няладнае з сэрцам. Яна тлумачыла гэта па-свойму. Калі пакідалі сілы, глытала «пілюлі бадзёрасці». «Дзіўны сродак! — паведаміла яна прадстаўнікам рэкламы пасля конкурсу.— Без яго я не пратрымалася б і двух сутак».

І вось вакол гэтага сродку ўзняўся скандал. Абсалютна бясшкодны элексір нястомнасці быў атрутай. Дзесяткі выпадкаў паралічу сэрца. «Гэтым ахвярам пераваліла за шэсцьдзесят. Старым няма чаго ганяцца за страчаным»,— агрызаўся адзін з артыкулаў газеты. «Ружовая мара стомленага чалавецтва вярнуць сабе бадзёрасць застаецца марай. Хто яго чарговы ратавальнік?» — пытаўся другі артыкул.

Дзядзька Жуль засмяяўся:

— Ратавальнікі знойдуцца. Асабліва за грошы. Дай мне, Кэт, тваю надзею ў ружовых пакуначках. Я праглыну яе, калі мне захочацца пагутарыць са сваім дзедам.

— Вось яна! Вось яна! — Кэт Джэры пачула каля сябе крык. Нейкая жанчына, якая выйшла з аўтобуса, паказвала на Лоту і патрабавала яе затрымаць.

Закалаціўшыся, дзяўчынка прытулілася да маці. Папка з нотамі выпала з яе рук на тратуар і раскрылася. Лісты рассыпаліся. На іх ніхто не звяртаў увагі. Іх тапталі нагамі.

Лота Джэры не прыйшла ў школу. Яна апынулася ў паліцыі.

— Гэта не дзяўчынка, а гангстэр! — жанчына на допыце кідалася да Лоты.— Зайшла да мяне ў магазін і, нічога не кажучы, шпурнула ў мяне белых мышэй. Я павалілася ў непрытомнасці...

Так, гэта была Лота.

Яе маці заўсёды скардзілася, што для сапраўднага навучання музыцы трэба надта многа грошай. А грошай не было. Нарэшце здарыўся шчаслівы выпадак. Маці згадзілася. На чацвёрты дзень мамінага іграння прыйшоў дзядзька Жуль і сказаў, што гэтая дзікунская забава загубіць Кэт. Лота спалохалася. Яна надумала выратаваць маці. Белыя мышкі! Дарослыя так іх лякаюцца... Яна добра гэта ведае. Варта выпусціць іх на прылавак або шпурнуць у касіршу... Тая страціць прытомнасць — і грошы твае!

Але Лота сама спалохалася і кінулася наўцёкі. Яна нічога не ўзяла.

«Заспакоіць смагу крыку паможа выбух ракеты ў фіялетавай сарамлівасці піяніна». Вось ён — наш крык, Эрык!

Вочы ўражанай Лоты нагадвалі вочы напужанай белай мышкі. Лота не падыходзіла да акон, не датыкалася да нот, не чапала кніг. Паліцыя, допыты, суд надламалі дзяўчынку. Яна лякалася званкоў тэлефона, дзвярнога званочка. Не, Лота ні на што не скардзіцца. Дзіця, мабыць, здаровае. Дзядзька Жуль раіўся з доктарам. Проста яе трэба адвезці куды-небудзь. У вёску, на бераг ракі ці возера. Або на лясную ферму. Покуль забудзецца траўма. Дзяўчынка надта ўражлівая. Іншыя нават бравіруюць гэтым.

Так. Трэба ж папярэдзіць у школе, што Лота пакуль што...

«Выбачайце, місіс! Вы чыталі рэпартаж? Так? Выбачайце, мы не можам рызыкаваць прэстыжам сваёй школы. Так, так!.. Што скажуць іншыя бацькі? Так, так. Амаль год? На вялікі жаль, для вашай дачкі нашы дзверы зачынены назаўсёды. Вось так!»

Што ж, гэты далікатны джэнтльмен мае рацыю. Колькі разоў у друку... Вось-вось! Вінавата свабода слова. А хто ж будзе чытаць, глядзець або слухаць, калі нідзе не будзе сенсацый? Добра, што яны не даведаліся, кім даводзіцца Лоце дзядзька Жуль. А які цяпер у гэтым сэнс? Ад іх пытанняў нават дарослы можа спатыкнуцца на ўсё жыццё. Ні святога, ні інтымнага, ніякіх меж для гэтай свабоды...

Вось ён — «Тупік яснасці», «Безнадзейнасць зразумелага». Калісьці Эрык назваў так свае першыя зборнікі. Для Кэт гэтае сутыкненне сэнсу здавалася бязглуздзіцай, як і ўся яго паэзія. Толькі з цягам часу яна навучылася бачыць у ёй адкрыцці.

Дзе яе сын? Паўгода ўжо, як ён маўчыць. Як можна так жыць? Каля цябе дзеці, далёка ад цябе дзеці — непарыўны ланцуг трывог і ўзрушэнняў. «Бэзавая старасць нованароджаных запалонена сонцам, якое праглынуў матор». Гэтыя вар’яцкія хуткасці, гэтая штодзённая пагоня за зданню. Бязлітасна суровы час. Спустошаныя душы амаль з пялёнак.

Доктар параіў Кэт Джэры неадкладна легчы ў бальніцу. «Не,— сказала Кэт.— У моры ёсць адзін від васьміногаў. Сваё будучае патомства ён самаахвярна ахоўвае да поўнага знясілення. Малыя плывуць у мора, а ён гіне. Так і я».

Калі паўзучы туман уладарна ахутаў горад і асабліва цяжка сцяў грудзі Кэт і, здавалася, не было ніякай прасветліны, прыйшоў ліст. Эрык пісаў: «Добры дзень, мама! Горла Кракатаў зацыравала мой гонар. Я перайшоў на бок тых, каго ў нас прынята называць бандытамі. Калі спазнаюць праўду, нараджаюцца другі раз».

Першы раз яе сын Эрык пісаў на зусім зразумелай мове. Відаць, толькі таму Кэт Джэры нічога не змагла зразумець з яго слоў. Яна толькі адчула, што ў жыцці Эрыка сапраўды адбылося нешта вельмі важнае.

1962

 


1962

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан