epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Без мамы

 

Мама нахілілася над Стасем, паправіла на ім касцюмчык і сказала:

— Сёння ў садзік пойдзеш адзін, без мяне.

— Адзін? — здзівіўся Стась.— Чаму?

— Ты ўжо вялікі. Дарогу не забыўся?

— Не.

— Прыйдзеш — цётка Феня ўзрадуецца. І я рада, што ты ў мяне ўжо вялікі. Толькі не спяшайся.

Стась выйшаў з хаты на ганак, азірнуўся. Маці шчыльна прычыніла дзверы. Ён па прыступках збег уніз, паглядзеў на вокны. Не, і за вокнамі мамы няма.

Хлопчык уздыхнуў і паволі выйшаў на вуліцу. Каля суседняга двара грэбліся ў пяску куры. Вялікі рыжы певень падазрона паглядзеў на хлопчыка. Стасю захацелася пужнуць курэй, каб яны з кудахтаннем разляцеліся куды каторая, але ён стрымаўся і рушыў далей.

Ля агародчыка перад наступнай хатай стаяла незнаёмая цётка з дзяўчынкай. Ну што на іх глядзець. Ой, не! У дзяўчынкі на сукенцы сядзіць жук з бліскучымі нагамі, вялізны, рагаты. Цікава, чаму на яго не звяртае ўвагі дзяўчынка? Можа, не бачыць? А жук нібы варушыцца на сукенцы.

Нечакана з хаты выйшла яшчэ адна цётка і засланіла сабой дзяўчынку.

Што ж, трэба ісці далей. Падскокваючы, Стась кінуўся бегчы ўздоўж клумбы, ды раптам убачыў на рамонку такога калматага вусеня, што міжволі спыніўся. Эх, каб тут была мама! Стась азірнуўся. Мамы нідзе не было. А рознакаляровы вусень, выгінаючыся, поўз па зялёнай сцябліне і вадзіў сюды-туды чорнай бліскучай галавой.

Стась асцярожна дакрануўся сандалеткай да рамонка, каб вусень перапоўз на нагу, ды не разлічыў — вусень зваліўся ў траву і знік.

Стась перайшоў плошчу. Нечакана перад ім, нібы з-пад зямлі, з’явіўся стары. Не, не стары, а кій, ягоны кій. Ніколі хлопчык не бачыў такіх кіёў. Наверсе галава страшнага кудлатага сабакі з разяўленым ротам, белымі ікламі і даўжэзным чырвоным языком. Стасю здалося, быццам кій сам скача на адной назе і цягне за сабой старога ў завулак.

Стасіку захацелася хутчэй расказаць пра ўсё маме! Ён кінуўся бегчы назад дахаты, але дарогу заступіў сапраўдны сабака. Што рабіць? Заплакаць? Але навошта плакаць, калі няма побач мамы? Хлопчык са страхам сачыў за сабакам, але той, зрабіўшы круг па плошчы, пабег услед за старым у завулак. Стась супакоіўся, успомніў, што сёння ён сам ідзе ў садзік, і пакрочыў далей.

Вось і знаёмыя блакітныя аканіцы дзіцячага сада. А на страсе — галубы. Іх можна карміць. І можна браць у рукі.

З крыкам: «Фр-р-р!» — Стась, размахваючы рукамі, кінуўся да дзвярэй дзіцячага сада, а калі здзіўленая цётка Феня сустрэла яго, ён даверліва прытуліўся да выхавальніцы, потым узняў галаву і з гонарам сказаў:

— Я прыйшоў адзін, без мамы!

Не ведаў Стась, што маці сачыла за кожным яго крокам і радавалася, што яе сын стаў зусім самастойным.

1958

 


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан