epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Безразмерная галава

 

Нарэшце я навучыўся выходзіць з сябе. Гэта мяне сястрычка навучыла. Аднойчы мы бегалі, бегалі, ды так хутка, што нават адпачыць захацелася. Селі на лаўку, а яна і кажа:

— Давай седзячы забаўляцца.

— А як? — пытаюся.

— Будзем выходзіць з сябе і прыходзіць.

— Як выходзіць?

— А так: заплюшчым вочы і паляцім куды захочацца.

Заплюшчыў, а ў мяне нічога не атрымалася.

— Гэта ж вельмі лёгка! Зірні! — сястрычка заплюшчвае вочы. Не прайшло і секундачкі, а яна расказвае:

— Вось я выйшла з сябе і паляцела, паляцела прама ў лес на палянку. А там ты і мядзведзь...

— Ой, баюся! — крыкнуў я.— Расплюшчы вочы!

Сястрычка смяецца:

— Чаго баішся?

— Цябе з заплюшчанымі вачыма! Ты невідзімкай паляцела?

— Невідзімкай.

— Уся-ўся паляцела?

— Вядома, уся.

— А сама засталася на месцы. Хіба так можна?

— Можна.

— І ты бачыш, куды ляціш?

— Усё бачу.

— А я так не магу.

— І я не ўмела,— кажа яна.— А памятаеш, наш тата расказаў, як на рабоце так раззлаваўся, што зусім выйшаў з сябе, выскачыў з-за стала і кінуўся бегаць па кабінеце.

— Ты яшчэ спытала: «А сам ты, тата, застаўся за сталом сядзець ці таксама бегаў?» Тата здзівіўся: «Канечне, бегаў!»

— А ты хіба не зразумеў,— дзівілася з мяне сястрычка,— што яны ўдвох бегалі: сам тата і татаў невідзімка?

— Адзін за адным?! — рассмяяўся я.— Вось гэта здорава!

— А я адразу здагадалася! Тата ж нават сказаў, што ніяк не мог прыйсці ў сябе.

— І мама часта выходзіць з сябе,— успомніў я.— Асабліва калі спалохаецца або зморыцца.

— Я пыталася ў маці,— прызналася сястрычка,— як выходзіць з сябе. «Гэтага яшчэ не хапала! Вырасцеш, сама навучышся». І не сказала. А я адразу захацела навучыцца.

— І доўга ты вучылася? — не цярпелася мне.

— Не. Спачатку пужала сябе, злавала, бегала, каб аж зваліцца ад зморанасці. Аказваецца, нічога такога не трэба. Варта заплюшчыць вочы, крыху пачакаць — і выходзіш з сябе, а расплюшчыш — прыходзіш...

Я слухаў сястрычку, слухаў і раптам выйшаў з сябе і паляцеў кудысьці. Спалохаўся, вочы самі расплюшчыліся, а я зноў тут. Добра, што не ўвесь выйшаў. Нават сэрца застукала. Сястрычка пытае:

— Што з табой?

— Думаў: не вярнуся назад!

Пасля я супакоіўся і ўзяўся трэніравацца. І хутка сваю сястрычку перагнаў. Не толькі седзячы, лежачы, але і на хаду цяпер магу выходзіць з сябе. На роўным месцы, вядома.

Дзе толькі не пабываў я за гэты час! Нават на камеце. Хто туды прылятае, таму жыхары каметы дораць безразмерную галаву. Надзенеш, і ўсё, што ні прачытаеш, само запамінаецца. Якая хочаш кніга!..

Не верыце? Паспрабуйце самі выйсці з сябе і злётаць на камету. А вернецеся, раскажаце, што было і як вас там сустрэлі. Добра?

1973

 


1973

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан