epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Блакітныя елкі

 

 

Дзесяць год назад з заказніка прывезлі дзве блакітныя елачкі і пасадзілі ля ўвахода ў дом: адну справа, другую злева.

Калі я дачуўся пра гэта, парашыў абавязкова дабрацца да такіх рэдкасных красунь, бо мне ні разу не выпадала іх бачыць.

Дабрацца было нялёгка. Дом, дзе я жыў, знаходзіўся на процілеглым канцы вуліцы. Пасля трынаццаці год хваробы ногі мае былі скаваны, апірацца на іх было не пад сілу. Зробіш на мыліцах з дзесятак кароценькіх крокаў і спяшаешся сесці на спецыяльную надстаўку ў крэсла на добрае паўгадзіны.

І ўсё ж такі з радаснае згоды маёй нязменнай спадарожніцы — жонкі Лю — я пайшоў у госці да елачак. Лю адносіла крэсла наперад, пакідала на ўзбочыне дарогі, вярталася і пільна сачыла за кожным маім крокам. Дзіва што! Вуліца новая, толькі даводзіцца да ладу. Раптам зачаплюся за што і бразнуся вобземлю.

Выбраліся ў паход ліпеньскім ранкам, калі яшчэ трымалася прахалода. Колькі разоў вымушаны быў прысаджвацца адпачываць — не лічыў, але прыкладна пад поўдзень дабраліся да елачак.

Вось яна, калматая малеча! Іх іголачкі сапраўды блакітныя. Але якая разнастайнасць адценняў! Ад колеру чыстай нябеснай вышыні вясенняга ранку да амаль поўнай попельнасці ўсходняга небакраю пасля захаду сонца. Ад насычанай сінявы пераднавальнічнага неба да пяшчотнай зеляніны з налётам на ёй танюткага слою блакітнага пылку. У кожнага яруса лапак свая палітра. У кожнага ўзросту сваё адценне.

Я ўглядаўся ў елачкі і ўспамінаў гады вайны і лясы Калініншчыны, Падмаскоўя, роднай Беларусі, лясы па рэках Стаходу і Вісле. Яны радзелі, станавіліся абароннымі і наступальнымі рубяжамі, насціламі на разбітых дарогах, мастамі і пераправамі, каманднымі і назіральнымі пунктамі. Бярозы і елкі, асіны і сосны ваявалі і гінулі разам з намі...

...Раз або два разы ў год кожнае лета мы з Лю наведваліся да елачак. Віталі сваіх знаёмых, радаваліся, што падраслі і адчуваюць сябе добра. Адыходзячы, развітваліся з імі. Часам думалася: магчыма, у апошні раз бачуся з імі.

І тады — о дзіва! — елачкі суцяшалі мяне:

— Будзь мужным! І ты прыйдзеш да нас. Абавязкова прыйдзеш! Настане час — і мы будзем сустракацца кожны дзень!

Потым здарылася адна бяда за другой. Нейкі хлопчык зламаў у адной елкі вяршалінку, каб пабегаць з ёю па вуліцы і кінуць. А перад Новым годам у адну з цёмных начэй нехта зрэзаў пад корань другую елку.

Гаравалі не мы адны. Амаль усе жыхары нашае вуліцы абураліся, прыдумвалі розныя меры, каб абараніць сваіх зялёных сяброў.

Абламаная хлопчыкам елка доўга не магла паправіцца, але і такой яна была па-ранейшаму прыгожай, бо свяцілася ўсімі адценнямі сваіх фарбаў. А яе стройнасць і гордая пастава ўгадвалася і без вяршалінкі.

З гадамі бакавы парастак узнімаўся ўсё вышэй і вышэй, абрастаў вакол лапкамі, выпростваўся і нарэшце зусім замяніў зламаную вяршалінку. Елка падрасла...

І я цяпер амаль кожны дзень змог наведвацца да яе. Гэтаму дапамагалі сталы і лаўкі, якіх нарабілі і паставілі дружныя жыхары дома, што стаяў якраз на сярэдзіне майго шляху. Дайду сюды, адпачну крыху — і далей. Палюбуюся цудоўнай красой сваёй знаёмай — і назад да лавак. Пасяджу, пагутару з тымі, хто бавіць час за сталамі — і дадому. Часцей маімі субяседнікамі былі дзеці.

Там я пазнаёміўся з бялявым, ружовашчокім хлопчыкам Вовам, які на лета прыехаў сюды ў госці. І адзін, і з аднагодкамі, ён заўсёды гуляў тут. Захапляўся маляваннем на асфальце і рабіў гэта незвычайным спосабам.

З пажарнай бочкі, што стаяла пад акном, Вова набіраў у якую-небудзь бляшанку вады. Знаходзіў палачку і рабіўся натхнёным мастаком і каментатарам сваіх твораў.

Дарослыя сварыліся на Вову:

— Ледзь не паўбочкі вады разліў! А раптам пажар!..

Яны відавочна перабольшвалі. Вады была поўная бочка. Я з вялікім задавальненнем разглядаў малюнкі Вовы і слухаў яго тлумачэнні:

— А цяпер намалюю міжгародні аўтобус, на якім я прыехаў.

На асфальце з’яўляўся прамавугольнік з кружочкамі ўнізе.

— А ў ім паўнютка людзей.

Зверху, на дах аўтобуса, цесна ў рад Вова рабіў рысачкі. Гэта былі пасажыры. У некалькі радоў запаўнялі ўвесь аўтобус. Я не папракаў аўтара малюнка ў перабольшванні. Не казаў яму, што пасажыры не ездзяць на дахах аўтобусаў і не сядзяць адзін на адным, нібы акрабаты ў цырку. Ён маляваў так, як яму ўяўлялася і хацелася. Умешвацца ў такое я не мог.

Калі мы пасябравалі, Вова зацікавіўся, дзе я жыву. Ён асцярожна дакрануўся да маіх знявечаных пальцаў і пытаўся, чаму ў мяне такія рукі. Браў мыліцы і з радасцю падскакваў на іх. Дзівіўся, чаму заўсёды хаджу на такіх кіёчках. Пытанняў хапала, я на ўсе стараўся даць вычарпальныя адказы. А калі расказаў пра вайну, Вова спытаў:

— Калі я пабуду на вайне, мне таксама можна будзе хадзіць на мыліцах?

Відаць, я так і не здолеў растлумачыць яму, што такое вайна, хоць часта сустракаўся з дзецьмі ў час вайны. У іх было зусім іншае аблічча. Можа, здрадзіла памяць, але цяпер мне здаецца, што ў тыя гады я не чуў, як смяяліся дзеці...

Аднойчы, калі я падняўся, каб ісці далей, Вова спытаў:

— Куды вы ідзяце?

— У госці да блакітнай елкі.

— А навошта?

— Каб пагутарыць з ёю.

— Елкі не размаўляюць! — катэгарычна запярэчыў Вова.

— А вось і размаўляюць,— таксама катэгарычна адказаў я.— Але толькі са сваімі сябрамі.

— А вы яе сябар?

— Канечне. Хочаш, хадзем разам, і ты пачуеш, як яна размаўляе. Пачуеш, калі сам ніколі не крыўдзіў елачак.

У госці мы ішлі разам. А калі да елкі засталося не больш дзесяці крокаў, Вова раптам пабег уперад і схаваўся за яе галінамі.

Я спакойна, нібы нічога не заўважыў, падышоў да елкі, прыпыніўся і сказаў з паклонам:

— Добры дзень, блакітная красуня!

— Добры дзень, дзядзечка! — пачуў у адказ.

— Табе тут добра жывецца?

— Добра, дзядзечка.

— А хлопчыка Вову ты, елачка, ведаеш?

— Ведаю.

— Харошы хлопчык?

— Вельмі харошы,— пацвердзіла елачка.

Я задаваў елачцы пытанне за пытаннем і атрымліваў тут жа адказы. Нарэшце я сказаў:

— Да новай сустрэчы, блакітная красуня. Усяго найлепшага!

— Усяго найлепшага, дзядзечка! — адказала елачка.

Я спакойна павярнуўся ісці. Вова выбег са сховішча і падбег да мяне.

— Ну што? — спытаў я.— Чуў, як елачкі размаўляюць?

— Чуў! — радаваўся хлопчык.— Усё чуў!..

Хутка ў елкі з’явіліся новыя сябры: Света і Міша. Калі мы — ужо чацвёра — падыходзілі да елкі, Света спяшалася схавацца за яе голле, каб ператварыцца ў блакітную красуню. На дзяўчынцы была ярка-аранжавая сукенка, і ад гэтага елка яшчэ больш вылучалася незвычайным блакітам.

Была спякота і суш. Я спытаўся ў елкі:

— Табе хочацца піць?

— Хочацца,— адказала елка.

— А ты папрасі сваіх сяброў: Вову, Свету і Мішу, няхай яны напояць цябе.

У пажарнай бочцы, з якой Вова браў ваду для малявання, хутка сапраўды засталося мала вады. Але затое як пахарашэла елка!

Пачалася восень. Вову і Свету адвезлі дадому. Міша пайшоў у школу. Як і заўсёды ў восеньскую непагадзь, я расхварэўся і змог выходзіць толькі ў сонечныя дні пасядзець ля свайго дома.

Мішу я ўсё ж такі сустрэў. Калі аднойчы з поўным ранцам ён вяртаўся са школы, я паклікаў яго і спытаў:

— Што сёння нясеш у ранцы?

— Пяцёрку і чацвёрку,— з гонарам адказаў ён.

— А ў гасцях у блакітнай елкі бываеш?

— Бываю. Такая прыгожая стала. Яна і зімой расце?

— Не, зімой яна спіць.

— А чаму іголачкі як летам?

— Каб радаваць усіх,— адказваю.— І напамінаць, што прыйдзе вясна.

1970

 


1970

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан