epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Будан

 

Пад поўдзень асфальт на вуліцы размяк і ўспацеў чорнымі кроплямі смалы. Нават непаседлівая дзятва спыніла гульні і пахавалася ад спёкі. Цішыня. Толькі заклапочаны жаночы голас, нібы крык самотнае птушкі, кліча і кліча:

— Валерка! Валерка!

Кароткі перапынак і зноў:

— Валерка!

Жанчына па чарзе абходзіць дамы на сваёй вуліцы. Насупраць аднаго дома спыняецца.

— Свавольнікі! — абураецца яна.— І чаго толькі не прыдумаюць!..

Краты з жалезных прутоў, што прыкрывалі падвальнае акно, адкінуты да сцяны дома. Замест іх з нарэзанага лазняку і травы зроблена нешта накшталт павеці.

Жанчына нахіляецца, каб заглянуць туды, але трава рассоўваецца, і ў адтуліне паказваецца віхрастая галава.

— Ты чаго тут? — Жанчына гневаецца, пазнаўшы свайго сына.— Ану, вылазь!

З дапамогай маці хлопчык вылазіць і, каб зменшыць віну, прызнаецца:

— Я не адзін...

— Не адзін? — раскідаўшы лазняк і траву, жанчына нахіляецца над падвальным праёмам. Ад акна, якое калісьці тут было, засталася толькі разламаная рама.

— Вы што тут робіце? — крычыць яна ўніз.

Памагаючы адзін аднаму, караскаюцца наверх збянтэжаныя хлопчыкі. Апошнімі вылазяць трое большых. Валеркава маці пазнае Шурыка, Мушэта і Славіка, хлопцаў са свайго дома, і накідваецца на іх:

— Як вам не сорамна? Занятку іншага няма?

— Мы гулялі ў будан,— апраўдваецца Шурык, загарэлы хлопчык у трусіках, з драўляным корцікам ля пояса.

— Пакалечыцца захацелі? Гэта ж небяспечна.

Падыходзіць сусед, які нядаўна быў мараком. Ён спакойна апускае на месца краты і, усміхнуўшыся, гучна, нібы на сапраўдным старце, падае каманду:

— Моладзь! Слухай мяне! Кру-гом! Да бегу падрыхтавацца... Марш!..

І дзеці з вясёлымі воклічамі і смехам знікаюць за вуглом дома. Валерка з сумам пазірае ў той бок, куды памчаліся сябры, і неахвотна цягнецца ўслед за маці.

Настае хвіліна цішыні. Небарака-верабей, стомлены гарачынёй, зляцеў аднекуль на пруцік кратаў, раскінуў крыльцы і шырока разявіў дзюбу.

Раптам з-за вугла выглянула белая галава Славіка. Са сваёй схованкі хлопчык выйшаў на пальчыках, азірнуўся і махнуў рукой.

Прыгінаючыся пад вокнамі, услед за ім прабраліся астатнія малыя. Ля кратаў дзеці параіліся і, прыхапіўшы з сабой лазняк і траву, зноў палезлі ў падвал. Мушэт і хлопчык з драўляным аўтаматам на грудзях засталіся наверсе.

— Стой тут! Будзеш дазорны. Як толькі што — свішчы!— загадвае Мушэт. Зірнуўшы на цацачны гадзіннік на руцэ, ён кажа: — Праз пяць хвілін прыйдзе змена.

Малы моўчкі ківае галавой. Дзіва што! Ён добра разумее адказнасць за даручаны пост і ўяўляе сябе на месцы мамінага брата, адважнага пагранічніка дзядзькі Нікі.

Мушэт асцярожна залазіць пад жалезныя пруты кратаў і спускаецца ў падвал. Унізе — халадок, прыцемак. Расстаўлены ўздоўж сцяны лазняк, раскіданая пад нагамі трава прынеслі сюды водар лугоў і ракі, тут лёгка дыхаецца. Невялічкі круглячок замяняе пень, стары табурэт — стол. Першы на круглячок сядае Шурык.

— Поўны парадак! — дакладвае Мушэт, падыходзячы да століка — Вораг нашага пераходу не заўважыў.

Шурык вымае з кішэні трусоў вырваную са старога падручніка карту, разгортвае яе і кажа:

— Нічога не бачу. Дайце святло!

У аднаго з малых кішэнны ліхтарык. Хлопчык ім ганарыцца і з вялікай прыемнасцю накіроўвае святло на карту.

Над картай нахіляюцца трое: Шурык, Мушэт і Славік.

— Вось тут мы, а тут — засада. Трэба папярэдзіць пасты! Сачыце за ўсімі выхадамі! — растлумачвае хлапчуку з драўляным маўзерам Шурык.— Ніхто з ворагаў не павінен нават здагадацца, дзе мы.

— Ёсць папярэдзіць пасты і сачыць за выхадамі! — адказвае сувязны. Адбіваючы тапкамі крок, хлопчык ідзе да выхада з падвала і ўважліва аглядае пазіцыі ворага.

— Як ты глядзіш? — крычыць Мушэт.— Трэба ў бінокль!

— Ты што, не кеміш? — спакойна кажа Славік.— Адзін кулак — падзорная труба, два — бінокль.

Сувязны запіхвае маўзер за пояс і пазірае ў два кулакі. Потым кліча сабе змену — хлопчыка, што стаіць непадалёк, перадае яму даручэнне штаба, а сам адыходзіць убок.

— У майго дзядулі,— кажа Шурык,— у планшэтцы захоўваецца сапраўдная франтавая карта.

— Чаму ж ты не прынёс? — адразу загараецца Мушэт.— Па ёй павядзём бой.

— Я даўно б узяў, ды гэта ж памяць.

— А ты з планшэткай! — раіць Мушэт.— Ідзі!

— Шурык! Мама кліча! — крычыць у дзверы падвала адна з дзяўчынак.

Шурык адразу ўстае.

— Гуляйце, я зараз вярнуся,— кажа ён і выходзіць.

Замест Шурыка на круглячок сядае Мушэт і пазірае на гадзіннік.

— Пара змяніць каравул,— загадвае ён.— Вадзік, на змену!

— Ёсць на змену! — паўтарае Вадзік і праз аконны праём асцярожна вылазіць наверх. Малы перадае яму аўтамат і з дапамогай Вадзіка спускаецца ў сутарэнне. Стрымліваючы ўсмешку радасці, ён падыходзіць да штабнога століка і дакладвае:

— Поўны парадак, таварыш камандзір! Дазвольце ісці?

— Можаш ісці! — адказвае Мушэт.— Чарговы сувязны, да мяне!

А Шурыку ў гэты час маці кажа:

— Цётка Аня просіць купіць малака дзецям. На табе бітончык і грошы. Возьмеш два літры. Толькі пытайся, каб было свежае.

Цётка Аня — суседка. У яе дзяўчынкі — блізняты. Ім патрэбна малако. А Шурык — бясстрашны разведчык. Ён ашукае ворага, прарве блакаду і прынясе малака.

Сем разоў пад несупынным агнём мінамётаў яму прыйшлося разразаць калючы дрот, чатыры разы размініраваць праходы ў мінных палях,— і ніхто яго не заўважыў. Каля самага склада з прадуктамі ён двойчы біўся з ворагам, але спрытнымі ўдарамі корціка знішчыў усіх, хто на яго нападаў. Малако ёсць!

— Мне можна гуляць, мама? — пытаецца Шурык, вярнуўшыся з магазіна.

— А вы дзе гуляеце?

— У падвале.

— У што?

— У будан.

Маці ўсміхаецца і, прыгладзіўшы непаслухмяны віхор на галаве сына, ласкава дазваляе:

— Гуляйце!

Пераскакваючы цераз некалькі прыступак, Шурык бяжыць уніз і бачыць за штабным сталом пяцігадовага Вову. Малы няўпэўнена сядзіць на краі круглячка. Ён хоча быць сур’ёзным, тарэшчыць чорныя вачаняты на сувязнога — худзенькага, у акулярах, Петруся.

— Добра! — адказвае на рапарт Петруся Вова.

— Трэба сказаць: «Сачыце за дарогай!» — вучыць Пятрусь .— Ну, кажы!

— Сачыце дарогай! — кажа Вова і падымаецца, шчаслівы.

Усе падрыхтаванні да атакі закончаны. Можна пераходзіць да рашаючага наступу.

Раптам трывога: на ганку Валеркава маці! У дзіцячых гульнях яна бачыць адно свавольства і небяспеку. Хлопчыкі прыціхлі.

Чуваць толькі Слаўкаў шэпт. Ён раіць, каму дзе хавацца.

Валеркава мама, трымаючы за руку Валерку, не спяшаючыся, сышла з ганка і накіравалася ў горад.

— Да атакі падрыхтавацца! — чуецца тонкі галасок Мушэта.

Лепшы джыгіт Каўказа, ён круціць над галавой шашку і крычыць:

— Напе-е-рад!

— У-р-р-а! — парушаюць цішыню вуліцы дзіцячыя крыкі: — Ура-а-а!

Хто адважыцца стаць на дарозе гэтай лавіне?

1961

 


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан