epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Чаму свеціць сонца

 

Пяцігадовая Леначка гуляла на вуліцы з сяброўкамі. Дзяўчаткі вазілі ў скрынцы самаробную ляльку і невялічкае кацяня. Нечакана Леначку паклікалі.

— Бяжы дадому, твой тата прыехаў!

Леначка спалохалася немаведама чаго і, кінуўшы ляльку, пабегла дахаты.

За сталом сядзелі зусім незнаёмыя дзядзька і цётка ў ваенным адзенні. Заплаканая, маці падхапіла Леначку на рукі, пасадзіла на дзядзькавы калені і загадала:

— Абдымі і пацалуй нашага татку.

— Вось якая ты ў мяне! — сказаў дзядзька.

Яго дужыя рукі асцярожна прытулілі дзяўчынку. Леначка адчула ля шчакі халодныя медалі і пяшчоту пальцаў, якія паволі гладзілі яе плечы, шыю, твар. Каля вуха заласкатала. Засмяяўшыся, яна раптам ускінула хударлявыя, запэцканыя ў пясок ручаняткі і, абняўшы бацьку за шыю, спыталася:

— А ты цяпер, татка, назаўсёды?

Цяжка ўздыхнуўшы, бацька адказаў:

— Але, мая дачушка, назаўсёды.

Калі назаўтра раніцай цётка развіталася з імі, а маці пайшла на працу, Леначка засталася дома з бацькам. У насцеж расчыненыя вокны ліўся пах ліпавага цвету. На падлозе ляжалі квадраты сонца. Бацька сядзеў ля акна і слухаў расказы дачкі.

— Мы з мамкай чакалі цябе, чакалі... Мамка варэнне варыла... А я пальчык апякла. І язык.

Раптам Леначка таямніча сказала:

— Тата, а я бачыла!

— Што ты бачыла?

— Бачыла, як ты ўчора вочы вымаў і клаў у шклянку з вадой. А чаму мае вочы не вымаюцца?.. Тата, чаму ты маўчыш?.. Тата, а яны без цябе бачаць?

— Не, дачушка, не бачаць. Ідзі пабегай!

— Не хачу!

— Ну, пакліч маму!

— Ты хочаш абедаць? — Леначка падхапілася.— Зараз.

Зачыніліся дзверы, і былы салдат Аляксандр Мацвееў застагнаў, абхапіў галаву рукамі і захістаўся з боку ў бок, нібы адчуў нясцерпны пякучы боль. Такой нясцерпнай пасля дачушчыных слоў стала цемень, якая ахутала яго на ўсё жыццё.

Толькі праз дзве гадзіны Леначка з мамай вярнуліся з дзіцячага сада, дзе маці працавала выхавацелькай.

— Ну, як наш тата, не сумаваў без нас адзін? — спыталася маці. Яна падышла да бацькі, абняла яго. Падбегла, прытулілася да таты і Леначка.

— Што ты, маці! Я слухаў жаваранка,— адказаў тата.— Я так даўно яго не чуў... А памятаеш, Воля, там, на дарозе, каля дуба, у які ўдарыў пярун, мы стаялі апошні раз... А над балотам стагналі кнігаўкі. Ты плакала...

— А помніш, я сказала, што ты вернешся! Да нас вернешся. І я ўсе гады верыла...

— А я дзе была, калі тата ішоў на фронт? — спыталася Леначка.

— Цябе яшчэ не было.

— Зусім не было?

— На свеце не было. Яшчэ не нарадзілася,— засмяялася маці.— Як пачне задаваць пытанні, толькі адказвай!..

— А мы за вайну з мамкай так нацярпеліся без цябе! — як дарослая, сказала Леначка.— І ты, тата, без нас нацярпеўся?

— І я, дачушка!

Ён узяў Леначку пад локці і, не выпускаючы з рук, пачаў гушкаць. Потым прытуліў, пацалаваў і сказаў:

— Нацярпеліся, дачушка, каб больш ніколі не цярпець. Я не бачу цябе, Леначка... Ні мамы не бачу, ні сонца. Нічога не бачу. Але мы адваявалі сонца для вас. І мне хочацца жыць...

На двары Леначка сказала сваім сяброўкам:

— Мой тата не бачыць ні мяне, ні мамы. Але каб тата не быў на фронце, не было б і сонца.

1956

 


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан