epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Хай вожыкі чытаюць...

 

Мы з Лідай сядзім за адной партай, разам рыхтуем урокі і разам ходзім у школу. Толькі погляды на жыццё ў нас зусім розныя.

Мяне ўсё цікавіць: што ў свеце адбываецца і ці ёсць дзе яшчэ такая цывілізацыя, як у нас на Зямлі; ці думаюць такія волаты, як дуб або баабаб, і што ёсць у Эрмітажы. А для мае сяброўкі ўсё такое — абы-што, непатрэбнае. «Хай вожыкі пра гэта чытаюць!» — весела смяецца яна.

А цяпер пра адну з нашых спрэчак.

Вяртаемся мы ўчора са школы. Сонечны вясновы дзень такі ціхі і цёплы, што хочацца ісці павольна і любавацца ўсім наваколлем. І мы не спяшаемся. Памахваем партфелямі, азіраемся, штохвілінна спыняемся. Неяк я нахілілася да ўзбочыны дарогі і адразу здзівілася:

— Ліда, зірні сюды!

— Знайшла? — пытае яна.— Пакажы што!

— Ды не,— адказваю,— намалявана.

— Дзе?

— Ды вось, перад намі,— паказваю на ўзбочыну.— Птушкі скакалі, ці што?

— Гра-азь,— скрывілася мая Ліда.— А я думала...

А я ўпершыню ўбачыла такі дзівосны ўзор. Нібы іголкі на яловых лапках, і ўсё ў розныя бакі! Як на ціснёнай тканіне.

— І тлуміць галаву няма чаго! — адказвае Ліда.— Прайшлі і натапталі.

— Хто? Тады б сляды былі.

— Машына праехала,— першае, што прыйшло ў галаву, кажа Ліда.

— Якая ж гэта машына? — пярэчу я.— Гразь не ўціснута.

— Ну, нехта намаляваў. Палачкай.

— Хіба столькі намалюеш! — здзівілася я.— Зірні: уся абочына... Можа, зрэзаную елку хтосьці цягнуў?

— Выдумваеш,— бярэ мяне за рукаў Ліда.— Пайшлі!

А як пойдзеш, калі не церпіцца самой да ўсяго дашукацца. Калі елку цягнеш, так не адціснецца. А тут лапкі, лапкі! Ды ўсё ўзорчата!

— Знайшоўся мне следапыт! — смяецца Ліда.— І глядзець няма на што.

— Няма на што! — узбунтавалася я.— А адкуль такі дзіўны ўзор, і не ведаеш!

— І ведаць не хачу пра рознае глупства.

— А можа, не глупства,— гарачуся я,— а цэлае адкрыццё!

Ліда смяецца:

— У гразі і — адкрыццё! Ну і насмяшыла!..

— А ты ведаеш, што такое гразь? — зусім раззлавалася я.— Зямля з вадой. Не было б гразі — і хлеба не было б! І нас з табой!

— Што вы спрачаецеся? — дагнаўшы нас, спытаў Юрык, наш аднакласнік.

— Ды вось,— смяецца Ліда.— Ірка не ведае, хто нашу дарогу размаляваў.

— Вось гэта?! — махнуўшы партфелем, Юрык здзеклівым позіркам акінуў узорыстую паласу.— Я размаляваў!

— Я ж ёй казала! — зарадавалася Ліда.

— Няўжо! — разгубілася я.— Н-не можа быць!

Мне падабаецца Юрык. Ён так здзіўляюча адкажа табе на любое запытанне, што ніяк адразу не разбярэш: верыць яму ці не верыць.

— Праўда! — нават не ўсміхнуўшыся, пацвярджае Юрык.— З вады, што тут была, ноччу я намарозіў іголачак і рассыпаў па ўзбочыне, а днём высушыў на сонцы. Іголачкі пакінулі сляды. Вось і ўся тэхніка...

Сказаў і пабег далей.

— Ну што! — з пачуццём уласнай перамогі сказала Ліда.— Чула?

— Ды няўжо ты не зразумела, што Юрык здзекаваўся з нас? — адказала я сяброўцы.— Чаму ж мы з табой не дацямілі, што гэта — самая звычайная з’ява прыроды?! Як ты думаеш?

— Нічога не думаю,— зноў весела прызнаецца Ліда.— І думаць не буду! Хай вожыкі гэтым цікавяцца!

З пачуццём нечаканай крыўды і жалю за сяброўку і чамусьці за сябе я сказала:

— Так зусім не цікава жыць на свеце!

— Не цікава, ды лёгка! — крутанулася яна перада мной.— А што лепш?

Я не пярэчыла. Спачатку ад здзіўлення не знайшлася, што сказаць, а потым падумала: спрачайся не спрачайся — словамі Ліду не пераканаць.

А мне нават крупнік згатаваць або спаднічку сабе пашыць і то трэба падумаць! Кілімную дарожку вынесеш ля дома і глядзіш, дзе стаць, каб на цябе пыл не ляцеў...

А вось чаму ва ўсім гэтым я сваю сяброўку ніяк не пераканаю — не ведаю. І на вожыкаў спаслацца не магу.

1967

 


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан