epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Хлопчык і салдат

 

Герой Савецкага Саюза салдат Міронаў пасля вайны вярнуўся дадому ў калгас «Вішанькі». У старэнькай хатцы жылі яго маці і пляменнік Толя. Астатніх сваякоў загубіла вайна.

Толя даўно марыў надзець пілотку, салдацкую гімнасцёрку, узяць у рукі аўтамат і пайсці біць фашыстаў. І вось цяпер ён ніяк не мог адвесці вачэй ад Залатой Зоркі на грудзях дзядзькі, ад яго гвардзейскіх вусоў, а дзядзькавай пілоткай ён завалодаў адразу і штохвілінна папраўляў яе на сваёй галаве.

Назаўтра дзядзька ўстаў рана і ціха, каб нікога не пабудзіць, узяў кавалачак люстэрка, брытву, прымасціўся каля акна і збрыў свае заліхвацкія вусы.

Устала бабуля, глянула на сына і пляснула рукамі:

— Сыночак! Ты ж яшчэ зусім маладзенькі... Быццам і не было гэтага ліхалецця...

І па яе твары пацяклі слёзы.

Прачнуўся Толя, глянуў на дзядзьку і здзівіўся. Яму так хацелася хутчэй падрасці і самому мець гвардзейскія вусы. А тут... Нічога не зразумееш!

Дзядзька дастаў з кішэні чорны шаўковы кісет, вышываны васількамі і рамонкамі, вытрас яго і сказаў:

— На, мама, схавай на ўспамін. Больш не буду курыць.

Толя ахнуў. На грудзях Залатая Зорка, а сам без кісета!

Бабуля адчыніла скрыню, каб схаваць кісет, і дастала пашарпаную кніжку.

— Берагла Толіку,— сказала яна.— Не век жа вайна будзе, думала.

Гэта была першая чытанка пасля буквара.

Узрадаваўся дзядзька.

 

Мой мілы таварыш, мой лётчык,

Вазьмі ты з сабою мяне!

 

Дзядзька чытаў верш за вершам, а Толік слухаў не варушачыся. Першы раз за ўсё сваё гаротнае дзяцінства ён пашкадаваў, што не ўмее чытаць.

— Скажы, сынок,— раптам перабіла бабуля,— а табе дужа страшна было, калі па цябе паўзлі гэтыя танкі, што ты падбіў?

— У такой гарачцы не да страху,— адказаў дзядзька.— Страшна стала пасля, калі я ўявіў сабе, што было б, калі б гэтыя танкі прарваліся...

Бабуля ўзялася гатаваць сняданне. У яе былі ўсяго дзве курыцы. Яна злавіла адну, пярэстую, чубатку, прынесла ў хату і сказала:

— Адсячы ёй, сынок, галаву, калодка на двары. Яна ўжо і несціся перастала.

Дзядзька ўзяў чубатку, прытуліў рукой да сябе і выйшаў з хаты.

Гэта быў яго першы ранак дома.

Усё навакол зіхацела блакітам і зеленню. Стаяла такая мірная цішыня, што нядаўні салдат міжволі спыніўся і залюбаваўся. Яго рука сама пачала гладзіць курыцу. Так дзіўна было бачыць у сваіх руках гэтую чубатку.

— У цябе нават трэцяе павека ёсць! А я і забыўся...

Ён узяў курыцу ў абедзве рукі і, усміхнуўшыся, шугануў яе ўгору, як рабіў гэта калісьці даўно, яшчэ хлапчуком.

А Толік, як толькі за дзядзькам зачыніліся дзверы, замітусіўся па хаце: кінуўся да дзвярэй, да акна, зноў да дзвярэй, а потым упаў на ложак, і яго худзенькія-плечы затрэсліся ад плачу.

Толік помніў кожнае пёрка чубаткі. Разам з другой курыцай ён хаваў яе ад фашысцкіх салдат. Чубатка грэла яго цяплом свайго цела, калі хлопчык ратаваўся ад эсэсаўскіх карнікаў у лесе, мёрз на балоце. Чубатка першая бегла да яго насустрач...

— Мама, уцякла ад мяне твая чубатка. Ніяк не мог злавіць... Ну, нічога, з’ядзім і нішчымны крупнік,— сказаў дзядзька, увайшоўшы ў хату.

Бабуля паглядзела на яго і ўсміхнулася. А Толя ўсхапіўся з ложка і, яшчэ ўсхліпваючы, кінуўся дзядзьку на шыю.

1959

 


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан