epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Хвалько

 

— Паглядзіце, паглядзіце! — закрычаў верабейка з гнязда, якое знаходзілася пад дахам блакітнага дома.— У нашым садзе шпакі. Я праганю іх.

— Не смяшы людзей,— сказала бабуля-вераб’іха, спыніўшы прыборку ў гняздзе.— Не нам, вераб’ям, ганяць шпакоў.

— Я індыкоў і курэй не баюся,— важна надзімаючыся, падскочыў верабейка.— У іх з-пад дзюбаў хапаю зерне і крошкі.

— Нічога дзіўнага,— прыхарошваючыся перад люстэркам, заўважыў дзядуля-верабей.— Індыкі і куры — непаваротлівыя. А ты маленькі і спрытны.

— І ў дадатак шалянец,— сказала бабуля.— Папомніш маё слова, адарвуць табе галаву, свавольніку няўрымсліваму!

— Мы ведаем пра тваю смеласць,— з гонарам сказаў дзядуля.— Але шпакоў не варта чапаць. Яны нам радня.

— А мне што да таго! — узляцеў верабейка на дах і з крыкам: «Што да таго! Што да таго!» — шугануў у сад.

У садзе па траўцы бегалі шпакі.

— Здаецца, мы тут ні разу не былі,— сказаў шпак.

— Былі. Не так даўно тут рос адзін бур’ян,— адказала шпачыха.

— Праўда, праўда! — узрадаваўся шпак.— Адразу відаць, што тут пасяліліся людзі, якія любяць зямлю. Была пустэча, а стаў сад.

— Гэта сад наш! — наскакваючы бокам на шпакоў, закрычаў верабейка.— Мы тут жывём!

— «Наш, наш»,— перадражніў шпак.— А мядзведак і земляных цвыркуноў паўнютка. Сад трэба даглядаць...

І доўгай дзюбкаю падчапіў і выцягнуў з норкі тоўстага цвыркуна.

Верабейка аж прысеў ад здзіўлення. Ён баяўся, што ў гэтых норках вужакі хаваюцца. А тут вунь які смак!..

Верабейка падбег да шпака, выхапіў у яго цвыркуна.

— Бач, задзіра! — здзівілася шпачыха.— Адлупцуй яго як след.

— Што ты, мамачка! — запярэчыў шпак.

І шпак звярнуўся да верабейкі:

— Глядзі і вучыся, як самому лавіць.

Шпак выцягнуў з-пад каранёў у яблынькі мядзведку з вялізнымі зубчастымі лапамі-рыдлёўкамі.

— А-я-яй! — верабейка з перапуду кінуўся ўбок.

— Відаць, ты баязлівец,— засмяялася шпачыха.

— Гэта абраза! — адразу закрычаў верабейка.— Я нават вужак не баюся.

І ён здзёўб з трыпутніку вусеня.

— Во як я з імі распраўляюся!

— Што ж, для пачатку нядрэнна,— пахваліў шпак.

— Ну, я пад’ела! — праглынуўшы павука, сказала шпачыха.

— І я наеўся! І я наеўся! — падскакваючы, закрычаў верабейка.

— Падрастуць дрэвы, і вучні для нас хаткі на іх павесяць,— сказаў шпак і, пацягваючыся, дадаў: — Не шкодзіла б пакупацца.

— Паляцім зноў на мора,— згадзілася шпачыха.

— І я з вамі,— узрадаваўся верабейка.

— А тата з мамай табе дазволяць? — занепакоілася шпачыха.

— Тата з мамай на цэлы месяц паляцелі ў камандзіроўку,— адказаў верабейка.— А мяне дома пакінулі. Дзеда з бабуляй даглядаць.

— Бач ты яго! — здзівілася шпачыха.

— Я на мора паляцеў! — крыкнуў верабейка бабулі, якая на краі гнязда вытрасала кілімавую дарожку.

— Утопішся! — закрычала наўздагон бабуля.— Я табе, шыбеніку, задам тады лупцоўкі!..

Але верабейка не чуў бабулінай пагрозы. З усяе сілы трапечучы крыльцамі, ледзь паспяваў за шпакамі.

Засопшыся, ён нарэшце даляцеў да берага, дзе апусціліся шпакі, і адразу закрычаў:

— Вось і я! Вось і я!

Шпакі ўжо купаліся. Яны падскаквалі, білі па вадзе крыламі, апырсквалі адзін аднаго. Адным словам, раздурэліся, як дзеці, калі іх ніхто не стрымлівае.

«У лужынах пасля дажджу яшчэ лепш я падскакваю»,— падумаў верабейка.

Ён крыкнуў:

— Зірніце на мяне!

І кінуўся да шпакоў у ваду, але не дастаў дна, адчайна затрапятаў крыльцамі і залямантаваў:

— Ратуйце! Таплюся!

— То-та ж, хвалько,— выцягваючы верабейку за каршэнь, сказаў шпак.— Гэта табе не лужына.

Больш верабейка не стаў купацца разам са шпакамі. Цяпер ён з берага асцярожна ступаў у ваду. Як толькі вада даставала да калена, спалохана кідаўся назад.

І ўсё ж такі верабейку тут было весела. Ён перазнаёміўся з прыгожымі плісачкамі. Яны жвава пакручвалі хвосцікамі і бегалі па пяску. Верабейку таксама захацелася прабегчыся. Ён ледзь было не крыкнуў: «І я!..», але азірнуўся на шпакоў і своечасова стрымаўся.

Нечакана верабейка сустрэўся з чарапахай, якая вылазіла з вады. Яму здалося, што сунецца каменны дом, а з усіх яго шчылін паўзуць вужакі.

З перапуду верабейка ўзляцеў высока ўгору і разгубіўся. Ён зусім забыў, дзе яго дом.

— Я хачу да бабулі! — падляцеўшы да таполі, дзе адпачывалі шпакі пасля купання, заенчыў верабейка. З вачэй у яго пакаціліся слёзы.

— Не плач! — супакоіла шпачыха.— Зірні: вунь блакітны дах з тэлевізійнай антэнай. Там і жывуць твае бабуля і дзядуля. Не адхіляйся, ляці проста, бо згубішся.

Верабейка нават забыў падзякаваць і развітацца са шпакамі. Ён ляцеў і баяўся, што ніколі ўжо не ўбачыць свайго гнязда.

Бабуля яшчэ здалёк пазнала ўнука.

— Ляціць мой родненькі! — пляснула яна крыламі.— А я ўжо думала, што ніколі яго не ўбачу!

Як толькі верабейка сеў на гняздо, моцна прытуліла да сябе.

— Я табе маннай кашы зварыла. На малачцэ...

— А я ў моры купаўся! — вырываючыся з абдымкаў бабулі, сказаў верабейка.— А калі шпак тапіўся, ратаваў яго. Ён частаваў мяне земляным цвыркуном і мядзведкай... Не хачу тваёй манкі! Еш сама!

— Бач ты,— з гонарам сказаў дзядуля.— Самога шпака ратаваў! Які малайчына! Вырасцеш — сапраўдным вераб’ём станеш.

1968

 


1968

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан