epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Хвалюючая падзея

 

 

 

Рома заўсёды прасіў бацьку і маці браць яго з сабой, калі яны збіраліся ісці ў які-небудзь магазін. Спачатку ён толькі назіраў за тым, што там робіцца. Але аднойчы...

Гэта была хвалюючая падзея. Яны з бацькам ішлі па вуліцы і за шклом у вітрыне дзіцячага магазіна ўбачылі чорны пісталет. Мара — не пісталет! Адзін-адзінюткі раз ён бачыў такі пісталет у незнаёмага хлопчыка.

— Тата! Татачка! — толькі і змог вымавіць Рома.

Бацька добра разумеў настрой сына. Ён адлічыў грошы і сказаў сыну:

— Сам купі! А я тут пачакаю.

Самым шчаслівым хлапчуком на ўсім белым свеце выбег Рома з магазіна. Падбег да таты.

— Вось! І яшчэ пакецік з зарадамі...

Бацька ўважліва агледзеў пісталет. Потым падняў угору і націснуў на спуск. Хлопчыку здалося, што пачуўся аглушальны стрэл, а з ствала вырваўся струмень полымя.

1972

 


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан