epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Ціха, ён спіць...

Апавяданне старога настаўніка

 

— Аркадзь Паўлавіч,— звярнулася да гаспадара кватэры маладая настаўніца,— усе спрачаюцца, а вы маўчыце.

Сярод гасцей Аркадзя Паўлавіча быў і я. Мы ўзрадаваліся яе заўвазе. Нашы спрэчкі зацягнуліся. Хацелася, каб нехта іх абагульніў і закончыў.

— Сапраўды, калега,— ледзь не хорам усклікнулі мы.— Вы ж узгадавалі такіх цудоўных дзяцей і ўнукаў! У вас ёсць чаму павучыцца...

Аркадзь Паўлавіч збянтэжана ўсміхнуўся, адпіў з кубачка глыток кавы, паставіў кубачак на сподак.

— Вы, як я зразумеў, сцвярджалі, што сям’я фарміруе характар дзяцей,— сказаў ён.— Але, мне здаецца, трэба помніць, што ў адной сям’і вырастаюць дзеці з рознымі характарамі. Бывае, аднолькавае выхаванне дае супрацьлеглыя вынікі.

Аркадзь Паўлавіч зноў адпіў глыток кавы.

— Калі дазволіце, я раскажу пра выпадак са свайго юнацтва, як я ўзбунтаваўся супраць волі бацькі.

Усе з радасцю згадзіліся выслухаць свайго старшага калегу.

— Маё юнацтва прыйшлося на канец дваццатых гадоў, час бурны і пераломны,— пачаў Аркадзь Паўлавіч.— Жылі мы тады ў невялічкім мястэчку на Полаччыне. Бацька быў звычайным селянінам. Але нас, чацвярых дзяцей, ён стараўся выхаваць такімі ж, як і сам, праўдалюбцамі, стараннымі ў працы і марыў усім нам даць, як ён любіў казаць, самую высокую адукацыю.

Калі апавяданне Аркадзя Паўлавіча было закончана, некаторы час мы сядзелі моўчкі. У кожнага з нас узніклі свае ўласныя ўспаміны, думкі.

Я ўважліва слухаў Аркадзя Паўлавіча. І ў чымсьці яго ўспаміны мне здаліся блізкімі. Пазней яны так пачалі мяне займаць, што я папрасіў у Аркадзя Паўлавіча дазволу на іх аснове напісаць апавяданне. З яго добразычлівага ўхвалення я і прапаноўваю гэтае апавяданне вашай увазе.

Аркадзь сядзеў за сталом — рашаў задачу. Учытваўся ва ўмову, спрабуючы знайсці хоць нейкую зачэпку, з якой можна было б пачаць дзеянне. Каб лепш засяродзіцца, заплюшчваў вочы, зноў і зноў унікаў ва ўзаемасувязь слоў і велічынь. Усё дарэмна.

Ад адчування бездапаможнасці ўзнікла прыкрасць. Ён уявіў: заўтра прыйдзе ў школу, а сябры скажуць: «Мы задачу рашылі». У любым выпадку палавіна аднакласнікаў знойдзе правільны адказ. А чым ён горшы? Дурней, ці што?

— Да раніцы прасяджу! — сказаў сабе.— Не паднімуся, пакуль не рашу.

— Ідзі сюды,— адчыніўшы дзверы, напаўголасу паклікаў бацька.— Хуценька спусціся ў склеп, зірні, што Макс робіць.

Нечаканая размінка! Аркадзь ускочыў з крэсла і ўслед за бацькам увайшоў на кухню.

У падлозе было адкінута вечка, што прыкрывала спуск у склеп. Аркадзь нахіліўся, абапёрся далонямі аб маснічыны, саскочыў уніз. У прыцемку разгледзеў напалоханы твар малодшага брата Максімкі, які адчайна падаваў яму знакі.

Аркадзь памяркоўна ўсміхнуўся, не адказаў на засцерагальныя жэсты брата і вылез наверх. Не пазіраючы бацьку ў вочы, моўчкі выпрастаўся.

«Ледзь не з мяне ростам. Відаць, будзе мажны хлопец»,— падумаў бацька і, не дачакаўшыся адказу, нецярпліва спытаў:

— Ну, што ён?

— Нічога,— сын непаразуменна павёў плячом.— Набіраў у кашолку бульбы.

— Марш у кут! І стой, пакуль не скажаш праўды.

Аркадзь, як здалося бацьку, задзірліва падняў галаву, знарок абыякава засунуў рукі ў кішэні штаноў, падцягнуў штаны і спакойна накіраваўся ў пакой.

«Такога яшчэ не дазваляў сабе,— угнявіўся бацька.— Ну, нічога. Як міленькі прызнаецца і папросіць даравання. Галоўнае — нічога не спушчаць».

З чорнага квадрата падпамосця паказалася кашолка з лазовых прутоў, напоўненая бульбай.

— Тата, падхапі!

Нібы адольваючы неверагодныя перашкоды, з склепа паднімаўся Максімка. Бацька назіраў за ім. Хлопчык збянтэжана апусціў галаву.

— Ты што там рабіў?

— Нічога,— Максімка палахліва ўтаропіўся на бацьку.— Праўда, нічога. Набраў бульбы і вылез.

Не цярпелася спаслацца на брата, але не асмеліўся.

«За свавольства і падман удвая пакараю,— ледзь не вырвалася ў бацькі, але ён спахапіўся.— Пачакаю прызнання Аркадзя. А той замест дапамогі ў выхаванні... Прыйдзецца раз і назаўсёды адвучыць».

— Нясі ў агарод і дапамажы маці садзіць!

Макс паспешліва падхапіў кашолку.

— Работнічкі мне растуць! — кінуў бацька наўздагон.— Сачы ды сачы.

Пакаранне выклікала ў Аркадзя паблажлівую пагарду. Ён спакойна накіраваўся ў сталовую, стаў на даўно адведзенае бацькам месца, павярнуўся тварам да стала, дзе ляжалі яго сшыткі. Падумаеш — справядлівасць. Максімка сам добра разбіраецца, што да чаго. Без яго падгляду. А ён не даносчык і ніколі больш ім не будзе.

 

Аша, Таша, Ашатан

З’ела муху і каштан,—

 

весела загучала ў яго памяці жартоўная дражнілка для Наташы, якая сядзела за партай перад ім. Прыдумалася калісьці пры гульні ў словы-перакруткі і запомнілася. Вартая дзяўчынка. І любіць вершы... Смех, дый годзе, як жэстыкуляваў Максімка! Ледзь слоік з мёдам з рук не выпусціў. Лячэбны сродак. Палячыцца надумалася! Вядома, бацька адразу пачуў шастанне паперы, калі Максімка развязваў слоік.

Якія ж урокі заўтра? Першым — літаратура. Выдатна! Другім — алгебра. Вось не шанцуе, дык не шанцуе. За ёю анатомія. Гэта лёгка. Потым... Стоп. Стоп-стоп... Эўрыка! Ды к задачы ж прымяніма формула. Калі ўзяць... Калі мы ў самым пачатку возьмем... А потым ураўненне...

Аркадзь забыўся на пакаранне, кінуўся да стала, спяшаючыся, накідаў ход рашэння задачы... Так проста!.. Але, заўсёды проста, калі сам разбярэшся. А цяпер у кут.

 

Аша, Таша, Ашатан...

 

У пакой зайшоў бацька, патупаў ля дзвярэй, перасунуў нагамі дыванок, падышоў да стала, памацаў крэслы, нібы правяраючы іх устойлівасць. Сеў і пачаў моўчкі разглядваць сына.

Аркадзь, нібы нічога не здарылася, спакойна, нават весела сустрэў бацькаў выпрабавальны позірк. Задача ж рэшана. Падзяліцца б сваёй радасцю, ды няма з кім.

З-пад стала высоўвалася старая пантофля бацькі. У лахматай дзірцы тырчаў пазногаць вялікага пальца. Нібы адзначаючы такт нячутнай мелодыі, пазногаць стаў то знікаць у дзірцы, то з’яўляцца.

У Аркадзевых чаравіках заварушыліся пальцы. Цікава, ці многа такіх рухаў можна зрабіць?

Раз, два, тры... пятнаццаць... сорак дзевяць, уверх-уніз, уверх-уніз. Сто дзесяць... трыста пяць...

— Урокі зрабіў?

— Але, тата.

Бацька працягнуў руку за сшыткам, паклаў перад сабой, не спяшаючыся, перагарнуў лісты, з разваротам на той жа старонцы паклаў на ранейшае месца і выйшаў са сталовай.

Зайшла маці.

— Зноў? І калі ты паразумнееш?!.

Яна падышла да сына.

— Чаму не просіш дараваць?

І, нібы змоўшчыца, напаўголасу:

— Абед гатую. Я прышлю бацьку.

— Не трэба.

— Дурны! Галодным астанешся.

— Няхай сабе.

Маці падышла да буфета, пабразгатала посудам і, нічога не ўзяўшы, выйшла.

Застацца галодным — паўбяды. Але сёння ж нядзеля.

І вечарам у клубе кіно. Кажуць, захапляючы фільм. Як вырвацца? Што ж рабіць?

Дзверы ледзь прыадчыніліся. Паказалася галава Максімкі. Убачыўшы брата ў куце, ён вельмі здзівіўся, праціснуўся ў шчыліну, асцярожна прычыніў за сабой дзверы. Вінавата ўсміхаючыся, на пальчыках наблізіўся да брата і пошапкам спытаў:

— Табе чаго-небудзь прынесці? Я ўмомант.

Аркадзь прамаўчаў.

— Ты нікому не сказаў?.. Не кажы! А то мне пападзе... Ну, чаго табе?

— Нічога,— злосна адказаў брат.

— Ціх-х!..— спалохаўся Макс і азірнуўся на дзверы.— Маці сачэнь з салам паставіла ў духоўку. А тата ў садзе дрэвы акопвае. Ну, я пайшоў. Калі што — я ўмомант. Толькі намякні.

Ён накіраваўся да дзвярэй, але прыпыніўся і, узрадаваны, вярнуўся да брата.

— Прыдумаў! Буду пад акном — свісну. А ты адкажаш.

Не чакаючы згоды, Макс заспяшаўся з пакоя.'

Аркадзь з прыкрасцю пазіраў на сонечныя блікі, якія падалі з акна на стол. Пятнаццатая вясна ў яго жыцці. Неўзабаве пятнаццаць гадоў!.. І ніхто з гэтым не лічыцца.

Забягала дзятва — сястра Вера і брат Федзя. Паглядзеўшы на Аркадзя, яны спачувальна ўсміхаліся і тут жа знікалі. З суседніх пакояў, з кухні і веранды даносіліся галасы, бразгат, цяжкія крокі бацькі, паспешлівыя — маці.

Аркадзя не цікавіла гэтая перадабедзенная беганіна. Як добра, што ні сёння, ні заўтра не будзе рэпетыцыі і Наташа-аша або яшчэ хто не забягуць да яго. Непрыемна, калі ўбачаць пакараным. Вядома, Наташа-аша зразумее яго становішча, нікому не скажа, але больш за ўсё і не хацелася б, каб яна ўбачыла. Цікава, каго з хлопцаў караюць і як. Ніхто ў гэтым ніколі не прызнаецца.

Зноў увайшла маці, мокрым ручніком выцерла на стале цырату. Асцярожна абмінула месца, дзе займаўся і абедаў Аркадзь і дзе цяпер ляжалі яго сшыткі. Расставіла талеркі і ўзяла сына за руку.

— Папросіш?

— Не буду,— адказаў Аркадзь.— Я нічога дрэннага не рабіў.

Абедалі, нібы не заўважалі вінаватага. Прыціхла дзятва. Макс ні на кога не адважваўся зірнуць. Бацька з маці гутарылі аб ранняй вясне, колькі патрэбна градак пад капусту і цыбулю, пад агуркі і моркву, скардзіліся, што будуць замаразкі. Крадком маці пазірала на Аркадзя і ледзь прыкметным паваротам у бок бацькі прасіла павінаваціцца.

Ні крыўды, ні прыкрасці на бацьку не было ў Аркадзя. Думкі прасіць даравання ён адкідваў. І есці не хацелася. Здавалася, сам абед і яго ўдзельнікі перамясціліся ў прасторы і часе, сталі адбіткамі даўно знаёмага фільма.

Зацікавілі садовыя мушкі — веснікі вясны, якія лёталі пад столлю вакол лямпы. Вясёлая карусель, лёгкая, несупынная. Спробы прасачыць палёт адной з мушак не ўдаліся — мігцела ў вачах.

Аркадзь сустракаўся з калючым позіркам маці, у якім быў дакор, з выпрабавальным позіркам бацькі. Шкада маці, так добра і ўважліва адносіцца яна да яго. І хвалюецца, калі хто пакараны, але...

— Мама,— раптам запытала Вера,— а калі Аркадзь будзе абедаць?

— Не клапаціся, дачушка, аб ім,— адказаў бацька.— Сам надумаецца, калі абедаць.

— Ён жа есці хоча,— падтрымаў сястру Федзя.

— Калі б хацеў,— запярэчыла маці,— даўно б сядзеў з намі за сталом.

— А за што яго пакаралі? — цікавіўся малы.

— Будзеце сваволіць і ашукваць,— маці зірнула на прыцішанага Макса,— і вас пакараюць.

Калі б можна было зрабіцца маленькай мушкай і паляцець у акно, Макс паляцеў бы не раздумваючы. Сваё становішча ён лічыў безнадзейным. З кожнай хвілінай маўчання магчымасць прызнання меншала і меншала. Нарастала віна і расла збянтэжанасць перад павелічэннем пакарання.

І нічога нельга павярнуць назад, нельга нічога прыдумаць, прадбачыць. Уцячы б, ды няма куды. Заставалася адно — з заміраннем чакаць, што будзе.

Незразумела, чаму так доўга маўчыць Аркадзь. Раней паўгадзіны не праходзіла, вініўся. Раз, другі, трэці — пакуль бацька не адступаўся. Калі б Аркадзь нічога не сказаў! Ніколі! Ён ратаваў бы Макса. Што прыдумаць, каб не прызнаўся? Бацька ўсё роўна свайго даможацца.

Пакараўшы Аркадзя, бацька не сумняваўся ні ў сваім праве, ні ў сваёй праваце, як не сумняваўся, што неадкладнасць і строгасць у падобных выпадках прыносяць відавочную карысць. Пакаранаму хапае часу як след падумаць пра свой учынак, поўнасцю адчуць сваю віну і справядлівасць самога пакарання. А прызнанне віны і выпрошванне даравання толькі замацоўваюць бацькоўскі аўтарытэт і надоўга адахвочваюць ад паўтарэння ўсякіх правінак. Услед за адным адразу ж будзе выкрыты і адпаведна пакараны другі. Добры ўрок для ўсіх.

Калі паводзіны Аркадзя абуралі бацьку, то паводзіны Макса пачалі яго непакоіць. Чаму ж ён маўчыць? Няўжо яму не шкада брата? Не маленькі — дванаццаты год! Нібы якісьці эгаіст і баязлівец. Дзе, ад каго паспеў набрацца такіх якасцей?

Аркадзь ніколькі не асуджаў Макса. Не ўтрымаўся — і толькі. Падрасце — перастане. Калісьці самому пападала за тое ж самае.

Падлашчванне Макса, яго жах перад пакараннем выклікалі ў Аркадзя прыкрасць і злосць, але яны перайшлі не ў пагарду, а ў спачуванне да брата. Аркадзь адчуў усвядомлены пратэст супраць зацверджанай бацькам самой сістэмы пакарання, якая, як ён зараз думаў, нічога, акрамя абразы і прыніжэння, не дае. У яго даўно расла і ўзмацнялася нянавісць да нагаворвання, ахвотнікі якога дзеля свайго спакою і карысці каго хочаш ставяць пад удар і якіх, як сёння здавалася Аркадзю, дарослыя толькі заахвочваюць.

Успомніўся выпадак, што быў яшчэ ў шостым класе.

Прыйшоў першы, сапраўды цёплы, сонечны дзень вясны, калі нясцерпна захацелася кінуць кнігі, школу і ўцячы з класа куды вочы глядзяць.

— Увага! — крыкнуў адзін з хлапчукоў.— Давайце з вялікай перамены ўсім класам уцячом у лес па кветкі.

— І на алгебру не прыйдзем,— падтрымаў яго другі.— Не разлічылі і — баста! З усімі нічога не зробяць.

Уцяклі. Усе, да апошняй дзяўчынкі. Прапусцілі алгебру, спазніліся на наступны ўрок. Аказалася, тыя двое вярнуліся своечасова. Атрымалі выдатныя адзнакі за адказы, за прыкладныя паводзіны, а ўсім папала. Яшчэ смяяліся з нас... Дагэтуль аднаго Тараканам, а другога Уюном завуць. Не забыліся. Яны прыкідваюцца, быццам гэтыя мянушкі для іх нічога не значаць. Можа, прывыклі...

Рашэнне працягваць з бацькам паядынак поўніла Аркадзя спакойнай упэўненасцю. Гэтую перамену адразу ж заўважыў Макс, які прынёс на талерцы кавалак духмянага, натомленага ў духоўцы сачня.

— Маці перадала. Смачны!

— Аднясі назад.

— Ніхто не ўбачыць. Тата аб нечым пашаптаўся з ёю і выйшаў некуды, а дзятва на вуліцы. Хочаш, я пакаравулю. Ну?!.

— Аддай маме. Не буду.

Дзіўна. Незразумела. За адну хвілінку можна з’есці. Аж слінкі бягуць. Ён бы...

Але Макс не стаў спрачацца. Мабыць, брат ведае, што рабіць. Малайчына.

Увайшла маці. Аркадзь убачыў яе зморанай, заклапочанай. І засмучанай. Той жа сачэнь на талерцы.

— З’еш!

Перад здзіўленай маці Аркадзь рассмяяўся.

— Людзі ў пустыні бываюць тыднямі — ні драбочка ў роце, а выходзяць пераможцамі над стыхіяй...

Невядомае дагэтуль пачуццё гонару і ўслед за ім — трывогі ахапіла маці. Яе першынец, яе хлопчык нечакана ўявіўся, здаўся другім — мужчынам. Што яго чакае наперадзе? Як аберагчы ад будучых небяспек, насустрач якім ён ужо спяшаецца?..

Пад вечар зайшоў бацька, пануры, маўклівы. Прайшоўся па пакоі, зірнуў на сына. Неверагодна — дагэтуль не прызнаецца. Бацька выйшаў, пакінуўшы дзверы ў калідорчык адчыненымі...

І вось на ўсю ноч ён — адзін. Дзіўна, незвычайна, нават займальна.

Не, ён не пакараны, а вартавы на пасту. Дзе-небудзь на пагранзаставе. І трэба ўслухоўвацца ў гэтую падманную, падступную цішыню, лавіць кожны гук і шастанне. Пільна ўзірацца ў цемень, у ледзь бачныя прадметы і заўважаць самы непрыкметны рух. Адказнасць, небяспека, несупыннае напружанне.

Чуў, некалькі разоў да дзвярэй падыходзіла маці. Прыслухоўвалася...

У акно лілося святло месяца. У старой раме на сцяне абазначылася рэпрадукцыя з «Алёнушкі». Аркадзь не бачыў — помніў яе.

Калі б Алёнушка зрабілася Наташай-ашай, яна і саскочыла б на падлогу. Мякка, нячутна, як кацяня. І ціхенька падышла б да яго. Ён узяў бы яе за рукі і пазіраў бы ў яе вочы. Было б лёгка, радасна, хвалююча. Так і стаялі б да самага ранку.

Папасці б з ёю на адну пагранзаставу. І каб у перастрэлцы з парушальнікамі цяжка параніла. Ён апрытомнеў бы ў шпіталі, расплюшчыў вочы, а перад ім — Наташа! Яна — медсястра і ўвесь час праводзіць ля яго пасцелі, корміць з лыжкі...

 

Несакрушальная і легендарная,

Ў баях узняўшая сцяг перамог.

Табе, любімая народа армія,—

 

ціха пачаў і, захапіўшыся, Аркадзь праспяваў усе строфы да канца. Потым ледзь чутна, амаль у думках, узяўся чытаць вершы. Без усякага парадку.

У цемнаце, у засяроджанай адзіноце ўсё, што прыпаміналася, гучала, незвычайна ўражваючы, хвалявала.

 

Я той, каго ты ноччу чула,

Чый вобраз бачыла ты ў сне...

 

Захапляла амаль незнаёмае адчуванне прыгожага, узнікала пачуццё здзіўлення ад самастойнага адкрыцця не заўважанай раней красы, ад прыналежнасці да яе.

Потым неяк адразу затуманіла і скавала неадольная зморанасць. Аркадзь дакрануўся лапаткамі і патыліцай да сцяны і не помніў, калі і як заснуў на падлозе.

Разбудзілі цяжкія крокі па калідорчыку. Ускочыў, выпрастаўся. Бацька! Выйшаў у двор. Бачыў ці не?..

А яшчэ разведчыкам сябе ўяўляў! Заснуў бы на пасту, а дыверсант у гэты момант прайшоў бы незаўважаным. Сапраўдная здрада! Ганьба і сорам! Аднае ночы не змог прастаяць! У цяпле! А там — на марозе, завіруха, буран...

Сціснуў сківіцы і заскрыпеў зубамі. Чортаў пястун! Хлюпік, падобны на таго самага Таракана, які падгаварыў уцячы ў лес, а сам...

Неўзабаве пачало світаць. Ціўкнуў верабей. Адгукнуўся другі, трэці. Потым адразу выбухнуў вясёлы птушыны пераклік. Праснуліся і загаманілі ў доме. Бацька заспяшаўся на працу. Зайшла ў пакой маці, спуджана зірнула на сына.

— Як ты тут?

— На «выдатна».

— Прыслаць? Папросіш? А то пойдзе.

— Не трэба.

— Ты што сабе думаеш?

— Нічога не думаю.

Маці ўздыхнула і выйшла, зачыніўшы дзверы.

— Няхай снедае і ідзе ў школу,— пачуўся гучны голас бацькі.— Вернецца, паабедае, вывучыць урокі і няхай зноў становіцца ў кут.

Толькі зачыніліся за бацькам дзверы, прыбег устрывожаны Макс з мылам і ручніком. Хоць, на яго думку, Аркадзь быў сапраўдным героем, загад бацькі ўнёс у яго сэрца замяшанне.

— Пайшоў! Ідзі памыйся. Я табе паллю. А маці гатуе сняданак. Яечню на сале. Скваркі во такія!.. Я ўжо сабраўся ў школу. І табе дапамагу.

Вера і Федзя бачылі, калі Аркадзь вяртаўся са школы. Пабеглі, сустрэлі. Федзя схапіў партфель з кнігамі, Вера аберуч узялася за братаву руку. Шчабечучы, яны ішлі побач.

— А мы зранку памылі падлогу і на рэчку,— пахваліўся Федзя.— Там дзед Хвядос рыбу вудзіў.

— Назбіралі кветак, жоўценькіх, сіненькіх. Прыбеглі дамоў, паставілі ў вазу,— дасказала Вера і пацікавілася: — А ты сёння пяцёркі нясеш?

— Поўны партфель,— засмяяўся Аркадзь.— Аж не падняць.

— А я падніму! — кінулася Вера да Федзі.— Дай мне!

За абедам Аркадзь не ўтрываў, сказаў маці, каб яна зірнула ў дзённік. Там стаялі тры пяцёркі. За сённяшнія адказы. Самому не верылася.

— Бачыш, які ты разумны! — узрадавалася маці.— На ўсё здатны. Няўжо табе цяжка павінаваціцца перад бацькам? На яго ж плячах усё трымаецца!

— Трэба вучыцца думаць і адказваць за свае ўчынкі,— нечакана для самога сябе выказалася ў Аркадзя.— А вінаваціцца па-рознаму можна.

Ён паабедаў і адразу ж сеў займацца. Маці, прыбраўшы на стале, узяла шытво.

— Я, сынок, не перашкоджу, калі тут сяду?

— Што ты, мама! — адказаў Аркадзь.— Мне весялей.

— А Макс на вуліцу пабег. Сказаў — усё вывучыў. Ён не лянуецца? Як ты думаеш?

— Не, мама. Калі што, я б яго прыціснуў.

— Дзіця яшчэ... Ты пішы, пішы, не буду перашкаджаць.

— Гавары, мама Ты мне ніколькі не перашкаджаеш.

Гадзіны праз паўтары ён стаў на свой пост у куце.

— Ты што робіш?! — здзівілася маці.

— Выконваю загад.

— А ўрокі?

— Вывучыў.

— Бацькі ж няма. Прыйдзе пад вечар. Ідзі з гадзіну пабегай. Або пачытай.

— Не маю права. Я не хлус.

Настрой быў прыўзняты, і стала лёгка. На ўроку літаратуры ён з такім, як заявіла Вера Ільінічна, пранікненнем у запаветныя думкі і пачуцці паэта прачытаў верш, што слухаць было адно задавальненне.

А як на яго пазірала Наташа-аша! Здаецца, дзеля яе аднае і чытаў.

І на алгебры, калі выклікаў Ермалай Іосіфавіч, выйшаў да дошкі, дакладна, без адзінага лішняга слова прадэманстраваў ход рашэння ўчарашняй задачы, рашыў новую.

Спакой і яснасць памяці захаваліся да канца ўрокаў, і ён яшчэ зарабіў пяцёрку.

Пад вечар вярнуўся з работы бацька. Памыўся, пераапрануўся і зайшоў у сталовую.

— Ну, добры вечар! Здаецца, не бачыліся.

У інтанацыі голасу — шкадаванне аб тым, што здарылася, надзея на замірэнне.

— Добры вечар, тата.

— Як справы?

— Нічога.

— Нічога — пустое месца.

Узяў сшыткі, знайшоў дзённік, пералістаў.

— Што ж, малайчына!

Аркадзь прамаўчаў. Бацька пастаяў у чаканні і выйшаў.

На кухні, дзе шчыравала маці, ён сеў ля акна і замаркоціўся. Потым схамянуўся.

— Памятаеш, Анка, калі наш Аркадзь быў немаўляткам, аніводнага зубіка. І ў яго нешта балела, а што — знайсці не маглі. Ты зусім знемаглася, а я цябе змяніў на ўсю ноч. Трымаю яго на руках, ён плача, аж заходзіцца. Бачу — вось-вось... І слова не можа сказаць, што ў яго баліць... Ды пасядзі ты хоць з хвілінку,— сказаў ён жонцы.

Яна моўчкі села на табурэт.

— І таму, што ні ён мне, ні я яму,— працягваў бацька,— такія родныя, блізкія, плоць ад плоці, кроў ад крыві, слова адзін аднаму сказаць не можам, мне стала так крыўдна, што я зраніў слязу... І ўсё марыў, што прыйдзе дзень, настане часіна, калі мы з ім аб усім будзем гутарыць, з паўслова разумець адзін аднаго і ніколі не нагаворымся... А цяпер — быццам і гаварыць няма пра што...

— Строгі ты з імі, Паўлік,— уставіла маці.

— Ды які ж там строгі! Я толькі дабра ім жадаю. З-за іх упрогся ў такую работу. Зразумей ты мяне хоць раз да канца! Мне страшна робіцца, калі мой сын мне кажа няпраўду, калі мае дзеці мне ў вочы хлусяць!.. Як жа яны такія пойдуць у жыццё? На што аддадуць сваю навуку?

— Памыліўся ты. Пагарачыўся. Дарма ўзлаваўся,— атакавала яго маці.— Табе здалося.

— Не памыліўся. На свае вушы чуў. Ды, у рэшце рэшт, не ў гэтым справа.

— Ат, заладзіў адно: чуў, чуў!

— І да таго ж... Як мне цяпер адступіцца?

— Боязна за аўтарытэт,— з горыччу падхапіла маці.— А другія суткі мучыць невінаватых не баішся! Аркаша заўсёды ж прызнаваўся. А цяпер — не падступіся.

— Падрос. Не тым стаў. А я, мабыць, і не даўмеў... Само жыццё дзеліць нас, а выйсця няма. Сын не бачыць, дзе цэлы дзень бацька, а я не бачу, дзе ён і што. Учора ўзяў сшытак па алгебры, перагарнуў, і ўсё — няўцям, хоць і сам вучыў. От, дзядам лягчэй было з малымі. Чуць падрастуць — у адным хамуце труцца.

Бацька стаяў у ружовых прыцемках пакоя і пакашліваў. Потым раззлаваўся на сябе самога, падышоў да дзвярэй, адчыніў іх, і пакой заліло яркім святлом.

— Ну, вось што, Аркадзь. Я, відаць, не тое зрабіў. І больш ніколі цябе не пакараю,— бацька падняў вочы на сына, па-новаму ўглядваючыся ў яго твар.— Толькі ты сам... дапамагай мне. Аднаму, бачыш, цяжка. А ты ўжо...

— Дапамагу,— амаль бязгучна, адным рухам вуснаў адказаў сын.

На вячэру Аркадзь не з’явіўся. Шукала яго дзятва на чале з Максам. Нарэшце Макс адшукаў брата ў спальні на ложку. Забеглі Вера і Федзя.

— Ціха! — шапнуў Макс.— Ён спіць.

— Спіць,— паўтарылі малыя.

Яны прыкрылі босыя ногі брата коўдрай, прыслухаліся да яго размеранага дыхання і бясшумна падаліся са спальні.

1969

 


1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.