epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Цудоўны набытак

 

Разам з Казікам, сябрам па парце, яны даелі тое, што засталося ў мяшэчку.

— Што я табе пакажу! — пахваліўся Казік.

Па дарозе са школы яны забеглі да яго ў двор, і Казік вынес пачак паперак ад шакаладу. Хлопцы прыселі на кукішкі. Казік тут жа, на зямлі, пачаў раскладаць паперкі.

Вось пажарнік тушыць пажар. А вось міліцыянер-рэгуліроўшчык у белых пальчатках стаіць на перакрыжаванні дарог. Касманаўт у гермашлёме павіс у чорным космасе над караблём. Марак у цяльняшцы стаіць на вартавым катэры і ўглядаецца ўдалячынь. А гэта суворавец кагосьці вітае... Кот у ботах... Чырвоная Шапачка... Іванька-дурань едзе на печы...

Чырвоныя, сінія, зялёныя, малінавыя фарбы на серабрыстым фоне зіхацелі пад сонечнымі промнямі так ярка, што мружыліся вочы.

— Ух ты! — усклікнуў Рома.— Дзівосы!

— Вазьмі, калі хочаш,— прапанаваў Казік.— Мне грошы на дзінамку патрэбны.

— Колькі табе?

— А колькі ў цябе ёсць?

Рома высыпаў з партфеля на кепку манеткі.

— Як другу — аддаць? — пералічыўшы грошы, завагаўся Казік.— Ты перавадны малюнак яшчэ дасі. Той, дзе індзеец у арліным пер’і з кап’ём. Я на веласіпед перавяду. Вось будзе здорава!

— Ладна, заўтра прынясу. А хочаш — зараз...

1972

 


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан