epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Чы-чы-чы

 

У няясным прыцемку кутка нешта варухнулася. Але я ад чытання не адарвалася. Калі вакол цябе ўтульная цішыня, блакітны абажур пасылае святло настольнай лямпы на старонкі кнігі, а ты захапілася паходам піянераў-следапытаў па Белавежскай пушчы — іншае не цікавіць.

Загадкавае варушэнне паўтарылася. «Здалося»,— падумала я, падняла ўгору рукі, выпрасталася на крэсле, салодка пацягнулася. І на малінавым полі дарожкі разглядзела шэры пульсуючы камячок, пушысты, з чорнай блісцінкай. Камячок падкаціўся да майго століка, і я спалохана крыкнула брату:

— Алесь, мышаня!

Алесь чытаў у суседнім пакоі.

— Дзе? — азваўся ён.— Зараз заб’ю!

Мышы ў нашых дамах з’яўляюцца кожную восень. Мама кажа, што яны палявыя і ўцякаюць ад маразоў. І ўслед за нашэсцем мышэй ва ўсе кватэры да нас наведваюцца жанчыны з гарадской санэпідэмстанцыі і пытаюцца: «Грызуны ёсць?» Жанчыны, хто папросіць, рассыпаюць у шчыліны пад падлогу камячкі атручанага цеста або раздаюць пасткі, якія насмерць забіваюць гэтых грызуноў. Заўсёды растлумачваюць, што мышы і пацукі вельмі небяспечныя, таму што разносяць чуму, жаўтуху і ўсякія інфекцыйныя захворванні. Вось чаму, калі Алесь сказаў, што заб’е мышаня, я не супярэчыла. Але, шчыра кажучы, калі немагчыма з героямі кнігі паехаць у Белавежскую пушчу і ўбачыць жывога зубра ці вавёрку, хацелася паназіраць хоць бы за гэтым жывым камячком. А я толькі моўчкі сачыла, як з пантопляй у руцэ Алесь на дыбачках краўся да мышаняці, замахнуўся і ўдарыў па ім. На маё здзіўленне, мышаня ніколечкі не спалохалася і спакойна падкацілася да Алесевых ног.

— Яно ж прыручанае! — узрадавалася я і, саскочыўшы з крэсла, нахілілася над мышанём. У мяне неяк само сабой выказалася ласкавае, зваротнае:

— Чы-чы-чы! Чы-чы-чы! Ты, мабыць, галоднае. Павартуй яго, Алеська, а я прынясу яму есці.

І пабегла на кухню.

Калі на фольгавай накрыўцы ад малочнай бутэлькі я прынесла Чы-чы-чы малака і кавалачак булкі, Алесь, працягнуўшы перад сабой самкнутыя рукі, ляжаў на падлозе. А ў гэтай агароджы спакойна сядзела Чы-чы-чы і абнюхвала яго далоні. Я прыклеіла да свайго пальца кавалачак булкі і паднесла мышаняці.

— Есць! — здзівіўся Алесь.— Зірні, Наташа! От здорава!

Мышаня цягнулася пыскай да мякішу і хуценька-хуценька варушыла пушыстымі, з вусамі шчочкамі. Раптам яно драпанула мяне за палец. Я адхапіла руку.

— Ой! — напалохалася.— Яно мне скуру пракусіць? А што тады? Чума? Памру?! Прымусяць уколы рабіць!..

Але палец быў цэлы, і я асцярожна падсунула накрыўку з малаком. Чы-чы-чы ўткнулася пыскай у малако і пачало піць, а мы, не адрываючыся, сачылі за кожным яго рухам і адчувалі сябе сапраўднымі даследчыкамі.

— Трэба пастку схаваць,— падняўся Алесь.— Хай мышаня ў нас жыве. Нічога ж не здарыцца.

Алесь, вядома, меў на ўвазе, што заўсёды гаварылася пра шкоднасць мышэй і што тата і мама могуць насварыцца на нас. Я таксама падумала аб гэтым. Але Чы-чы-чы было такім даверлівым, такім пушыстым і маленькім, што ні пра якую чуму не хацелася думаць. Я ўздыхнула і сказала:

— Ужо здарылася.

— Што? — занепакоіўся Алесь.

— Мы яго хацелі забіць, а цяпер кормім. Чаму так раптам?

— Таму, што яно нібы прыручанае,— сказаў Алесь і пагладзіў пальцам спінку мышаняці.— У Дурава таксама ёсць мышы!

— А можа, яно такое малое, што нават нас не спалохалася,— сказала я і таксама пагладзіла спінку мышаняці.— Мы ж ніколі яго так блізка не бачылі! Мабыць, яно засталося без мамы і ўпершыню выбралася з норкі.

Чы-чы-чы паела хлеба, папіло малака, потым села на заднія лапкі, а пярэднімі выцерла пыску і пакацілася прэч. Алесь далонямі перагарадзіў яму дарогу. Чы-чы-чы спакойна пералезла цераз далоні і знікла пад атаманкай.

— Мы навучым яго фокусы рабіць,— узрадаваўся Алесь.— Вось будзе сенсацыя ў класе! Свой школьны цырк!

— Схавай пастку,— напомніла я брату.— А хлеб з малаком пад атаманку паставім.

Калі тата і мама вярнуліся з тэатра, мы расказалі пра нашае Чы-чы-чы і папрасілі дазволу застацца яму ў нас.

— А вы рукі мылі пасля вашага Чы-чы? — спалохалася мама.

— Ты, Наташа, рукі мыла? — прашаптаў Алесь.

— А ты? — спытала я ў брата.

Разам з татам і мамай мы сядзелі за сталом, пілі чай і ўсё пазіралі на свае рукі. Можа, надта позна іх вымылі?!.

— Калі я быў малы,— сказаў тата,— у нас у вёсцы было многа мышэй. На кухні стаяла шафа, дзе ляжаў хлеб. У шафе была дзірка. Яе прагрызлі мышы. Наш кот быў стары-стары і ўжо нікога не лавіў. Адным ранкам ля хлеба маці знайшла нованароджаных мышанят, зусім голых, сляпых. Падобных на ружовыя фасолінкі. Штук восем.

— І ніхто не захварэў? — спытаў Алесь.

— Тады людзі яшчэ не ведалі, што мышы такія небяспечныя,— адказала маці.— Яны хварэлі і не здагадваліся ад чаго.

— Кошкі іх ловяць,— не здалася я,— і зусім не хварэюць.

— У кошак да мышыных хвароб неўспрымальнасць,— заявіла маці.— Імунітэт. А ў нас яго няма.

— А Дуравы? — успомніў Алесь.— Усё сваё жыццё са звярамі.

— А вы думаеце, што яны садзяцца за стол, не памыўшы рукі?

Усё ж такі мы ўпрасілі маму, і яна дазволіла Чы-чы-чы прыходзіць да нас. Мы абяцалі пасля яго кожнага прыходу па паўгадзіны мыць рукі ў гарачай вадзе з мылам і содай.

Але наш шэры камячок не прыйшоў да нас ні ранкам наступнага дня, ні вечарам. Не паказаўся і ва ўсе астатнія дні. Можа, папаўся ў пастку, з’еў атруты. Можа, дзе заблудзіўся або яго злавіла кошка. А можа, у суседняй кватэры забілі пантопляй. Хіба даведаешся, куды ён знік?

Вечарам блакітны абажур пасылае святло настольнай лямпы на старонкі падручніка. Мы з братам рыхтуем урокі, пішам, чытаем. Не-не, я зірну ў куток, дзе ў няясным змроку канчаецца дарожка. Раптам здаецца, што там варушыцца шэры камячок.

— Алесь! — шапчу я.— Чы-чы-чы!

— Хлусіш! — адказвае Алесь.

1968

 


1968

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан