epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Дзядзя-тата...

 

Дзяўчынцы каля трох год. Яна заўсёды бавіцца ў двары з сваім аднагодкам, хлопчыкам з суседняй кватэры.

Калі з работы вяртаецца бацька хлопчыка, дзеці радасна бягуць яму насустрач. Бацька падхоплівае малога на рукі і высока падкідвае ўгору. Шчаслівы хлопчык залівіста смяецца.

Дзяўчынка стаіць побач і з затоенай надзеяй чакае, што і яе гэтак падхопяць і пачнуць падкідваць...

Так яна чакае і дзень і другі. Але дарма. Яе не заўважаюць. І аднойчы, калі моцныя бацькоўскія рукі апусцілі сына на зямлю, дзяўчынка падымае свае ручаняткі ўгору і просіць:

— Дзядзя-тата, і мяне на-а!

1977

 


1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан