epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Дзеля нашага будучага

 

 

Мой сябар, пяцігадовы Светазар, або Свецік, вельмі заклапочаны:

— Хачу зрабіць робата. А з чаго, не ведаю. Корпус можна з кавалка дрэва. А дзе ўзяць дрэва?

А з чаго галаву? Калі б знайсці кардонную каробку. Рукі, ногі з палачак можна. Антэну з дроту... І чарцёж намаляваць...

Пытаюся:

— Навошта табе робат?

— Навучу яго дапамагаць мне. Даставаць цацкі. Прыбіраць на стале, калі я паем.

— Што прыбіраць?

— Талеркі, лыжкі і адносіць мыць бабулі.

З дапамогай цёці Клавы мы ўтраіх ствараем робата. З кавалкаў пенапласту. Свецік малюе робата. Я малюю яго чарцёж. Цётка Клава выразае. Стопы, ногі, корпус, галаву. Складаем, замацоўваем дротам. Устаўляем антэну.

— Намалюйце дзве кнопкі: чырвоную і сінюю,— просіць Свецік.

— Дзе?

— На грудзях.

— Навошта?

— Каб уключаць і выключаць робата.

— І кішэню намаляваць?

— Не. У іх кішэняў не бывае.

— А як спатрэбіцца самапіска і блакноцік? Куды ж іх класці?

— Тады дамалюйце,— згаджаецца Свецік.— А вось як навучыць яго размаўляць, не ведаю.

— Трэба падумаць.

— Так, трэба падумаць.

У вачах і на твары Свеціка-Светазара такая засяроджанасць! Такі пошук і клопаты! Як у сапраўднага генеральнага канструктара.

Што гэта? Гульня?.. Не! Самая сур’ёзная і нялёгкая праца.

Дык навучымся паважаць яе.

Дзеля нашага будучага.

1977

 


1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан