epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Гані, Васіль, гані...

 

Зразумеўшы сэнс запіскі, Меліксецян паволі, з напружаннем падняў з ложка сваё ацяжэлае непаслухмянае цела. Як доктар ён не мог памыліцца ў ацэнцы свайго становішча і рашыў: толькі б паспець.

— Дацягнулі да апошняга... Загубілі дзяўчынку! — злаваўся Меліксецян, сядаючы ў машыну.— Ты ўсё захапіў? — ён кінуў вокам на чамадан, што ляжаў на сядзенні.— Гані, Васіль, толькі хутчэй!

— Ёсць, таварыш доктар! — па-ваеннаму адказвае шафёр. І ён хвалюецца, калі чуе такі зварот.— Толькі б паспець! — А памяць (от гэтая памяць!) чамусьці ў такіх выпадках перакідае яго ў 1944 год, у Польшчу, пад мінамётны абстрэл каля Рэмбертава, дзе расшматаная дарога кідала яго фельд-егерскі «віліс» ад аднае ўзрыўной хвалі да другой, а яму ўсё роўна трэба праскочыць па дарозе і паспець.— Мы яе перагонім, доктар! — пад уплывам ахапіўшых пачуццяў кажа шафёр, ён праз люстэрка пазірае на змораны хворы твар урача.— Не першы раз!

— Каго? — не разумее Меліксецян.

— Смерць, таварыш доктар,— адказвае шафёр.

«Як пастарэў за апошнія гады,— думае ён пра доктара.— Мы ўсе пастарэлі».

— Кажаш, перагонім? — перапытвае доктар.— У нас пад Курскам два лётчыкі перагналі сваю смерць. Дацягнулі да сваіх. Мёртвымі селі.

Боль у грудзях абарваў думку.

— Матор здае. Гані, Васіль, хутчэй!

— Чый матор? — дзівіцца шафёр.

— Мой,— адказаў доктар.— Сэрца здае. Думаў, надоўга хопіць...

Глуха шапочучы шынамі, «Масквіч» спачатку ішоў па асфальце, потым зашоргаў па гравію і нарэшце, збаўляючы ход, падняўся да падножжа скалы, дзе ў цёмнай зелені, нібы складзеныя дзіцячымі рукамі, бялелі кубікі дамоў горнага сялення.

— Прыехалі, таварыш доктар! — кажа шафёр.

— Га?.. Ужо?..— нібы ачуньваючы, уздрыгвае доктар і просіць: — Памажы!..

— Закалыхала,— кажа шафёр, памагаючы доктару падняцца на ганак і ўвайсці ў дом.

— Расчыніце вокны! — загадвае Меліксецян.— Дзе хворая?

Спатыкаючыся, садзіцца на падстаўленае крэсла, працірае вочы, трэ далонню скроні. Нарэшце ён бачыць на ложку хворую дзяўчынку гадоў дзесяці. Яна цяжка і часта дыхае. І, як заўсёды, апынуўшыся каля хворага, Меліксецян знаходзіць у сабе сілы. Абвостраным слыхам ён улоўлівае прастудныя хрыпы ў грудзях.

— Васіль, медыкаменты!

Доктар дастае з чамаданчыка стэрылізатар, ампулы, вату. Ён робіць дзяўчынцы ін’екцыю, прыгаворваючы нараспеў:

— Балець не будзе!.. Балець не будзе!.. Усё будзе добра!..

Паклаўшы шпрыц, доктар гладзіць сваёй халоднай, нямеючай рукой гарачы, мокры лоб дзяўчынкі, раскіданыя на падушцы чорныя косы-тапыркі і зноў супакойвае:

— Усё будзе добра!.. Будзе добра!..

І, заплюшчыўшы вочы, адхінаецца на спінку крэсла.

— Паспець у машыну! — загадвае ён сабе.— У машыну!..

Усё навокал робіцца цьмяна-фіялетавым, плыве ў цемень. На момант доктар траціць прытомнасць. Расплюшчыўшы вочы, ён абапіраецца на ложак і паднімаецца. Акінуўшы праніклівым позіркам засмучаную постаць разгубленай маці, якая бездапаможна прытулілася да сцяны, ён загадвае шафёру падняць дзяўчынку і несці ў машыну.

— Будзеш жыць... І за мяне будзеш жыць!.. У бальніцу, Васіль! Хутчэй у бальніцу!..

1960

 


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан