epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Ганначка і Пятрусь

 

Хораша на зімовых канікулах. Вакол вёскі цвёрды снегавы шарпак. Бегай дзе хочацца.

А яшчэ лепш на рэчцы. Яна роўная, нібы стол. І вядзе далёка-далёка ў запаведнік, дзе, кажуць, бабры ў хатках жывуць.

Дзень такі сонечны, што зусім не холадна. Снег увесь у зорачках. Зіхаціць, аж у вочы коле.

У полі ледзь-ледзь ветрыкам павявае. А на рэчцы і зусім ціха. Хлопчыкі і дзяўчаткі тут бавяцца. Хто на санках, на каньках, а хто і так бегае. У каго лыжы — у поле падаліся.

Ганначка і Пятрусь гулялі разам з усімі, а потым Пятрусь падышоў да дзяўчынкі і сказаў:

— Пабеглі бабровыя хаткі шукаць!

Яна падумала і згадзілася.

Петрусю лепш за ўсё гулялася з Ганначкай. Калі настаўніца Наталля Аляксееўна пасадзіла іх на адну парту, то сказала:

— А вы падобныя, нібы брат і сястрычка. Вось і сябруйце!

Некаторыя хлопчыкі штурхалі дзяўчатак, біліся з імі, тузалі за коскі, думаючы, што ад гэтага становяцца сапраўды храбрыя. Вядома, дзяўчаткі абараняліся, а то і самі наступалі. А Пятрусь з Ганначкай пасябравалі.

У белым футры і шапачцы і ў белых футравых боціках Ганначка, нібы зайчаня. Варта крыху адбегчы — і не адрозніш ад гурбы. Коціцца калабком — не дагоніш. А дагоніш — крутнецца ўбок.

І яшчэ прыдумала. Здаецца, вось-вось схопіш яе, а яна — раз! І прыгнецца. І Пятрусь кулём ляціць у снег. Рогату да слёз.

Але і Петруся не лёгка дагнаць. Эх, каб скінуць паліто і валёнкі! Хай бы паспрабаваў хто ўгнацца за ім. Хіба што на лыжах. Ганначчын бацька абяцаў ім лыжы. Ды ў горад не выберацца. А аднойчы з’ездзіў — лыж не было.

Вось рэчка паварочвае. Забеглі за паварот, і адразу ціха зрабілася. Усе дзіцячыя крыкі перасталі сюды далятаць. Ля берагоў высокія гурбы снегу. Толькі верхавінкі вербалозу ды алешын тырчаць.

— Ой, задыхалася...— крыкнула Ганначка.— Пачакай.

Пятрусь спыніўся.

— Кажуць, там цэлае бабровае паселішча,— сказаў ён.

— Але бабры днём спяць,— запярэчыла Ганначка.

— Мы сляды пашукаем,— адказаў Пятрусь.— А па слядах хаткі знойдзем.

І яны пабеглі.

— У запаведніку мядзведзі ёсць! — крыкнуў Пятрусь і зноў прыпыніўся.— Толькі зімой яны ляжаць у берлагу і лапы смокчуць.

— І я...— Ганначка прыпынілася.— І я, калі была малая, любіла свае пальцы смактаць. Мама мяне па руцэ, па руцэ... А мядзведзя біць за гэта ніхто не асмеліцца.

— Яго лёгка навучыць на веласіпедзе ездзіць,— сказаў Пятрусь.— І нават на матацыкле.

— А калі такога мядзведзя ў кабіну пасадзіць? Замест шафёра. Ён і машыны павядзе? — спытала Ганначка.

— Вядома, павядзе,— упэўнена адказаў Пятрусь.— Толькі правілам вулічнага руху трэба навучыць.

— І камбайнерам можа стаць,— сказала Ганначка.

— Не,— падумаўшы, не згадзіўся Пятрусь.— На камбайнера розуму не хопіць. Гэта складаная тэхніка.

Так, перагаворваючыся, то пабраўшыся за рукі, то паасобку, супыняючыся і абганяючы адзін аднаго, яны беглі па беразе замёрзлай рэчкі. Ужо далёка ззаду засталіся пасёлак і месца, дзе яны забаўляліся.

Нечакана Пятрусь убачыў перад сабой плямку лёду: нібы дзіцячая коўзанка на дарозе, якую дарослыя абыходзяць. Ён надумаў пакоўзацца.

Ганначка бегла ўслед за Петрусём, ён пабег хутчэй, а дзяўчынка, наадварот, трошкі прыпынілася і раптам убачыла, што Пятрусь знік. Толькі вось быў перад ёю, і няма. Адна жоўтая шапка-вушанка засталася сярод чорнага правалу.

Дабегшы да палонкі, разгубленая Ганначка спынілася. Яна ўбачыла, як Петрусёвы рукі ляглі на беражок і як, звонка хруснуўшы, лёд абламаўся.

Па снезе дзяўчынка абабегла палонку і ўбачыла збялелы твар таварыша: вочы вялізныя, напалоханыя і сінія-сінія.

У Петрусёвых вачах засвяцілася надзея: ён жа не адзін. Ганначка дапаможа выбрацца!..

Са снегу Ганначка ступіла на лёд, каб падбегчы і схапіць Петруся за руку, але тут паслізнулася і ўпала тварам у снег. Паднялася — зноў упала. Калі Пятрусь праваліўся, вада заліла лёд. Ганначка зразумела, што на такім лёдзе ёй ніяк не ўтрымацца. Яна выбралася на снег, крыкнула Петрусю:

— Зараз! — і пабегла да берага.

Адзежа на хлопчыку рабілася ўсё цяжэйшая і цяжэйшая. Мокрыя рукавы паліто саскоўзвалі з краю палонкі. Пятрусь зноў і зноў апускаўся ў ледзяную ваду. А Ганначка бегла да зараснікаў вербалозу і алешніку, прыкідвала, што зламаць. Вербалоз пругкі, не адолееш. Алешына крохкая, паддасца лягчэй.

Вось і зараснікі. Але снегу тут ледзь не з хату вышынёй. Правальваючыся па плечы, абвальваючы гурбы на сябе, Ганначка прабівалася да бліжэйшай алешыны.

На галінках алешыны чорныя шышачкі, сям-там прысыпаныя снегам. Крок, яшчэ крок. Дзяўчынка дабралася да дрэва, абхапіла яго рукамі і рванула на сябе. Не паддаецца. Тады Ганначка палезла на верхавіну, разгайдала дрэва і рыўком адкінулася назад. Ствол унізе хруснуў. Ганначка паляцела ў гурбу.

«Канец яму, верх мне»,— рашыла дзяўчынка. Яна трывожна кінула вачыма на палонку. Пятрусь трымаецца!

— Бягу-у! — крыкнула.

Не дабегшы да краю палонкі, цераз паласу лёду падала зламаны канец Петрусю. Хлопчык ухапіўся за стволік адной рукой, потым другой і яму адразу стала лягчэй трымацца.

Узяўшыся за развілку верхавінкі, Ганначка ўперлася нагамі ў снег і пацягнула. Рукі Петруся напружыніліся, ён падняўся над беражком, але выбрацца з палонкі не змог.

Ганначка пераступіла шырэй, мацней пацягнула. Не, так нязручна. Тады павярнулася да Петруся спіной, закінула голле на плечы, прыціснула рукамі, нахілілася ўперад.

Цяжка было Петрусю выбірацца з вады. Трымаючыся за алешыну, ён спрабаваў абапірацца аб лёд локцямі,— і саслізгваў, зноў упіраўся і зноў саслізгваў.

Нарэшце Ганначка так нахілілася наперад, што ўпала. Падаючы, моцным рыўком пацягнула Петруся за сабой і выцягнула на лёд. З рукавоў і з-за каўняра хлопчыкавага паліто цяклі струменьчыкі вады.

Ганначка адпусціла алешыну, моцна-моцна зажмурыла вочы, радасна ўздыхнула.

— Цяпер можна смела казаць, што ты ў баброў гасцяваў. Трэба дадому бегчы! — сказала яна.— А то мароз...

Пятрусь ішоў павольна, хістаючыся. Адзежа на ім хутка заінела і адубянела. Крокі хлопчыка рабіліся ўсё карацейшыя, і неўзабаве ён зусім змогся.

— Кладзіся! — сказала Ганначка.

Пятрусь упаў на снег. Ганначка ўхапіла яго за рукаў і бокам пацягнула па сваіх слядах.

Як хутка і лёгка яны дабеглі сюды! І якая нечакана доўгая дарога назад!

Але пра гэта не трэба думаць. Ганначка добра ведала, што Петруся нельга кідаць аднаго. Нахіляючыся ўперад і крыху ўбок, яна ступала і ступала па зорачках рыпучага снегу.

Пятрусь стараўся варушыць пальцамі рук і ног. Яму было няёмка перад Ганначкай. І было боязна, што бацька і маці насварацца на яго і на Ганначку накрычаць. А яна ж ні ў чым невінаватая... Можа, удасца дома хуценька пераапрануцца, каб ніхто не заўважыў... Вось, каб невідзімкай...

У Ганначкі калацілася сэрца, пот заліваў твар. Яна цяжка дыхала, але ішла і ішла. Спынялася, каб толькі перамяніць руку.

У роце перасохла, у грудзях гарэла...

Раптам з-за павароту, пра які зусім забылася Ганначка, пачуліся крыкі. Ганначка ўбачыла дзятву, што спяшалася насустрач. У вачах пацямнела, ногі падагнуліся, і дзяўчынка ўпала.

Ганначка не чула, як дзеці асцярожна паклалі яе і Петруся на санкі і бягом пацягнулі ў вёску.

Яна амаль не помніла, як яе прынеслі дамоў, як маці распранула яе, напаіла гарачым малаком з мёдам і паклала ў пасцель.

Спала Ганначка моцна і доўга. Нават не чула, як да позняга вечара і назаўтра ранкам да іх прыходзілі суседзі, прыбягалі дзеці. Была і настаўніца Наталля Аляксееўна.

І Пятрусь, якога маці напаіла гарачым чаем з малінай і добра нацерла спіртам, спаў доўга-доўга.

Прыснілася яму, што яны з Ганначкай усё ж такі гасцявалі ў баброў. Пілі там чай з малінай, а закусвалі хрусткімі вербалозавымі галінкамі.

1967

 


1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан