epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

І чаму так завуць мяне

 

Ускрай гарадской дарогі, дзе расла траўка, жыў пад зямлёй дажджавы чарвяк. Днём і ноччу ён працаваў: узрыхляў для траўчыных карэньчыкаў зямлю. І траўцы добра было расці і лёгка дыхаць.

Стаяла спёка. Доўга не было дажджу.

— Мы хочам піць,— скардзіліся карэньчыкі дажджавому чарвяку.

— Мне стала цяжка працаваць,— казаў ім чарвяк.— Зямля стала цвёрдай, нібы камень.

— Зрабі, каб пайшоў дожджык! — прасілі карэньчыкі.— Ты ж дажджавы чарвяк.

— Хоць мяне і завуць дажджавым, але я не ведаю, што рабіць, каб пайшоў дожджык.

Неўзабаве ў тым горадзе, дзе ўскрай дарогі расла траўка і дзе пад зямлёй жыў дажджавы чарвяк, з’явілася машына з вялізнай аранжавай цыстэрнай і з вясёлым чалавекам у кабіне. Не спяшаючыся, кожны дзень вясёлы чалавек праязджаў па ўсіх дарогах і спорным дожджыкам змываў з асфальту пыл. У пырсках вады зіхацела вясёлка, і дзеці з крыкамі беглі за ёю. Патокі вады сцякалі да траўкі, прасочваліся ў зямлю.

— Мы напіліся! — радаваліся карэньчыкі.

— А мне лягчэй працаваць! — радаваўся чарвяк.

Аднойчы лінуў вялікі лівень, затапіў усё навокал. Адчуў чарвяк, што няма чым дыхаць, і заспяшаўся на паверхню зямлі. Яго падхапіў паток вады і вынес у лужыну на асфальце.

На лужыну з хмар яшчэ падалі апошнія кроплі. Празрыстыя купалы парашуцікаў выскаквалі з-пад кропель.

— Ратуйце мяне! — прасіў іх чарвяк.

Але парашуцікі не паспявалі яму нават адказаць. Ледзь з’явіўшыся, яны тут жа лопаліся і знікалі.

— Траўка, траўка! — прасіў чарвяк траўку.— Ты ж мяне ведаеш. Ратуй!

— Я б выратавала,— казала траўка,— але ў мяне няма рук. Прасі людзей.

— Людзі, людзі! Ратуйце! — ледзь варушачыся, прасіў-маліў чарвяк аб дапамозе.

Людзі, убачыўшы чарвяка ў лужыне, казалі адзін аднаму:

— Ён так любіць купацца пасля дажджу! Яго таму і празвалі дажджавым.

«Нічога людзі не ведаюць пра мяне»,— трацячы прытомнасць, падумаў чарвяк.

У гэты час з дому выбегла Таня і яе тата. Ім захацелася прайсціся па лужынах, падыхаць чыстым паветрам, палюбавацца вымытай траўкай і лісцем дрэў.

— Тата! закрычала Таня.— Глянь — дажджавы чарвяк. Выратуем яго!

Яны знайшлі саломінку і асцярожна перанеслі чарвяка з лужыны на траўку.

— І чаму людзі завуць мяне дажджавым? — апрытомнеўшы, усё ніяк не мог уцяміць чарвяк.

1963

 


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан