epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

І я так захапілася...

 

Калі б вы ведалі, што было! Толькі вінаватая не я была, а брат Міша. Гэта ён надумаў мне паказаць, чым захапляецца.

Я і сама бачыла, як ён увесь дзень са слоўнікам ходзіць, штосьці выпісвае, вуснамі варушыць. А запытаць, што шукае і чаму шэпча, не запытала. Думала — нецікава. Аказалася, наадварот.

Аказалася, кожнае слова Міша чытае не толькі так, як усе мы, у адзін бок, а туды і сюды. І атрымліваецца зусім неверагоднае. Бярэш самае звычайнае слова. Напрыклад, «нос». Чытаеш, як усе: «Н-о-с». А прачытаеш наадварот, атрымліваецца — «сон»! Звычайны «кот» ператвараецца ў «ток», а «рак» у вароніна карканне — «кар»! Хіба такое не захопіць?

Я імя сваё — Міла — напісала наадварот, і яно стала хлопчыкавым — Алім. Імя мае сяброўкі — Соня — ператварылася не ў імя, а ў дражнілку: «Я — нос!»

І гэта яшчэ не ўсё. Міша паказаў, як можна складаць цэлыя сказы, якія чытаюцца туды і сюды аднолькава. Называў іх паліндромамі. Казаў, што ў старажытным Егіпце сем тысяч гадоў таму назад імі захапляліся. Прачытаў усё, што сам склаў. Доўга чытаў, але я запомніла толькі смешнае: «А Ліза — мазіла». Сказаў, што ёсць цэлыя паэмы, дзе кожны радок можна чытаць туды-сюды аднолькава.

Паэм складаць я не адважылася. Няхай Міша, калі хоча, гэтым займаецца, а вось пераварочванне слоў мне спадабалася.

— Ідзеш, напрыклад, па вуліцы. Бачыш на магазіне шыльду са словамі: «ХЛЕБ — МЯСА — МАЛАКО». Даўно знаёмыя словы, нецікавыя. Спяшаешся прачытаць наадварот і ахаеш: «БЕЛХ — АСЯМ — ОКАЛАМ!..» Вось гэта здорава! Адразу весела становіцца. Смяяцца, падскокваць хочацца! Кашолкай з бутэлькамі размахваць і крычаць:

«БЕЛХ!», «АСЯМ!», «ОКАЛАМ!».

І я так захапілася гэтымі пярэвертнямі, што аднойчы прыйшла ў магазін і кажу: «Дайце мне, калі ласка, ОНДА ОКАЛАМ, АВД АБЕЛХ і яшчэ, будзьце ласкавы, ЕАНДАЛАКАШ ЕАН-АЖОРАМ!..» Гэта я так сказала пра малако, хлеб і шакаладнае марожанае!

Усе пазіраюць на мяне здзіўлена, а адна прадаўшчыца кажа:

— Гэта дзяўчынка з Індыі! Я,— кажа яна,— помню пенджабскую песеньку. Там якраз такія словы. Матыў у яе вясёленькі.

Я разгубілася. Стаю і зусім не ведаю, што казаць.

— Ха-ха-ха! Ды якая яна індуска? — раптам чую голас цёткі Марусі.— Гэта дзяўчынка ў адным доме са мной жыве. Але ў апошні час дзіўная нейкая зрабілася. Загаварвацца пачала. Трэба з яе мамай пагаварыць. Можа, яна захварэла?

Я з магазіна ўцякаць!

А на ўроку сяджу і думаю: «Усе словы наадварот можна прачытаць. А як жа слова «я» сказаць наадварот?».

Чую, выклікаюць да дошкі нейкую дзяўчынку. Знаёмую-знаёмую. А я не магу ўспомніць, хто ж гэта такая Тасева Міла. А Коля, мой сусед, штурхель мяне ў бок: «Цябе да дошкі!» «Мяне?!. Хіба гэта я? Мяне ж завуць Алім Авесат!..»

Настаўнік па матэматыцы дзівіцца. Трэба пісаць 68, а я, мабыць, па прывычцы пішу 86, а дзе трэба 86, пішу 68. І так усё паперазаблытваю, што не толькі сама, а ніхто нічога зразумець не можа. Была выдатніцай, а цяпер і двойкі нельга паставіць. Да калоў-колікаў качуся.

У школе — перапалох, дома — паніка! Усе на мяне пазіраюць, галовамі ківаюць. «Гэта ж тая самая Мілачка! Бедная дзяўчынка! Сама сябе з кімсьці блытаць пачала!.. Няшчаснае дзіця! На нейкую неверагодную мову перайшла! Ці то на якой у джунглях Афрыкі размаўляюць, ці то ў джунглях ракі Амазонкі... І дзе яна толькі гэтую мову пачула?»

Міша — сам не свой! Разгубіўся, не ведае, што і рабіць. Навучыць навучыў, а адвучыць не можа. Нават з гэтай цёткай Марусяй згаджаецца, што мяне... нібыта да ўрача трэба весці! І не да звычайнага, а да нейкага асаблівага, пра якога і чуць ніколі не чула: да псі-хі-ятра!

А я як пачула пра псіхіятра, дык адразу з гэтага слова пярэверцень зрабіла. Атрымалася нешта зусім фантастычнае — Р-ТЯ-І-ХІСП! Гэта... мне... ісці... да Р-ТЯ-ІХІСПА!.. А нават разгубілася. А як жа ён размаўляць са мной будзе? На якой мове?

І тут мне ўспомніліся дзікія кацяняты. Яны нарадзіліся ў падвале пакінутага дома, чалавека не бачылі і на ўсіх шыпелі. А шыпелі яны ІХІСП, ІХІСП!..

Раптам як апанаваў мяне смех. Да слёз. Смяялася я, смяялася. Успомню пра Р-ТЯ-І-ХІСПА і кацянят, якія шыпяць, так і смяюся.

А як высмяялася, здалося, што з усіх слоў, якія ёсць на свеце, я зрабіла пярэверцень і больш няма чаго пераварочваць. А калі няма чаго, і гульні канец!

Вы яшчэ не гулялі ў пярэверцені? Можаце паспрабаваць.

1978

 


1978

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан