epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

І зноў непрыемнасць

 

 

Рома беражна ўклаў малюнкі сярод старонак падручніка і подбегам памчаўся дадому. А калі пераступіў парог кватэры, адчуў, што здарылася непрыемнае. Маці з галавы да ног агледзела яго і, хоць усё было ў поўным парадку, моўчкі прасачыла, як распрануўся, выцяг з партфеля кнігі, сшыткі, паклаў на сваім стале.

— Будзеш абедаць?

— Буду,— адразу згадзіўся Рома і супакоіўся.

Паабедаўшы, Рома выйшаў з-за стала. Маці, выразна вымаўляючы кожнае слова, загадала:

— А зараз раскажы, што ты рабіў з хворастам, які я давала табе ў школу.

— Ні-і-чога,— прамямліў Рома.

— А ўсё ж?

— У мяне дзяўчынкі папрасілі паспытаць і...

— Што — і?

— Ім спадабаўся. І яны заплацілі.

— Заплацілі, кажаш? Выкладвай грошы!

— У мяне іх няма. Я прамяняў.

— Паказвай, на што прамяняў.

Рома прынёс паперкі з малюнкамі ад шакаладак.

— Столькі шакаладу з’еў! — уразілася маці.— Гэта ж трэба прыдумаць! Ідуць дзяўчынкі са школы, сустракаюць мяне і кажуць: «Цётка Ліза, а Рома на перапынках хвораст прадае». Сорам які!

1972

 


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан