epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Я ўжо такі

 

Бабуля Клава прыйшла ў госці да свайго ўнука Віталіка. Хлопчык вельмі ўзрадваўся.

— Сядайце хутчэй за стол, пабачце, каго я тут намаляваў. Тут усе-ўсе-ўсе ёсць!

— Пакажы, унук, пакажы, каго ты тут намаляваў.

Бабуля села за стол. Віталік паклаў перад ёю вялікі ліст паперы са сваім малюнкам і ўзлез да яе на калені.

— Гэта тата стаіць, гэта мама, гэта бабуля Ліля, гэта вы,— заспяшаўся хлопчык пералічыць, каго ён намаляваў.

— А ты забыўся сказаць, хто гэта такі між намі ўдвая вышэй за ўсіх. Ого! Яму нават не хапіла ліста. Прыйшлося галаву набок нахіліць.

— Гэта я! — з гонарам адказаў хлопчык.— Я вышэй столі! Вышэй неба! Вось і прыйшлося галаву нахіліць.

— Табе хочацца вырасці такім?! — здзівілася бабуля Клава.

— Не,— адказаў Віталік.— Я ўжо такі!

1970

 


1970

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан