epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Яны дойдуць

 

Дом маёй клапатлівай суседкі патанае ў раскошнай зеляніне. Са свайго казачна-квяцістага раю суседка выйшла на дарогу з дачушкай, крахатулькай гадкоў двух, і падала ёй у рукі вышытую кветкамі торбачку. У торбачцы нічагусенькі няма, акрамя газеты. Але маці, звяртаючыся да дачкі, кажа зусім сур’ёзна:

— Трымай, Люсечка, вось так, акуратна. Бачыш, мама замарылася, а ты ёй паможаш. А калі ты зморышся, я табе памагу. Вось так і пойдзем.

— Шчаслівай сцежкі-дарожкі! Шчасліва дайсці! — крычу я ім услед.

Жанчына ўсміхаецца, махае мне рукой. І крахатулька Люся падняла сваю ручанятку — спрабуе ёю, як мама, прывітаць мяне.

Выпадковы падарожны заглядзеўся на гэтую сцэну і ўпэўнена сказаў:

— Яны дойдуць!

1958

 


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан