epub
 
падключыць
слоўнікі

Вісарыён Гарбук

Яшчэ лепш

 

Настаўніца сказала вучням:

— Восенню вы збіралі калекцыю лісцяў, якія апалі з дрэў. Цяпер назбірайце першых вясенніх кветак і даведайцеся, як іх называюць.

Усе вучні з ахвотай выканалі заданне. Адна Волечка сцішана сядзела за партай без кветак.

— А што ў цябе? — запытала ў яе настаўніца.

Волечка моўчкі паклала на стол звычайны сшытак, а потым ледзь чутна сказала:

— Яны... тут.

Настаўніца разгарнула сшытак і на яго старонках убачыла рознакаляровыя малюнкі першых вясенніх кветак. А з блакітнага неба на кожную кветку дзяўчынка паслала залацістыя промні сонца.

— Чаму ты так зрабіла? — зацікавілася настаўніца.

— Кветкі толькі што закрасавалі. Мне так хацелася, каб яны любаваліся сонейкам,— сарамяжа прызналася дзяўчынка.

Яна вінавата зірнула ў вочы настаўніцы.

— І я іх намалявала. Гэта ж усё роўна?

— Гэта яшчэ лепш,— пахваліла Волечку настаўніца.

1972

 


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарбук В.С. Горад без папугайчыкаў: Выбр. творы. [Для сярэд. шк. Узросту / Аўт. уступ. артыкула А. Васілевіч; Маст. В. Губараў]. – Мінск, Юнацтва, 1983.— 239 с., іл.
Крыніца: скан